ГЕ́РЦЭН (Аляксандр Іванавіч) (псеўд.Іскандэр; 6.4.1812, Масква — 21.1.1870),
рускі пісьменнік, публіцыст, філосаф. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1829—33). Духоўнае развіццё адбывалася пад уплывам дзекабрыстаў, рус. л-ры, франц. асветніцтва і утапічнага сацыялізму. У 1834 за ўдзел у студэнцкім паліт. гуртку, які заснаваў разам з М.П.Агаровым, Герцэн арыштаваны і высланы ў Перм, потым у Вятку. У 1842 вярнуўся ў Маскву. У філас. працах 1840-х г. (цыклы арт. «Дылетантызм у навуцы», 1842—43, і «Пісьмы пра вывучэнне прыроды», 1845—46) матэрыялістычна вытлумачыў асновы гегелеўскай дыялектыкі. У літ. творчасці Герцэн праходзіць эвалюцыю ад рамантызму ранніх аповесцей і драм да рэалізму ў рамане «Хто вінаваты?» (ч. 1—2, 1845—46), аповесцях «Доктар Крупаў» (1847) і «Сарока-зладзейка» (1848). З 1847 у эміграцыі; еўрап.нац.-вызв. рух і рэв. ўзрушэнні адлюстраваліся ў яго творах маст. публіцыстыкі — цыклах арт. «Пісьмы з Францыі і Італіі» (1847—52) і «З таго берага» (1847—50). Пасля паражэння еўрап. рэвалюцый 1848—49 распрацаваў тэорыю «рускага сацыялізму», стаў адным з пачынальнікаў народніцтва. У 1853 заснаваў у Лондане Вольную рус. друкарню, выдаваў альманах «Полярная звезда» (1855—68) і газ. «Колокол» (1857—67; разам з Агаровым). Літ. і грамадская дзейнасць Герцэна падрыхтавала з’яўленне «Былога і дум» (1852—68) — аднаго з лепшых твораў рус. мемуарнай л-ры, у якім раскрыта цэлая эпоха духоўнага развіцця рус. інтэлігенцыі, а асабісты лёс пісьменніка ўключаны ў шырокі гіст. кантэкст. У канцы жыцця Герцэн імкнуўся зразумець і прыняць навук. сацыялізм. Падтрымліваў нац.-вызв. рух у Польшчы, Беларусі і Літве, выступаў за нац. самавызначэнне беларусаў. Выданні Вольнай рус. друкарні распаўсюджваліся на Беларусі, а газ. «Колокол» пісала пра бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, арміі і ўрадавай бюракратыі, вітала «Мужыцкую праўду» К.Каліноўскага. Народніцкія і рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна паўплывалі на станаўленне светапогляду Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча і інш.бел. пісьменнікаў. У перакладзе на бел. мову выдадзены «Былое і думы» (т. 1, ч. 1—2, 1940), раман «Хто вінаваты?», аповесці «Сарока-зладзейка», «Доктар Крупаў» і інш. (у кн. «Мастацкія творы», 1941).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—30. М., 1954—66.
Літ.:
Белинский В.Г. Взгляд на русскую литературу 1847 г. // Полн. собр. соч. Т. 10. М., 1956;
Герцен в воспоминаниях современников. М., 1956;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. М., 1966;
Птушкина И.Г. Александр Иванович Герцен. М., 1987;
Летопись жизни и творчества А.И.Герцена, 1812—1870. [Т. 1—4]. М., 1974—87.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАНДАРМЕ́РЫЯ (франц. gendarmerie ад gens d’armes узброеныя людзі),
палітычная паліцыя. Як інстытут паліт. паліцыі ўпершыню ўведзена ў Францыі (1791). У Расіі ў 1792—1817 (з перапынкамі) існавала ў якасці ваен. паліцыі пры рас. арміі. З лютага 1817 набыла самаст. характар. У Пецярбургу і Маскве былі створаны жандарскія дывізіёны, а ва ўсіх губернскіх гарадах конныя жандарскія каманды. Пасля паўстання дзекабрыстаў Ж. стала сродкам барацьбы з рэв. рухам. У 1826 у Расіі існавала 59 розных па прызначэнні жандарскіх часцей і падраздзяленняў. У 1827 Ж. аб’яднана ў корпус жандараў (у 1837—67 і 1875—1917 — асобны корпус) і падпарадкавана кіраўніку Трэцяга аддзялення ў складзе імператарскай канцылярыі, які з 1839 стаў таксама начальнікам штаба корпуса Ж. У 1867 праведзена рэформа і прынята Палажэнне аб корпусе Ж., якое з нязначнымі зменамі дзейнічала да лют. 1917. Корпус Ж. ахопліваў усю імперыю і выконваў абавязкі паліт., коннай гарадской і ваен. паліцыі. Жандарскія падраздзяленні неслі абавязкі па выяўленні і расследаванні дзярж. злачынстваў, нагляду за турмамі і паліт. вязнямі, падтрыманні парадку на