ПІЛЮ́ЗІНА (Ніна Васілеўна) (н. 25.8.1944, в. Васілева Глінкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел. мастак. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве (габелен, батык) і графіцы (акварэль). Творчасці ўласцівы абагульненая мадэліроўка форм, рытмічнасць кампазіцый, гарманічнасць колеравых спалучэнняў, зварот да бел. фальклорных і гіст. сюжэтаў. Сярод твораў: габелены «Апошні ліст» (1969), «Легенда пра возера Свіцязь» (1972), «Навука пра зоркі» (1975), «Перад зорнай дарогай» (1976), «Святочная ноч» (1977), «Летні дождж» (1981), «Беларусь» (з П.Бондарам), «Ой, ляцелі гусі ды з-пад Белай Русі» (абодва 1982), «Несуцішны боль», «Легенды Мядзельшчыны» (трыпціх; усе 1984), «Беларускае вяселле» (серыя, 1989), «Узвіжанскі спакус», «Абуджэнне», «Кліч зямлі» (усе 1992), «Няўмольны час» (1996); батыкі: трыпціх «Трыумф жыцця» (з Н.Бандарэнка), «Нечаканае ўсхваляванне» (усе 1990), «Летнія ліўні», «Зацішша», «За акном мае вішні» (усе 1994), «Купалле», «Рэха кахання» (серыя; усе 1995); акварэлі «Жамчужны бераг» (1971), «Хрызантэмы» (1975), «Дары сонца», «Сумны бэз» (абедзве 1997) і інш. Пра П. зняты фільм «Безыменная таямніца» (1998; рэж. Ю.Сцяпанаў). Іл.гл.таксама да арт.Габелен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад піра... + электрычнасць),
узнікненне эл. зарадаў на паверхні некат. крышталёў (піраэлектрыкаў) пры іх награванні ці ахаладжэнні. Да піраэлектрыкаў адносяць крышт.дыэлектрыкі, што палярызуюцца ў адсутнасці эл. поля і інш. знешніх уздзеянняў (т. зв. спантанная палярызацыя). Даследавалася Д.Брустэрам, П.Кюры, Ф.Эпінусам.
Пры награванні адзін край піраэлектрыка зараджаецца дадатна, пры ахаладжэнні — адмоўна, другі — наадварот. Паяўленне зарадаў на паверхні піраэлектрыка звязана са зменай існуючай у ім палярызацыі пры змене т-ры крышталя, а таксама і пры дэфармаванні (піраэлектрыкі з’яўляюцца п’езаэлектрыкамі) Асобная група піраэлектрыкаў — сегнетаэлектрыкі, у якіх пры награванні да пэўнай т-ры спантанная палярызацыя знікае і крышталь пераходзіць у непіраэл. стан. Існуе эфект, адваротны піраэлектрычнаму. Калі крышталь змясціць у эл. поле, то яго палярызацыя змяняецца, што суправаджаецца награваннем ці ахаладжэннем крышталя (электракаларычны эфект). Піраэлектрыкі выкарыстоўваюць у тэхніцы ў якасці індыкатараў і прыёмнікаў выпрамяненняў. Іх дзеянне заснавана на рэгістрацыі эл. сігналаў, што ўзнікаюць у піраэлектрыках пры змене т-ры пад уплывам выпрамянення.
Літ.:
Лайнс М., Гласс А. Сегнетоэлектрики и родственные им материалы: Пер. с англ.М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́НКА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ, формула Планка,
закон размеркавання энергіі ў спектры раўнаважнага выпрамянення пры пэўнай т-ры; адзін з асн. законаў цеплавога выпрамянення. Тэарэтычна выведзены М.Планкам (1900) на аснове гіпотэзы квантавання энергіі выпрамянення.
