бераг ракі, канала, штучнага ці натуральнага вадасховішча, мора, умацаваны сцяной з каменю, бетону, цэменту, дрэва і інш., а таксама вуліца, якая ідзе ўздоўж такога берага. Аб’ект гідратэхнікі і архітэктуры. Развіліся ў выніку ўдасканалення канструкцый (драўляных, звычайна слупавых, і каменных), што ўмацоўвалі берагі абарончых равоў феад. замкаў і гарадоў. Пашыраны з сярэдзіны 18 ст. ў буйных еўрап. гарадах. Уздоўж Н. пракладвалі вуліцы, бульвары, на іх рабілі прычалы, спускі і з’езды да вады, аглядныя пляцоўкі, альтанкі, пазней пляжы. Н. адыгрываюць важную ролю ў аб’яднанні значных па плошчы гар. тэрыторый у адзіны арх. ансамбль (Н. рэк Сены ў Парыжы, Тэмзы ў Лондане, Нявы, Фантанкі, Мойкі, Крукава канала ў Санкт-Пецярбургу, Масквы-ракі і Яўзы ў Маскве і інш.). На Беларусі ствараліся з канца 18 ст. ў буйных палацава-паркавых комплексах (Н. ўздоўж каналаў у Альбінскім палацава-паркавым ансамблі, 1780-я г.). Н., што будуюцца з сярэдзіны 20 ст., становяцца месцамі адпачынку (Н. р. Свіслач і Сляпянскай воднай сістэмы ў Мінску і інш.).
С.А.Сергачоў.
Набярэжная ракі Свіслач у Мінску.Набярэжная Крукава канала ў Санкт-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЙНАСЦЬу тэхніцы,
уласцівасць тэхн. сістэм захоўваць ва ўстаноўленых межах значэнні параметраў, што характарызуюць здольнасць аб’екта (збудавання, канструкцыі, машыны, вырабу, матэрыялу) выконваць свае функцыі ў зададзеных рэжымах і ўмовах эксплуатацыі, тэхн. абслугоўвання, рамонтаў, захоўвання і транспартавання. Н. — складаная (комплексная) уласцівасць, спалучае шэраг больш простых: безадказнасць, даўгавечнасць, рамонтапрыдатнасць, захавальнасць (здольнасць вырабу захоўваць значэнне папярэдніх паказчыкаў у час і пасля захоўвання і транспартавання). Да гэтых уласцівасцей дадаюць таксамабяспечнасць (уласцівасць тэхн. аб’екта не ствараць на працягу зададзенага тэрміну сітуацый, небяспечных для жыцця і здароўя людзей, навакольнага асяроддзя, нармальнай гасп. дзейнасці).
Для ацэнкі Н. выкарыстоўваюць шэраг колькасных і якасных паказчыкаў, якія даюць усебаковую характарыстыку вырабаў, неабходную для параўнальнай ацэнкі іх якасці і канкурэнтаздольнасці. Найб. важныя паказчыкі: напрацоўка на адказ, каэф. гатоўнасці, каэф.тэхн. выкарыстання, імавернасць безадказнай работы, рэсурс пры розных імавернасцях неразбурэння. У цэлым Н. забяспечвае тэхн. магчымасць выкарыстання вырабу па прызначэнні і з патрэбнай эфектыўнасцю. Паказчыкі Н. адлюстроўваюцца ў тэхн. дакументацыі. Тэарэт. абгрунтаванне паказчыкаў Н. дае надзейнасці тэорыя.
