Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
гетэраалелі́зм
(ад гетэра- + алель)
існаванне гена ў дзвюх і больш формах (параўн.гомаалелізм).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ДАМІНА́НТНАСЦЬ, дамінаванне,
пераважнае дзеянне аднаго з пары бацькоўскіх генаў у гібрыдным арганізме. Выяўляецца ў тым, што дамінантны алель (адзін з пары гамалагічных, альтэрнатыўных генаў) больш моцна ўплывае на развіццё адпаведнай прыкметы асобіны, чым другі, рэцэсіўны алель. Ступень праяўлення Д. любой прыкметы ў фенатыпе залежыць ад генатыпу арганізма, г.зн. ад дзеяння многіх генаў у пэўных умовах асяроддзя. Адрозніваюць поўную Д., звышдамінантнасць і паўдамінантнасць, ці прамежкавую Д. Поўная Д., як і поўная рэцэсіўнасць, з’ява рэдкая. У выпадку поўнай Д. арганізм можа несці ў рэцэсіўным стане шкодныя алелі. Для аналізу гэтых з’яў у жывёлагадоўлі выкарыстоўваюць метад выпрабавання вытворнікаў па патомстве. Наяўнасцю Д. часткова тлумачыцца тое, што патомак можа быць больш падобны да аднаго з бацькоў, нягледзячы на аднолькавы ўклад абодвух у яго генетычную канстытуцыю (гл.Мендэля законы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЛІ
(ад грэч. allēlōn адзін аднаго, узаемна),
алеламорфы, розныя формы (станы) аднаго і таго ж гена. Размешчаны ў аднолькавых участках (локусах) гамалагічных (парных) храмасом і кантралююць кірункі развіцця адной і той жа прыкметы (напр., белы ці чырвоны колер кветкі). Алелі ўзнікаюць пры любой змене структуры гена ў выніку мутацый або ўнутрыгенных рэкамбінацый (магчымая колькасць алеляў кожнага гена практычна незлічоная). Кожны ген можа знаходзіцца не менш як у двух алельных станах, адзін з якіх звычайна забяспечвае максімальнае развіццё прыкметы — дамінантная алеля, другі прыводзіць да частковай або поўнай страты або змены прыкметы — рэцэсіўная алеля. Ген, які мае некалькі розных станаў, утварае серыю множных алеляў. Наяўнасцю алельных генаў абумоўлены фенатыпічныя адрозненні сярод арганізмаў (гл.Фенатып). Частоты асобных алеляў у генафондзе даюць магчымасць вылічаць генет. змены ў пэўнай папуляцыі і вызначаць частату генатыпаў, што выкарыстоўваюць у селекцыі для прадказання магчымых вынікаў скрыжаванняў.
Схема гома- і гетэразіготнасці па адной пары алеляў: 1 — гомазіготнасць; 2 — гетаразіготнасць (А — дамінантная алель, а — рэцэсіўная алель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЕ СКРЫЖАВА́ННЕ,
скрыжаванне гібрыда 1-га пакалення з бацькоўскай формай-«аналізатарам», якая мае рэцэсіўныя прыкметы (гомазіготная па рэцэсіўных алелях). Праводзіцца з мэтай вызначэння генатыпу гібрыднай асобіны па характары атрыманага патомства. Патомкі ад аналітычнага скрыжавання абавязкова нясуць адзін рэцэсіўны алель ад «аналізатара», на фоне якога павінны праявіцца алелі, атрыманыя ад аналізуемага арганізма. Для аналітычнага скрыжавання (за выключэннем выпадкаў узаемадзеяння генаў) характэрна супадзенне расшчаплення па фенатыпе з расшчапленнем па генатыпе сярод патомкаў. З дапамогай аналітычнага скрыжавання можна вызначыць, да якога тыпу належыць праведзенае скрыжаванне: да мона- або дыгібрыднага. Гл. таксама Скрыжаванне.