Паводле П.З.В. выпрамяняльная здольнасць uv,T абсалютна чорнага цела ў залежнасці ад частаты ϴ і абс. т-ры T вызначаецца формулай
, дзе h — Планка пастаянная, k — Больцмана пастаянная, c — скорасць святла ў вакууме. Пры высокіх частотах (hv ≫ kT) з П.з.в. вынікае Віна закона выпрамянення, пры нізкіх частотах (hv ≪ kT) — Рэлея—Джынса закон выпрамянення, пасля інтэгравання па частотах ад 0 да ∞ атрымліваецца Стэфана—Больцмана закон выпрамянення. На аснове П.з.в. вызначаны фіз. пастаянныя h і k, распрацаваны метады вызначэння т-ры нагрэтых цел (напр., паверхняў Сонца і зорак), ім карыстаюцца пры разліках энергет. характарыстык крыніц святла. П.з.в. — асобны выпадак Бозе—Эйнштэйна размеркавання часціц з нулявой масай спакою (фатонаў), ён стаў адной з перадумоў стварэння квантавай механікі. Гл.таксамаКірхгофа закон выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕАНА́ЗМ (ад грэч. pleonasmos лішак),
спалучэнне тоесных або блізкіх паводле значэння слоў, з якіх адно ці некалькі лагічна лішнія. Напр., «свая аўтабіяграфія» (паняцце «свая» ўваходзіць у слова «аўтабіяграфія»), «свабодная вакансія» (слова «вакансія» абазначае «незамешчаная пасада, свабоднае месца ў штаце якой-н. установы»). Такія словазлучэнні не адпавядаюць літ. норме бел. мовы. Выкарыстанне П. апраўдана, калі спалучэнне аднолькавых ці блізкіх па сэнсе слоў служыць стылістычным сродкам і надае мове большую выразнасць ці пераканаўчасць («бачыць на свае ўласныя вочы»), а таксама калі ён выступае як стылістычная фігура, што надае мове маст. вобразнасць («Паляці, мая мысль, лёгкім сокалам і прагледзь гэты свет кругом-вокалам». Я.Купала). У фразеалагічных словазлучэннях П. не лічыцца стылістычнай памылкай. Падобны П. — частая з’ява ў нар.паэт. творчасці («ні роду, ні племені»). Да П. адносяцца і эпітэты, што не пашыраюць уяўлення пра пэўную з’яву, прадмет («чорная сажа»). Словазлучэнні, у якіх азначэнне ўдакладняе паняцце, не лічацца інфарматыўна лішнімі і не супярэчаць нормам сучаснага словаўжывання («практычны вопыт», «рэальная рэчаіснасць»). Крайнім выражэннем П. з’яўляецца таўталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЁНКАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, плёнкаўтваральнікі,
рэчывы (звычайна алігамеры ці палімеры), здольныя ўтвараць шчыльныя, трывалыя плёнкі пры нанясенні іх на цвёрдую паверхню; асн. кампаненты лакафарбавых матэрыялаў. Паводле паходжання адрозніваюць прыродныя (напр., высыхальныя алеі, смолы прыродныя) і сінтэтычныя. Найб. пашыраны сінт. П.р., на аснове якіх атрымліваюць лакафарбавыя пакрыцці з больш стабільнымі і разнастайнымі характарыстыкамі, чым на аснове прыродных.
Большасць П.в. — рэакцыйназдольныя алігамеры разгалінаванай ці лінейнай будовы (алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, меламіна-фармальдэгідныя, поліэфірныя і эпаксідныя смолы, некаторыя супалімеры акрылатаў). У якасці П.р. выкарыстоўваюць таксама параўнальна нізкамалекулярныя (напр., поліакрылаты, хлорзмяшчальныя палімеры) і высокамалекулярныя палімеры (гл.Парашковыя фарбы). Паводле рэакцыйнай здольнасці падзяляюць на П.р. неператваральныя, ці абарачальныя (тэрмапластычныя), якія ўтвараюць плёнку ў выніку выпарэння растваральніку, і ператваральныя, ці неабарачальныя (тэрмарэактыўныя), якія пры фарміраванні пакрыцця ператвараюцца ў сеткавыя палімеры ў выніку рэакцый полікандэнсацыі ці полімерызацыі па функц. групах (гл.Ацвярдзенне палімераў). Выкарыстоўваюць пераважна ў выглядзе раствораў у лятучых арган. растваральніках, водных раствораў і дысперсій.
