ДАРАШКЕ́ВІЧ (Віктар Іванавіч) (н. 9.6.1949, в. Сасновы Бор Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. літ.-знавец, крытык, тэкстолаг, перакладчык. Канд. філал. н. (1977). Скончыў БДУ (1971). У 1974—78, 1982—90 у Ін-це л-ры АН Беларусі, у 1978—82 вучоны сакратар Савета па каардынацыі навук. дзейнасці пры прэзідыуме АН Беларусі. Даследуе гісторыю стараж.-бел. л-ры, лацінамоўную л-ру Беларусі і Літвы 15—18 ст. (манаграфія «Новалацінская паэзія Беларусі і Літвы: Першая палавіна XVI ст.», 1979). Падрыхтаваў да друку паэму М.​Гусоўскага «Песня пра зубра» (1980). Укладальнік зб-ка дакументаў і матэрыялаў «Францыск Скарына» (1988) і аўтар навук. каментарыя да яго.

т. 6, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГАЛЕ́ЎСКІ (Мітрафан) (свецкае імя Міхаіл),

украінскі і беларускі пісьменнік, культ.-асв. дзеяч 1-й пал. 18 ст. Скончыў Кіеўскую акадэмію (1732). Пастрыгся ў манахі; з 1733 быў выкладчыкам, у 1736—37 прафесарам паэтыкі гэтай акадэміі. Аўтар некалькіх панегірыкаў, школьных драм на біблейскія сюжэты: «Камічнае дзеянне...» (1736) і «Уладатворчае аблічча чалавекалюбства божага» (1737), дадаткам да якіх былі 10 інтэрмедый (аўтарства невядома) пра жыццё ўкр. і бел. сялян, іх нац.-рэліг барацьбу супраць польскіх паноў. У яго драм. сац.-бытавых творах дзеючыя асобы «літвіны» гавораць на бел. мове.

Тв.:

Поетика. (Сад поетичний). Київ, 1973;

Комичеськое дійствіе // Украшська література XVIII ст. Київ, 1983.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎЖЫ́НЯ ў геаметрыі,

лікавая характарыстыка працягласці лініі.

Д. адрэзка прамой — адлегласць паміж яго канцамі, вымераная адрэзкам, прынятым за адзінку даўжыні. Д. ломанай — сума Д. яе звёнаў. Д. дугі крывой лініі —ліміт Д. ломаных, упісаных у гэтую дугу, калі лік звёнаў неабмежавана павялічваецца і Д. найбольшага звяна імкнецца да нуля. Д. S плоскай лініі, зададзенай у прамавугольных каардынатах ураўненнем y=f(x), a≤x≤b, дзе f(x) — мае неперарыўную вытворную f′(x), вылічаецца па формуле S = ∫ a b 1 + [f′(x)]2 dx . Для прасторавай лініі, зададзенай у параметрычнай форме x=x(t), y=y(t), z=z(t), α≤t≤β, S = ∫ a b [x′(t)]2 + [y′(t)]2 + [z′(t)]2 dt .

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАНСУГУ́РАЎ (Ільяс) (1.5.1894, г.п. Джансугураў, Казахстан — 1937),

казахскі паэт. Вучыўся ў Маск. камуніст. ін-це журналістыкі (1925—28). Рэпрэсіраваны, у 1958 рэабілітаваны. Друкаваўся з 1915. Гіст. мінулае, перамены ў жыцці, побыце, псіхалогіі і свядомасці казахаў — у паэмах «Стэп» (1930), «Кулагер» (1936), рамане «Таварышы» (1933), зб. сатыр. твораў «Права» (1935), п’есах «Турксіб», «Нянавісць», «Ісатай-Махамбет» (усе 1936) і інш. Тонкі гумар, паглыблены лірызм, уменне адлюстроўваць найб. характэрныя сац. з’явы — адметныя асаблівасці яго таленту. Адзін з першых перакладчыкаў на каз. мову твораў Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы Дж. пераклаў У.​Шахавец.

Літ.:

Каратаев М. И.​Джансугуров. Алма-Ата, 1965.

Ж.​Сахіеў.

т. 6, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ЎЛЯ—ТО́МСАНА ЭФЕ́КТ,

змена т-ры газу пры стацыянарным адыябатным працяканні яго праз сітаватую перагародку (гл. Драселяванне). Выяўлены і даследаваны Дж.П.Джоўлем і У.Томсанам у 1852—62. Паводле малекулярна-кінетычнай тэорыі будовы рэчыва Дж.—Т.э. сведчыць пра наяўнасць сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў газе; вымярэнні дазваляюць устанавіць ураўненне стану рэальнага газу. Велічыня і знак Дж.—Т.э. вызначаюцца суадносінамі паміж работай газу і работай знешніх сіл, а таксама ўласцівасцямі самога газу, У прыватнасці памерамі малекул і іх узаемадзеяннем, напр., пры драселяванні ад 20 да 0,1 МПа і пач. т-ры 290 К паветра ахалоджваецца на 35 К. Дж. — Т.э. пакладзены ў аснову многіх тэхн. спосабаў звадкавання газаў.

