аперэ́та

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. аперэ́та аперэ́ты
Р. аперэ́ты аперэ́т
Д. аперэ́це аперэ́там
В. аперэ́ту аперэ́ты
Т. аперэ́тай
аперэ́таю
аперэ́тамі
М. аперэ́це аперэ́тах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

аперэ́та, -ы, ДМэ́це, мн. -ы, -рэ́т, ж.

1. Музычны камедыйны твор, у якім спевы чаргуюцца з размовай і танцамі.

2. Пастаноўка такога твора на сцэне.

Іграць у аперэце.

3. Тэатр, у якім ставяцца музычна-вакальныя творы камедыйнага характару.

|| прым. аперэ́тачны, -ая, -ае.

А. акцёр.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

аперэ́та ж. опере́тта

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

аперэ́та, ‑ы, ДМ ‑рэце, ж.

1. Музычна-вакальны твор камедыйнага характару з элементамі размовы. // Сцэнічнае выкананне такога твора.

2. Тэатр, у якім ставяцца музычна-вакальныя творы камедыйнага характару.

3. Труна тэатра аперэты. Аперэта прыехала, — нясмела перарвала.. думкі [Грушэўскага] Аня, кіўнуўшы галавой на афішу. Карпюк.

[Іт. operetta.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Аперэта 1/387; 4/311; 5/281; 6/291; 7/309, 583; 10/368

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРЭ́ТА (італьян. operetta літар. маленькая опера),

адзін з відаў муз. тэатра, у якім спалучаюцца вакальная і інструментальная музыка, танец, балет, элементы эстраднага мастацтва; твор для гэтага тэатра.

У 17 — 1-й пал. 19 ст. — невял., звычайна камічная опера з размоўнымі дыялогамі. На Беларусі гэта былі «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.​Вардоцкага на лібр. М.​Цяцерскага (паст. 1789) і «Агатка, або Прыезд пана» Я.​Д.​Голанда на лібр. М.​Радзівіла (паст. 1784), якія вызначаліся дэмакр. характарам, адлюстроўвалі перадавыя ідэі свайго часу. У сярэдзіне 19 ст. тэрмінам «аперэта» часта вызначаў свае п’есы В.​І.​Дунін-Марцінкевіч, задумваючы іх як лібрэта невял. опер. У супрацоўніцтве з ім С.​Манюшка стварыў свае аперэты «Рэкруцкі набор» (1841), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» (1852). У 1861 паст. аперэта «Канкурэнты» Ф.​Міладоўскага (лібр. М.​Лапіцкага і У.Сыракомлі).

Сучасная аперэта — від тэатра, які займае прамежкавае становішча паміж операй і драмай. Аснову муз. драматургіі складаюць звычайна куплетная песня і танец, а таксама традыц. оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, уверцюра), якія часцей маюць песенна-танц. характар і больш простыя, чым у оперы. У адрозненне ад вадэвіля і інш. відаў муз. камедыі з развітым драм. тэкстам, музыка ў аперэце нясе асн. сэнсавую нагрузку.

Як самаст. від муз. тэатра аперэта сфарміравалася ў 1850-я г. ў Францыі. Яе вытокі — камічная опера, франц. вадэвіль, аўстрыйскія і ням. зінгшпілі і інш. Вылучаюць некалькі нац.-гіст. разнавіднасцяў аперэты з устойлівымі жанрава-стылявымі прыкметамі: парыжская (1850—70-я г., заснавальнік — Ж.​Афенбах; Ф.​Эрвэ, Ш.​Лекок, Р.​Планкет), венская (Ф.​Зупэ, К.​Мілёкер, І.​Штраус-сын, К.​Цэлер), неавенская (1900—1920-я г., Ф.​Легар, І.​Кальман). У пач. 1920-х г. у ЗША зацвердзіўся новы від муз. т-рамюзікл, які ў некат. сваіх разнавіднасцях набліжаецца да аперэты (творы Ф.​Лоу, Дж.​Гершвіна, Р.​Роджэрса, Л.​Бернстайна і інш.). У Расіі пачатак аперэты пакладзены ў 1920-я г. І.​Дунаеўскім і М.​Стрэльнікавым, сярод майстроў Ю.​Мілюцін, Б.​Аляксандраў, К.​Лістоў, В.​Салаўёў-Сядой, А.​Фельцман, В.​Баснер і інш.

На Беларусі з 1-й пал. 20 ст. развіваліся блізкія да аперэты формы муз.-камедыйнага тэатра («Каваль-ваявода» Е.​Міровіча з муз. У.​Тэраўскага і Л.​Маркевіча, 1925; «Простыя сэрцы» С.​Заяіцкага, С.​Розанава і М.​Міцкевіча з муз. В.​Сакалова-Фядотава, 1929; «Кок-сагыз» М.​Чуркіна, 1939; «Цудоўная дудка» В.​Вольскага з муз. М.​Шчаглова, 1939), а таксама «Кухня святасці» («Мільён Антоніяў») Я.​Цікоцкага (1931) і «Зарэчны барок» С-.Палонскага і М.​Іванова (1940), якія вызначаліся сучаснікамі як «першыя сав. аперэты». У 1970-я г. з’явіліся творы, найб. адпаведныя жанру аперэты: «Паўлінка» Ю.​Семянякі са шматпланавай муз. драматургіяй, скразнымі муз. тэмамі, разгорнутымі сольнымі нумарамі, ансамблямі, харамі і «Несцерка» Р.​Суруса, якія дзякуючы зместу, народнасці муз. мовы і ўдалым масавым сцэнам сталі сапраўднымі аперэтамі буйной формы. Шэраг бел. твораў, блізкіх да жанру аперэты, класіфікуюць як «гераічная муз. камедыя» («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані, 1985), «муз. камедыя» («Мільянерка» Я.​Глебава, 1987), мюзікл («Джулія», 1991, і «Шклянка вады», 1994, У.​Кандрусевіча).

Сярод артыстаў аперэты: Г.​Шнайдэр (Францыя), А.​Жырардзі (Аўстрыя), Г.​Марышка і Х.​Хонці (Венгрыя), Р.​Ярон, Т.​Шмыга (Расія), М.​Вадзяной (Украіна); у бел. т-ры Н.​Гайда, В.​Мазур, Р.​Харык, А.​Ранцанц, З.​Вяржбіцкая, Г.​Казлоў і інш.

Літ.:

Владимирская А. Звездные часы оперетты. 2 изд. Л., 1991;

Трауберг Л. Жак Оффенбах и другие. М., 1987;

Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993.

Б.​С.​Смольскі, Н.​А.​Юўчанка.

Да арт. Аперэта. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Ю.​Семянякі Дзярж. тэатра муз. камедыі Беларусі. 1973.

т. 1, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аперэ́та ж. Opertte f -, -n

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

аперэ́та

(іт. operetta)

музычна-драматычны твор камедыйнага характару, у якім спевы чаргуюцца з размовамі і танцамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аперэ́та

(im. operetta)

1) жанр музычна-камедыйнага мастацтва, які спалучае інструментальную і вакальную музыку, танец і размоўны дыялог;

2) твор такога жанру.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Французская аперэта 1/387; 7/583

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)