Ко́раб ’пасудзіна, сплеценая з лубу, саломы і пад.’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., КЭС, лаг., Бяльк., Нар. сл., З нар. сл.), корабам стаць ’павялічыцца, расшырыцца (пра галаву)’ (Жыв. сл.), поўны кораб, сем корабаў, як з кораба ’у вялікай колькасці’ (ТСБМ). Укр. короб, рус. короб, ст.-рус. коробъ ’тс’, славен. kraba ’каробка’, польск. kroba ’плеценая каробка’. Мы не бачым магчымасці для рэканструкцыі прасл. korbъ, паколькі няма надзейных паўднёваславянскіх адпаведнікаў. Славен. kraba — новае запазычанне з іншых славянскіх моў (Безлай, 2, 77). Таму трэба вярнуцца да этымалогіі Міклашыча (130), згодна з якой у гэтым выпадку мы маем справу з запазычаннем з лац. corbis ’карзіна’ (непасрэдна або праз с.-в.-ням. korb ’тс’). Гл. таксама Бернекер, 1, 568–569; Брукнер, 267. Фасмер (2, 331), які зыходзіць выключна з фанетычных крытэрыяў, разглядае лацінскія, германскія і нават літ. kar̃bas, лат. kar̂ba як спрадвечна роднасныя са славянскімі. Параўн. Фрэнкель, 220, дзе балтыйскія лексемы лічацца славянізмамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́рва ’распусная жанчына’ (Нас., Шат., Сержп. Ск., Мядзв., Шпіл., Грыг.). Укр. курва, рус. курва ’тс’, балг. і макед. курва, серб.-харв. ку̑рва, славен. kȗrva ’тс’, польск. kurwa, чэш. kurva, славац. kurva, в.-луж. kurwa ’тс’. Прасл. kury, kurъve ’meretrix’. Рад даследчыкаў разглядаюць славянскія формы як такія, што праніклі з германскай (ст.-ісл. hóra, ст.-в.-ням. huora). Да германскіх форм прыводзяць вельмі ненадзейную паралель: лац. cārus ’дарагі, мілы’, ст.-інд. kārunya ’спачуванне, ласка’ (Бернекер, 651). Іншыя ўзводзяць прасл. kury да kurъ ’певень’. У якасці семантычнай паралелі разглядаецца франц. cocotte ’курачка і какотка’. Незразумелым застаецца паходжанне гоц. hōrs ’пралюбадзей’ (Кіпарскі, Gemeinslav., 42). Мы разглядаем прасл. kury як генетычна звязанае са ст.-грэч. χύριος ’пан, гаспадар’ і прасл. praščurъ ’роданачальнік’, літ. prakuréjus ’прарадзіцель’. У такім разе прасл. kury мела значэнне ’жанчына рода, абшчыны’ > ’жанчына ва ўмовах паліандрыі’. Германскія формы паходзяць ад славянскіх (Мартынаў, Лекс. взаим., 208–209). Параўн. Махэк, Slavia, 21, 260.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кіба́лка ’старажытны жаночы галаўны ўбор, абруч, на які накручваюцца валасы’ (Малч., ТС, Сцеп., Сержп. Грам., Нік., Шн., Маш.), ’хустка’ (ДАБМ, Серб.). Укр. кибалка ’тс’. Варыянт гибалка ’тс’ сведчыць аб магчымасці ўзводзіць гэтыя словы да дзеяслова гібаць (гл.). Семантыка тлумачыцца тым, што на ўбор або абруч накручваюцца валасы (ЕСУМ, 2, 428). Аднак існуе пераканаўчая гіпотэза аб балтыйскім паходжанні ўсходнеславянскіх слоў. Параўн. літ. kýblas ’шырокая павязка на валасах дзяўчыны’, kỹbulas ’шырокая стужка, на якую накручваюць валасы кругом галавы’. Прыняць славянскае паходжанне для гэтых слоў немагчыма (Буга, Rinkt, 3, 777). Да таго ж у адрозненне ад беларускіх, украінскіх і рускіх слоў літоўскія маюць даволі празрыстую этымалогію. Яны ўзводзяцца да kìbti ’чапляцца’, kabė́ti, kybóti ’вісець, абвісаць’, kabìnti ’абхопліваць, браць у кола’ і інш. Неабходна адзначыць, што рад украінскіх і беларускіх слоў мае форму з м (кімбалка, кимбалка), якая адпавядае форме цяперашняга часу дзеяслова kìbti (kim̃ba) (Лаўчутэ, Балтизмы, 114).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Або́ра 1 ’тонкая вяровачка, у тым ліку і тая, якой падвязваюцца лапці’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат.), оборона ’вяроўка, якой падвязваюць лапці’ (Мядзв.). Рус. обора, укр. обора ’тс’ < *ob‑vora. Бліжэйшыя паралелі: літ. apývara, apvarė̃ ў тым жа значэнні, якое ад vérti ’звязваць’, хаця літоўскі дзеяслоў мае славянскі адпаведнік vьrěti рус. вереть ’зачыніць’ і інш. Поўнае марфолага-семантычнае супадзенне ўсходнеславянскіх форм з літоўскімі і абмежаваны арэал першых дазваляюць думаць аб іх (балтыйскім паходжанні. Параўн., аднак, Траўтман, 351. Арэал аборы амаль поўнасцю супадае з арэалам лапцей (гл. Малчанава, Мат. культ., 178).

