архітэктурна-дэкар. кераміка 15—18 ст., знойдзеная пры археал. раскопках замка і пасада ў г. Заслаўе (Мінскі р-н). Выяўлена каля 2000 цэлых вырабаў і фрагментаў, а таксама рэшткі 11 кафляных печаў 16—17 ст. Паводле тэхналогіі вырабу падзяляецца на групы: гаршковыя кафлі з крыжападобным, цыліндрычным або квадратным вусцем (15—1-я пал. 16 ст.); каробчатыя тэракотавыя, мураўленыя і паліхромныя кафлі (16—18 ст.), якія паводле формы і прызначэння былі сценныя (вонкавыя і вуглавыя), паясныя, карнізныя, а таксама калонкі, медальёны і навершы-каронкі для печаў. Вядома больш за 60 відаў і варыянтаў малюнкаў — геральдычныя, партрэтныя, сюжэтныя, з расл. і геам. арнаментамі, пашыранымі на Беларусі і ў Літве. Для З.к. 16 ст. характэрны рэльефныя малюнкі з партрэтнымі выявамі (падобныя кафлі знойдзены пры раскопках Віленскага і Лагойскага замкаў, Троіцкага прадмесця ў Мінску), з выявамі гербаў тагачасных уладароў Заслаўя магнатаў Глябовічаў, Сапегаў, узброеных коннікаў, грыфонаў, ільвоў.
Літ.:
Заяц Ю.А. Заслаўская кафля. Мн., 1990;
Яго ж. Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.
Ю.А.Заяц.
Да арт.Заслаўская кафля. Кафлі: злева — з выявай конніка, 17 ст.; з выявай герба Сапегаў, 2-я пал. 17 ст.; справа — вуглавая, канец 16 ст.; карнізная, канец 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЯДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
аператыўнае аб’яднанне баявых рачных караблёў у грамадз. вайну на Заходнім фронце 1919—24. Створана загадам РВСР 26.11.1919 з 2-га атрада Ваен.-рачной флатыліі Сав. Латвіі. База — г. Віцебск. Мела ў сваім складзе 21 карабель і дапаможнае судна, 26-ы паветраплавальны атрад з аэрастатамі (май 1920); налічвала 581 чал. (жн. 1920). Актыўна ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у час савецка-польскай вайны 1920, асабліва ў майскай аперацыі Зах. фронту. Пры падрыхтоўцы да наступлення перавезла да 200 тыс. пудоў ваен. грузаў для войск 15-й арміі. У сярэдзіне мая 1920 забяспечыла пераправу на левы бераг Зах. Дзвіны ў раёне Дрысы (цяпер Верхнядзвінск) 164-й брыгады, якая ўдарыла ў тыл ворага. 22.5.1920 атрад маракоў разам з часцямі 15-й арміі пры артыл. падтрымцы караблёў флатыліі разбіў праціўніка каляв. Узмёны (пад Дрысай). Караблі ахоўвалі флангі і тылы войск. масты і пераправы. 23.11.1920 расфарміравана. Камандуючыя: В.К.Новак (да лют. 1920), Я.С.Гернет (да мая 1920), Г.М.Тырышкін (да вер. 1920), М.В.Бліноў (ч.в.а. да ліст. 1920). Камісары: Л.А.Вялічка (да лют. 1920), Я.І.Азолін (да ліп. 1920), К.В.Траянскі (да ліст. 1920).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ А́ЗІЯ, Пярэдняя Азія,
група прыродных краін на З і ПдЗАзіі, якая ўключае п-вы М.Азія, Аравійскі, Сінайскі, прылеглыя да іх астравы і тэрыторыі (Кіпр, Каўказ, Капетдаг, б.ч. Іранскага і Армянскае нагор’е, Месапатамская нізіна і прылеглыя да іх вобласці Усх. Міжземнамор’я, т. зв. краіны Леванта). Пл.каля 7,5 млн.км². У межах ЗА. размешчаны Арменія, Грузія, Азербайджан, паўн.каўказская ч.тэр. Расійскай Федэрацыі, паўд.ч. Туркменістана, азіяцкая ч. Турцыі, Ірак, Іран, Афганістан, Кіпр, Ліван, Сірыя, Іарданія, Ізраіль, Кувейт, азіяцкая ч. Егіпта, Саудаўская Аравія, Йемен, Катар, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн.
