Суго́н у фразеалагізме гнаць у сугон ’настойліва неадступна прымушаць’ (Янк. БФ), ’пагоня’, суго́н‑паго́н ’тс’ (Гарэц.), суго́н ’месца павароту плуга’ (лельч., Лекс. Бел. Палесся), ’сцяжынка, пратоптаная жывёлай’ (слаўг., Яшк.). Рус. дыял. (паўн.) суго́н ’пагоня’; ад су- і гон < гнаць; гл. Фасмер, 3, 793.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сукле́сіць ’сціснуць пілу пры пілаванні дрэва’ (Варл.). Суфіксальнае ўтварэнне (гл. су-) ад незафіксаванага *клес(ц)іць, якое Фасмер (2, 250) збліжае з клешчы, гл. Насуперак гэтаму Трубачоў (ЭССЯ, 10, 14) адмаўляе сувязь *klestiti з *klěšči і выводзіць з гукапераймальнага *kleskati (гл. кляскаць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сухо́ўрыца ’сухая ежа, сухамятка’ (Нас.), ’калі сохнуць ад духоўнага недамагання’ (Варл.). Параўн. укр. дыял. сухі́вря ’сухамятка’, рус. дыял. сухо́вря, сухо́врица ’сухая, посная ежа; сухамятка’. Складанае слова, у аснове якога сухі (гл.) і дзеяслоў *vьrěti ’кіпець’ (Фасмер, 3, 813; ЕСУМ, 5, 487), параўн. урэць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тама́т ’памідор’, ’паста, соус з памідораў’ (ТСБМ), тама́ты ’памідоры’ (Некр. і Байк.). Відаць, праз рус. тома́т з франц. tomate ’тамат’ < ісп. tomate (tomata) ’тс’, якое ад ацтэк. мекс. tomati < tomana ’набрыняць’ (ЕСУМ, 5, 595; Чарных, 2, 249; Фасмер, 4, 75; Голуб-Ліер, 484).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тона ’адзінка вагі, роўная 1000 кілаграмаў’ (ТСБМ, Сцяшк., Вруб.). З заходнееўрапейскіх моў, дзе ням. Tonne, англ., нідэр. ton ’тс’ < франц. tonne ’тс’, першапачаткова ’вінная бочка’ < гальск. tŭnna ’мех для віна’. (Фасмер, 4, 77; ЕСУМ, 5, 597; Чарных, 2, 520; Голуб-Ліер, 493).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трал ’вялікая сетка для лоўлі рыбы з суднаў’, ’гідраграфічныя прылады для даследавання марскога дна’ (ТСБМ). Праз польскую ці рускую мовы з англ. trawl ’грунтавы невад у выглядзе доўгага мяшка’, ’цягнуць сеткі па дну’ < лац. tragula ’невад’ (Фасмер, 4, 93; ЕСУМ, 5, 617).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тухвя́к ‘сяннік, матрац’ (Нас., Байк. і Некр.). З рус. тюфя́к ‘тс’, якое, як і цюхля́к ‘тс’ (мазыр., ГЧ), з цюркіх моў, параўн. тат. tüšäk ‘пярына, матрац’, крым.-тат., караімск., чагат. töšäk, тур. düšäk ‘тс’ < цюрк. tösä‑ ‘рассцілаць, масціць’ (Фасмер, 4, 138; Анікін, 578).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тушка́нчык ‘стэпавы грызун, земляны заяц, Dipus’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рускую (тушка́н, тушка́нчык) ці ўкраінскую (тушка́нчык) мову запазычана з цюркскіх моў; параўн. уйг. tušgan, чагат. taušgan ‘заяц’ < tauš‑ ‘скакаць, бегаць’ (Анікін, 573; Фасмер, 4, İ29; ЕСУМ, 5, 689; Арол, 4, 123).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тэнт ‘парусінавая стрэшка’ (ТСБМ). З рус. тент ‘тс’, новае запазычанне з англ. tent ‘навес, палатка’. Параўн., аднак, ст.-бел. tenda ‘занавеска’ (XVII ст., ГСБМ), запазычанае са старапольск. tenda ‘нацягнутая заслона’ (Булыка, Лекс. запазыч., 111), што з народнага лац. tenda ‘тс’ (Фасмер, 4, 42).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тэ́хніка ‘сукупнасць прыёмаў і машын; навыкі дзейнасці’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Пятр.). Еўрапеізм, што распаўсюдзіўся з ням. Technik ‘тс’ у сярэдзіне XIX ст. Праз новалац. technika выводзіцца з грэч. τέχνη ‘майстэрства, уменне’ (Фасмер, 4, 54; ЕСУМ, 5, 563; Арол, 4, 69).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)