Англы (плямёны) 1/323; 3/240; 4/139

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛЫ (лац. Anglii),

старажытнагерманскае племя. Упамінаюцца ў 1 ст., у 4 — пач. 5 ст. жылі на Пд п-ва Ютландыя. У 5—6 ст. удзельнічалі ў англасаксонскім заваяванні Брытаніі, дзе ўтварылі каралеўствы Мерсія, Усх. Англія і Нартумбрыя. Назва племя дала найменне ч. заваяванай краіны — Англія. Англы разам з інш. плямёнамі склалі ў 7—10 ст. народнасць англасаксаў. Рэшткі англаў на кантыненце зліліся з датчанамі.

т. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́КЛЕНБУРГ (Mecklenburg),

гістарычная вобласць на ПнУ Германіі. Заселена чалавекам у эпоху мезаліту, з 5 ст. н.э.стараж. германцамі (земноны, лангабарды, англы, саксы), з 8 ст. — палабска-прыбалт. славянамі — бодрычамі і люцічамі. Крыжовы паход супраць славян 1147, паходы Генрыха Льва прывялі да ням. каланізацыі краю, але бодрычы захоўвалі сваё княства і княжацкую дынастыю (гл. Ніклат). З 1348 герцагства. У 1621 яно падзелена на герцагствы М.-Шверын і М.-Гюстраў (замест яго ў 1701 узнік М.-Стрэліц). Значна пацярпеў у Трыццацігадовую вайну 1618—48. З 1808 герцагствы ў Рэйнскім саюзе, з 1815 вял. герцагствы. Пад націскам Прусіі ў 1867, яны ўступілі ў Паўн.-Герм. саюз, у 1868 у Герм. мытны саюз. У ліст. 1918 герцагствы скасаваны. З 1919 землі Веймарскай рэспублікі. У час нацысцкай дыктатуры аб’яднаны ў адну зямлю (1934) з цэнтрам у г. Шверын. З 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі. З 1949 у Герм. Дэмакр. Рэспубліцы (у 1952 падзелены на акругі Нойбрандэнбург, Ростак і Шверын). З 1990 у аб’яднанай Германіі (зямля Мекленбург—Пярэдняя Памеранія).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 10, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НЦЫ старажытныя, вялікі саюз плямён індаеўрап. моўнай групы ў паўн.-зах. частцы Еўропы. Займалі тэр. паміж Паўночным і Балтыйскім морамі, Рэйнам, Дунаем і Віслай, а таксама Паўд. Скандынавію. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1 ст. да н.э. Ю.​Цэзар у «Запісках пра Гальскую вайну» (каля 50 г. да н.э.) вылучыў германцаў як асобную этнічную групу і падрабязна апісаў іх побыт. Найб. старажытная з вядомых археал. культур германцаў — культура Ясторф на ніжняй Эльбе і ў Ютландыі (7 ст. да н.э.). Вылучаюць групы германцаў: паўн. (хаўкі, англы, варны, фрызы, гаўты, свіёны), зах. (свевы, маркаманы, квады, лангабарды, семноны) і ўсх. (вандалы, бургунды, готы, гепіды). Іх асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. У 4—6 ст. германцы адыгралі значную ролю ў Вялікім перасяленні народаў, адным з вынікаў якога было ўтварэнне на частцы тэр. Рымскай імперыі т.зв. варварскіх каралеўстваў. На тэр. Беларусі выяўлены могільнікі вельбарскай культуры, пакінутыя готамі і роднаснымі ім гепідамі. Лінгвістамі выяўлена генетычная сувязь і ўзаемапранікненне герм. і славянскіх моў. Пэўную ролю вікінгі (нарманы, варагі) адыгралі ў гісторыі Кіеўскай дзяржавы (гл. Нарманская тэорыя). Стараж.-бел. граматы 13—14 ст. адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі з ням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага.

Літ.:

История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа. М., 1988. С. 594—605.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)