Або́ра 2 ’месца на двары, абгароджанае жэрдкамі, дзе летам начуе жывёла; хлеў, вялікі будынак для кароў’, рус. обора ’агароджа’, польск. obora, балг. обор, макед. обор ’абора’, серб.-харв. обо̑ра, славен. obor ’агароджа (для жывёлы)’ да ob‑vora (ob‑vьrǫ). Суадносіцца з папярэднім, але агульна- і праславянскае, што дае падставу меркаваць аб адсутнасці паміж імі непасрэднай генетычнай сувязі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́дкі ’вадзяністы, негусты, тонкі’. Рус. жи́дкий ’вадкі’, в.-луж. židki ’негусты’, н.-луж. žydki ’тс’, чэш. уст. židký ’вадкі’, славен. žídek ’негусты, вадкі, мяккі, слабы’, серб.-харв. жи́дак, жи̏дак ’негусты, тонкі (пра сцябло і да т. п.); балг. дыял. жѝтък ’вадзяністы, негусты’. Ц.-слав. жидъкъ ’вадкі’. Ст.-рус. жидкий ’негусты, вадкі’. Прасл. *židъkъ утворана з суф. прыметніка *‑ъk‑ (як салодкі і інш.). І.‑е. корань *g​u̯eid(h) ’жыжа, гразь’: грэч. δεῖσα ’гразь’, арм. gēǰ ’рэдкі’. Покарны, 1, 469; Фасмер, 2, 53; БЕР, 1, 549. Непераканаўчыя паралелі з герм. і іншых і.-е. моў прыводзіў Младэнаў (160); цікавыя, але няпэўныя балт. паралелі (літ. giẽdrùs, giẽdras ’ясны, празрысты’) дае Махэк₂ (727): іх адносяць да і.-е. кораня *g​u̯hei (Покарны, 1, 488; Фрэнкель, 128), сувязь з якім слав. кораня семантычна няпэўная. Прапанова Ваяна (BSL, 31, 44) пра суадносіны *židъkъ з *žica, *žila (семантычна вадкі — гнуткі) не абгрунтоўвалася.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зало́за ’орган у арганізме, што выпрацоўвае ці выдаляе пэўныя рэчывы’, за́лзы, зэлзы ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), зо́лзачка (Жд. 2). Рус. железа́, дыял. перм., паўн.-дзвін. за́леза́, укр. за́лоза, польск. zołza ’хвароба залоз’, серб.-луж. žałza, чэш. žláza, славен. zléza, серб.-харв. жле́зда, жлијѐзда, балг. жлеза́, макед. жлезда. Ц.-слав. жлѣза ’залоза’. Ст.-рус. железа ’тс’ (XII ст.), ’чумны бубон, чума’ (XIV ст.). Прасл. želza. Літ. gẽležuonys і інш. ’залозы’, арм. gełj‑kʼ ’тс’, грэч. γογγρώνη ’апухлая залоза’. І.‑е. *ghelgʼh‑ ’залоза’. Покарны, 1, 435; Фасмер, 2, 42; Скок, 3, 683–684; Брукнер, 656; Махэк₂, 729; Копечны, Zákl. zásoba, 435; Траўтман, 84; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 261. Трубачоў (ВСЯ, II, 34) указвае на агульнасць паходжання слоў залоза і жалеза. Няясным застаецца: з‑ у бел., укр., польск.; бел. націск (архаічны?), які не супадае з укр. і рус.; польск. ‑ol‑. Ці сюды чэш. дыял. hlíza ’апухласць’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Збамбе́рыць ’падняць вялікае, цяжкае (на плечы, воз)’, ’успухнуць’ (Сцяц.), збабэнчыць ’ускінуць на плечы’, ’уздуць (пра жывот)’, збэнчыць ’успучыць’ (Сл. паўн.-зах.), ’уздуцца, узлавацца’ (слонім., Нар. лекс.). Наўрад ці трэба аддзяляць ад бамбэлак ’жывот, барабан’ (гл.), ’надзьмуты мачавы пузыр жывёлы’ (Сл. паўн.-зах.), польск. bąbel ’пухір, уздуцце’, адкуль дакладна бел. бомбаль ’пузыр’ (ваўк., даецца паводле Лаўчутэ, Сл. балт., 62). Суадноснасць бел. слоў магчыма з-за экспрэсіўнага характару, але няпэўная. Лаўчутэ (Сл. балт., 98) збамбэрыць лічыць запазычаннем з балт. слова з коранем *bamb‑ (параўн. літ. bam̃bti ’таўсцець, пухнуць, надувацца’), што не выключаецца, але хутчэй як крыніца кантамінацыі. Больш цяжка растлумачыць бел. значэнне ’падняць’, якое, як і ’ўздуцца’, аб’ядноўвае абодва дзеясловы. Да гэтых цяжкасцей дадаецца яшчэ абамбе́рыць ’дрэнна пастрыгчы’ (гл.), узбамберыць ’залезці, набіць’ (слонім., Жыв. сл.), адкуль, відаць, і збамберыць ’падняць’. Магчыма, знач. ’падняць’ трэба выдзеліць. Абамберыць ’пастрыгчы нагала’ (жыт., Жыв. сл.), можа, да значэння, ’пухнуць’ > ’пухір’ (параўн. бамбэлак). