ФЛЕК, Ван Флек (Van Vleck) Джон Хазбрук ван (13.3.1899, г. Мідлтаўн, штат Канектыкут, ЗША — 27.10.1980), амерыканскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў тэорыі магн. уласцівасцей рэчыва. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1934), Нац. АН ЗША (1935) і інш. Скончыў Вісконсінскі (1920) і Гарвардскі (1922) ун-ты. З 1934 у Гарвардскім ун-це (з 1935 праф.). Навук. працы па квантавай тэорыі магнетызму, тэорыі валентнасці, фізіцы цвёрдага цела, фера- і ферымагнітным рэзанансе, атамнай і малекулярнай спектраскапіі. Стварыў квантава-мех. тэорыю дыя- і парамагнетызму (1926—28). Развіў тэорыю ўнутрыкрышталічнага поля (поля лігандаў), даў класіфікацыю асн. тыпаў парамагнетыкаў (1932), тлумачэнне антыферамагнетызму (1941). Нобелеўская прэмія 1977 (з Ф.В.Андэрсанам і Н.Ф.Мотам).

Тв.:

Рус. пер. — Квантовая теория валентности. М., 1938 (разам з В.​Пені, А.​Шэрманам);

Квантовая механика — ключ к пониманию магнетизма // Успехи физ. наук. 1979. Т. 127, вып. 1.

Літ.:

Белов К.П. Джон Хасбрук Ван Флек: К 100-летию со дня рождения // Юбилеи науки, 1989. Киев. 1990.

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.Х. ван Флек.

т. 16, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕТАГУ́РАЎ Каста (Канстанцін Леванавіч; 15.10.1859, с. Нар, Паўн. Асеція — 1.4.1906),

асецінскі пісьменнік, мастак; заснавальнік асецінскай л-ры і літ. мовы. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1881—85). Пісаў на асецінскай і рус. мовах. Зб-кі «Вершы» (1895, на рус. мове) і «Асецінская ліра» (1899, на асецінскай мове) адыгралі вял. ролю ў развіцці асецінскай л-ры. Сац. праблемы ўзнімаў у псіхал. апавяданнях («Паляванне на тураў», 1893). Гісторыі роднага народа прысвяціў этнагр. нарыс «Асоба» (1894). Аўтар паэм на рус. мове «Фаціма» (1889), «Перад судом», «Каму жывецца весела» (абедзве 1893), п’ес, публіцыст. артыкулаў. Заснавальнік рэаліст. жывапісу Паўн. Асеціі (жанравыя карціны, партрэты, пейзажы Каўказа). На бел. мову яго творы перакладалі Г.​Кляўко, Ю.​Свірка.

Тв.:

Бел. пер. — Асецінская ліра. Мн., 1986;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. М., 1974.

Літ.:

Тихонов Н. О К.​Хетагурове. Орджоникидзе, 1965;

Балаев И. Романтическая поэма Хетагурова «Фатима». Орджоникидзе, 1970;

Дубовик Н.Г. К.​Хетагуров: Библиогр. указ. Орджоникидзе, 1979.

А.​С.​Пухаеў.

К.Л.Хетагураў.

т. 17, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІМІРА́ЗЕЎ Клімент Аркадзевіч (3.6 1843, С.-Пецярбург — 28.4.1920),

расійскі вучоны ў галіне батанікі і фізіялогіі раслін; адзін з заснавальнікаў рас. навук. школы фізіёлагаў раслін; тэарэтык дарвінізму. Чл.-кар. Пецярб. АН (1890), Рас. АН (1917). Скончыў Пецярб. ун-т (1866). У 1870—92 у Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі (цяпер Маскоўская с.-г. акадэмія яго імя). Адначасова з 1877 праф. Маскоўскага ун-та. У 1911 з групай выкладчыкаў пакінуў яго ў знак пратэсту супраць парушэння універсітэцкай аўтаноміі. Навук. працы па метадах даследавання фізіялогіі раслін, біял. асновах аграноміі, гісторыі навукі. Раскрыў заканамернасці фотасінтэзу як працэсу выкарыстання святла для ўтварэння арган. рэчываў раслін. Папулярызатар дасягненняў у галіне фізіялогіі раслін. Публіцыст («Жыццё расліны», 1878; «Навука і дэмакратыя», 1920).

Тв.:

Избр. соч. Т. 1—2. М., 1957;

Наука и демократия: Сб. ст. М., 1963.

Літ.:

Чайлдхян М.Х. К.​А.​Тимирязев — ученый, борец, мыслитель. М., 1960;

Сенченкова Е.М. К.​А.​Тимирязев и учение о фотосинтезе. М., 1961.

К.А.Ціміразеў.