чыгунцы. Ж. мела права весці вышук, тайнае назіранне, рабіць вобыскі і інш. У 1880 пасля скасавання Трэцяга аддзялення Ж. ўвайшла ў падпарадкаванне Мін-ваўнутр. спраў. У 1882 створана пасада камандзіра Асобнага корпуса Ж. Ім стаў нам. міністра ўнутр. спраў, які курыраваў дэпартамент паліцыі. Бел. губернскія жандарскія ўпраўленні (Віленскае, Гродзенскае, Мінскае, Магілёўскае і Віцебскае) уваходзілі ў склад 4-й (Віленскай) жандарскай акругі. У губернскіх гарадах існавалі ўпраўленні жандарскіх штаб-афіцэраў. У буйных нас. пунктах губерняў размяшчаліся жандарскія каманды. У 1885 у 5 бел. губернях былі 24 павятовыя ўпраўленні (па 4 у Віленскай і Мінскай губ., па 5 у Гродзенскай і Магілёўскай, 6 у Віцебскай губ.), у якія ўваходзілі 24 обер- і 263 унтэр-афіцэры. У кожным губ. горадзе было гар. ўпраўленне з адпаведным штатам чыноў, пры Віленскім гар. упраўленні існавала конная каманда. На чыгунках, якія праходзілі праз тэр.Беларусі і Літвы, для падтрымкі грамадскага парадку дзейнічалі Віленскае і Мінскае чыг. жандарскія ўпраўленні. Жандарскія падраздзяленні на тэр.Беларусі прымалі ўдзел у падаўленні паўстання 1863—64, у выкрыцці рэв. гурткоў, дзеячаў рэв. руху. Ж. ліквідавана пасля Лют. рэвалюцыі 1917.
Літ.:
Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изд. М., 1983;
Курлов П.Г. Гибель императорской России. М., 1992;
Новицкий В.Д. Из воспоминаний жандарма. М., 1991;
Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ,
калядкі, жанр стараж.нар. абрадавых песень зімовага цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Спяваюцца пры калядаванні. Пашыраны ў індаеўрап., у т. л.слав. народаў. На Беларусінайб. распаўсюджаны ў паўд. і цэнтр. раёнах. Сінкрэтычна звязаны з нар. гульнямі і тэатр. паказамі пераапранутых. Іх прызначэнне ў старажытнасці — наблізіць надыход сонечнага цяпла і паспрыяць багатаму ўраджаю. Вызначаюцца святочна-прыўзнятым ці гулліва-гумарыст. настроем. Паводле зместу К.п. — велічальнае віншаванне гаспадароў хаты, пажаданне ім дабра і заможнасці, услаўленне іх працавітасці і шчодрасці, ухваленні дарослых дачкі і сына, дабрадушныя кепікі з дзеда і старой. Прац. тэматыка часта спалучаецца са шлюбнымі матывамі. Тыповыя для К.п. і замалёўкі са свету звяроў, свойскай жывёлы і птушак, апяванне самой персаніфікаванай Каляды з мехам пірагоў, вясёлых зімовых свят, з якімі селяніну так не хочацца развітвацца («Ай, калядачкі, вы вярніцеся», «Каб калядачак цэлы гадочак»). У паэт. тэкстах некат. К.п. ёсць гіст. матывы, чутны адгалоскі войнаў. Урадлівасць і багацце пададзены ў іх гіпербалізавана, а карціны прыроды набываюць часам касм. формы («Ходзіць-паходзіць месяц па небу, кліча-пакліча зоры з сабою»). Для каляднай вобразнасці найб. характэрны амбівалентныя карнавалізаваныя ператварэнні: «каза», якая ўсімі ўшаноўвалася, «упала, здохла і прапала», а потым уваскрэсла ў скоках; дыялогі і спрэчкі жывёл, птушак і рыб рэзюмуюцца нечаканымі змяшчэннямі: «З цябе, рыбачка, смачная юшка, а з мяне, арла — мяккая падушка». К.п. характэрны сталыя рэфрэны, перакліканне запявалы з хорам, слоўныя прыгаворы перад спяваннем і пасля яго. Напевы К.п. тыпалагічна акрэсленыя і надзвычай устойлівыя; найчасцей квінтавыя з дакладнай структурай і характэрнай калядкавай рытмаформулай («А ў борку, ў борку», «За мхом, за мхом на пожанкі»). Гучанне маляўнічае дзякуючы багатым тэмбравым зрухам і розным гукапераймальным прыёмам, абумоўленым сувяззю з тэатралізаванай гульнёй. У паўд. (Палессе) і цэнтр. раёнах Беларусі пераважаюць песні святочна-прыўзнятага характару са звонкімі рэфрэнамі-воклічамі, у паўн. (Паазер’е) — гарэзліва-гуллівыя, ва ўсх. набліжаюцца да распеўных лірычных або пластычных карагодных песень. Агульныя з калядкамі тыпы напеваў, акрамя навагодніх віншаванняў-прыгавораў, маюць шчадроўскія песні. Зберагліся ў побыце вёскі і бытуюць як вясёлая навагодняя карнавальная забава.
