САЛАМІ́РСКАЕ ВО́ЗЕРА У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 20 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,4 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 5,5 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 3—6 м, спадзістыя, пад лесам і хмызняком, часткова разараныя. Пойма шыр. 10—300 м, забалочаная, укрыта хмызняком. Берагі нізкія, забалочаныя, на ПнЗ, Пн і У сплавінныя. 3 залівы. Дно плоскае, у прыбярэжнай зоне да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей сапрапелістае. Зарастае. Упадае ручай з воз. Ляшчынава. Пасяленні баброў.

т. 14, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМААПЫЛЕ́ННЕ,

працэс пераносу пылку з пыльнікаў кветкі на рыльца песціка той самай кветкі або інш. кветкі адной расліны. У адных раслін С. — аблігатны (асноўны) спосаб апылення (авёс, пшаніца, некат. крыжакветныя), у другіх — факультатыўны (рэзервовы), выкліканы неспрыяльнымі ўмовамі. Звычайна адбываецца пад канец цвіцення, рэдка да яго пачатку. Пастаяннае С. бывае часцей у аднагадовых раслін. Эвалюцыя кветкавых раслін ішла па шляху выпрацоўкі шматлікіх прыстасаванняў, якія перашкаджаюць С. і спрыяюць перакрыжаванаму апыленню. Але ў большасці яно спалучаецца з С., таму што генет. С. спрыяе стабілізацыі адзнак віду, а перакрыжаванае — розным камбінацыям і ўзмацненню ўнутрывідавой зменлівасці. Прыватны выпадак С. — клейстагамія.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л МО́ЛАДЗІ (СІМ),

міжнародная маладзёжная арг-цыя сацыял-дэмакр. кірунку. Засн. на Міжнар. канферэнцыі сацыяліст. саюзаў моладзі (24—26.8.1907, г. Штутгарт, Германія), да 1912 аб’ядноўваў каля 170 тыс. чл. маладзёжных арг-цый 17 краін. У 1-ю сусв. вайну фактычна распаўся. Пад уплывам Кастр. рэвалюцыі 1917 значная ч. арг-цый, што ўваходзілі ў СІМ, перайшла на камуніст. пазіцыі і ў ліст. 1919 засн. Камуністычны інтэрнацыянал моладзі. Адноўлены ў 1923 на міжнар. канферэнцыі ў г. Гамбург (Германія). Прымыкаў да Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала, распаўся ў пач. 2-й сусв. вайны. Пераемнікам СІМ стаў засн. ў 1946 Міжнар. саюз маладых сацыялістаў.

т. 14, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВА́СТЫКА (санскр.),

знак у выглядзе крыжа з загнутымі пад прамым вуглом канцамі. Першапачаткова меў культавае значэнне ў некат. стараж. народаў; атрымаў распаўсюджанне як арнаментальны матыў у мастацтве Індыі, Кітая, Японіі, Грэцыі, на в-ве Сіцылія і інш. (выявы С. на стараж. вазах, манетах, помніках сярэдневяковага мастацтва). Некат. гаршкі 11—13 ст., знойдзеныя пры раскопках стараж. гарадоў Беларусі, мелі на донцах рэльефнае кляймо ў выглядзе С. Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны (1939—1945) С. выкарыстоўвалася як цэнтр. элемент кампазіцыі дзярж. сцяга фаш. Германіі, стала эмблемай нацызму, сімвалам варварства, насілля, генацыду.

т. 14, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЦКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства ў складзе ВКЛ на р. Бярэзіна ў 14 ст. Цэнтр — в. Свіслач (цяпер Асіповіцкі р-н Магілёўскай вобл.). Адзіны вядомы князь Сямён Свіслацкі ўпамінаецца ў летапісах пад 1349, калі быў пасланы вял. кн. Альгердам разам з князямі Міхаілам, Карыятам і Айкшой у пасольства да татар. Некат. гісторыкі атаясамлівалі Сямёна Свіслацкага з Сямёнам, сынам вял. кн. Яўнута (гл. ў арт. Заслаўскія) або з Сямёнам Ямантовічам (гл. ў арт. Ямантовічы). У 1387 вял. кн. Ягайла перадаў Свіслацкую воласць разам з іншымі землямі ў пажыццёвае ўладанне Скіргайлу. Пасля Свіслач — дзярж. ўладанне.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВІ́СЛАЧ»,

