старажытны горад Баспорскага царства, гарадзішча якога знаходзіцца на беразе Чорнага мора, за 40 км на Пд ад г. Керч (Крым). Існаваў у 5 ст. да н. э. — 5 ст.н. э. Гарадзішча пл. 4,5 га размешчана на высокім абрывістым беразе, з бакоў умацавана валам і ровам. У 4 ст. да н. э. горад быў абнесены каменнай сцяной таўшчынёй каля 2,5 м, у 1 ст.н. э. паралельна ёй пабудавана 2-я сцяна таўшчынёй да 3 м. У цэнтры гарадзішча раскопкамі выяўлены рэшткі культавай пабудовы, мармуровы сонечны гадзіннік, храмавы стол з надпісам 234 года, што паведамляе пра буд-ва храма. Этапы росквіту К. — 4—3 ст. да н. э. і 2—1-я пал. 3 ст.н. э. Насельніцтва займалася земляробствам і гандлем збожжа. У адрозненне ад большасці баспорскіх гарадоў у К. не было сваёй гавані.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ ФА́РНЫ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ Існаваў у 16—1-й пал. 20 ст. ў г. Клецк Мінскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. У 1560-я г. М.Радзівіл Чорны перадаў храм кальвіністам. Тут з пратэстанцкімі пропаведзямі выступаў бел. гуманіст С.Будны. Пры Альбрыхце II Радзівіле (маршалак ВКЛ і ўладальнік Клецка) зноў перададзены католікам. У 1607 асвячоны біскупам віленскім Ю.Радзівілам. Узведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі. Аднанефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём і 5-гранная апсіда завяршаліся агульным дахам. Да паўн. сцяны прэсбітэрыя прылягала невял. 2-павярховая сакрысція, на 2-м паверсе якой была скарбніца. Да гал. фасада была прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца (ніжні ярус чацверыковы, астатнія васьмерыковыя) з арачнымі аконнымі праёмамі, упрыгожаная нішамі і філёнгамі, завершаная купалам. У інтэр’еры разныя алтары, скульптура. Пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, узарваны ў 1950-я г. (захавалася ч.зах. сцяны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ВЕНТ-ГА́РДЭН»
(«Covent Garden»),
оперны тэатр у Лондане. Засн. ў 1732 тэатр. дзеячам і акцёрам Дж.Рычам як драматычны. З 1847 оперны, з 1890-х г. «Каралеўскі оперны т-р «Ковент-Гардэн», з 1949 дзяржаўны. У 18—1-й пал. 19 ст. ў т-ры працавалі некалькі самаст. труп; ставіліся драм., оперныя і балетныя спектаклі, цыркавыя праграмы. Сучасны рэпертуар складаюць творы англ. кампазітараў і сусв. класіка. З канца 19 ст. спектаклі ідуць на мове арыгінала. У іх удзельнічаюць буйнейшыя спевакі свету. У розны час спектаклямі т-ра дырыжыравалі Р.Вагнер, Ф.Вейнгартнер, О.Клемперэр, А.Коўтс, Г.Малер, Ф.Мотль, Г.Рыхтэр, Б.Хайтынк, А.Мелік-Пашаеў, Г.Раждзественскі, Я.Святланаў і інш. Сярод муз. кіраўнікоў т-ра Т.Бічэм, К.Ранкль, Р.Кубелік, К.Дэйвіс, Г.Шолці і інш. З 1946 на сцэне «К.-Г.» выступае Каралеўскі балет Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НСУЛ (ад лац. consul саветнік),
1) у Стараж. Рыме ў эпоху рэспублікі (з 6 ст. да н. э.), назва пасад 2 службовых асоб, якія валодалі вышэйшай ваен. і цывільнай уладай. Выбіраліся на адзін год з патрыцыяў, а з 4 ст. да н. э. таксама і з плебеяў. Праводзілі набор у войска і камандавалі ім у час вайны, склікалі сенат і нар. сход, па-за межамі г. Рым мелі права караць грамадзян смерцю. У перыяд імперыі званне К. захавалася толькі як ганаровы тытул.
