АГАРО́Ў (Мікалай Платонавіч) (6.12.1813, С.-Пецярбург — 12.6.1877),

рус. паэт, публіцыст, рэв. дзеяч. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це (1832—33) удзельнічаў у паліт. гуртках, захапляўся франц. утапічным сацыялізмам. З 1856 у эміграцыі (Лондан, Жэнева). На фарміраванне светапогляду паўплывалі дзекабрысты і А.Герцэн, з якім выдаваў альманах «Полярная звезда» і газ. «Колокол». Адзін з заснавальнікаў рэв. арг-цыі «Зямля і воля» (1860-я г.). У лірычных творах заклікаў да барацьбы з самадзяржаўем, абгрунтоўваў ідэю грамадскага прызначэння паэзіі, прапагандаваў прынцыпы рэалізму (цыклы «Маналогі», «Успаміны дзяцінства», вершы «Памяці Рылеева», «Свабода», паэмы «Гумар», «Вёска», «Зімовы шлях», «Мацей Радаеў» і інш.). Аўтар аповесцяў, публіцыстычных і літ.-крыт. артыкулаў.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. М., 1980;

Избранное. М., 1984.

Літ.:

Конкин С. Огарев. 2 изд Саранск, 1982.

М.П.Агароў.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Агароў М. П. 1/69, 122, 270, 445; 2/83; 3/290, 459, 604; 4/532; 5/19, 21, 310; 6/56; 7/65, 380, 582; 8/312, 513; 9/103, 112, 233, 493, 497; 10/165; 11/151, 411; 12/109, 110

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́Т РУ́СКІХ АФІЦЭ́РАЎ У ПО́ЛЬШЧЫ,

падпольная рэв. арг-цыя ў часцях рас. арміі на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны ў 1861—63. Узнік восенню 1861 як федэрацыя афіцэрскіх гурткоў колькасцю ў некалькі соцень чал. (палякі, рускія, беларусы і інш.). Кіраўнікі: А.Л.Патабня, Я.Дамброўскі, З.Падлеўскі і інш. К-т ідэйна прымыкаў да «чырвоных», выступаў за ліквідацыю прыгонніцкіх парадкаў. Быў звязаны з рас. рэв. цэнтрам у Лондане (А.​І.​Герцэн, М.​А.​Бакунін, М.​П.​Агароў), ЦК «Зямлі і волі» ў Пецярбургу (у яе склад к-т увайшоў у канцы 1862 як аўт. арг-цыя), Цэнтр. нац. к-там у Варшаве, Літоўскім правінцыяльным камітэтам у Вільні. У 1861—62 вёў прапагандысцкую работу ў войсках, выпусціў больш за 16 пракламацый. 27.6.1862 Патабня здзейсніў замах на рас. намесніка ў Польшчы ген. А.​М.​Лідэрса. Да сярэдзіны 1863 дзейнасць к-та спынілася ў сувязі з рэпрэсіямі і змяненнем паліт. сітуацыі, многія яго члены ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.

т. 7, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ОТЕ́ЧЕСТВЕННЫЕ ЗАПИ́СКИ»,

1) рускі штомесячны часопіс. Выдаваўся ў 1820—30 у С.-Пецярбургу П.​П.​Свіньіным. Часопісу папярэднічалі 2 аднайм. зборнікі (штогоднікі), выдадзеныя ім у 1818—19 і прысвечаныя рус. таленавітым самавукам, іх вынаходніцтвам. Публікаваў матэрыялы па пытаннях прам-сці, этнаграфіі, асобныя творы белетрыстыкі.

