ВЕЛІКАКНЯ́ЖАЦКІ СУД, гаспадарскі суд,

вышэйшы судовы орган ВКЛ да 16 ст. Склад суда не быў дакладна вызначаны. Справы разглядалі вял. князь і паны-рада. Колькасць радных паноў на судзе магла быць рознай, але не менш як 2—3. Па 1-й інстанцыі разглядаў іскі буйных феадалаў і асоб, якія мелі спец. прывілей на вызваленне ад падсуднасці інш. судоў, а таксама іскі, што закраналі інтарэсы казны, справы аб дзярж. здрадзе, злачынствах і злоўжываннях службовых асоб, самавольным захопе дзярж. маёнткаў, зямель і прыбыткаў, пазбаўленні шляхецкіх правоў, спрэчкі аб прыналежнасці да прывілеяваных саслоўяў, зацвярджаў рашэнні камісарскіх судоў. Першапачаткова ў велікакняжацкі суд мог звяртацца кожны шляхціц. Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 абмежаваў такую магчымасць і абавязаў напачатку звяртацца ў мясц. суды. Статуты 1566, 1588 і соймавыя пастановы 1542 і 1551 замацавалі і канкрэтызавалі такі парадак. У якасці апеляцыйнай інстанцыі велікакняжацкі суд разглядаў скаргі на пастановы земскіх, гродскіх, падкаморскіх і войтаўска-лаўніцкіх судоў. Пасля згасання дынастыі Ягелонаў (1572) функцыі велікакняжацкага суда адышлі да соймавага суда і Трыбунала Вялікага княства Літоўскага.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЗІЦЯ́ЧАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ»,

шматтомнае універсальнае энцыклапедычнае выданне для дзяцей. Выдадзена ў 1958—77 у Маскве выд-вам «Вялікая Савецкая Энцыклапедыя». Выйшлі 3 выданні: 1-е ў 10 т. (1958—62), 2-е і 3-е ў 12 т. (1964—69 і 1971—77). Прынцып пабудовы ўсіх выданняў «Дз.э.» — тэматычна-алфавітны. Кожны том мае ўласную назву і складаецца з некалькіх раздзелаў (т. 1 — «Зямля», т. 2 — «Свет нябесных цел. Лікі і фігуры». т. 3 — «Рэчывы і энергія», т. 4 — «Расліны і жывёлы» і г.д.), вызначаецца навуковай дакладнасцю, даступнасцю выкладу матэрыялу, багата ілюстравана.

Сярод інш. энцыклапедычных даведнікаў для дзяцей вылучаюцца энцыклапедыя «Што такое. Хто такі» (т. 1—2, 1968, 2-е выд., г 1—3, 1975—78), а таксама даведнікі для школьнікаў сярэдняга і старэйшага ўзросту: «Энцыклапедычны слоўнік юнага спартсмена» (1979), «Энцыклапедычны слоўнік юнага астранома» (1980, 2-е выд. 1986), «Энцыклапедычны слоўнік юнага хіміка» (1982, 2-е выд. 1990), «Энцыклапедычны слоўнік юнага мастака» (1983), «Энцыклапедычны слоўнік юнага літаратуразнаўца» (1987) і інш. (для юных земляробаў, фізікаў, матэматыкаў, музыкантаў, біёлагаў).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ШАЛЬ,

засцерагальны складанарэфлекторны акт, які ўзнікае пры раздражненні слізістай абалонкі дыхальных шляхоў, пашкоджанні цэнтр. нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм. Найчасцей К. — сімптом захворвання органаў дыхання; іншы раз бывае пры ўзбуджэнні ц. н. с. і раздражненні перыферычных рэцэптараў (неўратычны і рэфлекторны К.) без раздражнення дыхальных шляхоў: Адрозніваюць К. сухі (без макроты) і вільготны. Сухі бывае пры запаленчых хваробах глоткі, гартані, трахеі, іншародных целах у дыхальных шляхах, раздражненні плеўры, фіброзных і аб’ёмных працэсах у лёгкіх (рак, калагенозы і інш.), пач. стадыях бранхіту і пнеўманіі, мокры — сімптом хвароб з гіперсакрэцыяй, эксудацыяй і распадам (бранхіты, пнеўманіі, абсцэсы і інш.).

