КРАСНУ́ХА,

вострая вірусная хвароба, падобная прыкметамі да адру ці шкарлятыны. Найчасцей хварэюць дзеці. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Дае стойкі імунітэт. Інкубацыйны перыяд 5—23 дні.

Адрозніваюць К. набытую і прыроджаную. Сімптомы К. набытай: павелічэнне (да 10—20 мм) патылічных і задняшыйных лімфатычных вузлоў, дробная (5—10 мм) бледна-ружовая высыпка (найбольш на разгібальнай паверхні рук і ног, іншы раз з павышэннем т-ры цела), якая знікае праз 2—4 дні без пігментацыі і лушчэння. Пры прыроджанай К. (калі маці хварэла на К. ў першыя 3 месяцы цяжарнасці) дзеці могуць нараджацца з заганамі: глухата, катаракта, парокі сэрца, пашкоджанне нерв. сістэмы, заганы развіцця мочапалавых органаў, печані і страўнікава-кішачнага тракту. Лячэнне сімптаматычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 8, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМУЛЯТЫ́ЎНЫЯ КА́ЗКІ, ланцужковыя казкі,

група нар. казак са спецыфічнымі кампазіцыйнымі і стылявымі асаблівасцямі, найчасцей казак пра жывёл. Трапляюцца ў рус., бел., укр. і інш. фальклоры. Назва ад лац. cumulare — накопліваць, павялічваць. У іх кампазіцыі — шматлікія нарастаючыя паўторы аналагічных ці падобных дзеянняў, якія канчаюцца завяршэннем казачнага ланцуга падзей (адсюль другая назва — ланцужковыя) у адваротным парадку. Звёны казкі далучаюцца або адно за адным, або кожны раз пры далучэнні новага звяна ранейшыя паўтараюцца. Напр., «Галінка і верабей» (вершаваная апрацоўка М.​Танка), «Як курачка пеўніка ратавала», «Пшанічны каласок», «Рэпка», «Звяры ў яме» і г.д.

Літ.:

Пропп В.Я. Кумулятивная сказка // Пропп В.Я. Фольклор и действительность. М., 1976;

Лойтер С.М. О жанровой специфике кумулятивной сказки // Проблемы изучения русского устного народного творчества. М., 1979. Вып. 6.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ І ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ (МСАП; International Union for Conservation of Nature and Natural Resources). Засн. ў 1948. Уключае больш за 500 устаноў з 130 дзяржаў і 24 міжнар. арг-цыі. Задачы МСАП: наладжванне міжнар. кантролю за станам аб’ектаў прыроды і выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, улік і ахова рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін (Міжнар. Чырв. кніга), каардынацыя міжнар. супрацоўніцтва па ахове прыроды. Супрацоўнічае з ЮНЕСКА (праграма «Чалавек і біясфера»), Сусв. фондам аховы дзікай прыроды і інш. Вышэйшы орган МСАПГен. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады. Штаб-кватэра ў Швейцарыі (г. Моржэ). МСАП прыняў удзел у арганізацыі і правядзенні 1-га Міжнар. кангрэса па біясферных запаведніках у Мінску (1983).

М.​М.​Пікулік.

т. 10, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЕ ВЫЗВАЛЕ́ННЕ»,

газета прагрэс. кірунку, орган партыі «Вызволене». Выдавалася з 29.1 да 24.6.1923 у Вільні на бел. мове групай радыкальна настроеных дэпутатаў польск. сейма, якія ў 1924 выйшлі з «Вызволеня» і заснавалі Незалежную сялянскую партыю. Выходзіла 1 раз на тыдзень замест закрытай польск. ўладамі газ. «Wyzwolenie Ludu» («Вызваленне народа»). З пазіцый сял. дэмакратыі крытыкавала ўрад, мясц. адміністрацыю (арт. «Чаго варты ўрад Сікорскага», «Вынікі працы новага ўрада», «Законы, канстытуцыя і некаторыя чыноўнікі»), выкрывала дэпутатаў сейма, якія дагаджалі пануючым класам (арт. «Вітас прадаўся Хісна-Пясту»), прапагандавала ідэю паліт. аб’яднання сялянства на ўзор рабочых. У рубрыцы «Нашы песняры» змясціла нататкі пра Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалу, вершы, якія мелі актуальнае значэнне ва ўмовах Зах. Беларусі. Выйшла 5 нумароў. Забаронена польск. ўладамі.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

чаргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; незак.

1. Паслядоўна, па чарзе заменьваць адно другім. Мы вывучылі .. кожны крок [вартавых], ведалі, як яны чаргуюцца на пастах: ведалі, хто калі патрулюе за агароджай, калі стаіць ля ўваходу, калі адпачывае. С. Александровіч. Непаўторныя ап’яняючыя часіны шчасця чаргаваліся з часінамі роспачы і душэўнага болю. Краўчанка. // Перыядычна паўтарацца. Шорганне чаргавалася размерна і рытмічна — раз-два! раз-два! Колас. // Размяшчацца паслядоўна адно за другім. Сасновыя бары чаргаваліся з забалочанымі хмызнякамі. Няхай.

2. У лінгвістыцы — заканамерна замяняцца адзін другім (пра гукі) у каранях або афіксах роднасных слоў або форм.

3. Зал. да чаргаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяспра́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае палітычных і грамадзянскіх правоў; пазбаўлены правоў. Сялянства ў царскай Расіі было пагарджаным і бяспраўным. □ Лабановіч на гэты раз, як бяспраўны настаўнік, сядзеў далей ад стала экзаменатараў у якасці старонняга і пасіўнага наглядальніка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзярка́ты, ‑ая, ‑ае.

Рэзкі, надрыўны, з хрыпатой (пра гукі, голас і пад.). Панурыя, змораныя, мокрыя да пены каровы рыкалі на ўвесь лес. Доўга вісела дзяркатае, сухое рэха. Пташнікаў. Раз-пораз з недалёкай таварнай станцыі даносіліся дзяркатыя гудкі паравозаў. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дых, ‑у, м.

Разм. Дыханне. Хацелася крыкнуць, але перахапіла дых і адно толькі варухнуліся губы, а слоў ніякіх не атрымалася. Сабаленка.

•••

Адным дыхам (духам) — за адзін раз, вельмі хутка.

Затаіць дых гл. затаіць.

Ні слыху, ні дыху гл. слых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задаво́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак., чым.

Палічыць што‑н. для сябе прыдатным, адпаведныя, дастатковым; адчуць задавальненне ад чаго‑н. Не задаволіліся карнікі адным наездам, дні праз два наведаліся яшчэ раз. Лобан. Спазнаўшы вялікае, ці маглі мы задаволіцца малым? Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падаклярава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каму, з інф., з дадан. сказам і без дап.

Разм. Паабяцаць што‑н. [Чорны:] — Давай пойдзем разам, браце. Раз я падакляраваў, то без ніякае мітрэнгі мы зараз з табою і сходзім у тую акадэмію. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)