Нагор’і паўн ч. З.А адносяцца да міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, у якім маладыя складкавыя структуры акаймоўваюць стараж. сярэдзінныя масівы, што абумовіла ўтварэнне рэльефу з больш высокімі ўскраіннымі хрыбтамі і паніжанымі ўнутр. пласкагор’ямі. Аравійскі п-аў і Левант прымеркаваны да стараж. платформавых структур Гандваны. Нізінныя раўніны Месапатаміі сфарміраваліся на месцы перадгорнага прагіну. Буйныя радовішчы нафты (бас. Персідскага зал. і Апшэронскага п-ва). Клімат арыдны; пустыні, паўпустыні, сухія стэпы (у асн. на Пд). Узбярэжжы Міжземнага, Чорнага і паўд.ч. Каспійскага м., паўд.-зах.ч. Аравійскага п-ва вільготныя з субтрапічнай і трапічнай лясной і хмызняковай флорай. Развіта пашавая жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНО́ЧАК (Campanula),
род кветкавых раслін сям. званочкавых. Каля 400 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 12 дзікарослых: З. балонскі (C. bononiensis), жорсткавалосы, або аленевы (C. cervicaria), крапівалісты (C. trachelium), круглалісты (C. rotundifolia), мучністы (C. farinosa), персікалісты (C. persicifolia), раскідзісты (C. patula), рэпчатападобны, або рапунцэлепадобны (C. rapunculoides), рэпчаты, або рапунцэль (C. rapunculus), сібірскі (C. sibirica) скучаны, або зборны (C. glomecata), шыракалісты (C. latifolia) і 10 інтрадукаваных: бледна-вохрысты (C. ochroleuca), карлацкі (C. carpatica), кропкавы (C. punctata), сармацкі (C. Sarmatica), сярэдні (C. media), узгоркавы (C. collina), часночніцалісты (C. alliarifolium) і інш. відаў. З. рэпчаты, сібірскі і шыракалісты занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным простым ці галінастым сцяблом выш. да 120 см. Лісце амаль сядзячае або на кароткіх чаранках, чаргаванае, суцэльнае, іншы раз у прыкаранёвай разетцы. Кветкі званочкавыя, лейкападобныя. адкрытыя да колападобных, рознага колеру (найчасцей сінія, блакітныя, фіялетавыя, белыя), адзіночныя або ў галінастых суквеццях. Чашачка 5-зубчастая, часта з прыдаткамі паміж зубцамі. Плод — каробачка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Карані і лісце некат. відаў (напр., З. рэпчатага) ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБЕРЫ́ЙСКА-КАЎКА́ЗСКІЯ МО́ВЫ, каўказскія мовы,
умоўная назва сукупнасці каля 40 аўтахтонных (карэнных) моў Каўказа. Пашыраны пераважна на Паўн. Каўказе, у Закаўказзі, Турцыі і Іране. Пытанне іх роднасці з інш. мовамі свету канчаткова не высветлена. І.-к.м. падзяляюць на 3 групы: абхазска-адыгскія, картвельскія і нахска-дагестанскія мовы (паводле інш. класіфікацыі нахска-дагестанскую групу падзяляюць на 2 — нахскую і дагестанскую). Найб. пашырана грузінская мова, што мае стараж. пісьменства. Пасля 1917 літаратурнымі сталі абазінская, абхазская, аварская, адыгейская, даргінская, інгушская, кабардзінская, лакская, лезгінская, табасаранская і чэчэнская. Алфавіты на арабскай і лац. графіцы, у 1936—39 пераведзены на рускую. Астатнія 25 моў бяспісьменныя (занская, сванская, бацбійская, убыхская і шэраг дагестанскіх моў).
Асаблівасць фанетыкі І.-к.м. — багатая сістэма зычных (напр., ва убыхскай мове 82 зычныя). Марфалогія І.-к.м. аглюцінатыўная (з элементамі фузіі ў нахска-дагестанскіх і з’явамі полісінтэтызму ў абхаза-адыгскіх мовах); прэфіксальны лад — агульнакаўк. рыса словазмянення і словаўтварэння. Іменныя класы раней уласцівы ўсім І.-к.м. Асаблівасць сінтаксісу — наяўнасць эргатыўнай канструкцыі сказа. Лексіка ўключае шмат агульных запазычанняў з араб., іранскай, цюркскіх і інш. моў.
