ЛІ́ДЗІН (Уладзімір Германавіч) (15.2. 1894, Масква — 27.9.1979),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1916). Друкаваўся з 1916. У ранніх апавяданнях у асн. паказваў жыццё інтэлігенцыі (зб-кі «Трын-трава», 1916; «Паводка», 1917, і інш.). Любімыя героі Л. 1920-х г. (зб. «Норд», 1925; раман «Ідуць караблі», 1926) — валявыя людзі, шукальнікі шчасця, авантурысты. Кніга «Пуціна» (1930), раман «Вялікі альбо Ціхі» (1933) і інш. — пра Д. Усход. У творах 1950—60-х г. пераважаюць маральна-этычныя праблемы: раман «Два жыцці» (1950), зб. «Прылёт птушак. Апавяданні 1954—61» (1970). Аўтар кніг нарысаў і ўспамінаў «Шляхі і вёрсты» (1927), «Зіма 1941 года» (1942), «Людзі і сустрэчы» (1957, 1961, 1965). У 1916 служыў у арміі на Беларусі. У 1930-я г. пазнаёміўся з Я.Купалам, прысутнічаў на 1-м Усебел. з’ездзе пісьменнікаў у Мінску (1934). У зб. апавяданняў «Дарога на Захад» (1940) уражанні ад падзей вызвалення Зах. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СЕЎ (Канстанцін Іванавіч) (н. 24.3. 1933, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),
бел. і расійскі спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1957). З 1957 у муз. т-рах Расіі і Украіны. У 1970—93 саліст Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. Валодае моцным прыгожым голасам, майстэрствам вострай сцэнічнай характарыстыкі. На бел. сцэне стварыў больш за 40 разнапланавых вобразаў: Якім і Сцяпан Крыніцкі, Дзмітрый, Матыль («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі), Несцерка («Несцерка» Р.Суруса), Дзяніс Давыдаў («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Эдвін і Феры, Тасіла («Сільва», «Марыца» І.Кальмана), Франк («Лятучая мыш» І.Штрауса), Крамон і Негаш («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Пікерынг («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Мікіта («Халопка» М.Стрэльнікава), Янга і Філіп, Цэзар Галь («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), Назар Дума («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Сцешка і Ігнат Рыгоравіч («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Карбон і Рагно («Сірано» С.Пажлакова), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Фельзера) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБІ́МАЎ (Леў Уладзіміравіч) (24.11. 1905, г. Разань, Расія — 23.11.1977),
бел. і расійскі дырыжор. Нар.арт. Беларусі (1955). Праф. (1970). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929, клас К.Ігумнава). З 1925 працаваў у оперных т-рах Масквы, Свярдлоўска, Горкага. У 1951—64 гал. дырыжор Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Творчасць Л. вызначалі дырыжорская воля, глыбокае пранікненне ў партытуру, імкненне падпарадкаваць усе кампаненты спектакля раскрыццю аўтарскай задумы. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены нац. оперы і балеты: «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага (1953), «Надзея Дурава» А.Багатырова (1956), «Яснае світанне» А.Туранкова (1958), «Калючая ружа» Ю.Семянякі (1960), «Мара» Я.Глебава (1961), «Святло і цені» Г.Вагнера (1963); класічныя оперы «Страшны двор» С.Манюшкі (1952), «Мазепа» (1952) і «Чарадзейка» (1958) П.Чайкоўскага, «Аіда» (1953) і «Трубадур» (1955) Дж.Вердзі, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Русалка» А.Даргамыжскага (1955), «Садко» М.Рымскага-Корсакава (1957).