Літ.:
Основные вопросы теории и практики надежности. М., 1971;
Ллойд Д., Липов М. Надежность: Пер. с англ.М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ ЛІТО́ЎСКАЯ РА́ДА, Найвышэйшая рада Вялікага княства Літоўскага,
часовы ўрад у ВКЛ (Літва і Зах. Беларусь) у час паўстання 1794. Створаны пасля захопу паўстанцамі ўлады ў Вільні. Абвешчана 24.4.1794. У склад рады ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока («якабінцы») — Я.Ясінскі, Т.Ваўжэцкі, І.Гелгуд і інш., а таксама прадстаўнікі з месц (усяго 29 асоб). У складзе рады былі ўтвораны дэпартаменты (пазней — дэпутацыі) адміністрацыі і парадку, публічнай бяспекі, бюджэту і таемны (кіраваў войскамі). Рада ўтварыла паўстанцкія органы кіравання на месцах — цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі. Рада ВКЛ выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы, якому яна фармальна падпарадкоўвалася. 24.4.1794 яна звярнулася да жыхароў Беларусі і Літвы з заклікам узяць у рукі зброю «з мэтай адваяваць свабоду і грамадзянскае раўнапраўе». Памяркоўныя элементы рады выступалі супраць радыкальных рэформ. Начальнік паўстання Т.Касцюшка абвінавачваў раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў» і ў прыхільнасці да незалежніцкай палітыкі, 10.6.1794 ён распусціў раду і замяніў яе Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага, створанай з больш памяркоўных дзеячаў і падначаленай Найвышэйшай нацыянальнай радзе ў Варшаве. А.П.Грыцкевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАГРА́МА (ад грэч. nomos закон + ... грама),
спецыяльны чарцёж для рашэння пэўнага тыпу выліч. задач. Выкарыстоўваецца для даследавання экстрэмальных уласцівасцей, правядзення аналізу ўплыву розных пераменных на вынік вылічэнняў, выяўлення вобласці існавання рашэння, рашэння задач на выбар параметраў эмпірычных формул і інш.
Адлюстроўвае функцыянальную залежнасць (ураўненне, формулу, табліцы) і дае магчымасць без вылічэнняў вызначыць значэнне адной пераменнай па зададзеных значэннях астатніх пераменных, а таксама даследаваць такую залежнасць. Пераменныя адлюстроўваюцца шкаламі і сем’ямі пазначаных ліній. Кожная Н. будуецца для канкрэтнай функцыянальнай залежнасці ў зададзеных межах змен пераменных. Пры гэтым зыходная залежнасць дакладна (ці набліжана) прыводзіцца да намаграфавальнага віду, запісваюцца ўраўненні элементаў Н. ў прамавугольнай сістэме каардынат. Параметры пераўтварэнняў, якія ўваходзяць у гэтыя ўраўненні, падбіраюць так, каб надаць Н. выгляд, зручны для карыстання. Пасля чаго вылічваюцца табліцы каардынат асобных элементаў і будуюць Н. Выліч. работа зводзіцца да простых геам. аперацый у адпаведнасці з прыкладзенай да Н. схемай карыстання і адлічвання вынікаў. Тэорыю і практыку пабудовы Н. вывучае намаграфія.
Намаграма для разліку вугла αy, устанаўлення разца ў заточным станку па зададзеных вуглах разца α і φ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́НСЕНАЎСКАЯ МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА СПРА́ВАХ БЕ́ЖАНЦАЎ (Nansen International Office for Refugees). Існавала ў 1930—38. Працягвала працу Вярх. камісіі Лігі Нацый па справах бежанцаў (у 1921—30 дзейнічала пад кіраўніцтвам нарв. палярнага даследчыка Ф.Нансена). Засн. Лігай Нацый у канцы 1930 пасля смерці Нансена, з 1.4.1931 працавала ў г. Жэнева (Швейцарыя). Мела прадстаўніцтвы ў буйнейшых дзяржавах свету, якія выконвалі ролю консульстваў для ўладальнікаў «нансенаўскіх пашпартоў» — асобых пасведчанняў асобы, што былі прызнаны ў 52 краінах. Садзейнічала прыняццю 14 краінамі Канвенцыі 1933 аб бежанцах. Да канца 1935 перасяліла больш за 40 тыс. армян-бежанцаў ад тур. генацыду ў Сірыю і Ліван і 10 тыс. — у Ерэван, а таксама 4 тыс. бежанцаў з Саара ў Парагвай. З 1935 супрацоўнічала з камісіяй Лігі Нацый па справах бежанцаў з Германіі (існавала ў 1933—38). Рабіла выплаты бедным (асн. крыніцу фінансавання склалі 250 тыс.нарв. крон, атрыманых ад Нансена). Да 1938 аказала дапамогу 800 тыс. бежанцаў. Заменена новай Вярх. камісіяй па справах бежанцаў пад эгідай Лігі Нацый, якая пачала працаваць у Лондане 1.1.1939. Нобелеўская прэмія міру 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МА́РЫНЕР»
(англ. mariner літар. марак),
серыя амер.аўтаматычных міжпланетных станцый для даследавання планет Сонечнай сістэмы і касм. прасторы, а таксама праграма іх распрацоўкі і запускаў. Створаны для пралёту планет і вываду на планетацэнтрычныя арбіты.
