МАГІЛЁЎСКІ ДОМ ГУБЕРНА́ТАРА Існаваў у 2-й пал. 18—1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1778 на б. Губернатарскай пл. ў стылі класіцызму. З’яўляўся рэзідэнцыяй магілёўскіх губернатараў
(у 1872—93 А.С.Дамбавецкага). Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак, завершаны вальмавым дахам. Гал. фасад вылучалі 3 рызаліты (цэнтральны з нязначным выступам завершаны трохвугольным франтонам, бакавыя аздоблены вуглавымі пілястрамі),
падзелены карнізным поясам на 2 ярусы. 1-ы ярус аздоблены рустам. Рытм фасадаў стварала сетка прамавугольных аконных праёмаў, завершаных у 2-м ярусе плоскімі сандрыкамі, на цэнтр. рызаліце — трохвугольнымі франтончыкамі. Двор быў абнесены каменнай сцяной, да якой прыбудаваны стайня, свірны і інш.гасп. пабудовы. Уваход у двор афармляла манум. брама ў выглядзе плоскага 4-калоннага порціка з арачным праездам у цэнтры, яна злучала дом з Магілёўскім губернскага праўлення будынкам, утвараючы адзіны ансамбль. У 1944 узарваны ням.-фаш. захопнікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ФІКАТ (лац. Magnificat ад першага слова тэксту «Magnificat anima mea Dominum» «Вялічыць душа мая Госпада»),
царкоўнае песнапенне; хвалебная песня на тэкст слоў Дзевы Марыі з Евангелля ад Лукі. З 6 ст. адзін з нязменных (ардынарных) тэкстаў каталіцкай вячэрні. Належыць да т.зв. кантыкляў — важных у літургічным ужытку псалмападобных эпізодаў са Старога і Новага запаветаў. Спяваўся ў грыгарыянскай традыцыі антыфонна ў адным з царк. тонаў паводле спецыфічных формул меладызаванай рэчытацыі. У спалучэнні з т.зв. вялікім антыфонам — найб. меладычна развітым і ўрачыстым песнапеннем літургічнага дня ўяўляў сабою буйную вак. кампазіцыю. Шматгалосыя апрацоўкі М. вядомы з 14 ст. У 16—18 ст. да гэтага жанру звярталіся Г.Дзюфаі, К. дэ Маралес, Дж.Палестрына, А.Ласа, К.Мантэвердзі, І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль, А.Вівальдзі, Дж.Б.Пергалезі, В.А.Моцарт і інш., у 19—20 ст. — Ф.Мендэльсон, К.Пендарэцкі, Р.Воан-Уільямс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДРЫ́ДСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
найбуйнейшая вышэйшая навуч. ўстанова Іспаніі. Створаны ў 1836 аб’яднаннем ун-та ў г. Алькала-дэ-Энарэс (засн. ў 1508 у правінцыі Мадрыд) і Цэнтр. ун-та ў Мадрыдзе (з 1821). Меў назву Цэнтр.ун-т Мадрыда. З 1850 — М.у. Дзярж.навуч. ўстанова. У 1994/95 навуч.г. больш за 127 тыс. студэнтаў; ф-ты: філасофіі і адукац.навук. геаграфіі і гісторыі, філал., матэм., фіз., геал., біял., права, мед., вет. навук, фармацэўтычны, эканомікі і кіравання, паліт. навук і сацыялогіі, інфарматыкі, выяўл. мастацтва, аданталогіі. Пры ун-це працуюць: ін-ты прыкладнога магнетызму, навук аб навакольным асяроддзі, эмбрыялогіі, судовай анатоміі, крыміналогіі, астраноміі і геадэзіі, пед. навук, сучасных моў і перакладу, правоў чалавека, наркалогіі, кампаратыўнага права, феміністычных праблем, патэнцыялу чалавека і інш.; Цэнтр еўрап. дакументацыі, 4 каледжы, 7 школ, 7 клінічных шпіталяў. Мае б-ку (больш за 1,5 млн. тамоў), музей, бат. сад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,
група вірусных хвароб, якая характарызуецца мазаічнай (стракатай) афарбоўкай пашкоджаных органаў, пераважна лісця і пладоў. У залежнасці ад малюнка адрозніваюць кальцавую мазаіку, палосчатую, рабую і інш. Змяняецца форма ліставой пласцінкі, расліны адстаюць у росце. Моцнае пашкоджанне вірусам выклікае некроз (адміранне) лісця, парасткаў, расліны. Хваробы перадаюцца праз насенне, пры пасынкаванні, сутыкненні здаровых і хворых раслін з іх узаемным траўміраваннем і інш. Пераносчыкі — тлі, клапы, глебавыя нематоды. Вірусы захоўваюцца ў раслінных рэштках, насенні. Найб. шкодныя М.х.р. — мазаіка тытуню і памідораў, зялёная мазаіка агуркоў і звычайная агурочная мазаіка, рабая і маршчыністая мазаіка бульбы, мазаіка буракоў, гароху, капусты, фасолі і інш.
Літ.:
Власов Ю.И. Вирусные и микоплазменные болезни растений. М., 1992;
Блоцкая Ж.В. Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.
Ж.В.Блоцкая.
