бел. рукапісны помнік канца 12 — пач. 13 ст. Выяўлена ў Оршы ў 1812. Верагодна, створана на Полаччыне. Зберагліся 142 аркушы (без пачатку і канца), пісаныя ўставам на высакаякасным пергаменце. У Аршанскім евангеллі змешчаны 2 мініяцюры з выявамі евангелістаў Лукі і Мацвея (найб. раннія ва ўсх.-слав. рукапісах), 2 застаўкі і 310 ініцыялаў з варыяцыямі старавізантыйскіх і першапачатковых тэраталагічных формаў (у асобных ініцыялах — выявы чалавека). За рэліг. абалонкай праглядаецца жывая нар. аснова, што збліжае іх з размалёўкамі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Зберагаецца ў Цэнтр.навук. бібліятэцы АН Украіны.
Да арт.Аршанскае евангелле. Евангеліст Лука. Мініяцюра. 13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ КУЦЕ́ІНСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р,
помнік архітэктуры барока. Заснаваны ў 1623 як праваслаўны мужчынскі манастыр. Размешчаны на паўн.-зах. ускраіне Оршы ў сутоках Дняпра і Куцеінкі. Складаўся з галоўнага Богаяўленскага сабора, Святадухаўскай царквы, званіцы, манастырскіх і гасп. пабудоў. Быў абнесены агароджай з бутавага каменю і цэглы. Драўляны Богаяўленскі сабор пабудаваны ў 1623—35; згарэў у 1888. У 1630 бел. асветнік і кнігадрукар Спірыдон Собаль заснаваў пры манастыры Куцеінскую друкарню. Захаваліся Святадухаўская царква (узведзена ў 1-й пал. 17 ст.), манастырскі будынак, частка сцяны.
Т.В.Габрусь.
Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр. Святадухаўская царква. З малюнка Д.Струкава. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. з цэглы ў цэнтры Оршы на правым беразе р. Аршыца. У 1842 пераўтвораны ў правасл. мужчынскі Пакроўскі манастыр і духоўнае вучылішча. Складаўся з аб’яднаных у адзіны асіметрычны арх. комплекс касцёла Апекі Маці Божай (3-нефавая крыжова-купальная 2-вежавая базіліка; знішчаны ў 1967) і жылога корпуса. Жылы корпус — 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак з вальмавым дахам. Фасады падзелены прамавугольнымі вокнамі і плоскімі нішамі, вязкамі пілястраў у прасценках, руставанымі лапаткамі, міжпаверхавымі цягамі. Абодва паверхі маюць галерэйную сістэму планіроўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Сенненскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Крывінка (выцякае з возера), за 5 км на ПдЗ ад г. Сянно. Пл. 1,19 км², даўж. 3,37 км, найб.шыр. 0,45 км, найб.глыб. 16,2 м, даўж. берагавой лініі каля 8 км. Пл. вадазбору 89,4 км².
Схілы катлавіны выш. 4—5 м, месцамі да 10 м, у верхняй частцы разараныя, у ніжняй пад лесам. Прыбярэжная частка дна пясчаная, глыбакаводная — глеістая. Амаль чвэрць плошчы дна пад расліннасцю. Упадаюць 2 ручаі, злучана пратокай з воз. Сянно. На ўсх. беразе археал.помнік — курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКША́НСКІ (Юльян) (1824, б. маёнтак Тупальшчына, Смаргонскі р-н Гродзенскай вобласці — 4.4.1863),
удзельнік нац.-вызв. руху, публіцыст. У час вучобы ў Віленскай гімназіі ўстанавіў сувязь з тайнымі студэнцкімі гурткамі. У 1842 за хаванне забароненай л-ры сасланы ў Разанскую губ. У 1846 вярнуўся на радзіму. Аўтар «Адозвы да смаргонскіх сялян» (1847), у якой заклікаў сялян выступіць супраць памешчыкаў. Арыштаваны і засуджаны на 12 гадоў катаргі, якую адбываў да 1858 у Нерчынску. Удзельнік паўстання 1863—64, на радзіме арганізаваў і ўзначаліў атрад паўстанцаў. Загінуў у сутычцы з урадавымі войскамі. У в. Плябань Маладзечанскага р-на на магіле помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).
У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРШЧ (Міхаіл Восіпавіч) (29.1.1904, Масква — 8.11.1976),
рускі і бел. архітэктар і педагог. Праф. (1947). Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т (1926). У 1948—52 працаваў на Беларусі. Адзін з аўтараў планіроўкі і забудовы плошчаў Перамогі і Якуба Коласа, жылых дамоў на праспекце Ф.Скарыны (1949—56, Мінск; Дзярж. прэмія Беларусі 1968). Сярод інш. работ: жылыя дамы ў Маскве і Новасібірску (1930—50), помнік К.Э.Цыялкоўскаму ў Калузе (1958), манументы ў Маскве ў гонар дасягненняў сав. народа ў асваенні касм. прасторы (1964) і ў Жэневе ў гонар дасягненняў чалавецтва ў асваенні космасу (1971, усе ў сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЗДЗЕЖСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1784 у в. Бездзеж (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) на фундаменце царквы 1-й пал. 17 ст. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны ў плане асн. і алтарны зрубы аб’яднаны 2-схільным дахам з вальмай над алтаром і трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. Гал. фасад завершаны трохвугольным зрубам, які спалучаецца з паўвальмай, і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі купалкамі. Інтэр’ер зальны, з 4 слупамі ў сярэдзіне, над уваходам — хоры; захаваліся абразы 17—18 ст. Перад царквой — брама-званіца, накрытая 2-схільным дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАШО́ВА (Аляксеева-Белашова) Кацярына Фёдараўна
(2.12.1906, С.-Пецярбург — 9.5.1971),
рускі скульптар. Нар. мастак СССР (1963). Чл.-кар.АМСССР (1964). Вучылася ў Ленінградскім вышэйшым мастацка-тэхн. ін-це (1926—32). Працавала пераважна ў галіне станковай скульптуры («Партрэт старога», 1944; «Мроі», 1957; «Абуджэнне», 1967). Стварыла рамантычны і адначасова драматычны вобраз А.С.Пушкіна («А.С.Пушкін», 1957; помнік А.С.Пушкіну ў Пушкінскіх Гарах, 1959). Гераізм народа адлюстраваны ў многіх работах ваен. і пасляваен. часу («Няскораная», 1943; «Партызан», 1944; «Зоя», 1948, і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГА́МБРА (араб. аль-хамра — чырвоная),
палац-замак сярэдзіны 13 — пач. 14 ст. ў Іспаніі каля Гранады; узор познамаўрытанскай архітэктуры. Да 1492 рэзідэнцыя эміраў Гранады.
Ад горада Альгамбра аддзелена цяснінай р. Дара і абкружана мураванымі крапаснымі сценамі з вежамі. Залы (Абенсерахаў, Паслоў, Дзвюх сясцёр, Суда) групуюцца, як і інш. памяшканні Альгамбры, абапал двароў — Міртавага з вадаёмам і Львінага; аздоблены мармурам, глазурай, вытанчаным разьбяным і размаляваным арнаментам, мазаікай. У ансамбль Альгамбры ўваходзіць недабудаваны палац Карла V (пачаты ў 1526, арх. П.Мачука) — помнікісп. рэнесансавага дойлідства.