У 1962—73 адбыліся запускі 10 «М.», што дало магчымасць атрымаць звесткі пра каляпланетную прастору, атмасферу і паверхню Венеры («М.-2», «М.-5», «М.-10»), Марса («М.-4», «М.-6», «М.-7», «М.-9»), Меркурыя («М.-10»). Запускі «М.-1» (для даследавання Венеры), «М.-З» і «М.-8» (для даследавання Марса) няўдалыя. «М.-9» стаў першы.м штучным спадарожнікам Марса (14.11.1971); зроблена больш як 7,3 тыс. фотаздымкаў планеты і яе спадарожнікаў — Дэймаса і Фобаса. «М.-10» (запуск 3.11.1973) прызначаўся для вывучэння Венеры і Меркурыя з пралётных траекторый. 5.2.1974 «М.-10» здзейсніў пралёт каля Венеры (на Зямлю перададзена каля 3,7 тыс. здымкаў). Ажыццявіўшы змену траекторыі палёту ў полі прыцягнення Венеры, «М.-10» 29.3.1974 перайшоў на геліяцэнтрычную арбіту. Зроблена каля 3 тыс. здымкаў паверхні Меркурыя. Спыніў работу 23.3.1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІЯ,
княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ і Расіі. Паводле паходжання — Рурыкавічы, адгалінаванне чарнігаўскіх князёў; прозвішча ад г. Масальск (Калужская вобл. Расіі), якім яны валодалі ў 14—15 ст.Найб. вядомыя: Аляксандр Рыгоравіч (?—1643), маршалак ковенскі ў 1617—27, кашталян дэрпцкі ў 1627—31 і смаленскі ў 1631—38, ваявода мінскі з 1638. Андрэй Фёдаравіч (?—1651), маршалак гродзенскі ў 1618—27, кашталян брэсцкі ў 1627—43, ваявода мінскі ў 1643—45 і брэсцкі з 1645. Міхал Юзаф (да 1700—20.1.1768), пісар вялікі ВКЛ у 1726—37, староста гродзенскі ў 1727—50, ваявода мсціслаўскі ў 1737—42, кашталян трокскі ў 1742—44 і віленскі з 1744, гетман польны ў 1744—62 і вялікі з 1762. Васіль Міхайлавіч (?—1611), дзярж. дзеяч Расіі. У 1601 заснаваў г. Мангазея, дзе быў ваяводам. У 1604 стаў набліжаным Ілжэдзмітрыя I, з 1608 прыхільнік Ілжэдзмітрыя П. У 1610 быў у складзе пасольства да караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III, якое заключыла дагавор аб выбранні каралевіча Уладзіслава рас. царом. Гл.таксамаМасальскі І.Я., Масальскі Э.Т.А., Масальскі Ю.А.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СКА (франц. masque ад сярэднелац. mascus),
1) спецыяльная накладка з проразямі для вачэй, якая формай і малюнкам нагадвае твар чалавека, мысу жывёлы, галаву міфалагічнай істоты і інш. Паводле прызначэння падзяляюцца на рытуальна-абрадавыя і тэатр., у т. л. паўмаскі (закрываюць толькі верхнюю частку твару). Бываюць таксама парныя (2 выканаўцы паказваюць адну істоту), калектыўныя (пад адной М. хаваюцца некалькі выканаўцаў), М.-касцюмы, М., якія трымаюць у руках або надзяваюць на пальцы. Ужываецца і як элемент акцёрскага грыму (пластычная наклейка). Вядома са старажытнасці як паляўнічая маскіроўка, рытуальны атрыбут татэмічных і інш. язычніцкіх культаў, у якіх мела магічнае значэнне. Як элемент тэатр. грыму ўжывалася ў ант. т-ры, пазней у італьян. камедыі дэль артэ, паказах скамарохаў і інш.Найб. пашырана ў традыц. культуры народаў Азіі і Афрыкі. На Беларусі М. карысталіся скамарохі («мядзведзь», «каза», дзед і інш.), асобныя персанажы ў паказах нар. драм («Цар Максімілян»), акцёры т-раў Радзівілаў у алегарычных балетах. Як адзін са сродкаў сцэн. выразнасці сустракаецца ў пастаноўках сучасных т-раў, асабліва ў т-ры лялек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,