Пач. фаза К. — глыбокі ўдых, за ім — фаза напружанага выдыху пры замкнутай галасавой шчыліне, рэзкім павышаным унутрыгрудзінным ціску (да 140 мм рт. сл. і вышэй). Пры размыканні галасавой шчыліны паветра праз рот з сілай вырываецца і захоплівае макроту, часцінкі пылу і інш. з гартані, трахеі і бронхаў. Такі К. мае спрыяльны ўплыў. Пры доўгім і частым К. павышаецца ўнутрыбранхіяльны і ўнутрыгрудзінны ціск, што выклікае эмфізему лёгкіх, сардэчна-лёгачную недастатковасць. Лячэнне тэрапеўтычнае.

П.​А.​Цімашэнка.

т. 8, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛА́ТЫЯ СЛО́ВЫ,

устойлівыя, афарыстычныя, звычайна вобразныя словы, цытаты, выразы, якія атрымалі вял. пашырэнне ў жывой мове. Кніжнае паходжанне К.с. — іх істотнае адрозненне ад прыказак і прымавак. Крыніцы К.с. — ант. і біблейскія міфы («Дамоклаў меч»), маст. і навуковая л-ра («Мне сняцца сны аб Беларусі» — Я.​Купала, «А ўсё-такі яна круціцца» — Г.​Галілей), выказванні грамадскіх і паліт. дзеячаў («Прыйшоў, убачыў, перамог» — Ю.​Цэзар). Пераасэнсаваныя К.с. становяцца фразеалагізмамі і даследуюцца фразеалогіяй. У бел. мове, акрамя ўласных К.с., ёсць запазычанні з інш. моў: «Дражніць гусей» (І.​Крылоў), «Быць ці не быць» (У.​Шэкспір) і інш. Крылатымі сталі і асобныя словы, якія набылі метафарычнае значэнне (пераважна імёны міфал. і літ. персанажаў): Геркулес, Гамлет, Гарлахвацкі.

Тэрмін «К.с.» ў лінгвістыцы замацаваўся пасля выхаду з друку аднайменнай кнігі ням. філолага Г.​Бюхмана (1864), у якой сабраны гэтыя моўныя адзінкі з ням. мовы. Уласна бел. К.с. ўпершыню пададзены ў слоўніку Ф.​Янкоўскага «Крылатыя словы і афарызмы» (1960).

Літ.:

Бабкин А.М. Русская фразеология, ее развитие и источники. Л., 1970;

Малажай Г.М. Беларуская перыфраза. Мн., 1974;

Ашукин Н.С., Ашукина М.Г. Крылатые слова. М., 1986.

т. 8, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫ́ТНЫЯ СА́НКЦЫІ,

меры ўздзеяння, накіраваныя на частковае або поўнае спыненне (забарону) крэдытных узаемаадносін. Існуюць розныя віды К.с.: перавод на асаблівы рэжым крэдытавання, датэрміновае спагнанне выдадзеных пазык, спагнанне ў бясспрэчным парадку пратэрмінаваных плацяжоў, часовае спыненне крэдытавання. Ужываюцца часцей да дзяржавы (яго юрыд. або фіз. асоб) пры парушэнні ёй сваіх абавязацельстваў і норм міжнар. права, а часам і з мэтай парушэння яе эканам. развіцця і прымусу да выканання якіх-н. патрабаванняў, у т. л. і палітычных. Напр., Міжнар. валютны фонд уплывае на эканам. курс той ці інш. дзяржавы на аснове прадастаўлення крэдытаў (больш выгадных, чым камерцыйныя) у абмен на строга пэўны курс у правядзенні эканам. рэформаўтварэння. Паміж урадам і фондам падпісваецца дакумент («Пісьмо аб намерах»), у якім выразна выкладзены ўсе будучыя эканам. меры. Пад іх даюцца крэдыты, крэдытаванне вядзецца па частках і спыняецца, калі ўрад адхіліцца ад прынятага курсу рэформ. Такі падыход нельга лічыць дыскрымінацыйным, калі ён не ўшчамляе нац. інтарэсы краіны-пазычальніка і не мае на мэце паліт. інтарэсаў. Гл. таксама Крэдытная блакада, Крэдытная дыскрымінацыя.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

падо́бны, -ая, -ае.

1. Які мае падабенства з кім-, чым-н., нагадвае каго-, што-н.