Літ.:
Маралёў А. Музычны кіраўнік // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ПІН (Ігар Іванавіч) (н. 10.10.1941, г. Каменск-Уральскі Чэлябінскай вобл., Расія),
расійскіпаэт.Чл.-кар.Міжнар. славянскай акадэміі навукі, культуры, мастацтва і адукацыі (1996). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1971), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1979). З 1971 у выд-вах «Сучаснік», «Савецкая Расія», у 1982—85 гал. рэдактар выд-ва «Дзіцячая літаратура», з 1993 1-ы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі. Друкуецца з 1959. У паэт. зб-ках «Міжрэччы» (1973), «Жыву табой» (1976), «Невеснавыя воды» (1978), «Не ў чыстым полі» (1979), «Лінія лёсу» (1981), «Сам-насам з табою, жыццё» (1985), «Акно, расчыненае ветрам» (1986), «Вятры дарог» (1988), «Яе завуць Расіяй» (1997), «Аўтограф» (1998) і інш. роздум пра час, лёс Расіі, славян, абавязак перад сваім народам, складанасць духоўнага свету сучасніка, тэма кахання. Яго паэзіі ўласцівы шчырая спавядальнасць, канкрэтнасць вобразаў, грамадзянскі тэмперамент, вострая публіцыстычнасць. Піша вершы і на бел. тэматыку («Беларусь», «Зачараваныя мае...» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАЛЬКО́Ў (Яўген Сямёнавіч) (30.9. 1909, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 15.12.1969),
расійскіліт.-знавец, крытык, перакладчык. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1930). У Вял.Айч. вайну рэдактар выдання час. «Беларусь» (на рус. мове). У 1948—69 старшыня камісіі, потым савета па бел. л-ры пры праўленні Саюза пісьменнікаў СССР. Друкаваўся з 1924. Аўтар прац пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, К.Чорнага, М.Танка, П.Броўкі, А.Куляшова, К.Крапівы. На рус. мову пераклаў творы Я.Коласа, К.Чорнага, М.Лынькова, І.Мележа, А.Кулакоўскага, І.Навуменкі. Пад яго рэдакцыяй упершыню выдадзены ў рус. перакладах творы Багдановіча, Куляшова, М.Танка, збор твораў Я.Коласа, кнігі Я.Купалы. Выступаў з артыкуламі па праблемах гісторыі і ідэйна-эстэт. традыцый бел. л-ры. За кнігу «Янка Купала» (1949) Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАЎ (Сцяпан Восіпавіч) (8.1.1849, г. Мікалаеў, Украіна — 13.4.1904),
расійскі флатаводзец, акіянограф, палярны даследчык, вынаходнік. Віцэ-адмірал (1896). Скончыў марское вучылішча ў Нікалаеўску-на-Амуры (1865). З 1869 на Ціхаакіянскім, з 1871 на Балтыйскім, з 1876 на Чарнаморскім флоце. З 1881 даследаваў марскія цячэнні ў праліве Басфор. У 1886—89 на карвеце «Віцязь» і 1894—96 ажыццявіў 2 кругасветныя падарожжы. У 1898—99 і 1901 на першым у свеце ледаколе «Ярмак», пабудаваным паводле яго праекта, вёў даследаванні ў Арктыцы. На пач.рус.-яп. вайны 1904—05 камандаваў Ціхаакіянскай эскадрай у Порт-Артуры, загінуў на браняносцы «Петрапаўлаўск», які падарваўся на міне. Аўтар прац па ваен.-марской тактыцы, караблебудаванні, артылерыі, міннай справе, гідраграфіі. За працу «Віцязь» і Ціхі акіян» (т. 1—2, 1894) прэмія Пецярбургскай АН і залаты медаль Рус.геагр.т-ва.
Літ.:
Деятельность вице-адмирала С.О.Макарова в судостроении: [Очерки]. Л., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́МАЎ (Уладзімір Емяльянавіч) (сапр. Самсонаў Леў Аляксандравіч; 27.11.1930, Масква — 26.3.1995),