найбуйнейшая адмоўная тэктанічная структура плітнага этапу развіцця Усх.-Еўрапейскай платформы, у зах.ч. Рускай пліты. Пл. больш за 1 млн км². У межах Беларусі краявы паўд.-зах. схіл сінеклізы. Абмежавана на ПдЗЛатвійскай седлавінай і Беларускай антэклізай, на Пд — Варонежскай антэклізай, на ПдУ — Волга-Уральскай антэклізай. Запоўнена адкладамі верхняга пратэразою, палеазою, меза-кайназою. На тэр. Беларусі ў аснове плоскія шырокія Магілёўская і Полацкая ўпадзіны (паўн.-ўсх. звёны Кобрынска-Магілёўскага і Кобрынска-Полацкага палеапрагінаў), запоўненыя адкладамі верхнявендскага-ніжнекембрыйскага комплексу. Фарміраванне М.с. адбывалася ў познабайкальскую і герцынскую эпохі складкавасці, галоўны этап працякаў з сярэдняга да позняга дэвону. На крайнім ПдЗ сінеклізы з познафранскага часу пачаў фарміравацца Прыпяцкі прагін, у выніку чаго тут адбылося скарачэнне плошчы М.с. Верхнепратэразойскія, ніжнепалеазойскія і дэвонскія адклады перспектыўныя на нафту і газ. Сярод кам.-вуг. адкладаў пашыраны бурыя вуглі, якія ўтвараюць Падмаскоўны вугальны басейн. З юрскімі і мелавымі адкладамі звязаны радовішчы шкловых і фармовачных пяскоў. Да М.с. прымеркаваны гідрагеалагічны басейн з вял. запасамі прэснай вады. Гл.таксамаАршанскі гідрагеалагічны басейн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯРА́Т (позналац. majoratus ад лац. major большы, старэйшы) у цывільным праве, парадак атрымання ў спадчыну нерухомай маёмасці (найперш зямлі), паводле якога яна цалкам перадаецца старэйшаму ў сям’і або ў родзе без права продажу, здачы ў арэнду, дарэння, драблення. Меў на мэце захаванне буйных зямельных уладанняў ад драбнення.
Вядомы ў заканадаўствах стараж. Індыі, афінскім праве і інш.; у краінах Еўропы (Англіі, Францыі, Германіі і інш.) пашыраны з 11—13 ст. У Расіі ўпершыню ўведзены ў 1714 паводле ўказа Пятра I «аб адзінаспадчыннасці» (адменены ў 1730). У 1845 прынцыпы М. пашыраны ва «запаведныя» (атрыманыя ва ўзнагароду ад цара), а таксама на некаторыя родавыя і купленыя маёнткі. М. супярэчыў патрабаванням развіцця рыначнай эканомікі і ў 19 — пач. 20 ст. ў большасці краін скасаваны. Найдаўжэй захоўваўся ў Вялікабрытаніі як аснова лендлардызму.
На Беларусі афіцыйна зацверджаныя М. існавалі з 16 ст. (гл.Ардынацыя). У 19 ст. некат. канфіскаваныя маёнткі раздаваліся рас. урадам на правах М. выхадцам з Расіі дзеля ўмацавання рас. землеўладання ў краі, пры згасанні роду ў мужчынскай лініі зямля вярталася ў казну.