форма арганізацыі вучэбных заняткаў, пры якой настаўнік непасрэдна працуе толькі з адным вучнем. Пашырэнне атрымала ў сярэдневякоўі. На бел. землях выкарыстоўвалі ў школах пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, а таксама «майстры граматы» (вандроўныя настаўнікі). На І.н. апіралася рамеснае вучнёўства. У 16—17 ст.брацкія школы, пратэстанцкія і інш. сталі выкарыстоўваць элементы класна-ўрочнай сістэмы, якая дазваляла ахапіць навучаннем большую колькасць навучэнцаў і паступова выцесніла І.н. Аднак пры класна-ўрочнай сістэме навучання цяжка ўлічыць індывід. асаблівасці вучняў і стварыць аптымальныя ўмовы для рэалізацыі іх патэнцыяльных магчымасцей. У 1920—30-я г. сусветная пед. практыка вяртаецца да І.н. ў выглядзе Дальтан-плана, Вінетка-плана, метаду праектаў і інш.; у 1960-я г. пашырылася праграмаванае навучанне, з сярэдзіны 1980-х г. — камп’ютэрызацыя. Элементы І.н. выкарыстоўваюцца і ў сучаснай пед. практыцы пры індывідуалізацыі навучання — арганізацыі навуч. працэсу з улікам індывід. асаблівасцей вучня. І.н. арганізуецца для дзяцей, якія па стану здароўя не могуць наведваць школу, а таксама ў форме рэпетытарства пры падрыхтоўцы для паступлення ў навуч. ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКАЯ КАМПА́НІЯ 1943—45,
баявыя дзеянні ўзбр. сіл Вялікабрытаніі і ЗША супраць ням.-фаш. і італьян. войск на тэр. Італіі ў 2-ю сусв. вайну. Пачалася з высадкі англа-амер. войск 10.7.1943 на в-аў Сіцылія. Да канца жн. 1943 яны авалодалі Сіцыліяй, 3 вер. высадзіліся на Пд Апенінскага п-ва. Працяглыя баі адбыліся на ўмацаванай лініі па рэках Гарыльяна і Сангра, у т. л. 17.1—4.6.1944 каля горнага кляштара Монтэ-Касіна (за 150 км на ПдУ ад Рыма), дзе вызначылася польская Андэрса армія. У гэтай арміі было нямала беларусаў і ўраджэнцаў Зах. Беларусі. Паводле наяўных звестак, у баях каля Монтэ-Касіна загінулі 264 беларусы з 1078 забітых вайскоўцаў Андэрса. 4.6.1944 саюзныя войскі занялі Рым. 17 жн. — г. Фларэнцыю. Паўн. Італія вызвалена саюзнікамі з дапамогай італьян. партызан у выніку Паўн.-Італьян. аперацыі (крас.—май 1945), якая завяршылася 2.5.1945 капітуляцыяй ням.-фаш. войск у Італіі. Агульныя страты ням.-фаш. войск склалі 536 тыс.чал., саюзнікаў — 320 тыс.
Літ.:
Заварошкін У. Монтэ-Касіна: Трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЯ́ЗІН (Мікалай Аляксандравіч) (15.9.1898, г. Жлобін Гомельскай вобл. — 9.3.1950),
бел. рэжысёр, педагог, мастак, тэатр. дзеяч. Засл. арт. Беларусі (1949). У 1928—31 стажыраваўся ў Маскоўскім і Ленінградскім т-рах юнага гледача. З 1922 акцёр і мастак у 2-й вандроўнай трупе Галоўпалітасветы, у 1923—28 выкладаў маляванне ў чыг. школе Мінска. Арганізатар і маст. кіраўнік Т-ра юнага гледача Беларусі (1931—37), Полацкага калгасна-саўгаснага (1938—39), абласных драм. Палескага (з 1944), Бабруйскага (з 1945), Гродзенскага (з 1947) т-раў. Пастаноўкі К. вызначаліся тэатральнасцю, глыбокім раскрыццём сутнасці з’яў і характараў. Рэжысёр і мастак спектакляў: «На штурм» Я.Маўра (1931), «Наш» М.Зныка (1932), «Шлях далёкі» М.Шастакова (1934), «Заложнікі» А.Кучара (1944), «Без віны вінаватыя» (1945) і «Праўда добра, а шчасце лепш» (1946) А.Астроўскага, «Сын» С.Паташова (1948), «На дне» М.Горкага (1950). Рэжысёр спектакляў: «Дружына» А.Бруштэйн (1935), «Мікола Гоман» В.Сташэўскага і «Ная» М.Зарэцкага (абодва 1936), «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона (1947), «Ракавая спадчына» Л.Шэйніна (1949) і інш.
