Ажбе 1/140; 3/576; 4/105; 5/439; 8/662

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЖБЕ, Ашбе (Ažbè) Антон (30.5.1862, г. Даленчыцэ, Славенія — 6.8.1905), славенскі жывапісец і педагог. Вучыўся ў Венскай і Мюнхенскай акадэміях мастацтваў. Творчасць пазначана пошукамі колеравай выразнасці, пераходам ад акадэмізму да пленэрнага жывапісу («Галава селяніна», каля 1890; «У гарэме», «Негрыцянка», абедзве каля 1895). У 1891 адкрыў у Мюнхене ўласную маст. студыю, дзе вучыліся В.​Кандзінскі, А.​Мурашка, І.​Грабар.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́БЕ ((Vabbe) Адольф) (Адо) Георгіевіч (19 3.1892, г. Тапа, Эстонія — 20.4.1961),

эстонскі жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Эстоніі (1946). Вучыўся ў студыі А.​Ажбе (Мюнхен, 1911—13). Выкладаў у Вышэйшым маст. вучылішчы імя К.​Мягі (1940—41), маст. ін-це (1944—50) у Тарту, праф. (1938). У творчасці прыкметны ўплыў імпрэсіянізму і футурызму: «У кавярні» (1918), «Рачны порт» (1938) і інш. Працаваў у галіне кніжнай графікі: «Чалавек і сфінкс» І.​Барбаруса (1919), «Песня песняў» Саламона (1932) і інш.

т. 3, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКА (Аляксандр Аляксандравіч) (7.9.1875, Кіеў — 14.6.1919),

украінскі жывапісец. Вучыўся ў Кіеўскай рысавальнай школе М.І.Мурашкі, Пецярб. АМ (1894—1900) у І.​Рэпіна, у Мюнхене ў школе А.​Ажбе (1901). У 1902—04 наведаў Парыж. Член т-ва перасоўнікаў (з 1916). З 1912 выкладаў у Кіеўскім маст. вучылішчы, у 1912—17 — у Маст. студыі, якую адкрыў у Кіеве разам з А.​Кругер-Прахавай. Творы адметныя натурнай пераканаўчасцю, дэкар. экспрэсіяй колеру: «Пахаванне кашавога» (1900), «На вуліцах Парыжа» (1902—03), «Сялянская сям’я» (1913). Аўтар партрэтаў «Дзяўчынка з сабачкам», «Дзяўчынка ў чырвоным капелюшы» (1902—03), Я.​Станіслаўскага (1906), М.​Мурашкі (1907), аўтапартрэта (1918).

В.​А.​Сімакова.

А.Мурашка. Дзяўчынка з сабачкам.

т. 11, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДО́ЎСКІ (Дзмітрый Мікалаевіч) (5.9.1866, г. Пераслаўль-Залескі Яраслаўскай вобл., Расія — 9.2.1943),

расійскі мастак, педагог. Засл. дз. маст. РСФСР (1929). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1892—96, 1900—02) у П.​Чысцякова і І.​Рэпіна, школе А.​Ажбе ў Мюнхене (1896—1900). З 1907 праф., з 1911 правадз. чл. Пецярбургскай АМ. Выкладаў у Пецярбургскай АМ (1903—18), маск. Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1920—30) і інш. Майстар кніжнай ілюстрацыі (малюнкі да «Каштанкі» А.​Чэхава, 1903; «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, 1907—12; «Рускіх жанчын» М.​Някрасава, «Рэвізора» М.​Гогаля, абедзве 1922; «Пятра I» А.​М.​Талстога, 1932). Аўтар карцін, акварэлей, малюнкаў, прысвечаных эпосе Пятра I, пушкінскаму часу, дзекабрыстам («На Сенацкай плошчы», 1927, і інш.). Працаваў як тэатр. мастак у маск. Малым т-ры.

Тв.:

Об искусстве: Воспоминания, статьи, письма. М., 1960.

Літ.:

Подобедова О.И. Д.Н. Кардовский. М., 1957.

Дз.Кардоўскі. Ілюстрацыя да «Рэвізора» М.​В.​Гогаля. 1922.

