часціна мовы, якая абазначае прыкмету дзеяння, стану або якасці. Асн. марфалагічная асаблівасць П. — адсутнасць форм скланення і спражэння. Можа мець формы ступеней параўнання.
У сказе П. прымыкаюць да дзеясловаў («сядзець моўчкі»), прыметнікаў («якасна новы»), лічэбнікаў («трэці злева»), радзей да назоўнікаў («сяўба па-новаму») і П. («позна ноччу»). Паводле значэння падзяляюцца на якасна-азначальныя, што ўказваюць на якасць («агніста»), меру («крыху»), ступень інтэнсіўнасці, мяжу дзеяння, прыкметы ці стану («датла», «уволю») і акалічнасныя, што ўказваюць на месца або напрамак («там», «уверх»), час («аднойчы»), прычыну («спрасонку»), мэту («наўмысна») дзеяння. Утвараюцца афіксальным (суфіксальным — «высока»; прэфіксальным — «некуды»; прэфіксальна-суфіксальным — «змалку») спосабамі, асноваскладаннем («штогод») і інш. Папаўняюцца за кошт пераходу ў іх склад інш. часцін мовы: назоўнікаў («страх»), дзеепрыслоўяў («спатыкаючыся»), часціц («абы-абы»), Могуць ужывацца ў якасці прыназоўнікаў («побач»), злучнікаў («калі»), часціц («ледзь»), мадальных слоў («напэўна»), У сказе выконваюць ролю акалічнасці (пераважна), азначэння, выказніка.
Літ.:
Шуба П.П. Прыслоўе ў беларускай мове: Марфал. нарыс. Мн., 1962;
Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГАЧО́Ў (Емяльян Іванавіч) (каля 1742, б. станіца Зімавейская-на-Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 21.1.1775),
кіраўнік сялянскай вайны 1773—75. Данскі казак, харунжы (1770). Удзельнік Сямігадовай 1756—63 і рус.-тур. 1768—74 войнаў. У 1771 уцёк ад ваен. службы на р. Церак, там выбраны станічным атаманам. У лют. 1772 арыштаваны, уцёк да старавераў у Ветку на Гомельшчыне, у ліст. — на р. Яік (цяпер Урал), дзе агітаваў казакаў пайсці на вольныя землі за р. Кубань. Арыштаваны, засуджаны на катаргу. У маі 1773 уцёк з казанскага астрога на Яік, дзе паводле дамоўленасці з групай казакоў абвясціў сябе імператарам Пятром III (вер. 1773). Выступаў з утапічнай ідэяй «справядлівага» казацка-сял. царства. У час сял. вайны непісьменны П. паказаў вял. арганізатарскія і ваен. здольнасці. Жорстка распраўляўся з дваранамі і ўсімі, хто не прызнаваў яго імператарам. Пасля канчатковага паражэння ад урадавых войск П. 19.9.1774 схоплены групай сваіх прыбліжаных і неўзабаве выдадзены ўладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве.
Літ.:
Буганов В.И. Пугачев. М., 1984.
М.Г.Нікіцін.
Е.І.Пугачоў. З партрэта невядомага мастака. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦІ́ЎЛЬ,
горад у Сумскай вобл., на Украіне, на р. Сейм (бас.р. Дняпро), за 24 км ад чыг. станцыі Пуціўль. 19,5 тыс.ж. (1991). Харч. прадпрыемствы. Краязнаўчы музей. Арх. помнікі 16—18 ст.: Малчанскі (16—19 ст.) і Спаскі (17 — пач. 18 ст.) манастыры, царква Міколы Казацкага (18 ст.).
Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146; крэпасць для абароны Кіеўскай Русі ад набегаў полаўцаў. У 2-й пал. 12 ст. цэнтр аднайм. княства. Апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым». У 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1356 у складзе ВКЛ. У 1500 вял.кн.Іван III Васілевіч далучыў П. да Рус. дзяржавы. У час польскай і шведскай інтэрвенцыі пачатку 17 стагоддзя заняты войскамі Рэчы Паспалітай. ПаводлеДэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Расіі. У 18 — пач. 20 ст. павятовы горад, з 1769 у Курскай губ. З 1926 у складзе Укр. ССР. З 1932 у Чарнігаўскай, з 1939 у Сумскай абл. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—43). Каля П. быў створаны Пуціўльскі партыз. атрад пад камандаваннем С.А.Каўпака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРЭ́НКА (Аляксей Васілевіч) (н. 26.3.1938, с. Чэмер Чарнігаўскай вобл., Украіна),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1988). Скончыў Харкаўскі тэатр.ін-т (1961). З 1961 у т-рах Запарожжа і Данецка, з 1964 у Ленінградскім т-ры імя Ленсавета, з 1977 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай, у 1978—83 у Маскоўскім маст.акад. т-ры, у 1991—92 у т-ры «Школа сучаснай п’есы». Мастацтву П. ўласцівы тэмпераментнасць, здольнасць да псіхал. аналізу вобраза: Дзіма («Качынае паляванне» А.Вампілава), Сцяпан («А што гэта ты ў фраку?» Д.Сухарава паводле «Прапановы» А.Чэхава). З 1967 здымаецца ў кіно: «Кароль Лір» (1971), «Агонія» (1974), «Дваццаць дзён без вайны» (1976), «Ключ без права перадачы», «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа жаніў» (абодва 1977), «Жаніцьба» (1978), «Гракі» (1983), «Жорсткі раманс», «ТАСС упаўнаважаны заявіць» (абодва 1984), «Наш браняпоезд», «Вязень замка Іф» (абодва 1988), «Кааператыў «Палітбюро», «Мушкецёры дваццаць гадоў пасля» (1992), «Імперыя піратаў» (1994), «Руская ідэя» (1995), «Агапэ» (1996), «Сібірскі цырульнік» (1999), «У жніўні 44-га» (2000) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЎЦО́Ў (Іларыён Мікалаевіч) (7.12.1879, б.мяст. Анатоль, Брэсцкая вобл. — 25.10.1934),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1932). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1902). З 1902 акцёр у розных трупах і т-рах Масквы і інш. гарадоў, у т. л. «Т-ва новай драмы» пад кіраўніцтвам У.Меерхольда (1902—05), Маскоўскага драм.т-ра (1915—20). З 1922 у Маскоўскім маст.акад. т-ры, 1-й Студыі Маскоўскага маст.акад.т-ра, Маскоўскім маст.акад. т-ры 2-м. З 1925 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.Пушкіна. Яго выкананне вызначалася псіхалагічна тонкай перадачай характараў герояў, іх унутр. стану, выразнай пластыкай і майстэрствам пераўвасаблення. Сярод роляў: Цар Фёдар Іаанавіч («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Іван Карамазаў, князь Мышкін («Браты Карамазавы», «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Той («Той, хто атрымлівае аплявухі» Л.Андрэева), Павел I («Павел I» Дз.Меражкоўскага), Генадзь Дубровін («Вогненны мост» Б.Рамашова), Красільшчыкаў («Штыль» У.Біль-Белацаркоўскага), прафесар Барадзін («Страх» А.Афінагенава), Тарцюф («Тарцюф» Мальера) і інш. Здымаўся ў кіно («Чапаеў» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМЛЯ,
вёска ў Жаліўскім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Радуча. Цэнтр калгаса. За 20 км на Пн ад горада і 24 км ад чыг. ст. Чавусы, 61 км ад Магілёва. 334 ж., 102 двары (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
На думку некат. даследчыкаў, Р. — стараж. горад радзімічаў. У 1527 тут знаходзіўся Радамльскі замак, які быў аддадзены кн. Жаслаўскаму, у 1580 — дзярж. ўласнасць (паводлеінш. звестак Р. ў 16 ст. — мястэчка ў Мсціслаўскім пав.ВКЛ, належала кн. Мсціслаўскім). У 1539—1770 цэнтр староства, у 1764 у Мсціслаўскім ваяв., дзярж. ўласнасць. З 1772 у Рас. імперыі. У 1797 у Р. была рэзідэнцыя Мсціслаўскага кармеліцкага кляштара. У 1849 сяло, 73 ж., 10 двароў, карчма, млын. У 1880 цэнтр воласці Чавускага пав., 162 ж., 25 двароў, 2 царквы, касцёл, заезны дом, з 1883 школа. У 1897 — 157 ж., у 1909 — 230 ж. У 1924—54 цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну ў 1944 ням. фашысты спалілі вёску і загубілі 21 жыхара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МАНІТО́РЫНГ,
