ФЕРНА́НДЭС (Fernández) Эміліо (26.3.1904, Онда, Мексіка — 6.8.1986),

мексіканскі кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр. Па паходжанні індзеец. З 1928 здымаўся ў кіно, пісаў сцэнарыі. Яго фільм «Марыя Кандэлярыя» (1944, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) сведчыў пра нараджэнне новай самабытнай кінашколы. Выкарыстанне індзейскага нац. фальклору, спалучэнне прыгажосці і трагедыйнасці, пластычная выразнасць і жывапіснасць выяўлення ўласцівы яго фільмам «Пакінутыя» і «Бугамбілья» (1944), «Пепіта Хіменес» (1945), «Закаханая» (1946), «Жамчужына» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Рыо Эскандыда» (1948), «Сельская дзяўчына» (1949), «Дзень жыцця» (1950), «Чока» (1974), «Чырвоная зона» (1975), «Эротыка» (1978) і інш.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁРСТЭР (Foerster) Іосеф Багуслаў (30.12.1859, Прага — 29.5.1951),

чэшскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Чэхаславакіі (1945). Скончыў Арганную школу ў Празе (1882). З 1903 праф. Новай кансерваторыі ў Вене, з 1919 — Пражскай кансерваторыі. У 1931—39 прэзідэнт Чэш. акадэміі навук і мастацтваў. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Ева» (паст. 1899), меладрамы; 5 сімфоній (1888—1929); 2 араторыі; 4 кантаты (1889—1946), у т. л. «1945» (1945); камерна-інстр. ансамблі; рамансы, у т. л. на вершы М.​Лермантава, А.​Пушкіна і інш. Аўтар кніг пра Э.​Грыга, Б.​Сметану, успамінаў.

т. 16, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́ЙЛІГРАТ (Freiligrath) Фердынанд (17.6.1810, г. Дэтмальд, Германія — 18.3.1876),

нямецкі паэт. У 1848—49 супрацоўнік газ. «Neue Rheinische Zeitung» («Новай Рэйнскай газеты»). У 1851—68 у эміграцыі (Лондан). Друкаваўся з 1829. Зб-кі вершаў «Сімвал веры» (1844), «Ça Ira» (1846) пра барацьбу ням. пралетарыяту. Апяваў рэв. 1848: вершы «Мёртвыя — жывым», «Рэвалюцыя», «Развітальнае слова «Новай Рэйнскай газеты». Паступова яго творчасць страціла рэв. характар, займаўся пераважна перакладамі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. М., 1956.

Літ.:

Дворкина Ю. Фердинанд Фрейлиграт. Мн., 1935;

Николаева Т.С. Поэзия немецкой революции 1848 г. [Саратов], 1961.

т. 16, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРА́ПА,

руіны аднаго з гал. цэнтраў харапскай цывілізацыі (археал. культура сярэдзіны 3-га тыс. — 17—16 ст. да н.э. на тэр. сучасных Індыі і Пакістана) каля старога рэчышча р. Раві ў Пенджабе. Паселішча адкрыта ў 1921. Займала плошчу больш за 260 га і складалася з цытадэлі, умацаванай сцяной з вежамі, і ніжняга горада, які меў выразную планіроўку, падзел на кварталы, адасобленыя вытв. комплексы (збожжасховішча, мукамольні, ліцейныя майстэрні). Пра развіццё рамёстваў сведчаць знаходкі керамікі, медных і бронзавых прылад (нажы, сярпы, пілы і інш.), зброі (наканечнікі стрэл і коп’яў, мячы і інш.).

т. 16, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕО́ПС (грэч. Cheops), Хуфу (егіп.),

егіпецкі фараон пач. 27 ст. да н.э. Захаваліся рэшткі летапісу часоў яго праўлення, наскальны барэльеф, на якім адлюстравана перамога Х. над бедуінамі ў Вадзі-Магхара (раён медных руднікоў і бірузовых капальняў на Сінайскім п-ве). Імя Х. выяўлена ў дыярытавых каменаломнях на Пн Нубіі на ПнЗ ад Абу-Сімбела. Герадот у апісанні стараж.-егіп. традыцый пра буд-ва пірамід характарызуе Х. як дэспата, які прымусіў усё насельніцтва Егіпта працаваць на сябе, загнаўшы краіну ў бедства. Піраміда Х. ў Гізе — найбуйнейшая з егіп. пірамід.

