На́спа1 ’насып, верх; збожжа, насыпанае звыш меры’ (Нас., Яруш.). Паводле Насовіча, ад сыпаць, насыпаць (Нас., 319).

На́спа2 ’лес, які расце на ўскраіне поля’ (Шн.), іці́ць у на́спу ’ісці ў малады лес збіраць грыбы’ (Нік. Посл.). Відаць, ад насыпаць, гл. насып ’насыпаны вал, тэраса’, параўн. рус. смал. на́спа ’насып (земляны)’, польск. naspa ’тс’, чэш. дыял. tiäspa ’тс’ (< *nasbpay гл. Махэк₂, 390; Бязлай, 2, 215); значэнне ’малады лес’ другаснае, узнікла ў сувязі з тым, што звезенае на край поля каменне, ламачча і пад. хутка зарастала хмызняком.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́зні́к1, ла́зьнік ’сядзібны дух, дамавік, які (пераважна) знаходзіўся ў лазні’ (Нік., Няч., Інстр. 2, Бяд., Мат. Гом.). Да лазня (гл.). Суфіксацыя, як у хлеўнік, хатнік, гуменнік, еў нік (гл.).

Лазні́к2 ’птушка бугай малы, Ixobrychus minutus’ (Інстр. 2), відавочна, лазнік (націск на ‑ік, калі прыняць пад увагу гнездаванне птушкі — у лазняках і чароце — БелСЭ, 2, 441). Да лаза (гл.). Лексема ўзнікла ў выніку універбізацыі словазлучэння, якое складалася з прыметніка і назоўніка, параўн. стол. лозяный вовк, петрык. лозяны воўчок ’тс’ (Нікан.). Аналагічна польск. trzcinnik ’тс’ < trzcina ’чарот’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буко́та1 ’ўзгорак на лузе, на якім расце вяз’ (слаўг., Яшкін). Утварэнне ад гукапераймальнага дзеяслова *bukati, дакладней ад яго «ўзмоцненай» формы *buk‑ot‑ěti ’гучаць, шумець і г. д.’ Да семантыкі параўн. бу́чаё (гл.), там і паралелі з іншых слав. моў. Параўн. яшчэ бу́хта, буко́та2, букта. Цікава, што ў бел. мове буко́та мае два значэнні: ’узгорак’ і ’глыбокае месца ў рацэ’. Дакладная семантычная паралель да гэтага — укр. бе́лебень ’узвышша’; ’глыбокае месца ў вадзе’ (аб матывацыі гл. пад бу́чаё).

Буко́та2 ’глыбокае месца’. Гл. бу́кта.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касцю́лька ’вус аржанога або ячнага коласа’ (Касп.), ’асцюк’ (Сл. паўн.-зах.), ’асцюлька, асцюк’ (Бяльк.). Параўн. у рус. мове (у Даля, пад костерь) костюлька. Фармальна ўтварэнне ад *kostь ’косць’ суфіксам ‑иіька (< ‑иІ(ь) + (ь)ка) з функцыяй памяншальнасці. Трэба звярнуць увагу на значэнні прасл. слова *kostь, што прыводзяцца ў Трубачова, Эт. сл., 11, 168. Сярод асноўвай семантыкі (’косць і да т. п.’) у двух выпадках сустракаюцца іншыя значэнні: польск. kość ’ільняная кастрыца’ і рус. кость ’тс’ (пск.). Такая семантыка вельмі добра падыходзіць для тлумачэння слова касцюлька.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сарамя́жы ’сарамлівы, канфузлівы’ (ТСБМ, Гарэц., Янк. 1, Байк. і Некр., Мат. Гом., Ян., Сл. ПЗБ), сарамя́жлівы (Касп., Сцяшк., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сарамя́жны (Байк. і Некр.) ’тс’. Укр. соромʼя́жний, соромяжли́вий, ст.-рус., ц.-слав. срамѧживъ, срамѧжьливъ, ст.-рус. соромяживый, соромяжьливый, польск. старое sromieżliwy, н.-луж. sromjažlmy, серб.-харв. сра́меж ’сорам’, славен. srameźljiv ’сарамлівы’. Ад *sormęga, (гл. сарамяга) з рознымі суф. (Брукнер, 511; Шустар-Шэўц, 2, 1351); па апошняй прычыне прасл. форму узнавіць цяжка. Формы сарамя́злівы, сарамя́злівы (беласт., лях., Сл. ПЗБ), магчыма, пад польскім уплывам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скі́нуцца ‘распрануцца’, ‘прыкінуцца’ (Ян.), ‘распрануцца да галізны, поўнасцю распрануцца’ (Янк. 3.), ‘ператварыцца (у што), пераварочвацца (у каго)’ (Нар. Гом., Растарг.), ‘падскочыць, ускінуцца’, ‘перакінуцца, ператварыцца’ (ТС). Паводле Янкоўскага (Янк. 3., 117), звязана з тэхналогіяй пераўвасаблення праз Тв. скл. т. зв. скідвання — ператварэння, што грунтуецца на змешванні, параўн. ячмень аўсом скінуўся (там жа), г. зн. ‘моцна засмечаны аўсом’, параўн. скинимся травинаю (Растарг.), воўком мог скінуцца (ТС) і пад. Да скінуць, кінуць (гл.); Санько (Крыўя, 1996, 1, 91) мяркуе, што тут назіраецца ўплыў літ. kisti (kiñto, kito) ‘мяняцца, змяняцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕЛАРУ́СКАЯ ГРАДА́,

1) фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Займае ПнУ Гродзенскай, ПнЗ і Пн Мінскай, Пд Віцебскай абласцей. Мяжуе на Пн з акругай Беларускае Паазер’е, на ПдЗз Зах.-Бел., на ПдУз Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі. Працягнулася з З на У больш як на 350 км, з Пн на Пд на 20—120 км; пл. каля 13 тыс. км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Ашмянскае ўзвышша, Мінскае ўзвышша, Аршанскае ўзвышша (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -200 м на З да -1400 м на У, перакрыты асадкавымі пародамі верхняга пратэразою, палеазою (дэвону), мезазою (мелу) і кайназою (палеагену, неагену, антрапагену). Тоўшча антрапагенавых адкладаў 100—180 м, месцамі да 300 м. Утварэнне сучаснага рэльефу Беларускай грады звязана з сожскім ледавіком. У час паазерскага зледзянення памнажаліся лёсападобныя адклады. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, мінер. вада.

На Беларускай градзе самыя высокія адзнакі рэльефу Беларусі, найбольшыя Дзяржынская гара (345 м над узр. м), г. Лысая (342 м), г. Маяк (335 м). Градава-ўзгорысты канцова-марэнны рэльеф з прымеркаваным да яго буйнаўзгорыстым (абс. вышыні больш за 250 м, адносныя перавышэнні да 50—80 м) мае выгляд невысокіх гор са стромкімі (да 30°) схіламі. Складзены з пясчана-жвірова-галечнага матэрыялу або марэнных супескаў і суглінкаў з валунамі. Характэрны гляцыядыслакацыі, адорвені. Сярэдне- і дробнаўзгорысты марэнны рэльеф, укрыты лёсападобнымі пародамі, мае згладжаную, месцамі платопадобную паверхню з абс. адзнакамі 220—250 м, адноснымі перавышэннямі да 50 м. Трапляюцца суфазійныя западзіны, лагчыны, яры. Месцамі развіта «другасная» дэнудацыйная марэнная раўніна з катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Уздоўж рачных далін зандравыя раўніны, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Пра клімат гл. ў арт. Беларуска-Валдайская правінцыя.

Беларуская града — водападзел паміж бас. рэк Чорнага (Бярэзіна, Свіслач, Гайна, Бобр, вытокі Пцічы і Друці ў бас. Дняпра) і Балтыйскага (вытокі Абалянкі і Усвейкі ў бас. Зах. Дзвіны; Вілія ў верхнім цячэнні з Ушой, Бярэзіна з Іслаччу, Сулой і Усой у бас. Нёмана) мораў. У межах Беларускай грады Вілейска-Мінская водная сістэма, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, Вяча, Воўчкавіцкае, Камсамольскае воз. і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя на марэнных, месцамі лёсападобных суглінках і супесках, радзей на водна-ледавіковых пясках. Па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Зах. і цэнтр. часткі Беларускай грады ў межах Ашмянска-Мінскай геабат. акругі, усходняя — Аршанска-Магілёўскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць на асобных узвышшах 20—60%. Пераважаюць хваёвыя, шыракаліста-яловыя лясы, трапляюцца дубровы. Пад с.-г. ўгоддзямі 40—60% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк Белая Русь, заказнікі ландшафтныя Прылуцкі, Прылепскі, Лысагор’е, біялагічныя Антонава, Лебядзіны, Радашковіцкі і інш. Курорт Ждановічы, зоны адпачынку.