Падобныя з твару.

2. Такі, як гэты (пра які ідзе гаворка).

Другі п. выпадак здарыўся ў іншым месцы.

3. У геаметрыі: тоесны па форме, але розны па велічыні.

Падобныя трохвугольнікі.

І падобнае (скарочана на пісьме «і пад.») — ужыв. ў канцы пералічэння тоесных прадметаў, з’яў і інш.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пра́вільны, -ая, -ае.

1. Які не адступае ад правіл, норм, прапорцый.

Правільнае напісанне.

Правільныя рысы твару.

2. Заканамерны, рэгулярны.

Правільная змена пор года.

3. Які адпавядае сапраўднасці, такі, як патрэбна.

П. адказ.

Правільнае разуменне сучаснага становішча.

4. Пра многавугольнік: які мае роўныя вуглы і стораны; пра мнагаграннік: які мае грані — аднолькавыя правільныя многавугольнікі і роўныя мнагагранныя вуглы пры вяршынях.

|| наз. пра́вільнасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

элемента́рны, -ая, -ае.

1. Які мае адносіны да элементаў (у 5 знач.).

Э. састаў рэчыва.

2. Пачатковы, які датычыцца асноў чаго-н., асноўны, самы неабходны.

Элементарная фізіка.

Элементарныя веды.

3. перан. Нескладаны, прасцейшы, такі, які павінен быць вядомы кожнаму.

Элементарныя пытанні правапісу.

Элементарныя правілы паводзін.

4. перан. Спрошчаны, павярхоўны, абмежаваны.

Элементарная схема.

|| наз. элемента́рнасць, -і, ж. (да 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Аспа́ласць ’санлівасць, вяласць, неахайнасць’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), аспала, аспалы (Нас.). Укр. оспалий, оспалість, польск. ospały, ospałość, чэш. ospalý, ospalost, славац. ospalý, ospalosť, паморск. u̯ospałi ’санлівы, вялы’, ’санлівасць, вяласць’. Ст.-бел. оспалый ’санлівы, вялы’ (з 1593 — Булыка, Запазыч., 231, дзе таксама: оспалость, оспальство, оспальца, оспале; параўн. Гіст. лекс., 96). Унутраная форма слова ясная: аспаласць і інш. утворана ад аспалы, якое ў сваю чаргу — дзеепрыметнік ад дзеяслова *аспаць. Паколькі, аднак, такі дзеяслоў у беларускай мове не фіксуецца, не без падстаў оспалый разглядаецца як паланізм. Але і ў польскай мове не зафіксаваны такі дзеяслоў. Між тым у старачэшскай ён быў вядомы (пач. XV ст.). Таму, магчыма, што крыніцай дзеепрыметніка для польскай была чэшская мова, адкуль слова магло трапіць у беларускую непасрэдна або праз польскае ці ўкраінскае пасрэдніцтва. Назоўнік утварыўся на беларускай глебе ці быў таксама запазычаны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыш- у прыгаворцы: Сем пол наперадзе, / Чаму мяне не бераце. / І трыштыкі туды ж такі (Вушац. сл.). Няясна. У трыштыкі вычляняецца фармант ‑тыкі, адносна якога Насовіч сцвярджае, што ён далучаецца да слоў як бы для пацверджання (Нас.), гл. такі2. Параўн. запісанае на Смаленшчыне три́ш‑таки ‘выклічнік, што ўжываецца для выражэння незадавальнення’ (?): у триш‑таки тудыш‑таки (СРНГ). Першую частку можна зблізіць з тры́шты (гл.), параўн., аднак, харв. trîž, triš ‘тры разы, тройчы’, чарнаг. три̂ш ‘тс’, серб. цімак. триш ‘тс’, балг. триж ‘тс’, макед. триш ‘тс’, што выводзяцца з прасл. *trišьdъ, гл. Ільінскі, Зб. Ягічу, 298; Скок, 3, 501; Младэнаў, Диалектология, 547–550; Тодараў, Этим. етюди, 149. Адзіная засведчаная ў паўночнаславянскім арэале беларуска-паўднёваславянская паралель з канцавым ж/ш са значэннем ‘тройчы, у тры разы’? З-за фармальных цяжкасцей малаверагодна вывядзенне з трышты (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)