Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
НЕАЛІ́Т (ад неа... + грэч. lithos камень),
новы каменны век, апошні перыяд каменнага веку. Пачаўся ў 8-м тыс. да н.э. на Б.Усходзе, потым у Індакітаі як эпоха пераходу да вытвараючай гаспадаркі. У Еўропе працягваўся з 6-га да канца 3-га тыс. да н.э. У эпоху Н. пашырыліся шліхтаваныя каменныя прылады працы, вынайдзены керамічны посуд, зарадзілася земляробства і жывёлагадоўля, дасягнуў росквіту мацярынска-родавы лад. На Беларусі Н. настаў у канцы 5-га тыс. да н.э., скончыўся ў 2000—1800-я г. да н.э. У гэты час тут пражывалі плямёны днепра-данецкай культуры, верхнедняпроўскай культуры, нёманскай культуры, нарвенскай культуры, культур тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, лейкападобных кубкаў, шарападобных амфар і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАСЕ́ЛЬСКІ АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,
група археал. помнікаў каменнага і бронзавага вякоў (шахты па здабычы крэменю, крэменяапрацоўчыя майстэрні, стаянкі, могільнік), селішча жал. веку і сярэдневякоўя каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. і суседніх з ім вёсак. Гэты рэгіён заселены ў раннім мезаліце (9-е тыс. да н.э.); найб. колькасць помнікаў належыць да неаліту і бронзавага веку. У К.а.к. захавалася больш за 80 шахтавых выпрацовак. У адной з шахт знойдзена пахаванне шахцёра шнуравой керамікі культуры. На комплексе выяўлены таксама рэшткі крэменеапрацоўкі і крамянёвыя прылады працы, кераміка арэнбургскай культуры, позняга этапа нёманскай культуры, тшцінецкай культуры, зарубінецкай культуры, фрагменты ганчарнага посуду эпохі Стараж. Русі, позняга сярэдневякоўя, рэшткі паўзямлянкі 9—12 ст. і інш. На могільніку культуры шарападобных амфар (3-е тыс. да н.э.) знойдзены рэшткі пахавання чалавека і свойскай жывёлы, гліняны посуд, касцяныя наканечнікі стрэл і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
карча́га1, ‑і, ДМ ‑чазе, ж.
Разм. Пень, вывернуты з карэннем; корч. Гануля дастала з-за коміна карчагі і стала чыркаць запалк[ай], якая адсырэла і не загаралася.Гурскі.
карча́га2, ‑і, ДМ ‑чазе, ж.
1. Тое, што і амфара. Па такіх знаходках, як абломкі амфар, або карчаг, якія выкарыстоўваліся феадаламі для зберажэння він, відаць, што гэта пасяленне з самага пачатку не было сельскім.«Беларусь».
2.Разм. Гляк для мазі. Паны налева важна садзяць, Дзе іх сярмяжнікі не здрадзяць Ні пахам дзёгцю, ні карчагі, Ні відам латанай сярмягі.Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КУЛЬТУ́РА,
гіст. агульнасць археалагічных помнікаў, што існавалі на акрэсленай тэрыторыі, прыкладна ў адзін час, аднастайныя па сваёй матэрыяльнай культуры, але істотна адрозніваюцца ад адначасовых помнікаў суседніх абласцей. Археалагічная культура — аб’ектыўна існуючая рэальнасць, якая адлюстроўвае ў рэштках матэрыяльнай культуры генезіс развіцця і гіст. лёс этнасу, якому яна належала. Звычайна археалагічнай культуры даюць назву па найб. характэрнай прыкмеце (штрыхаванай керамікі культура, шарападобных амфар культура), абрадзе пахавання (адзінкавых пахаванняў культуры), ад найб. значнага ці найб. даследаванага помніка (банцараўская культура, калочынская культура, мілаградская культура) або мясцовасці, дзе пашыраны старажытнасці гэтай культуры (верхнедняпроўская культура, нёманская культура і інш.). Адрозненні археалагічнай культуры павінны існаваць у такіх памерах і разнастайнасцях, якія немагчыма растлумачыць ні падабенствам умоў існавання, экалогіі і гасп.