т. 17, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЯЛЬНІ́ЦКІ Цімафей (Цімох) Багданавіч (каля 1632—25.9.1653),

удзельнік вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Сын Б.Хмяльніцкага. Вясною 1648 быў пакінуты заложнікам у крымскага хана, з якім Б.​Хмяльніцкі вёў перагаворы пра заключэнне саюза супраць Польшчы. З 1648 чыгірынскі сотнік, удзельнічаў у шматлікіх паходах і бітвах (пад Піляўцамі, Зборавам, Берасцечкам, Батагом); у 1650 — у паходзе ў Малдавію з мэтай разарваць яе саюз з Польшчай. У 1652, вясною і летам 1653 узначальваў паходы ў Малдавію. Загінуў у час аблогі валошскімі, венг. і польскімі войскамі занятага ім г. Сучава (Румынія).

т. 17, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАБАЛІ́Н Аляксандр Андрэевіч (н. 15.7.1938, в. Пухавічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. публіцыст, празаік. Засл. дз. культ. Беларусі (2000). Скончыў БДУ (1970). Працаваў у перыяд. друку, апараце ЦК КПБ. У 1978—2003 гал. рэдактар час. «Беларусь». Друкуецца з 1958. Аўтар кніг публіцыстыкі «Мы жывём у вёсцы» (1974, з С.​Барадоўскім), «Уладзімір Кавалёнак» (1983), «Дыялогі пра мараль» (1983). Піша апавяданні. Адзін з аўтараў сцэнарыяў дакумент. тэлевізійных і маст. фільмаў «Твой дом на зямлі» (1973), «Людзі, людзі — высокія зоркі...» (1975), «Хто сёння адсутны» (1988) і інш.

Л.​С.​Савік.

т. 17, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЛАМЕ́НЦАВА (Шэламенцава) Людміла Сяргееўна

(н. 28.5.1937, г. Растоў-на-Доне, Расія),

бел. піяністка, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1998). Праф. (1996). Скончыла Бел. кансерваторыю (1962; кл. М.​Бергера). З 1962 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі, адначасова з 1988 у муз. каледжы пры акадэміі (з 1995 заг. фартэпіяннага аддз.). Пра яе зняты тэлефільм «Людміла Шаламенцава» (1998) з серыі «Творцы».

Літ.:

Капуста А. Людміла Шаламенцава: «Мэта педагога — узгадаваць асобу...» // Мастацтва. 1999. №6;

Латушка Н. Калі вучні «перамагаюць» Амерыку... // Там жа. 2002. № 3/4.

І.​Л.​Чэбан.

т. 17, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎЧО́НАК Марыя Сіланцьеўна (н. 11.5.1944, в. Новы Востраў Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1965). З 1965 настаўнічала, працавала ў Шчучынскай раённай газеце, з 1978 на Гродзенскай абл. студыі тэлебачання, у выд-ве Ін-та сучасных ведаў, на радыё «Гродна». З 2001 гал. рэдактар альманаха «Нябесны знак». Друкуецца з 1954. У паэт. зб-ках «Белая ластаўка» (1971), «Свята зямлі» (1976), «Бацькоўскае імя» (1981), «Раса-расінка» (1985) і інш. роздум пра жыццё і каханне, пераемнасць пакаленняў, паэтызацыя прыроды. Некат. вершы Ш. пакладзены на музыку.

т. 17, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАХ Соф’я Мікалаеўна (н. 29.11.1947, в. Лясец Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла Мазырскі (1970) і Мінскі (1980) пед. ін-ты. Настаўнічае. Друкуецца з 1972. У паэт. зб-ках «І не пакіне спадзяванне» (1989), «Пад высокай лагодай нябёс» (1995) роздум пра жыццё і яго сэнс, жаночая доля, шчасце кахання. Аўтар кніг вянкоў вянкоў санетаў «Адухаўленне» (2000), «Прысвячэнне» (2001), «Прызначэнне» (2002), зб. вянкоў санетаў «На ўсё дабро ў адказ» (2003). Піша для дзяцей.

Тв.:

На скрыжаванні спеўных дзён // Лагодны промень раніцы. Мн., 1988.

т. 17, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)