т. 6, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЙСНЫ ТА́НЕЦ,

танец, які ўвасабляе развіццё дзеяння балетнага спектакля; гал. выразны сродак сюжэтнага балета. У 18—19 ст. наз. па д’аксьён. Як аснову балетнага спектакля яго распрацоўвалі Ж.Ж.Навер, Ш.Дзідло, Г.Анджаліні. У канцы 19 — пач. 20 ст. паняцце Дз.т. стала больш шырокім і пачало ахопліваць усе разнавіднасці танца, які развівае дзеянне, у адрозненне ад дывертысментнага танца (гл. Дывертысмент), які выяўляе не дзеянне, а стан, і пантамімы, што раскрывае дзеянне, але не танц. сродкамі. Узоры Дз.т. стварылі балетмайстры І.​Бельскі, В.​Вайнонен, А.​Вінаградаў, В.​Гардзееў, Ю.​Грыгаровіч, Р.​Захараў, Л.​Лаўроўскі, В.​Чабукіяні і інш., на Беларусі — А.​Дадышкіліяні, В.​Елізар’еў.

т. 6, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́КАННЕ,

у беларускай мове фанетычная з’ява, звязаная са змяненнем гука «д» пры яго памякчэнні на мяккую афрыкату «дз» (за выключэннем «д» у прыстаўках, дзе яно не пераходзіць у «дз»). Развілося не пазней 14 ст., у помніках бел. мовы адлюстроўваецца з пач. 16 ст. («адзін за всехъ», «пападзись», «людзіе», «игдзе», «серца людзские»), Ёсць 2 погляды на паходжанне Дз. і цекання ў бел. мове. Выказаная ў 19 ст. А.​А.​Шахматавым гіпотэза пра запазычанне Дз. з польскай мовы не атрымала пашырэння. Агульнапрызнанай лічыцца гіпотэза Я.​Ф.​Карскага пра самаст. развіццё Дз. на бел. глебе.

Літ.:

Юргелевіч П.Я. Курс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі. Мн., 1974.

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 6, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІМІТРО́Ў (Георгі Петраў) (19.4.1904, г. Белаградчык, Балгарыя — 12.3.1979),

балгарскі кампазітар, харавы дырыжор. Нар. арт. Балгарыі (1967). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Варшаўскую кансерваторыю (1929). У 1923—39 жыў у эміграцыі (Югаславія, Польшча). У 1940—48 маст. сакратар Сафійскай нар. оперы, у 1946—58 кіраўнік хору імя Г.​Кіркава, дзярж. канцэртнага аб’яднання «Музыка». Адзін з ініцыятараў выдання і рэдактар (1952—55) час. «Българска музика» («Балгарская музыка»). З 1949 выкладаў у Балг. кансерваторыі (з 1962 праф.). Аснова яго кампазітарскай творчасці — хар. песні і канцэртныя п’есы. У хар. творах апіраўся на балг. сял. фальклор і рэв. песню. Аўтар муз.-публіцыстычных артыкулаў. Дзімітроўская прэмія 1950.

т. 6, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮФІ́ ((Dufy) Рауль) (3.6.1877, г. Гаўр, Францыя — 23.3.1953),

французскі жывапісец, графік, тэатр. мастак. У 1900—01 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. Зазнаў уплыў імпрэсіянізму, у 1905—08 прымыкаў да фавізму. Вывучаў нар. лубок, у стылі якога выканаў шматлікія гравюры ў 1914—18. У яго творчасці адлюстравалася характэрная для зах.-еўрап. мастацтва 20 ст. падкрэслена-суб’ектыўнае ўспрыняцце свету. У сваіх чыстых і лёгкіх па колеры, беглых па малюнку карцінах і акварэлях (са скачкамі, рэгатамі, канцэртамі) Дз. імкнуўся да ўвасаблення жыццярадасна-святочнага боку жыцця («Афішы Трувіля», 1906, «Прыстань» 1908, «Скачкі ў Давілі», 1930). Ілюстраваў таксама кнігі, рабіў малюнкі для тканін і габеленаў.

Р.Дзюфі. Прыстань. 1908.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМЕ́НЦЬЕВА (Людміла Сяргееўна) (н. 4.5.1938, с. Чарноўскія Копі Чыцінскай вобл., Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1978). Скончыла студыю пры Бел. т-ры імя Я.​Купалы (1959). Працавала ў Брэсцкім абл. драм. т-ры (да 1963), Т-ры Паўн. флоту (1963—68). З 1968 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Характарная актрыса. Яе творчай манеры ўласцівы тонкае разуменне характару, глыбокае пранікненне ў яго сутнасць, выразны сцэн. малюнак.

Сярод роляў: Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Альжбета («Паўлінка» Я.​Купалы), Клаўдзія («Мілы чалавек» К.​Крапівы), Міхаліна Матулевіч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Бабуля («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Р.​Лордкіпанідзе), Аркадзіна («Чайка» А.​Чэхава), Адрыяна («Ноч памылак» У.​Шэкспіра).

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)