2) Рускі штомесячны літаратурны і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1839—84 у С.-Пецярбургу пад рэдакцыяй А.​А.​Краеўскага, з 1868 М.​Някрасава, з 1877 М.​Салтыкова-Шчадрына, Р.​Елісеева, М.​Міхайлоўскага. У 1839—46 аддзел крытыкі і бібліяграфіі ўзначальваў В.​Бялінскі, які надаў «О.з.» прагрэсіўны, дэмакр. характар. Часопіс узнімаў найважнейшыя пытанні грамадскага жыцця, прапагандаваў ідэі рэаліст. мастацтва, выступаў супраць рэакц. друку, пазней — тэорыі «чыстага мастацтва». У ім супрацоўнічалі А.​Герцэн, М.​Агароў, М.​Лермантаў, І.​Тургенеў, Ф.​Дастаеўскі і інш., у 1847—66 — ураджэнец Віцебска, літ. крытык С.​Дудышкін. У 1850—60-я г. крытычныя матэрыялы часопіса знізілі сваю сац. вастрыню. Змясціў літ.-крытычныя артыкулы Бялінскага пра М.​Гогаля, Лермантава, А.​Пушкіна, яго літ. агляды за 1840—45, рэцэнзіі М.​Чарнышэўскага на нарысы П.​Шпілеўскага «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» і «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1854), якія ўтрымлівалі матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, гісторыі Беларусі, рэцэнзію на зб. «Беларускія народныя песні». Побыт, норавы сялян бел. вёскі, стан нар. асветы на Беларусі апісаны ў нататках-успамінах Ф.​А.​Калістава (псеўд. К.​Лістоў) «З памятнай кніжкі народнага настаўніка. Вясковая бурса» (1881). Забаронены царскім урадам.

Літ.:

История русской журналистики XVIII—XIX вв. 3 изд. М., 1973;

Теплинский М.В. «Отечественные записки», 1868—1884. Южно-Сахалинск, 1966;

Боград В. Журнал «Отечественные записки», 1868—1884: Указ. содержания. М., 1971.

Н.​А.​Сніцарава.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІКІ,

прадстаўнікі адной з плыней рас. грамадскай думкі 1840—50-х г., якія выступалі за развіццё Расіі па зах.-еўрап. шляху. Сярод З. пераважалі дваране, былі таксама разначынцы і выхадцы з багатага купецтва. Да З. належалі: літаратары П.Я.Чаадаеў, І.С.Тургенеў, М.​А.​Мельгуноў, В.​П.​Боткін, П.​В.​Аненкаў, вучоныя Ц.М.Граноўскі, С.М.Салаўёў, К.​Дз.Кавелін, І.В.Вярнадскі і інш., прымыкалі пісьменнікі Дз.В.Грыгаровіч і І.А.Ганчароў, В.​М.​Майкаў, М.А.Някрасаў, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын і інш. У грамадскай барацьбе супраць «тэорыі афіцыйнай народнасці» і ў ідэйных спрэчках са славянафіламі 1840-х г. на баку З. выступалі і атаясамлівалі сябе з імі А.І.Герцэн, М.П.Агароў, В.Р.Бялінскі. З. супрацоўнічалі ў часопісах «Отечественные записки», «Современник», «Русский вестник», «Атеней», газ. «Московские ведомости» і інш. На філас. погляды З. значны ўплыў зрабілі творы зах.-еўрап. філосафаў Ц.Штрауса, Г.Гегеля, В.Баўэра, Г.Бокля і інш. Аснова іх светапогляду — запазычанае ў асветнікаў прызнанне вядучай ролі чалавечага розуму ў пазнанні, філас. асэнсаванні і практ. засваенні рэчаіснасці. Гіст. працэс З. ўспрымалі як прагрэс грамадства ад горшага да лепшага. Яны сцвярджалі самакаштоўнасць чалавечай асобы як носьбіта розуму, не прымалі патрыярхальную ідэю «сямейнага адзінства» памешчыкаў і іх прыгонных, былі прыхільнікамі хутчэйшага вызвалення сялян. З. лічылі «справядлівым» тое грамадства, дзе створаны ўсе ўмовы для існавання і самарэалізацыі асобы, крытычна ставіліся да парадкаў і сац. адносін у Зах. Еўропе, тлумачылі «заходні» шлях Расіі як перайманне лепшых рысаў зах.-еўрап. цывілізацыі. З. падзяляліся на т. зв. лібералаў (большасць), якія выступалі за мірныя, рэфарматарскія шляхі змен, і радыкалаў (лідэры А.​І.​Герцэн, і М.​П.​Агароў), якія дапускалі магчымасць рэв. змен у грамадстве. У 1860-я г. паміж радыкальнымі і ліберальнымі З. адбыўся рашучы разрыў. Многія тэарэт. палажэнні, выпрацаваныя З., сталі ідэалаг. асновай шэрагу радыкальных і ліберальных плыней рас. грамадскай думкі.

Літ.:

Сладкевич Н.Г. Очерки истории общественной мысли России в конце 50-х — начале 60-х гг. XIX в. Л., 1962;

Щукин В.Г. Русское западничество сороковых годов XIX в. как общественно-литературное явление. Краков, 1987;

Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)