2) Назва пасады члена вышэйшага органа (калегіі К.) па кіраванні гар. рэспублікай у гарадах Паўн. і Сярэдняй Італіі ў канцы 11—1-й пал. 13 ст. Выбіраліся на 1 год у колькасці 4—20 чал. 3) У Францыі ў перыяд Консульства (1799—1804) тытул 3 асоб, фармальна надзеленых усёй паўнатой выканаўчай улады, якая фактычна належала толькі 1 -му К. (Напалеону Банапарту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАВЕ́ЦТВА,
бел. традыцыйнае рамяство па пашыве верхняга адзення з палатна, сукна, футра (пераважна аўчын). Вядома з даўніх часоў. З 16 ст. ў буйных гарадах існавалі кравецкія цэхі (у 1634 Магілёўскі цэх атрымаў каралеўскі прывілей), у маёнтках працавалі прыгонныя рамеснікі-краўцы, якія абшывалі гаспадароў і дворню. У 2-й пал. 19 ст. К. на Беларусі было пашырана ў форме адыходніцтва: краўцы-саматужнікі (звычайна сяляне) у свабодны ад земляробчай працы час (з восені да вясны) хадзілі па вёсках у межах сваёй воласці або павета і працавалі ў хаце заказчыка. Шылі суконныя світы, палатняныя насовы, аўчынныя кажухі і паўкажушкі. У мястэчках і гарадах краўцы стала займаліся К. і шылі на заказ. Часам яны наймалі работнікаў або вучняў. Заказ на пашыў адзення афармляўся з дапамогай спец. драўляных бірак з насечкамі, якія абазначалі колькасць аўчын і знак краўца. З развіццём фабрычнага пашыву адзення К. амаль знікла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура кельцкіх плямён, якія ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. насялялі тэр. Еўропы ад Атлантыкі і Брытаніі да паўд. схілаў Альпаў і зах. схілаў Карпат (Украіна). Назва ад мяст. Латэн у Швейцарыі. Насельніцтва Л.к. стварыла своеасаблівую цывілізацыю, уплыў якой адчуваўся ва ўсёй Еўропе. Ён прывёў да стварэння т.зв. латэнізаваных археал. культур Еўропы: пшэворскай культуры, зарубінецкай культуры, Паянешты-Лукашоўка, ясторфскай і інш. культур. Ад Л.к. атрымаў назву асобны перыяд жал. веку Еўропы латэн (5—1 ст. да н.э., паміж гальштатам і рымскім часам). Імпарты з арэалу Л.к. і іх мясц. імітацыі знойдзены на тэр.Усх. Еўропы, у т. л. на Беларусі (фібулы, бранзалеты і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́НІЦА,
вёска ў Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 145 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Зэльва. 121 ж., 54 двары (1999). Сельскі клуб. Помнік архітэктуры — Міхайлаўскі касцёл (1782).
Вядома з 2-й пал. 15 ст. як сяло і прыселак у маёнтку Дзярэчын. Уласнасць Копачаў (Капачэвічаў), у 16 ст. — Нарбутаў (Нарбутовічаў). У 1505 надворны харунжы Войцех Нарбутовіч з жонкай Ганнай заснавалі тут касцёл Міхаіла Архангела (не захаваўся). У крыніцах 17 ст. Л. наз. мястэчкам (1610), потым — сялом (1630, 1663). Належала Гарабурдам, Палубенскім, Пініцкім, Цехановічам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. вёска Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—200 ж., 29 двароў, царква, крама. З 1921 у Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на. У 1962—66 у Слонімскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКСО́Р,
горад у Егіпце, на правым беразе р. Ніл. Узнік на месцы стараж. Фіў (сталіца Егіпта ў 21—11 ст. да н.э.). Каля 60 тыс.ж. (1997). Цэнтр рамесніцкай вытв-сці. Кліматычны курорт. Турызм.