расійскі пісьменнік, публіцыст. З 1974 у эміграцыі. Жыў у Парыжы, Бруселі. Гал. рэдактар час. «Континент» (1974—92). Друкаваўся з 1952. Аповесць «Жывы чалавек» (1962; інсцэніроўка 1965) пра падлетка, які апынуўся пасля арышту бацькі па-за грамадствам. У раманах «Сем дзён тварэння» (1971), «Каранцін» (1973) драматызм штодзённага жыцця ва ўмовах сав. рэчаіснасці, зварот да хрысціянскага ідэалу. Раманы «Зазірнуць у бездань» пра адмірала Калчака, «И аз воздам» (абодва 1986) пра лёс казакоў і Расіі. Аўтар зб-ка вершаў і паэм «Пакаленне на варце» (1956), апавяданняў і аповесцей «Мы абжываем зямлю» (1961), «Як у садзе пры даліне» (1993), раманаў «Каўчэг для няпрошаных» (1976), «Качаванне да смерці» (1994), п’есы «Пазыўныя тваіх паралелей» (1964), аўтабіягр.кн. «Развітанне з ніадкуль» (кн. 1—2, 1974—82), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́ЦІН (Сяргей Васілевіч) (4.10.1859, Масква — 6.12.1937),
расійскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1883—86) у І.Пранішнікава і У.Макоўскага, у 1903—17 выкладаў у гэтым вучылішчы, у 1918—23 у Вышэйшых мастацка-тэхн. майстэрнях. Чл Саюза рус. мастакоў (1903), Т-ва перасоўных маст. выставак (1915), адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Карціны М. 1890-х г. блізкія да лірычных жанравых твораў позніх перасоўнікаў («Па этапу», 1890; «Сяброўкі», 1893). Як партрэтыст эвалюцыяніраваў ад свабоднага дынамічнага жывапісу 1900-х г. («Аўтапартрэт», 1901) да строгай манументалізаванай манеры 1910—20-х г., якая дазваляла больш дакладна выявіць артыстызм і інтэлектуальнасць мадэлі (партрэты М.Несцерава, 1913; Дз.Фурманава, 1922; В.Бялыніцкага-Бірулі, 1929; «Партызан», 1936, і інш.). Працаваў таксама ў галінах кніжнай графікі (іл. да твораў А.Пушкіна «Казка пра цара Салтана» і «Руслан і Людміла», 1898), дэкар.-прыкладнога, тэатр. мастацтва і архітэктуры, у якіх прытрымліваўся нац.-рамант. лініі стылю мадэрн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РТАС (Іван Пятровіч) (1754, г. Ічня Чарнігаўскай вобл., Украіна — 17.4. 1835),
расійскі скульптар; прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1773), выкладаў у ёй у 1779—1835 (з 1814 рэктар). У 1773—79 пенсіянер АМ у Рыме. Майстар мемар. пластыкі, у якой гарманічна спалучаў грамадз. пафас і ідэальную ўзнёсласць вобразаў з іх жыццёвай пераканаўчасцю: надмагіллі С.С.Валконскай (1782), М.І.Паніна (1788), Е.С.Куракінай (1792), Паўла I (1807) і інш. Помнікі К.Мініну і Дз.Пажарскаму (1804—18, Масква), А.Э.Рышэльё (1823—28, Адэса), М.Ламаносаву (1826—29, Архангельск), Аляксандру I (1828—31, Таганрог) вызначаюцца велічнасцю вобразаў, якая ўвасабляе ант. ідэалы мужнасці і дасканалай прыгажосці. Аўтар манум.-дэкар. статуі «Актэон» для фантанаў Пецяргофа (1801), рэльефу «Здабыванне Майсеем вады ў пустыні» на атыку Казанскага сабора ў Пецярбургу (1804—07), партрэтных бюстаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫЕНГО́Ф (Анатоль Барысавіч) (6.7.1897, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.6.1962),
расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1918. Тэарэтык імажынізму (зб.арт. «Буян-Востраў. Імажынізм», 1920). У творах 1920-х г. вобраз паэта-паяца, прадстаўніка багемы і адначасова шукальніка праўды, бунтара, прарока (паэт.зб-кі «Вітрына сэрца», 1918; «Вершамі фанабэрствую», 1920; «Распуснічаю з натхненнем», «Хмаралёт», абодва 1921; вершаваная гіст. трагедыя «Змова дурняў», 1922, і інш.). Познія вершы адметныя засяроджанасцю, драм. успрыняццем жыцця. Прозе М. ўласцівы кантрастныя вобразы, буйныя планы, сцверджанне высокага праз нізкае. Аўтабіягр. «Раман без хлусні» (1927) пераважна пра сяброўства з С.Ясеніным. Аўтар раманаў «Цынікі» (1928), «Голены чалавек» (1930), п’ес «Блазан Балакіраў» (1940), «Суд жыцця» (1948), «Нараджэнне паэта» (1951, пра М.Лермантава), успамінаў «Маё стагоддзе, мае сябры і сяброўкі» (нап. 1956, выд. пад назвай «Маё стагоддзе, мая маладосць, мае сябры і сяброўкі», 1988), кінасцэнарыяў і інш.
Тв.:
Циники. М., 1990;
Бритый человек. М., 1991;
Неизвестный Мариенгоф: Избр. стихи и поэмы 1916—1962 гг. СПб., 1996.