ледзяні́ць, ‑ніць; незак., каго-што.

1. Ператвараць у лёд; замарожваць. Браўся і мароз — ды на суткі, не болей, ледзяніў толькі снег, не выйсці, не высунуцца на дарогу. Пташнікаў. // Пранізваць холадам. Холад настойліва забіраўся пад майкі і ледзяніў цела. Карпаў.

2. перан. (звычайна ў спалучэнні са словамі «кроў», «сэрца», «душу» і пад.). Даводзіць да стану здранцвення, жаху. Думкі, адна страшнейшая за другую, ледзянілі душу. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разжало́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.

Разм. Выклікаць пачуццё жалю, жальбы. — Што гэта вы, Аня! А то вы і мяне разжалобіце, чаго добрага — жартам сказала Саша, а ў самой дрыжэлі губы і голас ненатуральна звінеў. Шамякін. [Вера:] — То бывала, хоць вяроўкі з яго [Пятра] ві, а то і гаворыцца не даўся: Можа б вы там, старшынька, закінулі слоўца. Скажэце, што хеарэю і аб ім смуткую. Разжалобце сэрца. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́ўніць 1, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Здзейсніць, ажыццявіць; выканаць. Цішком .. [Міхалка] рыхтаваўся споўніць тое, што задумаў. Колас. Якое яно, сумленне? Калі працаваць, без лені, Калі даваць, поўняй, Калі абяцаць, споўніць. Лойка.

спо́ўніць 2, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Кніжн. Напоўніць. [Алесь] пачаў глуха: сэрца перашкаджала. Але плынь радкоў, як заўсёды, супакоіла яго, а тое, аб чым ён хацеў гаварыць, споўніла душу нязнанай пяшчотай, болем і любоўю. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускалыхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Пачаць калыхацца. Ускалыхнуўся стромкі лес, Запелі нетры, Вяршаліны старых дубоў Аж загулі. Глебка. // перан. Ажывіцца, пачаць дзейнічаць. Зала ўскалыхнулася і зашумела... Пестрак. Пачуўшы волю, народ ускалыхнуўся, пацягнуўся насустрач сваім вызваліцелям. Дуброўскі.

2. перан. Пачаць хвалявацца, трывожыцца. Хіба не ўскалыхнецца, поўнячыся ціхім, прыемным смуткам, душа, не затрапеча сэрца, не павее халадком у грудзях пры адным успаміне, што хутка расстанне. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчамі́ць, шчэміць; незак., што.

1. Раздражняць (скуру і пад.). Перав[я]сла рукі шчэміць, Сноп ісці скакаць гатоў. Цётка.

2. Выклікаць адчуванне тупога болю. Туга шчаміла сэрца.

3. Выклікаць сум, тугу, адчуванне прыгнечанасці і пад. Шмат зазнаў я горычы з нудою, Што шчаміла, мучыла, пякла... Багдановіч. Смутак жа па .. [сябрах] яшчэ такі свежы ў сэрцы Максіма, яшчэ такім пякучым болем шчэміць душу, што нібы гэта здарылася ўчора. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АНАМА́ЛІЯ (грэч. anōmalia),

1) адхіленне ад нормы, ад агульнай заканамернасці, ненармальнасць.

2) У біялогіі і медыцыне — адхіленне ў будове ці функцыях асобнага органа або ўсяго арганізма, абумоўленае парушэннямі яго эмбрыянальнага развіцця. Могуць быць звязаны з ускладненай спадчыннасцю, пашкоджаннем зародка пад уплывам мех., інфекц., таксікагенных, радыяцыйных і інш. фактараў. Напр., шасціпальцасць, парок сэрца, заечая губа, альбінізм, гемафілія. Крайняя форма анамаліі — пачварнасць.

3) У метэаралогіі — адхіленне велічыні пэўнага метэаралагічнага элемента ў пэўным месцы ад нормы. Адрозніваюць адхіленне ад шматгадовай сярэдняй велічыні (напр., сярэдняй т-ры месяца за асобны год) і шматгадовай сярэдняй велічыні таго ж элемента для ўсяго шыротнага круга, дзе знаходзіцца гэтае месца (напр., для 55° паўн. ш.). Размеркаванне анамаліі вывучаецца з дапамогай картаў ізанамал (лініі, што злучаюць пункты з аднолькавымі велічынямі). Анамаліі бываюць адмоўныя, калі велічыня меншая за сярэднюю шматгадовую, і дадатныя, калі велічыня большая. На Беларусі (Мінск) адмоўная анамалія сярэднямесячнай т-ры паветра 6,3 °C, дадатная 5,5 °C. Асабліва вял. тэмпературныя анамаліі ўласцівы мацерыкам Паўн. паўшар’я (напр., зімой у Верхаянску адмоўная анамалія складае 26 °C, у Паўн. Амерыцы — 16 °C).

т. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРЭ́ЙКА (Анатоль) (Акім Пятровіч; 24.7.1911, в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобласці — 23.8.1978),

бел. паэт. Скончыў курсы пры Мінскім пед. тэхнікуме (1930), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1932—34). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1928. Першы зб. «Слава жыццю» (1940). У 1942 і 1943 па заданні БШПР быў у варожым тыле. У 1943 у друкарні падп. слуцкай газ. «Народны мсцівец» надрукаваны яго зб. вершаў «Слуцкі пояс» (перавыд. 1964). Аўтар зб-каў вершаў «Крамлёўскія зоры» (1945), «Зямля мая» (1952), «Песня дружбы» (1956), «Сэрца насцеж» (1965), «Цвіціце, верасы» (1975), «Ураджай цяпла» (1978) і інш. Яго творам уласцівыя задушэўнасць, спавядальная адкрытасць, сувязь з фальклорам. На словы Астрэйкі напісаны песні «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шоўкавыя травы» і інш. Аўтар твораў для дзяцей («Прыгоды дзеда Міхеда», 1956, дап. выд. 1959). Перакладаў на бел. мову вершы А.​Пушкіна, У.​Маякоўскага, А.​Пракоф’ева, А.​Твардоўскага, М.​Рыльскага і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1970;

Творы. Т. 1—2. Мн., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

А.Астрэйка.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (26.7.1918, в. Закружка Мінскага р-на — 2.7.1986),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1935. У першай аповесці «Чужы грунт» (1939) выкрываў прыстасавальніцтва і падхалімства. У зб-ках апавяданняў «Шырокія азёры» (1951), «Рына-Марына» (1958), «Як вясну рабілі» (1985), аповесцях «На крутой гары» (пач. назва «Да ясных вышыняў», 1950—51) і «Сям’я Вішнёвых» (пач. назва «Далі сабе слова», 1968—70) і інш. асн. тэмы — вайна, пасляваен. аднаўленне, сяброўства, каханне, праблемы горада і вёскі. Апавяданні Грамовіча для дзяцей сваёй рамантычнай прыўзнятасцю, арнаментальным стылем нагадваюць вершы ў прозе (кн. «Першага верасня», 1949; «Сонца скрозь воблакі», 1964). У сатыр. і гумарыстычных творах (зб-кі «Нарасць», 1961; «Вадалей—гэтакдалей», 1975; «Залатая бранзалетка», 1977) асуджаў мяшчанства і бескультур’е. Аўтар успамінаў пра дзеячаў культуры і л-ры «У сховах памяці і сэрца» (1983), нарысаў, публіцыст. артыкулаў, сцэнарыяў фільмаў. Пераклаў на бел. мову асобныя творы У.​Кочатава, М.​Носава.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1978;

Чатыры сантыметры надзеі. Мн., 1987;

Выбранае. Мн., 1988.

І.​У.​Саламевіч.

І.І.Грамовіч.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНАРЭ́Я (ад грэч. gonos семя + rheō цяку),

венерычная хвароба, якая выклікаецца ганакокам Нейсера і выбіральна пашкоджвае слізістыя абалонкі мочапалавой сістэмы. Перадаецца палавым і рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд ад моманту заражэння 1—21, найчасцей 3—5 сут. Імунітэт не выпрацоўваецца.

Запаленчы працэс пры ганарэі ўзнікае ў месцах пранікнення ў эпітэліяльныя абалонкі ганакока, суправаджаецца ацёкамі, гіперэміяй, болем, выдзяленнем серознага і гнойнага эксудату, эрозіяй. На месцы эрозій утвараюцца злучальная тканка, спайкі, рубцовыя звужэнні праток і прасветаў мочапалавых органаў, што можа абумовіць іх непраходнасць, парушэнні мочавыдзялення, узнікненне пазаматачнай цяжарнасці, змены менструальнай і дзетароднай функцый ці развіццё бясплоддзя. Эндатаксін, які выдзяляецца пры разбурэнні ганакокаў, можа пашкоджваць суставы, нерв. сістэму, клапаны і абалонкі сэрца. Клінічна адрозніваюць ганарэю свежую (вострую, падвострую, тарпідную) і хранічную (працягласць хваробы больш за 2 месяцы). У мужчын пераважае вострая ганарэя з выразнымі сімптомамі, у жанчын — тарпідная (схаваная) з пераходам у хранічную форму. Лячэнне медыкаментознае і фізіятэрапеўтычнае. З канца 1980-х г. адзначаецца павелічэнне колькасці захворванняў на ганарэю ў краінах СНД і на Беларусі.

І.​У.​Дуда.

т. 5, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РВЕЙ, Харві (Harvey) Уільям (1.4.1578, г. Фолкстан, Вялікабрытанія — 3.6.1657), англійскі ўрач, заснавальнік сучаснай фізіялогіі і эмбрыялогіі. Д-р медыцыны (1602), праф. (1616). Чл. Каралеўскай калегіі ўрачоў (1607). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1597). Працаваў у Падуі (Італія). З 1609 гал. ўрач і хірург у Бальніцы св. Варфаламея, праф. анатоміі, фізіялогіі і хірургіі ў Каралеўскім ун-це ў Лондане. Навук. працы па эксперым. фізіялогіі, стварыў вучэнне пра кровазварот (1628), вызначыў функцыян. значэнне розных аддзелаў сэрца і буйных сасудаў, апісаў малы (лёгачны) і вял. кругі кровазвароту, выявіў памылковасць поглядаў Галена, што ў артэрыях знаходзіцца асаблівая «жыццёвая моц», якая забяспечвае пульсацыю сасудаў, за што трапіў пад жорсткія нападкі вучоных-схаластаў і царквы. Выявіў матэрыяльную аснову паходжання жывёльнага свету ў процівагу вучэнню Арыстоцеля аб самазараджэнні; сфармуляваў асновы тэорыі эпігенезу (аўтар формулы: «ўсё жывое — з яйца»), прадугадаў ідэю біягенетычнага закону.

Тв.:

Рус. пер. — Анатомическое исследование о движении сердца и крови у животных.

нац. Л., 1948.

Літ.:

Быков К.М. Уильям Гарвей и открытие кровообращения. М., 1957;

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972.

т. 5, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)