-культурнага тыпу, ні аднолькавым узроўнем грамадска-эканам. развіцця. У раннім жалезным веку адпаведнасць археалагічнай культуры пэўнаму этнасу парушаецца. Пад уплывам прыродных працэсаў і чалавечай дзейнасці яна можа ўзбагачацца або збядняцца. Разам з тым археалагічная культура — навук. паняцце, з дапамогай якога даследуецца гіст. працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́МЯ,
тып этнічнай і сацыяльнай арганізацыі людзей дакласавага грамадства. Племянныя супольнасці ўзніклі ў эпоху развітога родавага грамадства ў выніку аб’яднання некалькіх экзагамных родаў, звязаных агульнасцю этнагенетычнага паходжання, асн. элементаў гаспадаркі, звычаяў і абрадаў, міфалогіі і культаў, адзінствам дыялекту і племянной саманазвы, якія грунтаваліся на агульнай самасвядомасці. У археалогіі П. і яго тэрыторыя вызначаюцца на падставе пашырэння агульных элементаў матэрыяльнай і духоўнай культуры, якія характарызуюць асаблівасці племяннога рассялення, гасп. дзейнасці, звычаяў і абрадаў. На позніх этапах развіцця дакласавага грамадства і пераходу да класавага грамадства П. аб’ядноўваліся ў вял.сац.-паліт. супольнасці — саюзы плямён. У грамадскіх навуках, л-ры і публіцыстыцы тэрмін «П.» доўгі час ужываўся ў сэнсе народ, этнас.
З часоў мезаліту на тэр. Беларусі жылі П. грэнскай культуры, нёманскай мезалітычнай культуры, сожскай культуры; у неаліце — верхнедняпроўскай культуры, дзяснінскай культуры, днепра-данецкай культуры, лейкападобных кубкаў культуры, нёманскай культуры, нарвенскай культуры, тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры, шарападобных амфар культуры, у бронзавым веку — лужыцкай культуры, паўночнабеларускай культуры, прыбалтыйскай культуры, сосніцкай культуры, сярэднедняпроўскай культуры, тшцінецкай культуры, шнуравой керамікі Палесся культуры; у жал. веку — банцараўскай культуры, днепра-дзвінскай культуры, зарубінецкай культуры, калочынскай культуры, кіеўскай культуры, мілаградскай культуры, паморскай культуры, штрыхаванай керамікі культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫ ВЕК,
найбольш ранні перыяд у гісторыі чалавецтва, калі прылады рабілі з каменю, дрэва, косці і рогу. Пачаўся 3—2,5 млн.г. назад у Афрыцы і закончыўся ў Еўропе 2,5—1,8 тыс.г. да н.э. Адрозніваюць старажытны К.в. — палеаліт, сярэдні — мезаліт і новы — неаліт. Палеаліт працягваўся больш за 2 млн. гадоў. Традыц. перыядызацыя палеаліту на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) у апошнія дзесяцігоддзі значна змянілася. У раннім палеаліце вылучаюць алдувайскую (2,6 млн. — 700 тыс.г. назад) і ашэльскую (гл.Ашэль, 700 тыс. — 100 тыс.г. назад) эпохі. Ашэльскую ў сваю чаргу падзяляюць на стараж., сярэднюю і познюю. У ніжнім палеаліце найстаражытнейшыя людзі — архантрапы (пітэкантрапы, сінантрапы, гейдэльбергскі чалавек і інш.) карысталіся грубааббітымі галечнымі прыладамі (чоперамі і чопінгамі), займаліся збіральніцтвам і паляваннем. Да сярэдняга палеаліту адносіцца эпоха мусцье (70—35 тыс.