павышэнне напружання электрычнага да значэнняў, небяспечных для электраізаляцыіэл. установак. Бывае ўнутранае (камутацыйнае) і вонкавае (атмасфернае).
Унутраныя П. ўзнікаюць пры рэзкіх зменах работы электраўстановак — выключэнні індуктыўнасцей (напр., ненагружаных трансфарматараў), ёмістасцей (ненагружаных ЛЭП), пры інш.камутацыях, а таксама пры кароткіх замыканнях, рэзанансах эл. сетак і інш. Павышэнне напружання, якое можа дасягаць 3—7 значэнняў фазнага напружання, абумоўлена вызваленнем эл.-магн. ці электрастатычнай энергіі, назапашанай у рэактыўных элементах ланцуга. Памяншаецца ўнутр. П. з дапамогай хуткадзейных эл.выключальнікаў, ва ўстаноўках з ізаляванай нейтраллю — зазямленнем нейтралі праз дугагасільную шпулю індуктыўнасці. Вонкавыя П. выклікаюцца разрадамі маланкі ў токаправодныя часткі або побач з імі ў зямлю (наведзенае П). Ад прамога ўдару П. можа дасягаць мільёнаў вольт, індуктаванае — 400—500 кВ. Ад атмасферных П. эл. ўстаноўкі ахоўваюцца разраднікамі (зніжаюць амплітуду хвалі), маланкаадводамі, ахоўнымі тросамі і інш сродкамі маланкааховы.
Схема аховы ад атмасферных перанапружанняў трансфарматарнай падстанцыі: Т — трансфарматар; ВМ — выключальнік маслены; ХП — хваля перанапружання; РВ — разраднік вентыльны; РТ1, РТ2 — разраднікі трубчастыя; Ш — шыны падстанцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
прыстасаванні, прылады, агрэгаты, машыны для пераўтварэння (змены параметраў) электрычнага току (па напружанні, частаце, фазе і інш.). Выкарыстоўваецца ў электраэнергетыцы, на электрыфікаваным чыг. транспарце, у электрапрыводах станкоў, электрахіміі, электратэрміі і інш.
Устройствы П.т. пераўтвараюць: пераменны ток у пастаянны або ў пульсоўны аднанакіраваны (выпрамнікі току з асн. прыладай — вентылемэл.); пастаянны ці пульсоўны аднанакіраваны ток у пераменны (інвертары); частату, напружанне і інш. параметры пераменнага току (пераўтваральнікі электрычныя, напружання рэгулятары), пераменны аднафазны ток у трохфазны (асінхронныя або сінхронныя электрамашынныя расшчапляльнікі фаз). Часта выкарыстоўваюцца камбінацыі пераўтваральнікаў розных тыпаў. Да П.т. адносяцца таксамабескантактавая камутацыйная апаратура, кіравальныя і некіравальныя пераўтваральныя агрэгаты пераменнага току ў пастаянны і наадварот (статычныя на аснове тырыстараў і дыёдаў, вярчальныя тыпу рухавік-генератар). Асн. характарыстыкі пераўтваральнікаў: ккдз, каэф. магутнасці, рэгуліровачныя характарыстыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́ДНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ, пераходныя металы, хімічныя элементы пабочных (B) падгруп 4—7-га перыядаў перыядычнай сістэмы элементаў Мендзялеева; d- і f-элементы. Вядома 65 П.э. (з улікам 106—109-га элементаў). У перыядах займаюць пераходнае становішча паміж металамі і неметаламі (адсюль назва).
Усе П.э. мала пашыраны ў зямной кары (акрамя жалеза і тытану), з’яўляюцца металамі (на знешнім электронным слоі маюць 1—2 электроны). У П.э. электронамі запаўняюцца ўнутр. (n−1)d-абалонкі (n — гал. квантавы лік) у d-элементаў і (n−2)f-абалонкі ў f-элементаў — лантаноідаў і актыноідаў. У выглядзе простых рэчываў d-элементы вызначаюцца унікальнымі магн. ўласцівасцямі, высокай каталітычнай актыўнасцю (асабліва плаціна, паладый). Асаблівасці хім. уласцівасцей d-элементаў абумоўлены вялікім (параўнальна з усімі інш., у т. л. і f-элементамі) наборам магчымых валентных станаў і ступеняў акіслення (напр., рутэній праяўляе ўсе ступені акіслення ад 0 да +8). Для d-элементаў характэрна ўтварэнне комплексных злучэнняў, кластэраў, а таксама нестэхіяметрычных злучэнняў (гл.Металіды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД БЕЛАРУ́САЎ СВЕ́ТУ.
