САСТАЎНА́Я РЫ́ФМА,

рыфма, у якой рыфмуюцца не адно, а два і больш слоў, што стаяць у канцы радка. Узнікла ў фальклоры, найб. пашырана ў гумарыстычных творах:

Як зваліўся камар з высакосці —
Паламаў, пакрышыў свае косці.

С.р. часта ўжываецца ў сучаснай бел. паэзіі («Перад падарожжам» А.​Куляшова, «Роздум» і «Казка» С.​Дзяргая, «Хочаш, вымыю кашулю, адзінокі хлопец?» Д.​Бічэль-Загнетавай, «Зазімак у Юрмале», «Кашуля Паўлюка Труса», «Нібы раўчук...» Р.​Барадуліна і інш.).

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТ’ЯГРА́ХА (санскр. літар. — упартасць у ісціне),

форма грамадска-паліт. барацьбы ненасільнага характару ў калан. Індыі, распрацаваная М.​К.​Гандзі. Уяўляла сабой масавае несупрацоўніцтва індыйцаў з калан. ўладамі, што ўключала дэманстрацыі, байкот брыт. устаноў і тавараў, адмову ад выплаты падаткаў (як апошняя мера). Упершыню выкарыстана індыйцамі-эмігрантамі ў Паўд. Афрыцы ў пач. 20 ст. ў барацьбе за свае правы, у 1920—30-я г. — гал. форма барацьбы Індыйскага нацыянальнага кангрэса супраць брыт. калан. панавання ў Індыі.

т. 14, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕПТЭ́Т (ад лац. septem сем),

1) ансамбль з 7 выканаўцаў.

2) Муз. твор для 7 выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў); адзін з відаў камернай музыкі (як і квартэт, квінтэт і секстэт). Для С. характэрна санатна-цыклічная форма, пашыраны інш. цыклічныя (сюіта) і нецыклічныя формы. Найб. вядомыя септэты Л.​Бетховена, І.​Гумеля, П.​Хіндэміта, І.​Стравінскага. Вакальныя С. пераважна ўваходзяць у оперы. У бел. музыцы прадстаўлены ў творчасці Я.​Касалапава, П.​Падкавырава, М.​Русіна.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛІ́СТРА, Сілістрыя,

горад на ПнУ Балгарыі. Узнік як стараж.-рым. паселішча і крэпасць Дурасторум. Да канца 14 наз. Дарастол. Каля 80 тыс. ж. (2001). Вузел аўтадарог, чыг. ст., порт на р. Дунай. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. вытв-сць электронна-выліч. тэхнікі і станкоў; харчасмакавая (мясная, мукамольная, кансервавая, вінаробчая), тэкст., дрэваапрацоўчая. Захаваліся рым. грабніца 4 ст. з насценнымі размалёўкамі, рэшткі руін рым. крэпасці. Рэзерват вадаплаўных птушак, у т. л. пеліканаў.

т. 14, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕРМАЦЭ́Т (ад сперма + kētos вялікая марская жывёла),

воскападобнае рэчыва, якое выдзяляюць з вадкай тлушчападобнай масы поласцей галавы (т.зв. спермацэтавых мяшкоў) кашалотаў. Раней яго лічылі спермай (адсюль назва). Складаецца з сумесі складаных эфіраў тлустых к-т, пераважна цэтылавага эфіру пальміцінавай к-ты. С. — белыя пласціністыя крышталі, якія добра раствараюцца ў эфіры, ацэтоне, гарачым спірце; tпл = 53—54 °C, добра сплаўляецца з вазелінам, ланалінам, какававым алеем, свіным тлушчам. Выкарыстоўваецца як састаўная ч. асновы мазей, пастаў. касметычных крэмаў.

т. 15, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХІ́ ЛЁД,

назва цвёрдага вугляроду дыаксіду CO2, які ў звычайных умовах (атм. ціск, пакаёвая т-ра) узганяецца. Белая снегападобная маса (шчыльн. 1560 кг/м³), у якую пры атм. ціску і моцным (ніжэй за т-ру ўзгонкі -78,5 °C) ахаладжэнні ператвараецца CO2 (адсюль назва). У тэхніцы С.л. атрымліваюць частковым выпарваннем вадкага вуглякіслага газу (CO2 звадкоўваецца пры 20 °C і ціску 5,7 МПа). Выкарыстоўваюць як холадагент у харч. прам-сці (выпарваецца без рэшткаў, не выклікае карозіі абсталявання).

т. 15, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРКО́Ў Іван Кірэевіч (4.1.1929, в. Пакалюбічы Гомельскага р-на — 27.5.1998),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1962). Працаваў у Гомельскай раённай газеце, на Гомельскай студыі тэлебачання, з 1977 адначасова сакратар Гомельскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1957. У аповесцях «Мы з Санькам у тыле ворага» (1968), «Мы — хлопцы жывучыя» (1970), «Мы з Санькам у артылерыі» (1988) паказаў, як вясковыя падлеткі змагаліся супраць ням.-фаш. акупантаў. Аўтар сцэнарыя тэлефільма «Мы — хлопцы жывучыя» (паст. 1974).

т. 15, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНІЯ ВЕЛІЧЫ́НІ ў статыстыцы,

абагульненыя характарыстыкі якасна аднародных і колькасна розных велічынь. Выкарыстоўваюцца для пазбаўлення ад індывід. адрозненняў элементаў пэўнай сукупнасці, выяўлення агульных умоў і заканамернасцей. З дапамогай С.в. ажыццяўляюцца разлікі, звязаныя з прагназіраваннем і планаваннем, аналіз пэўных з’яў і працэсаў. Пры аналізе сац. з’яў і працэсаў разлік С.в. выступае як дапаможны метад для пераходу да метадаў мнагамернага статыстычнага аналізу. Існуюць розныя тыпы С.в.: сярэднія арыфм., сярэднія гарманічныя, сярэднія геам., сярэднія квадратычныя (гл. Сярэдняе).

т. 15, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАГАНРО́Г,

горад у Растоўскай вобл. Расіі, порт у Таганрогскім заліве Азоўскага м. Засн. ў 1698 як крэпасць і база рас. ваен. флоту. 284 тыс. ж. (2000). Чыг. станцыя. Прам-сць: машынабудаванне і металаапр. (ВА: «Чырвоны кацельшчык», «Прэсмаш», «Вібрапрыбор»: з-ды: камбайнавы, суднарамонтны, гандл. і электратэрмічнага абсталявання), чорная металургія. хім., лёгкая, харчасмакавая. Ін-ты: пед., радыётэхнічны. Драм. тэатр. Музеі: краязн., горадабудаўніцтва і быту, карцінная галерэя, музей-запаведнік А.​П.​Чэхава (нарадзіўся ў Т.).

т. 15, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРАНТЭ́ЛА (італьян. tarantella, ад назвы г. Таранта),

італьянскі нар. танец. Муз. памер ​6/8, ​3/8 з характэрным бесперапынным рухам трыёлямі. Тэмп хуткі, імклівы. Суправаджаецца ігрой на гітары, ударамі тамбурына (інструмента накшталт бубна), кастаньет (у Сіцыліі), часам спевам. У 19 ст. канцэртная і інстр. п’еса (М.​Глінка, Ф.​Ліст, Дж.​Расіні, П.​Чайкоўскі і інш.). Т. ствараліся і як віртуозныя п’есы ў духу perpetuum mobile (Т. для скрыпкі Н.​Паганіні).

Н.​В.​Сазановіч.

т. 15, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)