АНТАНІ́НАЎ ВАЛ

(англ. Antonine Wall),

старажытнарымскае абарончае збудаванне паміж нізоўямі р. Клайд і залівам Ферт-оф-Форт у Шатландыі. Пабудаваны ў 145 н.э. Лоліем Урбікам у час праўлення імператара Антаніна Пія для абароны паўн. межаў Рымскай імперыі ад варвараў. Мае 19 асн. і шэраг дадатковых фортаў па-за межамі вала для абароны флангаў. Выш. 3 м, шыр. каля 4,5 м, з паўн. боку ўмацаваны ровам. У 155 Антанінаў вал часова пакінуты, у канцы 2 ст. закінуты канчаткова.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНІ́НЫ

(Antonini),

дынастыя рымскіх імператараў, якая правіла ў 96—192. Назва ад імя імператара Антаніна Пія. Заснавальнік дынастыі — Нерва [96—98].

Да Антанінаў належалі: Траян [98—117], Адрыян [117—138], Антанін Пій [138—161], Марк Аўрэлій [161—180] і яго суправіцель Луцый Вер [161—169], Камод [180—192]. Часы праўлення Антанінаў лічацца «залатым векам» імперыі. Для іх характэрны спалучэнне манархіі і свабоды, эканам. і культ. развіццё правінцый, буд-ва новых гарадоў, пераможныя войны, раздача рым. грамадзянства і інш.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫЯ́Н

(Hadrianus) Публій Элій (24.1.76—10.7.138),

рымскі імператар [117—138] з дынастыі Антанінаў. У 107—108 намеснік Ніжняй Паноніі, з 114 — Сірыі. Праводзіў цэнтралізацыю дзярж. устаноў, умацоўваў імператарскую ўладу, пашыраў сістэму дзярж. дапамог (аліментацый) і інш. Па загадзе Адрыяна была ажыццёўлена кадыфікацыя рым. права, выд. «Пастаянны эдыкт». На межах імперыі стварыў магутную сістэму ўмацаванняў і абарончых валоў (гл. Адрыянаў вал).

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́НЧЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

штучныя перашкоды, прызначаныя для доўгатэрміновай абароны нас. пункта ці пэўнай тэрыторыі ад праціўніка.

Найб. стараж. абарончыя збудаванні — агароджы з дрэва, зямлі ці камянёў, равы, валы. У Стараж. Рыме стваралі ўмацаваныя ваен. пасяленні — лагеры. На ўскраінах Рым. імперыі будавалі т.зв. рымскія валы (Адрыянаў вал, Антанінаў вал, Траянаў вал). Разнастайныя тыпы абарончых збудаванняў ствараліся ў сярэднявеччы: для абароны замкаў, манастыроў (земляныя валы, равы, крапасныя драўляныя і мураваныя сцены, вежы з байніцамі і машыкулямі, брамы з герсамі, барбаканы), аховы вял. тэрыторый (Вялікая Кітайская сцяна, «Вялікая засечная мяжа» на паўд. межах Рас. дзяржавы ў 16—17 ст. і інш.). Своеасаблівыя тыпы абарончых збудаванняў — дзядзінец, крэмль, замак.

Першыя абарончыя збудаванні на тэр. Беларусі — гарадзішчы, з’явіліся ў жал. веку (7 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.). Паступова яны ўскладняліся ад простых драўляных агароджаў па краях да шматрадных драўляна-земляных умацаванняў. З развіццём гарадоў (9—13 ст.) гал. Абарончымі збудаваннямі сталі равы, драўляныя сцены і вежы (Полацк, Тураў, Віцебск, Мінск). У 12 ст. з’явіліся мураваныя вежы з выкарыстаннем у муроўцы валуноў (Гродна). З пераходам да тактыкі прамога штурму і аблогі ў 13 ст. сфарміравалася новая сістэма абароны горада, у аснове якой была вежа-данжон у драўляным ці мураваным замку (гл. Навагрудскія замкі, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш.). У сярэдзіне 16 ст. з пашырэннем агнястрэльнай зброі ствараліся замкавыя комплексы (Мірскі замак, Нясвіжскі замак), узнікла фартыфікацыя, удасканальваліся традыц. драўляна-земляныя ўмацаванні. У Віцебску, Полацку, Магілёве, Слуцку, Брэсце, Рэчыцы і інш. існавала некалькі ліній абароны, якія ахоплівалі цэнтр горада і пасады. Абарончыя прыстасаванні мелі многія грамадзянскія збудаванні — ратушы, сядзібы, дамы-крэпасці, а таксама цэрквы, касцёлы, кляштары, манастыры, сінагогі. Іх сцены будаваліся высокія і тоўстыя, па кутах будынкаў ці над уваходам ставіліся баявыя вежы з байніцамі, уваходы дадаткова засцерагаліся бабінцамі, каванымі дзвярыма, пад’ёмнымі кратамі-герсамі. Вакол будынкаў узводзіліся валы з драўлянымі ці мураванымі сценамі, вежамі або бастыёнамі. Адзін з першых умацаваных храмаў на Беларусі — Полацкі Сафійскі сабор. Аналагічнымі абарончымі храмамі былі Супрасльская царква-крэпасць, Сынкавіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць, Камайскі касцёл і інш. У 19 ст. ўзніклі фортавыя абарончыя збудаванні (гл. Крэпасць) з вынесенымі на 1—2 км наперад ад цэнтр. ўмацавання фортамі (Брэсцкая крэпасць, Бабруйская крэпасць). У 1-й пал. 20 ст. ствараліся ўмацаваныя раёны і палосы абароны (напр., Беларуская прыгранічная паласа абароны).

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977;

Яго ж. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

М.А.Ткачоў.

т. 1, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)