Адбыўся 8—10.7.1993 у Мінску. 996 дэлегатаў ад бел. арг-цый з Беларусі і бел. суполак з замежжа. Арганізаваны Згуртаваннем беларусаў свету (ЗБС) «Бацькаўшчына». Мэта: аб’яднанне беларусаў свету і арганізац. афармленне сусв.бел. супольнасці як новай грамадскай структуры на карысць нац. адраджэння і будаўніцтва самастойнай бел. дзяржавы. З’езд прыняў дэкларацыю аб прынцыпах дзярж. будаўніцтва Беларусі, заяву па вайсковым пытанні, рэзалюцыю аб падтрымцы дзейнасці ЗБС «Бацькаўшчына», пастанову аб Радзе прадпрымальнікаў бел. дыяспары і інш. Далей з’езд працаваў як кангрэс ЗБС «Бацькаўшчына», на якім выбраны новы кіруючы орган — Вял. рада з прадстаўнікоў бел. арг-цый Беларусі і замежжа (97 чал.), а таксама прэзідэнт ЗБС (Р.Гарэцкі) і старшыня Рады (Г.Сурмач). У адпаведнасці з праграмай з’езда праведзены сустрэчы яго ўдзельнікаў з грамадскасцю Беларусі, Купалле на Стаўбцоўшчыне і ў в. Баркалабава (Быхаўскі р-н), Нарачанскі форум для дзяцей і моладзі, выстаўка твораў мастацтва з Беларусі і замежжа.
Г.І.Сурмач.
Паштоўка, выпушчаная з нагоды правядзення Першага з’езда беларусаў свету. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя, значэнні якой не змяняюцца, калі да значэнняў яе аргумента дадаць (ці адняць) некаторы лік τ > 0, г.зн. 𝑓(x) = 𝑓(x + τ) = 𝑓(x − τ). Найменшы лік T з усіх лікаў τ наз. перыядам функцыі 𝑓(x). Напр. sin(x + 2π) = sinx, tg(x + π) = tgx (перыяды адпаведна 2π і π).
Для кожнай неперарыўнай П ф. 𝑓(x) ≠ const выконваецца τ = nT, дзе n = ±1, ±2, ±3, ... . Графік П.ф. атрымліваецца паслядоўнымі зрушэннямі на велічыню T у дадатным (ці адмоўным) напрамку восі Ox часткі яе графіка, пабудаванай для адрэзка a ≤ x ≤ a + T. Сума, рознасць, здабытак і дзель П.ф. з аднолькавым перыядам ёсць таксама П.ф. з тым жа перыядам. Сума П.ф. з рознымі перыядамі будзе П.ф. толькі тады, калі гэтыя перыяды сувымерныя. П.ф. выкарыстоўваюцца ў фіз. і тэхн. навуках, напр., пры вывучэнні перыяд. (напр., вагальных) працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНІ́ГІН (Мікалай Мікалаевіч) (н. 6.9.1957, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),
бел. рэжысёр. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). З 1979 працаваў у Дзярж.рус.драм. т-ры, з 1984 рэжысёр Нац.акад.т-ра імя Я.Купалы. З 1998 у С.-Пецярбургу рэжысёр Вял.акад.драм.т-ра імя Г.А.Таўстаногава. Прыхільнік дынамічнай, шматфарбнай рэжысуры, майстар яркага тэатр.-сінт. відовішча. Сярод пастановак на Беларусі: «Жанчына з мора» Г.Ібсена (1984), «Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера (1986), «Дракон» Я.Шварца і «Эмігранты» С.Мрожака (1989), «Тутэйшыя» Я.Купалы (1990, Дзярж. прэмія Беларусі 1993), «Дзіця з Віфлеема» (1992 у Т-ры-студыі кінаакцёра), оперы «Візіт дамы» С.Картэса (1995), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (2001; абедзве у Нац.акад. т-ры оперы), «Art» Я.Рэза (1998, у Малым т-ры ў Мінску). Паставіў таксама «Капрызы Марыяны» А.Мюсэ (1997), «Хлусня на доўгіх нагах» Э. дэ Філіпа (2000) у т-ры імя Таўстаногава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА ПІ́НСКАГА І КЛЕ́ЦКАГА КНЯ́СТВАЎ»
(«Писцовая книга Пинского и Клецкого княжеств, составленная пинским старостою Станиславом Хвальчевским в 1552—1555 гг.»),
дакументацыя валочнай памеры сярэдзіны 16 ст. ў Пінскім і Клецкім княствах каралевы польскай і вял. княгіні ВКЛ Боны, выдадзеная Віленскай археаграфічнай камісіяй у 1884. Арыгінальная назва кнігі, якая захоўвалася ў Віленскім цэнтр. архіве стараж. актаў — «Рэестр памеры зямель на валокі паветаў і таксама княстваў Пінскага, Клецкага...» (на польск. мове). Валочная памера праведзена па загадзе Боны старостам бел. уладанняў каралевы С.Хвальчэўскім і інш. ў Пінску, Моталі, Нобелі, Клецку, Сіняўцы, у велікакняжацкіх дварах і сёлах Пінскага і Клецкага княстваў (паветаў), Вядскай воласці. Пералічаны сял. гаспадаркі з пазначэннем прозвішчаў гаспадароў і памераў зямельных надзелаў. Асобна ў «Рэестры» вылучаны раздзелы з апісаннем замены некат. зямель правасл. і каталіцкіх святароў і шляхты на гаспадарскія землі, праведзенай для ліквідацыі цераспалосіцы. Выданне забяспечана прадмовай К.І.Сніткі, дзе дадзена характарыстыка помніка і валочнай памеры ў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯНЕ́РЫ ( ад франц. pionnier першапраходзец, пачынальнік) (ваен.), 1) пачынальнікі чаго-н.; першаадкрывальнікі ў навуцы, тэхніцы, мастацтве.