Мазаічныя хваробы раслін: 1 — маршчыністая мазаіка бульбы (а — пашкоджаны ліст, б — расліна, в — некроз жылак); 2 — жоўтая мазаіка фасолі; 3 — мазаіка азімай пшаніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАЎ Аскольд Анатолевіч (н. 3.5.1925, в. Новамасальскае Зубцоўскага р-на Цвярской вобл., Расія),
расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт.СССР (1983). Канд. мастацтвазнаўства (1969). Праф. (1976). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1943). З 1943 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. З 1970 выкладае ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. З 1976 адначасова маст. кіраўнік трупы «Харэаграфічныя мініяцюры» ў С.-Пецярбургу. Для М.-танцоўшчыка характэрны эпічнае абагульненне нар. характару ў канкрэтным персанажы, скульптурнасць пластыкі, энергія, псіхалагізм. Сярод партый: Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Базіль, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Вацлаў і Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.Гліэра), Прынц, Даніла («Папялушка», «Каменная кветка» С.Пракоф’ева), Алі Батыр («Шурале» Ф.Яруліна), Спартак («Спартак» А.Хачатурана). Аўтар прац па праблемах харэаграфіі. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІНО́ЎСКІ Мікалай (18.12.1799, в. Міхнаўка Вінніцкай вобл., Украіна — 29.6.1865),
гісторык, выдавец гіст. крыніц. З 1820 вучыўся ў Віленскім ун-це. У ліст. 1823 — крас. 1824 зняволены за ўдзел у т-ве філарэтаў. З 1826 вучыўся і працаваў у Пецярбургу. З 1829 у Вільні, да 1840 працаваў у Радзівілаўскай камісіі. Выдаў: польскі пераклад П.Каханоўскага паэмы Т.Таса «Вызвалены Іерусалім» (1826), «Крыніцы польскай гісторыі» (т. 2, 1844, з А.Пшаздзецкім), «Хроніку» М.Стрыйкоўскага (т. 1—2, 1846), пераклаў і выдаў частку «Гісторыі Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» Б.Вапоўскага (т. 1—3, 1847—49), творы С.Ласкага (1864) і інш. Аўтар дзённіка (выд. ў 1914 і 1921), успамінаў (1907). Рэдагаваў «Записки Виленской археологической комиссии» (1858, № 1, з А.Г.Кіркорам). Друкаваўся ў час.«Дзённік Віленьскі», «Teka Wileńska» («Віленскі зборнік»), «Dzieje dobroczynności krajowej i zagranicznej» («Гісторыя айчыннай і замежнай дабрачыннасці»), газ.Виленский вестник».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬКО́ВА Вера Міхайлаўна (18.3. 1903, г. Тэлаві, Грузія — 19.5.1964),
бел. спявачка (лірычнае сапрана). Нар.арт. Беларусі (1949). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1933). З 1933 у Груз. т-ры оперы і балета. З 1937 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У 1953—59 маст. кіраўнік Белдзяржэстрады. Валодала высокім вак. майстэрствам, прыгожым мяккім голасам цёплага тэмбру. Стварыла шэраг паэт. вобразаў у нац. рэпертуары: Марфачка («Алеся» Я.Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Вольга («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), у творах рус. і замежнай класікі — Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Неда («Паяцы» Р.Леан кавала), сучасных кампазітараў (Наталля ў «Ціхім Доне» І.Дзяржынскага).
Літ.:
Жураўлёў Дз. Вера Малькова // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́ЎСКІ Георгій Рафаілавіч (н. 16.10.1946, Мінск),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (Бабруйск). З 1971 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Характарны акцёр. Карыстаючыся вострым сцэнічным малюнкам, захоўвае рысы рэальнага праўдападабенства вобразаў, нават створаных у гратэскава-камед. плане. Найб. значныя ролі: Ян Дабровіч («Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча), А.А. («Эмігранты» С.Мрожака). З інш. роляў: Ксяндзоў («Апошні шанц» паводле В.Быкава), Малюцін («Апошні журавель» А.Дударава, А.Жука), Міхалка («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), Папскі нунцый («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Антоніо («Бура» У.Шэкспіра), Клеант («Тарцюф» Мальера), Ферчайлд («Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта), доктар Магнуш («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера), паштмайстар Шпекін («Рэвізор» М.Гогаля), Бургамістр («Дракон» Я.Шварца), цесць Худзякова («Характары» паводле В.Шукшына).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАВЫ,
расійскія прадпрымальнікі, уладальнікі тэкст. прадпрыемстваў. Родапачынальнік Сава Васілевіч (1770—1862), б. прыгонны, які ў 1797 арганізаваў уласную шаўкаткацкую вытв-сць у с. Зуева (цяпер г. Арэхава-Зуева Маскоўскай вобл.). У 1820 з 4 сынамі выкупіўся на волю. У 1825—40 М. заснавалі 4 баваўняныя ф-кі, якія ў 2-й пал. 19 ст. выраслі ў буйныя фірмы: «Т-ва Нікольскай мануфактуры Савы Марозава, сын і К°», «Т-ва мануфактур Вікулы Марозава з сынамі ў мяст. Нікольскім», «Кампанія Багародска-Глухаўскай мануфактуры», «Т-ва Цвярской мануфактуры папяровых вырабаў». На Нікольскай мануфактуры пры Цімафею Савічу (1823—1889) адбылася Марозаўская стачка 1885. Найб. вядомы наступны ўладальнік Нікольскай мануфактуры — Сава Цімафеевіч (1862—26.5.1905) — мецэнат Маскоўскага Маст. тэатра. Спачуваў і дапамагаў рэвалюцыянерам. У 1913—14 на ф-ках М. працавала 54 тыс.чал., выпушчана прадукцыі на 100 млн.руб. Прадпрыемствы М. нацыяналізаваны дэкрэтам СНК РСФСР ад 8.6.1918.