ГРЫН ((Green) Джордж) (14.7.1793, Снейнтан, цяпер у межах г. Нотынгем, Вялікабрытанія — 31.3.1841),
англійскі матэматык. Самастойна вывучаў матэматыку, потым скончыў Кембрыджскі ун-т (1837). Навук. працы па матэм. фізіцы. Развіў тэорыю электрычнасці і магнетызму, увёў паняцце патэнцыялу, устанавіў сувязь паміж інтэграламі па аб’ёме і па паверхні, што абмяжоўвае гэты аб’ём (гл.Грына формулы), вывеў асн. ўраўненне тэорыі пругкасці. Яго імем названа т.зв. функцыя распаўсюджвання (гл.Грына функцыя).
Літ.:
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАЛЬКАМА́НІЯ (франц. décalcomanie),
паліграфічны спосаб вырабу пераводных відарысаў (дзіцячых малюнкаў, ярлыкоў і інш.), прызначаных для пераносу на тканіну, метал, фарфор, шкло, дрэва і інш.паверхні. Для друкавання відарысаў (у залежнасці ад метадаў іх пераносу) выкарыстоўваюцца водаўстойлівыя або тэрмапластычныя лакі і фарбы, спец. фарбы, вырабленыя на аснове смол. Друкуецца відарыс спосабам плоскага друку (літаграфіяй) на паперы са спец. пакрыццямі ці палімернай плёнцы, пад уздзеяннем вады, цяпла або ціску аддзяляецца ад падкладкі, на якой быў надрукаваны, і пераносіцца на патрэбную паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРНАВА́ННЕ (ад ням. Dorn метал. шып, дорн),
1) утварэнне адтуліны («прашыванне») у нагрэтым злітку для атрымання загатоўкі трубы.
2) Апрацоўка адтулін (каліброўка) для павышэння дакладнасці іх формы і памеру, памяншэння шурпатасці і ўмацавання паверхневага слоя. Робіцца ратацыйным дорнам на такарных, расточных і інш. станках. Асн. элемент ратацыйнага дорна — шарыкі (або ролікі) з загартаванай сталі, якія пры абкочванні бесперапынна прыціскаюцца да паверхні, што апрацоўваецца. На Беларусі комплекс ратацыйных дорнаў створаны пад кіраўніцтвам Я.Р.Канавалава (Залаты медаль на Лейпцыгскім кірмашы ў 1967).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛО́БУС (ад лац. globus шар),
картаграфічны відарыс на паверхні шара, які захоўвае геам. падабенства контураў і суадносіны плошчы. Вылучаюць геагр. глобусы, якія адлюстроўваюць паверхню Зямлі, нябеснай сферы, Месяца і інш. Глобус геагр. адрозніваюць паводле тэматыкі (агульнагеагр., паліт., тэктанічныя, кліматычныя і інш.), маштабу і прызначэння. Выкарыстоўваюць пераважна як наглядныя навуч. дапаможнікі. Найб. выкарыстоўваюць зямныя глобусы ў маштабах 1:30 млн. — 1:80 млн. Лічыцца, што першы глобус быў зроблены ням. географам і падарожнікам М.Бегаймам (1492).
дыяграма залежнасці паміж спектральным класам (т-рай паверхні) і абс. зорнай велічынёй (лагарыфмам свяцільнасці зоркі). Адкрыў Э.Герцшпрунг, даследаваў Г.Н.Рэсел. На дыяграме Герцшпрунга—Рэсела блізкія па фіз. уласцівасцях зоркі займаюць адасобленыя вобласці: галоўную паслядоўнасць зорак (вакол яе размяшчэння большасць вядомых зорак), паслядоўнасці звышгігантаў, яркіх і слабых гігантаў, субкарлікаў і белых карлікаў. Па месцы зоркі на дыяграме Герцшпрунга—Рэсела можна вызначыць яе ўзрост, стадыю эвалюцыі.