Літ.:
Нефед В.И. Николай Ковязин: Жизнь и творчество. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДРЫ́ЛЯ (франц. quadrille ад ісп. cuadrilla літар. група з чатырох чалавек),
танец, пашыраны ў многіх еўрап. народаў. Муз. памер як правіла 74. Цотная колькасць пар становіцца па вуглах квадрата або ў 2 рады адзін супраць аднаго. У К. некалькі частак — кален, кожная мае сваю назву (якую звычайна аб’яўляе адзін з танцораў), мелодыю, пэўны парадак рухаў. У канцы 17—19 ст. К. — папулярны салонны танец. На Беларусі пашырана з сярэдзіны 19 ст. Зазнала моцны ўплыў нац. традыцый і стала часткай нар. харэаграфіі. Захаваўшы асн. кампазіцыйныя моманты (размяшчэнне пар па квадраце або радамі, абмен і пераходы партнёраў, пэўная паслядоўнасць фігур), бел. К. па сваім харэаграфічным змесце, колькасці і назвах фігур арыгінальныя і самабытныя. У некат. рэгіёнах ператварыліся ў сюіты з раней вядомых традыц. і новых танцаў.
Існуе шмат мясц. варыянтаў К., у назвах якіх адлюстраваны асаблівасці структуры («Прамая», «Касая», «Крутавая», «З пятага»), колькасць удзельнікаў («Тонкая», «Тоўстая»), мясцовасць бытавання («Лядкаўская», «Ланская», «Турэйская», «Смаргонская», «Воранаўская», «Сянкевіцкая»), сувязь з інш. танцамі («Лянсей», «Урубель»). Паводле нар. К. створана шмат яркіх сцэн. пастановак. Пашырана па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЫРЭ́ЎСКІ (Іван Пятровіч) (1680, Якуцк, Расія — 2.12.1734),
землепраходзец, першы даследчык Курыльскіх а-воў і Паўд. Камчаткі. Паходзіў з бел. шляхты. Яго дзед і бацька як ваеннапалонныя ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 сасланы царом Аляксеем Міхайлавічам у Якуцк. У 1700 К. накіраваны якуцкім ваяводам на Камчатку для прывядзення мясц. жыхароў у падданства да Расіі. У 1711—13 у пошуках гандл. шляхоў у Японію К. на чале атрада казакаў абследаваў Курыльскія а-вы (да в-ва Хакайда). Сабраў звесткі пра астравы і іх насельніцтва, вымераў адлегласць паміж імі, апісаў метэаралагічныя ўмовы на астравах і ў пралівах. Склаў першую карту Камчаткі і Курыльскіх а-воў, якой пазней карысталіся рус. і замежныя падарожнікі, у т. л. В.Берынг і С.П.Крашаніннікаў. У канцы 1710-х г. кіраваў Камчаткай, потым пастрыгся ў манахі. З 1720 у Якуцку. У 1727—29 першы зрабіў падарожжа ўніз па р. Лена з выхадам у Ледавіты акіян. З 1730 у Маскве. У 1731 арыштаваны па лжывым абвінавачанні, памёр у турме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСІ́ЦКІ ((Łasicki) Ян) (каля 1534, в. Ласіцы Сахачоўскага пав. Раўскага ваяв., Польшча — пасля 1599),
польскі гісторык, бібліёграф, пратэстанцкі рэліг. дзеяч. У 1556—61 вучыўся ва ун-тах Страсбурга, Жэневы, Лазаны, Цюрыха, Парыжа, Падуі і інш. Займаўся кнігазнаўствам, напісаў некалькі кніг па гісторыі вывучэння рэлігіі (пераважна кальвінізму). З 1581 у Вільні. Быў настаўнікам і выхавальнікам сыноў мінскага кашталяна Я.Глябовіча. Апошнія гады жыцця правёў у Заслаўі каля Мінска, цікавіўся этнаграфіяй народаў Рэчы Паспалітай, тэорыяй культуры. Пісаў на лац. мове. У зб. прац розных аўтараў, куды ўключыў і сваю «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» (1582), апісваюцца (часам з акцэнтацыяй увагі на негатыўным) сямейныя абрады, нар. адзенне, стравы і інш. бакі матэрыяльнай культуры беларусаў, асаблівасці архітэктуры Полацка, Вільні і інш. гарадоў. Яго твор «Пра багоў самагітаў, іншых сарматаў і несапраўдных хрысціян» (1615) пра свет язычніцкіх вераванняў жыхароў тагачаснай Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНІ́ДЗЕ (Георгій Мікалаевіч) (8.1.1900, с. Петардзеулі, Грузія — 9.8.1966),