Літ.:
Климов Г.А., Алексеев М.Е. Типология кавказских языков. М., 1980;
Климов Г.А. Введение в кавказское языкознание. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inflatio уздуцце),
працэс абясцэнення грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні, зніжэнне іх пакупной здольнасці; наяўнасць у сферы абарачэння лішку грошай, не забяспечаных ростам таварнай масы. Адбываецца ў выніку празмернай эмісіі грошай, празмернага попыту на розныя тавары (І. попыту), апярэджванне росту зарплаты і цэн на рэсурсы (І. выдаткаў), нізкага курса нац. валюты, дэфіцыту бюджэту і інш. Прыводзіць да зніжэння рэальных даходаў насельніцтва, пагаршае жыццёвыя ўмовы служачых, пенсіянераў і інш. катэгорый грамадзян, чые даходы фарміруюцца з бюджэту, абясцэньвае зберажэнні; у вытворцаў знікае зацікаўленасць у стварэнні якасных тавараў і г.д. Калі І. складае каля 2—3% за год, яе лічаць «мяккай», яна не патрабуе прыняцця значных мер. Высокія тэмпы яе росту сведчаць пра гіперінфляцыю і крызіс у эканоміцы. Так, у Рэспубліцы Беларусь цэны ў 1994 выраслі ў 23,2 раза, у 1995 — у 8,1 раза. І., балючая для крэдытораў, можа быць спрыяльнай для бізнесу, бо прыносіць прадаўцу дадатковы прыбытак: за час паміж заказам тавараў і іх фактычным продажам цэны вырастаюць. Нейтралізаваць І. можна рэгуляваннем цэн і аплаты працы, аздараўленнем фін. сістэмы, стрымліваннем крэдытнай экспансіі, узмацненнем жорсткасці эмісіі грошай, індэксацыяй даходаў, удасканаленнем гасп. механізму і інш. Адзін з паказчыкаў І. — індэкс цэн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖА́Н-ГАРАДО́К,
вёска у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Цна, на аўтадарозе Лунінец — г.п. Мікашэвічы. Цэнтр Гарадоцкага с/с і 2 калгасаў. За 17 км на ПдУ ад г. Лунінец, 257 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Лахва. 1968 ж., 702 двары (1997).
Па пісьмовых крыніцах з 1493 вядомы як сяло Гарадзец. У 1599 мястэчка Навагрудскага пав. З 1613 цэнтр воласці, 116 двароў, царква. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Пінскага пав. У 1897 у К.-Г. 3894 ж., царква, каталіцкая капліца, сінагога, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, 3 млыны, 10 крам, заезны дом, штогод праводзілася некалькі кірмашоў. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны (да 1928) Лунінецкага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Гарадоцкага с/с у Лунінецкім р-не. У кастр. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі тут 100 дамоў, загубілі 975 чал. У 1971—2416 ж., 656 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква. Каля вёскі гарадзішча (6—7 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ЦКІЯ ЛЕ́ТАПІСЫ,
украінскія гісторыка-літаратурныя творы, у якіх адлюстравана гісторыя Украіны 17—1-й пал. 18 ст. Складзены служылымі казакамі. Найб. вядомы летапісы Самавідца, Р.Грабянкі і С.Вялічкі.