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зе́льна 1 ’тлумна’, зялі́цца ’тлуміцца’ (бялын., Яўс.). Рус. перм., пск., тамб., арл. зе́льно ’вельмі, надта’. Зыходзячы з рус. значэння відаць, суадносіцца з *zělo ’вельмі’ (адкуль і прыслоўе дазела ’вельмі’ (Нас.) < *do zěla): прыметнік з суфіксам ‑ьn‑, прыслоўе, ад якога на ‑a, а таксама дзеяслоў на ‑i‑ti sę > ‑іцца. Прасл. zěl‑ (ст.-слав. ѕѣлъ, славен. zelô, ст.-чэш. zielo ’вельмі’) да і.-е. кораня *gʼhoilo‑ ’моцны, вясёлы, жвавы’ (Покарны, 1, 452): літ. gailùs ’злосны, востры’, лат. gails ’юрлівы’, ст.-в.-ням. geil ’тс’ і інш. Фасмер, 2, 92; Шанскі, 2, З, 85; Львоў, ДС ИЯ, 8, 88–100; Траўтман, 75.

Зе́льна 2, зельна свята, зелна ’спас’ (Сл. паўн.-зах.). Польск. Matka Boska Zielna ’назва каталіцкага свята 15 жніўня’, відаць, крыніца бел. слова (і злучэння). Адпаведная праваслаўная назва — Прачыста < прѣчистая, аспожка (гл.) > спожка. Параўн. Грынблат, Белор., 257. Польск. уст. zielny ад ziele ’зелле’, гл. зелле з прыметнікавым суф. ‑n‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зяць ’муж дачкі’. Рус., укр. зять ’муж дачкі, сястры, залоўкі’, польск. zięć, палаб. ząt, чэш. zeť, славац. zať, славен. zèt ’муж дачкі’, серб.-харв. зе̏т, балг., макед. зет ’муж. дачкі ці сястры’. Ст.-слав. зѧть. Ст.-рус. зять. Прасл. zętь. Літ. žéntas ’зяць’, лат. znuôts ’зяць, сваяк’, грэч. γνωτός ’сваяк, брат’, ст.-інд. jñātíṣ ’сваяк’. Да і.-е. *gʼen‑ ’нараджаць’, адкуль *gʼenǝt‑. Трубачоў, История терм., 128–131; Фасмер, 2, 112; Шанскі, 2, З, 116; Махэк₂, 715; Скок, 3, 651–652; БЕР, 1, 636–637. Шаўр (Etymologie, 56–59) звяртае ўвагу на верагоднасць сувязі *zęt‑ з пастуляваным Іллічам–Світычам (Проблемы индоевр. языкозн., 1964, 7) і.-е. *gʼam‑ ’жаніцца’, не выключаючы разам з тым сувязі з і.-е. *gʼen(ǝ) ’нарадзіць — ведаць ад нараджэння’, на якую указваў Ісачанка, Зб. Гаўранку, 125–127 Трэба ўлічваць гіпатэтычнасць пабудовы Ілліча–Світыча, які лічыў, магчыма, што і.-е. корань < сяміцк. *d̯‑m, які этымалагізуецца праз ’запрагаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́вал ’вялікі кавалак чаго-н.’ (БРС, ТСБМ; слонім., Арх. Бяльк.; КТС; зах.-палес., Міхайлаў, вусн. паведамл.). Геаграфія і націск слова сведчаць, што бел. кавал запазычана з польск., гл. Слаўскі, 2, 106, які лічыць, што польск. kawał — больш позняе ўтварэнне ў параўнанні з kawalec, kawałek, якія ўзыходзяць да с.-ням. kavele ’жэрабя, доля і інш.’ Параўн. кашуб. kawel, kaweł ’доля, надзел зямлі’, славін. kãvȯl, kãveãl ’кавалак, вялікі кавалак’, чэш. дыял. kaval ’кусок’, славац. kaval ’тс’, н.-луж. kjabel ’доля, калодка для жараб’ёўкі; надзел зямлі, лесу і г. д.’ Значэнне зах.-слав. лексем добра ўзгадняецца з класічнай этымалогіяй. Паводле гэтага крытэрыю, а таксама паводле лінгвагеаграфічнага і інш., нельга пагадзіцца з меркаваннем Казловай, Сов. слав., 89, 90, што ўсх.-слав. кавал < *koval *kovati і зах.-слав. формы можна вытлумачыць як запазычаныя з усх.-слав. моў. Аб польск. і ням. словах больш падрабязна Слаўскі, 2, 107 (там і літ-ра).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)