Герцшпрунга—Рэсела дыяграма для зорак плоскай складальнай Галактыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖГУ́ЦІКІ,
ніткападобныя рухомыя цытаплазматычныя вырасты цела ў жгуцікавых, многіх бактэрый, зааспор, сперматазоідаў раслін і жывёл. Служаць пераважна для перамяшчэння ў вадкім асяроддзі. У клетцы бывае 1—4 (зрэдку больш) Ж. Структура Ж. складаная: звонку тонкая мембрана (пелікула), за ўнутр. поласці цытаплазма. Падоўжная вось складаецца з 2 цэнтр. і 9 перыферычных (простых або падвойных) вельмі тонкіх ніцей (фібрыл). У аснове Ж. — 2 перпендыкулярныя базальныя цельцы. Рухаюцца пераважна хвалепадобна. Знаходзяцца з аднаго, абодвух бакоў або па ўсёй паверхні клеткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ДЗЬЯК (Kadiak) востраў у Ціхім ак. каля зах. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі
(ЗША, штат Аляска). Аддзелены ад мацерыка прал. Шэліхава. Пл. 9,5 тыс.км. Берагі стромкія, парэзаныя фіёрдамі. Рэльеф гарысты. Выш. да 1353 м. Большая ч.паверхні ўкрыта вулканічным попелам (магутнасць да 6 м),
прынесеным з п-ва Аляска пры вывяржэнні вулкана Катмай (1912). Клімат умераны вільготны. Ападкаў да 1600 мм за год. Высакатраўныя лугі і горныя тундры, участкі лясоў. Фауністычны рэзерват Кадзьяк. Рыбалоўства (селядзец, нерка). Найб. населены пункт — Кадзьяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДЗЯНО́Е ПО́КРЫВА,
ледзяныя ўтварэнні, якія ўкрываюць у халодны перыяд года паверхні акіянаў, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў, а таксама прынесеныя цячэннямі і вятрамі з суседніх раёнаў. У морах і акіянах высокашыротных абласцей існуе на працягу ўсяго года. Марская вада з пачатку замярзання праходзіць стадыі ўтварэння лёду: іголкі, сала, ніласавыя льды (таўшчыня ад 1 да 10 см), маладыя — шэрыя, шэра-белыя і белыя (ад 10 да 100 см). У палярных абласцях шматгадовае Л.п. дасягае таўшчыні 2,5 м і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІМА́ЛЬНАЯ ПАВЕ́РХНЯ,
паверхня, сярэдняя крывізна якой ва ўсіх пунктах роўная нулю. Выяўляецца пры рашэнні варыяцыйнай задачы знаходжання такой прасторавай паверхні, якая мае найменшую (мінімальную, адсюль назва) плошчу сярод блізкіх паверхняў з той жа зададзенай мяжой. Тэорыя М.п. цесна звязана з тэорыяй аналітычных функцый і варыяцыйным злічэннем, развівалася ў працах Ж.Л.Лагранжа, Г.Монжа і інш. Эксперыментальны спосаб адшукання М.п. з дапамогай мыльнай плёнкі, нацягнутай на драцяны каркас, прапанаваў бельгійскі фізік Ж.Плато. Прыклады М.п.: плоскасць, вінтавая паверхня, катэноід.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСА́,
атмасферныя ападкі ў выглядзе кропель вады, якія асаджаюцца пры дадатнай тэмпературы на паверхні зямлі, раслін, наземных прадметаў вечарам, ноччу ці раніцай. Утвараецца ў выніку ахаладжэння паветра і кандэнсацыі вадзяной пары на асобных паверхнях, т-ра якіх апускаецца ніжэй пункту расы ў выніку страты цяпла выпраменьваннем. Утварэнню Р. спрыяе яснае надвор’е і слабы вецер. Колькасць ападкаў пры Р. невялікая (каля 0,1—0,3 мм за ноч). На Беларусі за год бывае 80—120 сут з Р. (у крас.—ліст.).