сістэма доўгачасовых пастаянных назіранняў, якая дае інфармацыю аб радыеактыўным забруджванні прыроднага асяроддзя для ацэнкі яго сучаснага стану і прагнозу змен у будучым. Асн. аб’екты Р.м. — атм. паветра, паверхневыя і падземныя воды, глебы (у т. л.с.-г. і лясныя ўгоддзі), лясная расліннасць. На Беларусі Р.м. уваходзіць у Нац. сістэму маніторынгу навакольнага асяроддзя; галаўная арганізацыя па Р.м. — Рэсп. цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя Дзярж.к-та па гідраметэаралогіі (засн. ў 1980). Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) на тэр. краіны ажыццяўляюцца назіранні за магутнасцю экспазіцыйнай дозы (гл.Дозы выпрамянення) гама-выпрамянення ў абл. і раённых цэнтрах (58 пунктаў назіранняў), узроўнем радыеактыўных выпадзенняў (30 пунктаў) і аэразолей у паветры (8 пунктаў). Праводзіцца Р.м. паверхневых вод на рэках Дняпро, Сож, Прыпяць, Іпуць і Беседзь (вызначаецца колькасць цэзію-137, стронцыю-90 і сумарная бэта-актыўнасць) і глебы на рэперных пляцоўках і 18 ландшафтна-геахім. палігонах. Паводле вынікаў назіранняў вызначаецца радыяцыйны стан мясцовасці, верт. і гарыз. міграцыя радыенуклідаў, робіцца доўгатэрміновы прагноз (на 30 і больш гадоў). Гл. таксама Радыяцыйная экалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖБА́ (Іосіф Абрамавіч) (14.12.1907, г. Днепрапятроўск, Украіна — 15.9.1995),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Пасля сканчэння студыі Маскоўскага трама працаваў у Маск. т-ры імя Ленінскага камсамола. У Айч. вайну ў рус. трупе Чувашскага т-ра драмы. З 1944 у Дзярж.рус. т-ры Беларусі. Выканаўца пераважна характарных роляў. Найб. ярка рысы творчай індывідуальнасці выявіліся ў вобразах нац. драматургіі; Малышаў, Духонін («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Багун, Мякішаў («Білет у мяккі вагон», «Пад адным небам» А.Маўзона), Фёдар Шупеня, Ніканаў («Трывога», «Соль» А.Петрашкевіча). Стварыў каларытныя вобразы і ў класічнай, сучаснай і замежнай драматургіі: Шалы («Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава), Андрэй Жаркоў («З вечара да поўдня» В.Розава), Леўшын, Маўрыкій Манахаў, Данат («Ворагі», «Варвары», «Ягор Булычоў і іншыя* М.Горкага), Сілан і Бяссудны («Гарачае сэрца», «На бойкім месцы» А.Астроўскага), Луп Кляшнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Казарын («Маскарад» М.Лермантава), Яга і Глостэр («Атэла» і «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Паўлет («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Харнблаўэр («Мёртвая хватка» Дж.Голсуарсі) і інш. Выступаў у радыёспектаклях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЦЫ ФЕ́РЭНЦА II РУХ 1703—11, аўстра-венгерская вайна,
вызваленчая вайна ў Венг. каралеўстве пад кіраўніцтвам Ракацы Ферэнца II супраць панавання ў краіне аўстр.Габсбургаў. Пачаўся ў маі 1703 як працяг паўстання сялян на ПнУ Венгрыі (з 1697). Паўстанцы (куруцы; пераважна сяляне, збеглыя і дэмабілізаваныя салдаты, а таксама гараджане, дваране і асобныя прадстаўнікі родавай знаці; паводленац. прыналежнасці — венгры, славакі, закарпацкія ўкраінцы, валахі) у пач. 1704 вызвалілі ад габсбургскіх войск амаль усе славацкія землі, у ліп. 1704 — Трансільванію, у снеж. 1705 — Задунайскі край. Ракацы выдаў дэкрэт аб вызваленні прыгонных сялян-паўстанцаў і членаў іх сем’яў ад феад. павіннасцей, стварыў структуры самаст.венг. дзяржавы (прыдворны савет, канцылярыя, рэгулярная армія і інш.), абапіраўся на фін., дыпламат. і ваен. дапамогу франц. караля Людовіка XIV. Пасля паражэнняў венг. войск у 1708 і 1710 у крас. 1711 у г. Сатмар (цяпер Сату-Марэ, Румынія) падпісаны мірны дагавор (куруцы канчаткова капітулявалі ў маі—чэрв. 1711), Венгрыя зноў страціла незалежнасць.
Літ.:
Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991. С. 135—141.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНО́ЎСКІ (Янка) (Іван Юльянавіч; 24.8.1928, Мінск —25.6.1974),
бел. графік. Скончыў Бел. тэатр-маст.ін-т (1959). Пляменнік Я.Купалы. У 1960—74 маст. рэдактар час. «Маладосць». Працаваў у станковай і кніжнай графіцы. Творы вызначаюцца яснасцю кампазіцыйнай пабудовы, выразнай перадачай унутр. свету персанажа. Стварыў іл.паводле паэм Я.Купалы «Бандароўна» (1952, 1959), «Зімою» (1955), «Магіла льва» (1956, 1959), «Тарасова доля» (1958—59); партрэтныя серыі «Перадавыя людзі калгаса «Рассвет» (1961), «Галасы Палесся» (1967), «Палескія камунары» (1969); партрэты бел. пісьменнікаў В.Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі (А.Пашкевіч), К.Крапівы, Я.Коласа, М.Лынькова, К.Чорнага, П.Броўкі (усе 1960—70-я г.) і інш. Асобнае месца ў яго творчасці займае вобраз Я.Купалы: серыі лістоў «А хто там ідзе?», «Малады Янка Купала ў Пецярбургу», «Янка Купала на абарончых рубяжах пад Масквой. 1941 год» (усе 1959), серыі партрэтаў паэта (1961—71), карціны «Партрэт Янкі Купалы» (1958), «Янка Купала з моладдзю» (1962). Сярод работ у жывапісе партрэты А.Міцкевіча (1954), бацькі Я.Купалы — Д.А.Луцэвіча, Я.Коласа (абодва 1960).