2) Шырокая паласа градава-ўзгорыстага канцова-марэннага рэльефу, якая цягнецца з З на У праз усю тэр. Беларусі (ад Гродна да Оршы). Найвышэйшая частка краявых ледавіковых утварэнняў Еўропы. Уключае Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы (гл. асобныя арт.).

Літ.:

Краевые образования Белорусской гряды. Мн., 1990;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.

Н.​К.​Кліцунова.

т. 2, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

запусці́ць 1, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. чым у каго-што. Кінуць з размаху. [Шаманскі] скамячыў снежку і запусціў у.. [Валянціну], знарок завысіўшы. Дуброўскі. Муляр схапіў камяк сухой вапны, крыкнуў і запусціў яго ў варону. Карпюк.

2. Прымусіць падняцца, узляцець. Запусціць змея. Запусціць штучны спадарожнік Зямлі. Запусціць ракету.

3. Прывесці ў дзеянне; пусціць. Запусціць станок. Запусціць матор. // Пачаць, наладзіць масавы выраб чаго‑н. Запусціць новую мадэль у вытворчасць.

4. Разм. Засунуць куды‑н. унутр; апусціць. [Віктар] ёмка прыладзіўся на галіне і запусціў у дупло руку. Маўр. Кожнаму, хто хацеў паласавацца мёдам, давалася права падысці да стала і запусціць у цёрла руку з кавалкам хлеба. Колас. // Усадзіць, уваткнуць у што‑н. Запусціць джала. □ Дзяцел заўзята супраціўляўся, і сычык, які запусціў яму ў спіну кіпцюры, не мог разлічваць на хуткую перамогу. Самусенка.

5. Змясціць, упусціць куды‑н. з пэўнай мэтай. Запусціць малькоў карпа ў сажалку. // Разм. Дазволіць зайсці, пусціць куды‑н. Запусціць кароў у лес.

6. Разм. Уліць, упырснуць куды‑н. Пчала запусціла яд. □ Тым часам доктар запусціў морфію. Нікановіч.

7. без дап. Разм. Вельмі хутка пабегчы, паехаць і пад. Запусціць рыссю.

•••

Запусціць руку (лапу) у што — незаконна захапіць што‑н., пакарыстацца чым‑н. чужым.

запусці́ць 2, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Пакінуўшы без догляду, без увагі, прывесці ў стан заняпаду; закінуць, занядбаць. Запусціць работу. Запусціць гаспадарку. □ А вучобу я ўсё-такі запусціў і апошні курс расцягнуў на два гады. Якімовіч. // Даць развіцца (хваробе), не прыняўшы своечасова пэўных мер. Запусціць хваробу.

2. Перастаць стрыгчы, даць магчымасць вырасці (пра валасы, ногці і пад.). Запусціць бараду. □ Яшчэ ў семінарыі Алёшка запусціў сабе вусікі. Колас.

3. Перастаць апрацоўваць, даць зарасці травой, пустазеллем. Запусціць зямлю.

4. Перастаць даіць перад ацёлам. Запусціць карову.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак.

1. Ступіўшы адзін або некалькі крокаў назад, убок, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н.; адступіць. «Ці ісці, ці не?» — усумніўся Рыгор і нават адступіўся некалькі крокаў ад брамы. Гартны. Бачу, што чалавек.. зусім не жадае са мною гаварыць. І я адступіўся ад дзвярэй. Кавалёў. // Саступіўшы ўбок, перастаць засланяць дарогу, святло каму‑, чаму‑н. Бяссонаў адступіўся, прапусціў машыну паўз сябе. Мележ.

2. перан. Аказацца на далейшай адлегласці ад чаго‑н. Ясеняў і цяпер многа па дварах, хоць вёска даўно ўжо адступілася ад лесу. Арочка.