г. назад), якая з’яўляецца заключным этапам фарміравання чалавека — палеаантрапа (стараж. чалавек), неандэртальца. Гэтыя людзі ўжо ўмелі будаваць прымітыўнае жыллё, здабываць агонь, вырабляць да 60 тыпаў прылад працы, займаліся паляваннем, выкарыстоўвалі скуры жывёл, каб засцерагчыся ад холаду. Позні палеаліт пачаўся 40—35 тыс.г. назад. Да яго пачатку сфарміраваўся чалавек сучаснага віду — краманьёнец. У гэты час паступова ўдасканальвалася апрацоўка крэменю, значна пашырыўся асартымент прылад працы (да 100 тыпаў), пачалі шырока ўжывацца вырабы з косці, удасканалілася паляўнічая зброя, адбыліся змены ў фарміраванні радавога ладу, значна павялічылася колькасць насельніцтва, акрамя вял. калектыўных з’явіліся жытлы малых памераў для парных сем’яў. Узніклі прымітыўныя рэлігійныя ўяўленні, рытуал пахавання, развівалася першабытнае мастацтва. Заключная фаза палеаліту прыпадае на канец ледавіковай эпохі (14—11 тыс.г. назад), т.зв. фінальны палеаліт. У гэты час у Еўропе ад Ютландыі да вярхоўяў Дняпра распаўсюдзіліся супольнасці паляўнічых, асновай існавання якіх было паляванне пераважна на паўн. аленя. Пераходны перыяд ад палеаліту да неаліту — мезаліт — у залежнасці ад кліматычных зон працягваўся з 11 тыс.г. да 7 тыс.г. назад. Крамянёвая індустрыя мезаліту адметная наяўнасцю мікралітаў і прылад працы на пласцінах, з’яўляюцца і масіўныя прылады — макраліты. Людзі сталі асвойваць паўн. прасторы, што вызваляліся ад ледавіка. Значную ролю ў жыцці чалавека пачало адыгрываць рыбалоўства, павялічылася колькасць стаянак на берагах рэк. У мезаліце шырока выкарыстоўваліся лук і стрэлы, быў прыручаны сабака, склалася племянная арганізацыя. З 8-га тыс. да н.э. пачынаецца неаліт, спачатку на Блізкім Усходзе, потым у Індакітаі, а з 6-га тыс. да н.э. — у Еўропе. Людзі пачалі займацца земляробствам, вырабляць ляпны посуд, прыручаць буйную рагатую жывёлу, свіней і інш., карыстацца драўлянымі чаўнамі, удасканалілі вытворчасць каменных прылад. У гэты час узніклі прадзенне і ткацтва, больш разнастайнымі сталі вопратка чалавека і ўпрыгожанні, развіваліся шмат якія галіны першабытнага мастацтва (арнаментаванне, аздабленне, гравіроўка на косці, рогу і абпаленай гліне, аб’ёмная скульптура), з’явіліся музычныя інструменты. Пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі і аселасці. Мацярынска-радавы лад дасягнуў свайго апагею.
На Беларусі стаянкі чалавека ўпершыню з’явіліся ў познім палеаліце (Бердыж і Юравічы). Мезаліт тут пачаўся ў 9-м тыс. да н.э. У гэты час у асноўным заселена ўся тэр. сучаснай Беларусі. Фарміраваліся грэнская культура (Грэнск, Дальняе Ляда), днепра-дзяснінская культура (Берагавая Слабада, Краснаўка, Міхайлаўка), сожская культура (Журавель, Горкі Чэрыкаўскага р-на), свідэрская культура (Бабровічы, Опаль, Нобель, Заазер’е), Кунда культура (Замошша, Крумплева), яніславіцкая культура (Беліца-2, Нясілавічы-1), кудлаеўская культура (Азярное-1), помнікі нарачанскага тыпу (Стугалапы, Кусеўшчына). У неаліце (5—2-е тыс. да н.э.) тэр. Беларусі засялялі плямёны днепраданецкай культуры (Юравічы-3—6, Пхоў, Слабодка), верхнедняпроўскай культуры (Лоша-1,2, Цітаў Бугор), нарвенскай культуры (Асавец-2,4; Зацэнне, Сосенка), нёманскай культуры (Добры Бор, Лысая Гара, Русакова-2, Камень-2), тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры (Скема-1,2), шарападобных амфар культуры (Краснасельскі, Малыя Ёдкавічы), культуры помнікаў тыпу Бабінавічаў (Бабінавічы-2, Лаўкі, Мяжа-1).