Летапіс Самавідца ўкладзены ў канцы 17 — пач. 18 ст., як мяркуюць, старадубскім папом Р.Ракушка-Раманоўскім, ген. падскарбіем гетмана I Брухавецкага. Ахоплівае падзеі 1648—1702. Напісаны ў пагадовай форме дзелавым стылем бел.-ўкр. літаратурнай мовы. У Летапісе Грабянкі (? — каля 1738; гадзяцкі палкавы есаул, потым абозны, суддзя, палкоўнік) падаецца літаратурна апрацаваная гісторыя казацтва ад стараж. часоў да 1709 стылізаванай кніжна-слав. мовай. Гіст. панарама ваен.-паліт. жыцця Украіны перыяду казацкіх войн раскрыта ў летапісе Вялічкі (? — пасля 1728; канцылярыст казацкага войска), гіст.-літ. кампіляцыі, крыніцай для якой паслужылі папярэднія ўкр. летапісы і польскія хронікі, дакумент. матэрыялы і маст. творы (скончаны ў 1720). Гал. герой К.л. — Б.Хмяльніцкі. Ён пададзены ва ўзнёсла-паэт., панегірычным плане. У летапісах ухваляецца далучэнне Украіны да Расіі, асуджаецца экспансіянісцкая палітыка Польшчы, Турцыі і Крымскай Арды на ўкр. землях.
Важная крыніца па гісторыі Украіны і суседніх краін 17 — пач. 18 ст., асабліва Польшчы і Расіі. У летапісах ёсць звесткі з гіст. мінулага Беларусі, найбольш Прыдняпроўя і Палесся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАДЗІШЧА́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Каладзішчанскім с/с Мінскага р-на ў Вял.Айч. вайну. У ліп. створана група на чыг. ст.
Калодзішчы (кіраўнікі М.М.Афанасьеў, С.Э.Эрдман), у кастр. — у пас. Калодзішчы (А.Я.Радзюк, А.С.Старасціна), у канцы 1941 — група з тэхн. работнікаў ням. лазарэта (Л.М.Сакалова), вясной 1942 — маладзёжная група (М.І.Казлоўскі М.І.Каласоўскі, В.Л.Панасюк), у в. Старына і Вадапой (Я.І.Міранкоў). Да канца 1942 падполле налічвала 5 груп (каля 70 чал.), якія аб’яднала і ўзначаліла чл. Мінскага патрыят. падполля М.Ф.Млаковіч. Падпольшчыкі вялі паліт. агітацыю, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, падп.газ.«Звязда», лістоўкі, зрывалі мерапрыемствы гітлераўцаў, мелі сувязь з партыз. брыгадамі «Разгром», «Дзядзькі Колі», імя Шчорса і інш., перадалі ім шмат зброі, 1000 камплектаў амуніцыі з пакінутых пры адступленні сав. войскамі армейскіх складоў, медыкаменты, бланкі ням. дакументаў, разведданыя. Арганізавалі ўцёкі з лагераў смерці і пераправілі да партызан больш за 400 сав. ваеннапалонных і мясц. жыхароў, ням. афіцэра сувязі ВВС з каштоўнымі дакументамі, разам з партызанамі правялі некалькі дыверсій на чыгунцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЎРО́Т,
1) самапрадка, прылада для механізаванага прадзення лёну, пянькі і воўны ў хатніх умовах. Прыйшоў на змену верацяну. Вынайдзены каля 1530 Юргенсам у Германіі. На Беларусі К. з’явіліся ў 16 ст. на мануфактурных прадпрыемствах. У сял. побыце выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст. Вядомы 2 тыпы К. — стаяк (больш характэрны для зах. раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах).
2) Найпрасцейшае грузападымальнае прыстасаванне — вярчальны барабан (вал) з ручкай, на які намотваецца канат (ланцуг, вяроўка) з грузам на свабодным канцы. Бываюць дыферэнцыяльныя К. са ступеньчатым барабанам. Намаганне, якое прыкладаецца да ручкі пры вярчэнні К., у столькі разоў меншае за сілу цяжару грузу, у колькі разоў плячо ручкі большае за радыус барабана.
3) Прыстасаванне для вярчэння ўручную свердлаў, адвёртак і інш. інструментаў пры свідраванні адтулін, закручванні шруб, гаек і інш. Бывае К. з трашчоткай, якая можа ўключацца на правае і левае вярчэнне; выкарыстоўваецца ў выпадках, калі поўны абарот ручкі немагчымы.
Калаўрот: а — грузападымальнае прыстасаванне (1 — барабан радыусам г, 2 — рукаятка з плячом R, Q — сіла цяжару грузу, P — намаганне); б — прыстасаванне для вярчэння (1 — націскная галоўка, 2 — каленчаты стрыжань, 3 — ручка, 4 — кольца-пераключальнік, 5 — храпавы механізм, 6 — патрон).