2) Сучасная назва асабовага складу інж. часцей франц., герм., брыт., амер. і некат. інш. армій. У рас. арміі ў 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. піянеры роты і конна-піянерныя эскадроны разам з падраздзяленнямі мінёраў і сапёраў уваходзілі ў склад піянерных батальёнаў, палкоў і брыгад інжынерных войск, у т. л. тых, што дыслацыраваліся на тэр.ВКЛ. Напр., падраздзяленне Літоўскага асобнага корпуса Літоўскі піянерны батальён, якое размяшчалася каля мяст. Бранск Беластоцкай вобл. (цяпер тэр. Польшчы), налічвала больш за 1 тыс. асабовага складу (гл.таксамаЛітоўскага піянернага батальёна выступленне 1825). П. прызначаліся для дарожных, маставых і палявых фартыфікацыйных работ. У Расіі ў 1829—44 піянерныя падраздзяленні і часці перайменаваны ў сапёрныя.
3) Члены піянерскіх арганізацый.
Расійскія піянеры. 1, 2 — афіцэр і радавы літоўскага піянернага батальёна (пач. 19 ст.); 3 — радавы конна-піянернага батальёна (1820-я г.); 4 — радавы конна-піянернага батальёна (1840-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЗМАДЫНА́МІКА,
раздзел фізікі плазмы, які вывучае рух плазмы і яе ўзаемадзеянне з рэчывам.
Ураўненні П. вынікаюць з дастасаванняў ўраўненняў магнітнай гідрадынамікі да рухомых аб’ёмаў выпрамяняльных сціскальных суцэльных асяроддзяў (напр., газу, плазмы). Характэрная асаблівасць руху такіх асяроддзяў — магчымасць узнікнення і распаўсюджвання ў іх ударных хваль. Задачы П. рашаюцца разлікова-тэарэт. і эксперым. метадамі. Эксперыменты праводзяцца ў звыш- і гіпергукавых аэрадынамічных трубах, балістычных устаноўках, ударных і імпульсных электраразрадных зрубах і інш. Пры даследаваннях плазменных патокаў і ўдарных хваль метадамі П. вызначаюцца ціск, т-ра і інш. параметры плазмы ў вобласці яе распаўсюджвання, у т. л. ў вобласці ўзаемадзеяння плазмы з цвёрдым целам ці інш. плазменнымі асяроддзямі. Гл.таксамаРадыяцыйная плазмадынаміка.
На Беларусі даследаванні па пытаннях П. вядуцца з пачатку 1960-х г. у Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАТО́КІ,
накіравана рухомая плазма, таксама раздзел фізікі плазмы, які вывучае пытанні, звязаныя з атрыманнем, даследаваннямі і выкарыстаннем рухомай плазмы.
У залежнасці ад крыніц плазмы адрозніваюць П.п. стацыянарныя (неперарыўныя) і імпульсныя. Для атрымання стацыянарных П.п. выкарыстоўваюць у асн.плазматроны, імпульсных — плазменныя паскаральнікі розных тыпаў і выбуховыя генератары Для магутнатокавых плазменных паскаральнікаў характэрна сцісканне (кампрэсія) плазмы — утварэнне кампрэсійных П.п. Найб. буйнамаштабныя кампрэсійныя П.п. атрымліваюць двухступеннымі плазменнымі паскаральнікамі. Для атрымання П.п. з высокімі скарасцямі выкарыстоўваецца лазернае выпрамяненне пры яго ўздзеянні на цвёрдыя целы і газы.
На Беларусі сістэматычныя даследаванні пачаліся з 1960-х г. пад кіраўніцтвам акад. М.А.Ельяшэвіча і вядуцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, БДУ. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца ў ракетнай і касм. тэхніцы, лазернай фізіцы, цеплафізіцы, эксперым. аэрагазадынаміцы, плазменнай тэхналогіі.
Літ.:
Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970;
Физика и применение плазменных ускорителей. Мн., 1974.