Літ.:
Сорокин М.Ф., Кочнова З.А., Шодэ Л.Г. Химия и технология пленкообразующих веществ. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІТЭІ́ЗМ (ад полі... + грэч. theos бог),
мнагабожжа, вера ў некалькіх або многіх багоў. Узнік у перыяд разлажэння першабытнай абшчыны на аснове адухаўлення і персаніфікацыі стыхійных сіл і розных з’яў прыроды (гл.Анімізм, Татэмізм, Фетышызм), шанавання разрозненых духаў родаплемянных рэлігій (гл.Дэманалогія). Веру ў мноства раўнапраўных фетышаў і духаў змяніла вера ў багоў, якія атрымалі канкрэтнае аблічча, імя, культ. У рытуалах П. гал. ролю адыгрывалі жрацы, якія групаваліся вакол храмаў ці свяцілішчаў, валодалі багаццем і мелі вял. ўладу. Такімі былі рэлігіі стараж. егіпцян, грэкаў, рымлян і інш. народаў, а таксама некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі, Акіяніі. Політэістычнымі рэлігіямі з’яўляюцца індуізм, будызм. Элементы П. захаваліся ў монатэістычных рэлігіях — іудаізме, хрысціянстве, ісламе і інш. (гл.Монатэізм). Напр., у хрысціянстве адначасова з гал. Богам захавалася вера ў Святую Тройцу (Бога-Айца, Бога-Сына і Бога—Святога Духа), ушанаванне анёлаў, прарокаў, святых і інш. Пераходнай формай монатэізму да П. з’яўляецца генатэізм, які прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярх. богам. Ва ўласна бел. пантэоне дахрысц. часоў найб. шанаваліся Пярун, Жыжаль, Вялес, Ярыла, Зюзя, Цёця, Лада, Ляля і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СЦІЛКА,
узорыстатканы выраб утылітарнага, дэкар., а ў мінулым і абрадавага прызначэння; від тканін мастацкіх. Пашырана ў многіх народаў свету. На Беларусі тэхнікай выканання, памерам, кампазіцыйна-арнаментальным вырашэннем блізкая да дывана. Выкарыстоўваецца для накрывання, засцілання ложка, выязных вазка і саней, у якасці дывана. Традыц. П. ткалі ў 3—4 ніты або перабіранай («на дошчачку», «на матузы» і інш.) ці шматнітовай тэхнікай ткацтва. Паводле формы прамавугольныя (1,5—2,3 мдаўж., 0,9—1,5 мшыр.) з 2—3 (радзей аднаго) кавалкаў тканіны з ільняных або ваўняных (ці аснова льняная, уток ваўняны) нітак. Вызначаліся разнастайнасцю арнаментальных кампазіцый: ад геам. да расл. матываў, утвораных спалучэннем 2 і болей колераў. Стрыманы каларыт ранейшых па часе П. характарызаваўся выкарыстаннем натуральных колераў матэрыялу і адценняў фарбаў, якія рабілі ў хатніх умовах з кары дрэў, раслін і г.д. Грубатканую П. наз. радзюжкай. Цяпер П. вырабляюцца асобнымі майстрамі, а таксама фабрыкамі маст. вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГНО́З (ад грэч. prognosis прадбачанне, прадказанне),
навук.-абгрунтаванае суджэнне пра магчымы будучы стан якіх-н. аб’ектаў або з’яў, пра альтэрнатыўныя шляхі і тэрміны іх дасягнення. Распрацоўваецца на аснове ўсебаковага і глыбокага навук. пазнання і аналізу аб’ектыўных заканамернасцей, тэндэнцый і ўзаемасувязей развіцця грамадства і прыроды, канкрэтных умоў развіцця дадзенага аб’екта прагназіравання. П. уключае вядомыя і невядомыя звесткі пра аб’ект, уяўляе сабой ідэальны вобраз, мадэль, апісанне імавернасных падзей, працэсаў, з’яў. Паводле крытэрыю часу П. падзяляюць на бягучыя (ад некалькіх гадзін да некалькіх месяцаў), кароткатэрміновыя (да 5 гадоў), сярэднетэрміновыя (5—10 гадоў), доўгатэрміновыя (ад 10—15 да 20—30 гадоў) і звышдоўгатэрміновыя. Паводле сваёй прыроды П. падзяляюцца на гідраметэаралагічныя, геал., біял., медыка-біял., касмалагічныя, геагр. і інш. Другую групу складаюць П., якія адносяцца да развіцця грамадства (эканам., сац., псіхал., дэмаграфічныя, культ.-эстэт. і інш.). Адрозніваюць таксама П. даследчыя (пошукавыя) і нарматыўныя.