грузінскі паэт.Нар. паэт Грузіі (1959). Акад.АН Грузіі (1944). З 1907 вучыўся ў Тбіліскім духоўным вучылішчы, з 1913 — у семінарыі. Дырэктар Літ. музея Грузіі (1930—52), Ін-та гісторыі груз. л-ры (1957—66). Друкаваўся з 1911. У 1918 увайшоў у групу груз. сімвалістаў «Блакітныя рогі». Многія вершы 1924—25 — шэдэўры груз. лірыкі («Нінацміндская ноч», «Кіліла і Дамана», «Цхнецкая ружа» і інш.). У ліраэпічных паэмах «Самгоры» (1950), «Партахала» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952) зварот да гісторыі, вобразаў славутых продкаў. Паэзіі Л. ўласцівы жыццялюбства, героіка-рамант. пафас, мяккі лірызм. Аўтар зб. апавяданняў на аўтабіягр. аснове «Чарадзейнае дрэва» (1962), даследаванняў па гісторыі груз. л-ры «Саят-Нова» (1931), «Бесікі» (1942), «Давід Гурамішвілі» (1957) і інш., сцэнарыя кінафільма «Шчыт Джургая» (Дзярж. прэмія СССР 1950). На бел. мову асобныя вершы Л. пераклалі П.Макаль і Р.Яўсееў. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. стихотворения и поэмы. Тбилиси, 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВІН (Леанід Мендэлевіч) (н. 25.7.1936, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1988). Скончыў БПІ (1960). Працаваў у ін-це «Мінскпраект» (у 1980—97 кіраўнік арх. майстэрні). Работы ў Мінску: інтэрнат трактарнага з-да (1966), павільён Рэсп. выставачнага цэнтра (1968), будынак б. гаркома КПБ (1979; цяпер Мін-ва замежных спраў), станцыі метро «Плошча Леніна» (1984; цяпер «Плошча Незалежнасці») і «Няміга» (1990); праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра (1970—75), Машэрава праспекта, рэканструкцыя і добраўпарадкаванне Траецкага прадмесця (1980—86, усе ў сааўт.). Працуе таксама ў галіне манум. мастацтва: арх.-скульпт. мемар. комплексы Хатынь (Ленінская прэмія 1970), «Прарыў», «Кацюша» і «Праклён фашызму» (усе ў сааўт); помнікі Я.Купалу і Я.Коласу ў Мінску (абодва 1972), К.С.Заслонаву ў Оршы (1964), падпольшчыкам Асінторфа, Ф.Конанавай у г. Любань (абодва 1967), М.Ф.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы (1976) і інш. Сярод інш. твораў помнікі воінам-бухарцам у Бухары (1975), «Салдацкае поле» ў г. Валгаград (1976—80, абодва ў сааўт.). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Падзвіння. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Лепельскім, Ушацкім, Чашніцкім р-нах. Аснову летняга касцюма жанчын складалі кашуля, спадніца, фартух. Кашуля мела тунікападобны або з прамымі плечавымі ўстаўкамі крой, сціплае аздабленне вузкімі паскамі чырвона-чорнага геам. арнаменту на рукавах і плечавых устаўках. Спадніцу (саян, дрыліх, андарак, шарак) шылі з 3—4, у заможных сялян з 7 полак пярэстых або аднаколерных даматканых тканін у блакітна-белым, сіне-фіялетавым, вохрыста-чырвоным каларыце, фартух з 1—3 полак кужэльнага палатна аздаблялі ўзорыстым ткацтвам (пераборы), вышыўкай (мярэжка), карункамі. Галаўныя ўборы — намітка, чапец, хустка, вянок, карона (галаўны ўбор дзяўчыны-мяшчанкі накшталт падвічкі з парчы, расшытай бліскаўкамі) і інш. Мужчынскае адзенне складалі кашуля (насілі навыпуск, падпяразвалі поясам ці дзягай), нагавіцы, камізэлька з чорнай або цёмна-сіняй крамнай тканіны. Галаўныя ўборы — саламяны або лямцавы капялюш, белая магерка, картуз. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне — армяк, сярмяга, світка, кажух.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Лепельскі строй. Цясляр з Лепеля. Канец 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРО́Ў (Уладзімір Сямёнавіч) (н. 29.1.1923, в. Княжыцы Магілёўскага р-на),
бел. хімік. Акад.Нац.АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1970), д-рхім.н. (1969), праф. (1972). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1952). З 1952 у Ін-це хіміі АНБССР, з 1959 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН Беларусі (у 1969—93 дырэктар), адначасова ў 1982—92 акад.-сакратар Аддз.хім. і геал. навук АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні структуры, фізіка-хім. і каталітычных уласцівасцей прыродных і сінт. адсарбентаў, тэорыі і метадах фарміравання сітаватай структуры адсарбентаў, стварэнні новых каталізатараў. Распрацаваў новыя метады актывацыі малаактыўных глін. метады сінтэзу алюмасілікатных каталізатараў крэкінгу, цэалітнапоўненых каталізатараў акіслення вуглевадародаў і спіртоў, ізамерызацыі, сінтэзу аміяку. Дзярж. прэмія Беларусі 1979.
Тв.:
Физико-химические основы регулирования пористой структуры адсорбентов и катализаторов. Мн., 1981 (разам з І.Б.Дубніцкай);
Структура и пористость адсорбентов я катализаторов. Мн., 1988;
Адсорбенты: вопр. теории, синтеза и структуры. Мн., 1997.
Літ.:
В.С.Комаров // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. хім.навук. 1998. № 1.