т. 17, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦУРБАКО́Ў Мікалай Іосіфавіч (н. 10.2.1911, г. Гомель — 8.10.1984),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). У 1931—35 акцёр Гомельскага трама, у 1938—41 Бел. т-ра юнага гледача імя Н.​К.​Крупскай, з 1942 Менскага гар., з 1944 Палескага, з 1946 Пінскага, з 1954 Магілёўскага, у 1955—74 Гомельскага абл. драм. т-раў. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Валодаў майстэрствам пераўвасаблення, сцэн. тэмпераментам, ствараў яркі вонкавы малюнак, карыстаўся гратэскавымі фарбамі. Сярод роляў: Канцлер («Цудоўная дудка» В.​Вольскага), Юсаў («Даходнае месца» А.​Астроўскага) у т-ры юнага гледача; Гарлахвацкі («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Несцерка («Несцерка» Вольскага), Пустарэвіч («Паўлінка» Я.​Купалы), Зянон («Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага), Ігнатаў («Таня» А.​Арбузава), Хлопаў («Рэвізор» М.​Гогаля), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага) у Пінскім т-ры; Карп Маеўскі («Глыбокая плынь» паводле І.​Шамякіна), Лявон («Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Пётр Громаў («Угрум-рака» паводле В.​Шышкова), Жывата Цвіёвіч («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча), Забродзін («Ленінградскі праспект» І.​Штока) у Гомельскім т-ры.

Дз.​У.​Стэльмах.

т. 17, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫРКО́НІЙ (лац. Zirconium),

Zr, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат.н. 40, ат.м. 91,224. Прыродны Ц. — сумесь 5 стабільных нуклідаў з масавымі лікамі 90—92,94 і 96, найб. пашыраны ​90Zr (51,46%). У зямной кары прыблізна 2∙10​−2% па масе. Упершыню вылучаны ў 1789 ням. хімікам М.​Г.​Клапратам у выглядзе дыаксіду з мінералу цыркону (адсюль назва).

Бліскучы серабрыста-шэры метал. Існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: гексаганальнай α-Zr і кубічнай β-Zr. Шчыльн. 6510,7 кг/м³, tпл 1855 °C. Кампактны Ц. пры пакаёвай т-ры вельмі каразійнаўстойлівы, што абумоўлена ўтварэннем тонкай трывалай плёнкі цырконію дыаксіду. Устойлівы да ўздзеяння мінер. к-т і шчолачаў. Пры награванні раствараецца ў плавікавай і канцэнтравай сернай к-тах, царскай гарэлцы; узаемадзейнічае з галагенамі (утварае тэтрагалагеніды), азотам і інш. неметаламі. Атрымліваюць пры перапрацоўцы асн. мінералаў — цыркону і бадэлеіту. Выкарыстоўваюць як канстр. матэрыял у ядз. энергетыцы, кампанент сплаваў для вырабу хім. апаратаў, хірург. інструментаў і інш.

А.​П.​Чарнякова.

т. 17, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЖОЎ ЭНЬЛА́Й (5.3.1898, г. Хуаян, прав. Чжэцзян, Кітай — 8.1.1976),

кітайскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Кітаі, Японіі і Францыі. З 1922 у Камуніст. партыі Кітая (КПК), чл. яе ЦК (з 1927), Палітбюро ЦК (з 1928). У рэвалюцыю 1925—28 у Кітаі кіраўнік ваен. аддзела КПК, паліт. кіраўнік Наньчанскага паўстання 1927. У 1927—32 на падп. рабоце ў г. Шанхай і прав. Гуансі, з 1932 паліт. камісар 1-га фронту Чырв. Арміі ў Цэнтр. сав. раёне (у час Паўночна-заходняга паходу 1934—36 на пасадзе паліт. камісара яго змяніў Мао Цзэдун). У час антыяп. вайны 1937—45 прадстаўнік КПК пры гаміньданаўскім урадзе Кітая. Прэм’ер Дзярж. адм. савета (1949—54), міністр замежных спраў (1949—58), прэм’ер Дзярж. савета (1954—76) Кіт. Нар. Рэспублікі. Чл. Пастаяннага к-та Палітбюро ЦК КПК (1956—76), нам. старшыні КПК (1956—66, 1973—76).

Літ.:

Тихвинский С.Л. Путь Китая к объединению и независимости, 1898—1949: По материалам биогр. Чжоу Эньлая. М., 1996.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ШКІНА Тамара Рыгораўна (н. 31.10.1931, в. Ніжняя Алешня Ражскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958, курс Дз.Арлова). З 1959 у Гродзенскім абл. драм. т-ры, з 1964 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Коласа. Выканаўца драм., лірычных, характарных роляў: у Гродзенскім т-ры — Любоў («Салдаты» В.​Шаўрына), Маша («Тры сястры» А.​Чэхава), Патрыцыя («Тры таварышы» паводле Э.​М.​Рэмарка); у т-ры імя Я.​Коласа — Марыля («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Цвяткова («Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага), Манаева («Трывога» А.​Петрашкевіча), Маці («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Марына («Улада цемры» Л.​Талстога), Соф’я («Зыкавы» М.​Горкага), Кэт («Семнаццаць імгненняў вясны» паводле Ю.​Сямёнава), Рыта Асяніна («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева), Беатрычэ («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні), Фінея («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Эўгенія («І паміраючы дрэвы стаяць» А.​Касоны), місіс Уайр («Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» паводле Т.​Уільямса) і інш.