т. 8, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́БА ((Kuba) Людвік) (16.4.1863, г. Подзебрадзі, Чэхія — 30.11.1956),

чэшскі этнограф, муз. фалькларыст, мастак. Нар. арт. і нар. мастак Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Празе ў арганнай школе ў Ф.​Скугерскага (1877—79), у АМ (1891—93), у Парыжы ў акадэміі Жуліяна (1893—95), у Мюнхене ў школе А.​Ажбе (1896—1904). З 1945 выкладаў у Пражскай АМ. Удзельнічаў у этнагр. экспедыцыях па слав. землях, у т. л. ў 1886 і 1887 у Расіі, на Беларусі і Украіне. У асн. працы «Славянства ў сваіх песнях» (т. 1—15, 1884—1929) акрамя нотных узораў (каля 4000) змясціў апісанні мясц. манер спеваў, побыту, нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва, замалёўкі сельскіх пабудоў, касцюмаў, муз. інструментаў, партрэты прадстаўнікоў розных народнасцей. Першы апублікаваў запісы бел. нар. 2-галосых песень, даследаваў ладавыя асаблівасці бел. муз. фальклору («Беларуская народная песня», 1887). Сярод жывапісных работ жанравыя карціны, партрэты, пейзажы, нацюрморты: «Кветкі» (1899), «Піёны» (1902), «Чытач», «Сярод руж» (абедзве 1906), «Аўтапартрэт» (1914), «На балконе ў Сміхаве» (1913), «Аўтапартрэт з палітрай» (1940), «Аўтапартрэт з люлькай» (1952).

Літ.:

Нісневіч С. Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971;

Stanislav J. Ludvik Kuba. Zakladatel slovanské hudebni folkloristiky. Praha, 1963.

Л.​С.​Мухарынская.

т. 8, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБА́Р (Ігар Эмануілавіч) (25.3.1871, Будапешт — 16.5.1960),

расійскі жывапісец і мастацтвазнавец. Нар. мастак СССР (1956). Акад. АН СССР (1943), АМ СССР (1947). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1894—96) у І.Рэпіна, маст. школе А.​Ажбе (1896—98) у Мюнхене. У 1913—25 узначальваў Траццякоўскую галерэю. Выкладаў у Маскоўскім ун-це (праф. з 1921), маст. ін-це (1937—43, дырэктар). У 1944—60 дырэктар Ін-та гісторыі мастацтваў АН СССР. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва» і «Саюз рускіх мастакоў». Раннія творы выкананы пад уплывам югендстылю («Дама з сабачкам», 1899). У пач. 1900-х г. творча выкарыстоўваў метады імпрэсіянізму, ствараў жыццесцвярджальныя, мажорныя пейзажы («Вераснёўскі снег», 1903; «Белая зіма», «Грачыныя гнёзды», «Сакавіцкі снег», «Лютаўскі блакіт», усе 1904). У пейзажах пазнейшага часу відавочна імкненне да абагульненых вобразаў («Ясны восеньскі вечар», 1923; «Зімні сонечны дзень», 1941). Выканаў партрэты дзеячаў культуры (М.​Дз.​Зялінскага, 1923, М.​В.​Марозава, 1934, С.​А.​Чаплыгіна, 1935, С.​С.​Пракоф’ева, 1941), пісаў карціны на гісторыка-рэв. тэмы. Аўтар манаграфічных даследаванняў пра рус. мастакоў Феафана Грэка, А.​Рублёва, В.​Сярова і інш. Па ініцыятыве і пры ўдзеле Грабара выдавалася першая «Гісторыя рускага мастацтва» (т. 1—6, 1909 — 16); адзін з аўтараў «Гісторыі рускага мастацтва» (т. 1—13, 1953—69). Адзін з заснавальнікаў рэстаўрацыйнай справы, аховы помнікаў мастацтва і даўніны. У Нац. маст. музеі Беларусі 7 твораў Грабара, у т. л. «Водблеск світання» (1904), аўтапартрэт у сінім касцюме (1935) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

И.​И.​Левитан: Жизнь и творчество. М., 1913 (разам з С.​Глаголем);

Репин. Т. 1—2. М., 1963—64;

О древнерусском искусстве. М., 1966;

О русской архитектуре. М., 1969;

В.​А.​Серов. 2 изд. М., 1980;

Письма. [Т. 1—3]. М., 1974—83.

Літ.:

Егорова Н.В. И.​Э.​Грабарь. М., 1979.

М.​Л.​Цыбульскі.

І.Грабар. Лютаўскі блакіт. 1904.

т. 5, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)