Літ.:
Лисичкин В.А. Теория и практика прогностики. М., 1972;
Мартино Дж. Технологическое прогнозирование: Пер. с англ.М., 1977;
Котляров И.В. Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989;
Теория прогнозирования и принятия решений. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ ВЕ́КТАРНЫЯ БАЗО́НЫ,
цяжкія нестабільныя элементарныя часціцы са спінам 1, якія разам з фатонам забяспечваюць электраслабае ўзаемадзеянне. Існаванне П.в.б. прадказана тэарэтычна да іх адкрыцця ў 1983 (Жэнева, Швейцарыя) на падставе тлумачэння слабага ўзаемадзеяння, як выніку «прамежкавага» абмену гэтымі часціцамі.
Да П.в.б. адносяцца 2 зараджаныя часціцы W+ і W− (маса спакою прыкладна 80,4 ГэВ) і нейтральная часціца Z0 (маса спакою 91,2 ГэВ). W+ i W− суадносяцца як часціца і антычасціца, маюць час жыцця τ = 3,1∙10−22 с, Ζ0 не мае антычасціцы, τ = 2,6∙10−22с. Атрымліваюцца ў выніку сутыкненняў паскораных пратонаў з пратонамі або антыпратонамі, а таксама электронаў з пратонамі ці пазітронамі метадам сустрэчных пучкоў (гл.Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі). У 68% выпадкаў W± распадаюцца на адпаведныя кваркі і антыкваркі і ў 32% — на лептоны e±, μ±, τ± і адпаведныя нейтрына (антынейтрына), Z0 у 70% выпадкаў — на пары кварк-антыкварк і ў 30% — на лептон-антылептонныя пары e+ e−, μ+ μ−, τ+ τ− і адпаведныя нейтрына і антынейтрына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕТЭ́Й,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі тытан (гл.Тытаны), багаборца, абаронца людзей ад дэспатызму багоў. Паводле міфаў, стварыў з зямлі і вады людзей, навучыў іх будаваць жыллё, вадзіць караблі, таксама астраноміі, медыцыне, пісьму. Выкраў з Алімпа і прынёс людзям агонь, за што раззлаваны Зеўс загадаў прыкаваць П. да скалы на Каўказе. Кожны дзень на працягу тысячагоддзяў да П. прылятаў арол і дзёўб яго печань, якая за ноч адрастала. Стогны П. чулі арганаўты ў час свайго падарожжа. Нарэшце з дазволу Зеўса Геракл забіў арла і вызваліў П. У стараж. Афінах культ П. шанавалі адначасова з культамі Гефеста і Афіны. Існавала свята ў гонар П. — праметэі — бег з факеламі. Вобраз П. — адзін з найб. значных у сусв. л-ры (П.Кальдэрон, Эсхіл, І.В.Гётэ, П.Б.Шэлі, Дж.Байран, Ф Кафка і інш.), яму прысвечаны творы выяўл. мастацтва (Л.Карачы, П.П.Рубенс, Я.Іорданс і інш.) і музыкі (Л.Бетховен, А.М.Скрабін і інш.).
Праметэй стварае першага чалавека (справа багіня Афіна). Фрагмент рэльефу саркафага. 3 ст.