3. перан. Адмовіцца ад чаго‑н.; перастаць дамагацца чаго‑н. Саўка хацеў паквітацца з войтам і яго прыяцелямі, парваць з імі кантакт і адступіцца ад той бруднай ролі, на якую падбілі яго. Колас. // Адкаснуцца, адчапіцца. [Ганна:] — Як жа адступіцца ад гэтых сватоў, ад бяды гэтай, — каб бацька зразумеў, ухваліў яе, каб мачыха не асудзіла. Мележ. Я думаў, стражнікі пабаяцца нас дваіх і адступяцца. Не будуць жа яны страляць у нас! Якімовіч.

4. Парваць адносіны, сувязь з кім‑н.; пакінуць каго‑н. па волю лёсу; адвярнуцца ад каго‑н. [Вялічка:] — Максім, калі будзе што са мною — не адступіся ад майго Уладзі, як бы я табе прыпаручыў яго. Чорны.

5. Перастаць прытрымлівацца (абяцанняў, поглядаў, перакананняў і пад.), адрачыся ад чаго‑н. Адступіцца ад прысягі. □ Справядлівасць вымагае зазначыць, што не было яшчэ такога здарэння, каб Самабыліха адступілася ад свайго слова. Колас. // Пайсці на прымірэнне, згоду. Ганна чула душою адно: адумаўся, адступіцца рашыў [Васіль]. Мележ.

6. перан. Адысці, аддаліцца ад першакрыніцы, ісціны і пад. [Сакратар:] — Ты ж глядзі, каб ні на крок не адступіўся ад тэксту. Сабаленка. [Завуч:] — І калі.. [карэспандэнт] не напіша пра твае ўцёкі, то адступіцца ад праўды. Рунец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разуме́ць, е́ю, ‑е́еш, ‑е́е; незак.

1. каго-што. Усведамляць, спасцігаць розумам сэнс, змест і пад. чаго‑н.; асэнсоўваць. Разумець заданне. Разумець тэкст. Разумець міміку і жэсты нямога. □ [Андрэй:] — Я цябе паважаю, Кузьма, як чалавека вучонага, і люблю паслухаць тваю гутарку, хоць ты гаворыш так разумна, што я не ўсё разумею. Колас. Іліко пачуў некалькі слоў на рускай мове. Ён ужо навучыўся адрозніваць гэтую выразную, чоткую, адрывістую мову ад іншай, але не разумеў яшчэ ні слова. Самуйлёнак. // Разбірацца ў думках, паводзінах, учынках, намерах каго‑н. Чалавек, як не трэба лепш, разумеў ужо свайго начальніка. Чорны. Дзяцей пісьменнік той не меў і іх не разумеў ніколі. Таму ў творах не было ніводнай кропелькі жывога. Корбан.

2. што і з дадан. сказам. Ведаць, здагадвацца аб чым‑н., усведамляць што‑н. Разумець сваю памылку. □ Міколка разумеў, што трапілі яны з дзедам у бяду. Лынькоў. [Чарнеў] бачыў і разумеў, што Міхалу яго выбар не падабаецца. Васілевіч.

3. каго-што і без дап. Быць дасведчаным у чым‑н.; магчы разбірацца ў чым‑н., меркаваць пра што‑н. Разумець музыку. □ Свайму настаўніку, які вучыў разумець і любіць літаратуру, Канстанцін Міхайлавіч прысвяціў некалькі адвячоркаў. Лужанін. Сам пан Вальвацкі нічога ў гаспадарцы не разумеў. Крапіва. // Мець пэўны погляд на што‑н., пэўную думку наконт чаго‑н. Важна тое, як крытык разумее сучаснасць у літаратуры. «Полымя». Я так каханне разумею: Калі кахаеш сапраўды, Ідзеш да любай у завею, А глянеш — расцвітуць сады. Прануза.

4. каго-што. Падразумяваць, мець на ўвазе. Пад лексікай разумеюць усю сукупнасць слоў мовы.

5. у знач. пабочн. разуме́еш (разуме́еце). Ужываецца з мэтай падкрэсліць што‑н., звярнуць увагу на што‑н.

•••

Вось гэта я разумею! гл. я.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)