На зах. ускраіне Л. стараж.-егіп. храм багоў Амона-Ра, Мут і Хансу. Уключае прамавугольны двор з падвойнай каланадай, калонную залу-гіпастыль з 32 калонамі, свяцілішча, уваходны пілон і вял.цэнтр. каланаду (усе 2-я пал. 15 ст. да н.э., арх. Аменхатэп Малодшы, аўтары дэкору арх. браты Горы і Суці), 2-і пілон (фланкіраваны 6 калонамі Рамсеса II) і двор, абкружаны 74 калонамі са статуямі фараонаў паміж імі (1317—1251 да н.э., арх. Бекенхонсу). Алеяй сфінксаў злучаўся з Карнакам. У храме ўвасобіліся арх. тэндэнцыі эпохі Новага царства (16—11 ст. да н.э.) — імкненне да грандыёзнасці прасторавай кампазіцыі, яе развіццё па падоўжнай восі, урачыстасць, шырокае выкарыстанне разнастайных па формах калон (лотаса і папірусападобных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯПУНО́Ў (Барыс Міхайлавіч) (6.8.1862, с. Балабонава Ніжагародскай вобл., Расія — 22.2.1943),
расійскі мовазнавец-славіст. Акад.АНСССР (1923; чл.-кар. 1907), Польскай АН (1930), чл.-кар. Балгарскай (1932) і Чэшскай (1934) АН. Брат А.М.Ляпунова і С.М.Ляпунова. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1885). Вучань В.Ягіча. Выкладаў з 1892 у Харкаўскім, з 1900 у Новарасійскім ун-тах. Праф. ун-таў у Адэсе (1903—23), Ленінградзе (1924—29). Належаў да лінгвістычнай школы П.Фартунатава. Працы па гісторыі праслав. мовы, параўнальнай фанетыцы і граматыцы, гісторыі і этымалогіі слав. моў: «Даследаванне пра мову сінадальнага спіса 1-га Наўгародскага летапісу» (вып. 1, 1899), «Формы скланення ў стараславянскай мове» (1905), літаграфаваны курс лекцый па параўнальнай фанетыцы слав. моў (1913—14) і інш. Аўтар нарысаў пра дзейнасць рус. і замежных філолагаў-славістаў канца 19—1-й пал. 20 ст. (Я.Карскага, Ф.Пастрнека, А.Патабні, М.Фасмера, А.Шахматава, Л.Шчэрбы, Ягіча і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМО́НІЧЫ,
беларускія купцы, грамадскія дзеячы ВКЛ, кнігавыдаўцы. Род М. паходзіў з Магілёўшчыны. Верагодна, у 1-й пал. 16 ст. М. перасяліліся ў Вільню, дзе Іван М., заможны купец і член рады Вільні, быў набілітаваны (атрымаў шляхецтва з гербам «Ліс»). Найб. вядомыя:
Кузьма (?—16.7.1607?), сын Івана. Заможны купец, член рады Вільні, шэраг гадоў быў бурмістрам. У 1570-х г. фінансаваў выдавецкую дзейнасць у Вільні П.Мсціслаўца, пасля заснаваў уласную друкарню (гл.Мамонічаў друкарня). Лукаш (?—19.10.1606), сын Івана. Староста дзісенскі, з 20.12.1585 скарбны гаспадарскі. Меў некалькі маёнткаў. Фінансаваў друкарню і дастаўляў паперу з уласнай паперні ў маёнтку Павільня. Лявон (? — пасля 1625), сын Кузьмы. Член рады Вільні. Прыхільнік канцлера ВКЛ Л.Сапегі. Удзельнічаў у рабоце друкарні з 1593. У 1610 дамогся ад караля закрыцця правасл.Віленскай брацкай друкарні. У 1614 атрымаў тытул «друкар Яго Каралеўскай Мосці». Пасля 1624 перадаў друкарню базыльянам.