гасцініца ў Мінску. Пабудавана ў 1938 (арх. А.​П.​Воінаў). Да 1987 наз. «Беларусь». У кампазіцыі 5-павярховага будынка вылучаны 6-павярховы вуглавы паўкруглы ў плане аб’ём з цэнтр. уваходам. Да яго пад прамым вуглом прымыкаюць бакавыя крылы. Пластыку фасадаў ствараюць рытмічна пастаўленыя трохчвэртныя калоны без баз і капітэлей, якія падтрымліваюць атыкавы паверх. Калоны цэнтр. ч. найб. па маштабе. У Вял. Айч. вайну гасцініца спалена, адноўлена паводле праекта аўтара ў 1947. У 1978 рэстаран гасцініцы рэканструяваны і расшыраны (арх. Л.​Мельнік, інтэр’еры аформлены скульпт. А.​Глебавым).

А.​А.​Воінаў.

Гасцініца «Свіслач».

т. 14, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРПЕНТА́РЫЙ [ад лац. serpens (serpentis) змяя],

памяшканне для масавага ўтрымання змей з мэтай атрымання ад іх яду; разнавіднасць тэрарыума. Бываюць таксама дэкар. і дэманстрацыйныя (у заапарках). Першы С. створаны ў Парыжы (1895), потым у Бразіліі (1899). На Беларусі С. існуюць у в. Шчытоўка Сенненскага р-на (з 1987), у пас. Бараўляны пад Мінскам (1988). С. Туркменіі і Азербайджана спецыялізуюцца на атрыманні яду гюрзы, кобры, эфы; Бішкекскі (Таджыкістан), Падмаскоўны (Расія), на Беларусі С. працуюць з гадзюкай звычайнай. Змяіны яд выкарыстоўваецца пераважна ў фармацэўтычнай і біяхім. прам-сці (вырабляецца больш за 30 лек. прэпаратаў).

т. 14, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРЭНА́ДА (франц. sérénade, італьян. serenata ад sera вечар),

1) вячэрняя песня пад акампанемент лютні, мандаліны ці гітары, звернутая да каханай. Узнікла ў Італіі, пашырылася ў паўд.-раманскіх народаў. Пазней стала жанрам камернай вак. музыкі. Сярод вядомых камерных вак. С. «Начны зефір» М.​Глінкі, «Пецярбургскія серэнады» А.​Даргамыжскага, «Серэнада Дон Жуана» П.​Чайкоўскага, «Вячэрняя серэнада», «Ранішняя серэнада» Ф.​Шуберта.

2) Інструментальны муз. твор у 17—20 ст., блізкі да дывертысмента, накцюрна, касацыі. Найб. вядомыя «Хафнераўская серэнада» і «Маленькая начная музыка» В.​А.​Моцарта, «Італьянская серэнада» Х.​Вольфа, «Серэнада для струннага аркестра» Чайкоўскага.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁМКІН (Аляксей Аляксандравіч) (н. 23.9.1929, в. Крамянка Слаўгарадскага р-на, Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі чалавека. Д-р біял. н. (1994), праф. (1996). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1997). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1954). З 1957 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту Беларусі (з 1977 рэктар, з 1985 дэкан, з 2000 заг. кафедры). Навуковыя працы па вывучэнні механізмаў адаптацыі арганізма да фіз. нагрузак і яго рэзервовых магчымасцей пад уздзеяннем спарт. дзейнасці.

Тв.:

Физиологическая характеристика различных по структуре движения видов спорта. Мн., 1992;

Механизмы моторной адаптации юношеского организма к скоростно-силовым упражнениям // Мир спорта. 2000. №1.

т. 14, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІДАРО́ВІЧ (Георгій Сцяпанавіч) (21.11.1903, Мінск — 6.5.1985),

генерал-палкоўнік танк. войск (1962). Скончыў ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі (1937), Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1922: камандзір батарэі, нач. штаба дывізіёна. У Вял. Айч. вайну з 1941 нач. штаба асобнай танк. дывізіі, у штабе Гал. бранятанк. ўпраўлення Чырв. Арміі; з 1944 на 1-м Прыбалт., 1-м і 2-м Бел. франтах: нач. штаба механіз. корпуса, танк. арміі. Удзельнік баёў пад Смаленскам, Сталінградам, Кіевам, на Курскай дузе, вызвалення Беларусі, Прыбалтыкі, Усх.-Прускай аперацыі. З 1945 на адказных пасадах у войсках, цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР.

Г.С.Сідаровіч.

т. 14, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)