Л.​І.​Брандабоўская.

т. 17, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТАЙН (Stein) Генрых Фрыдрых Карл (26.10.1757, г. Насаў, — 29.6.1831),

нямецкі дзярж. дзеяч. Барон. З 1780 на дзярж. службе. З 1804 міністр дэпартамента акцыз, пошлін, фабрык і гандлю, з 1807 1-ы міністр прускага ўрада. Пасля паражэння прускай арміі ў Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806 распачаў рэформы з мэтай мадэрнізацыі і ўзмацнення прускай дзяржавы (гл. Штайна — Гардэнберга рэформы). Вёў перагаворы з Францыяй па пытаннях павелічэння прускай арміі і змяншэння ваен. кантрыбуцыі (скончыліся падпісаннем Парыжскай канвенцыі 8.9.1808). Пад націскам Напалеона I звольнены ў адстаўку. З мая 1812 у Расіі, дарадчык імператара Аляксандра I. Узначальваў Ням. к-т, які адыграў значную ролю ў вызваленні Германіі ад франц. панавання. У 1813—14 на чале цэнтр. камісіі па кіраванні вызваленымі тэр. Германіі. Прыхільнік ідэі стварэння нац. ням. дзяржавы (з вер. 1812 планаваў заключэнне уніі паміж Прусіяй і Аўстрыяй і аб’яднанне пад іх кіраваннем інш. ням. дзяржаў). З 1827 чл. прускага Дзярж. савета. Заснавальнік ням. гіст. т-ва (1819).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НГЕЛЬ Міхаіл Кузьміч (7.11.1911, в Зыранава Ніжнеілімскага р-на Іркуцкай вобл., Расія — 25.10.1971),

расійскі вучоны і канструктар; стваральнік навук. школы ў галіне распрацоўкі касм. тэхнікі. Акад. АН Украіны (1961), АН СССР (1966). Двойчы Герой Сац. Працы (1959, 1961). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1937), Акадэмію авіяц. прам-сці (1950). Працаваў у авіяц. КБ, удзельнічаў у стварэнні самалётаў-знішчальнікаў. З 1954 гал. канструктар КБ «Паўднёвае» (г. Днепрапятроўск, Украіна). Пад кіраўніцтвам Я. створана серыя балістычных і міжкантынентальных ракет, а таксама ракет-носьбітаў касм. апаратаў для вывучэння каляземнай прасторы па праграмах «Космас» і «Інтэркосмас». Імем Я. названы кратэр на Месяцы і малая планета. Ленінская прэмія 1960. Дзярж. прэмія СССР 1967. Залаты медаль АН СССР імя Каралёва (1970).

Літ.:

Губарев В.С. Конструктор: Несколько страниц из жизни М.​К.​Янгеля. М., 1977;

Стражева И.В. Тюльпаны и космодром. М., 1978;

Платонов В.П., Горбулин В.П. М.​К.​Янгель. Киев, 1979.

У.​С.​Ларыёнаў.

М.К.Янгель.

т. 18, кн. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТУ́НІЦА Ваіслаў (н. ў 1944, Бялград),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Югаславіі. Скончыў Бялградскі ун-т (1970), дзе працаваў да 1974, калі быў звольнены за выступленні супраць новай канстытуцыі краіны, якая, на яго думку, давала занадта шмат правоў інш. рэспублікам, прыніжаючы ролю Сербіі. З таго часу быў вядомы як дысідэнт. У 1974—89 у Ін-це грамадскіх навук у Бялградзе. Адзін з заснавальнікаў Дэмакр. партыі (1989). Пасля яе распаду (1992) намагаўся аб’яднаць дэмакр. ідэалы з нац. ідэяй, стварыў Дэмакр. партыю Сербіі. Рэзка выступаў супраць агрэсіі НАТО у Югаславіі 1999 і ў той жа час быў прыхільнікам збліжэння краіны з Захадам. У час вераснёўска-кастр. крызісу 2000 К. і яго прыхільнікі адмовіліся прызнаць афіц. вынікі 1-га тура прэзідэнцкіх выбараў і К. 6.10.2000 абвясціў сябе выбраным прэзідэнтам Югаславіі. Пайшоў у адстаўку з гэтай пасады ў сувязі з пераўтварэннем Югаславіі ў супольніцтва Сербія і Чарнагорыя (сак. 2003; гл. Дадатак). Пасля парламенцкіх выбараў 28.12.2003 у Сербіі — прэм’ер-міністр Сербіі.

М.​С.​Даўгяла.

т. 18, кн. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)