Публ.:
Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі / Скл. А.І.Гурскі, З.Я.Мажэйка. Мн., 1975 (Бел.нар. творчасць);
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд.Мн., 1975;
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
Літ.:
Можейко З.Я. Коляда в белорусском полесском селе // Сов. этнография. 1969. №3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНАЯ АРХІТЭ́КТУРА,
мастацтва гарманічна спалучаць прыродныя і створаныя чалавекам элементы ландшафту; галіна архітэктуры і горадабудаўніцтва. Уключае садова-паркавае мастацтва і азеляненне. Задачы Л.а.: вырашэнне ландшафтных пытанняў буйнога тэр. маштабу ў праектах і схемах раённай планіроўкі, фарміраванне водна-зялёных сістэм населеных месцаў, арг-цыя здаровага і прыгожага асяроддзя, жылых вытв. і рэкрэацыйных утварэнняў, эстэт. распрацоўка арх. элементаў ландшафту. Л.а. займаецца таксама стварэннем паркаў, садоў, бульвараў. Задачы яе вырашаюцца метадамі ландшафтнага планавання і ландшафтнага дызайну. Найб. важны прынцып сучаснай Л.а. — узаемазвязанае вырашэнне пытанняў аховы і рацыянальнага пераўтварэння прыродных ландшафтаў.
На Беларусі Л.а. як асобная галіна арх. навукі і практыкі вылучылася ў 1960-я г. Распрацаваны схемы асабліва ахоўных ландшафтаў, развіцця і размяшчэння курортаў, месцаў адпачынку, інструкцыя па аднаўленні старадаўніх паркаў — помнікаў садова-паркавага мастацтва, рэкамендацыі па праектаванні рэкрэацыйных сістэм ва ўмовах Беларусі, аднаўленні садова-паркавых комплексаў і інш. Сродкамі Л.а. створаны мемар. (Хатынь, Дальва, Курган Славы ў Смалявіцкім р-не, Зыслаў, урочышча Гай каля г. Баранавічы і інш.) і рэкрэацыйныя (воз. Нарач, Заслаўскае вадасх. і інш.) комплексы, водна-зялёныя сістэмы гарадоў (Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна), аўтамаб. дарогі (Мінск—Хатынь, Мінск—Віцебск, Ракаў—Дзяржынава), асобныя арх. аб’екты (спарт. комплекс «Раўбічы» Мінскага р-на). У арг-цыі гар. жыллёвага асяроддзя выяўляюцца тэндэнцыі развіцця ад дробнай квартальнай забудовы з другасным фрагментарным азеляненнем да мікрараёнаў з арган. уключэннем сістэм зялёных насаджэнняў і свабодных маляўнічых арх.-ландшафтных кампазіцый. Л.а. выразна рэалізуецца пры стварэнні новых жылых раёнаў (напр., мікрараёны Зялёны Луг 5, 6 і Усход 1, 2, Серабранка 3, 8, 9, Паўднёвы Захад і інш. ў Мінску; Румлева ў Гродне, Валатава ў Гомелі), пры праектаванні і буд-ве сельскіх населеных месцаў (вёскі Малеч Бярозаўскага, Мышкавічы Кіраўскага, Верцялішкі Гродзенскага р-наў і інш.). Пытанні Л.а. распрацоўваюцца ў Бел.дзярж. НДІП горадабудаўніцтва, ін-тах «Мінскпраект», «Белдзіпрадар», БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектных арг-цыях, Бел.політэхн. акадэміі і тэхнал. ун-це (арх. Э.Афанасьева, І.Рудэнка, А.Сычова, В.Шальнікоўская, І.Шпіт, Б.Юрцін і інш).
Літ.:
Залесская Л.С., Микулина Е.М. Ландшафтная архитектура. 2 изд. М., 1979;
Сычева АВ. Архитектурно-ландшафтная среда: Вопр. охраны и формирования. 2 изд. Мн., 1982;
Яе ж. Ландшафтное проектирование: Учеб. пособие. Ч. 1—2. Мн., 1993.
А.В.Сычова.
Да арт.Ландшафтная архітэктура. Фрагмент Сляпянскай водна-зялёнай сістэмы ў Мінску.Да арт.Ландшафтная архітэктура. Ландшафт у раёне праспекта Машэрава ў Мінску.Ландшафтная архітэктура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАНАРЫХТО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, па нарыхтоўцы, вывазцы і транспартаванні драўніны. Забяспечвае сыравінай і лесаматэрыяламі лесапільную вытв-сць, дрэваапрацоўчую, цэлюлозна-папяровую, гідролізную, гарнарудную, лесахім. прам-сць, буд-ва, аўта- і вагонабудаванне і інш. галіны нар. гаспадаркі (гл. адпаведныя артыкулы). Эксплуатацыйны фонд — пераважна хвоя, бяроза, елка, вольха, дуб, асіна. Драўнінныя матэрыялы выкарыстоўваюць на вытв. і буд. патрэбы (дзелавая драўніна), паліва (дровы), часткова экспартуюцца. Нарыхтоўка драўніны праводзіцца ў час высечак галоўнага, прамежкавага (санітарныя, пры ўпарадкаванні лесу) карыстання і інш. высечак (напр., квартальныя прасекі, трасы каналаў, газа- і нафтаправодаў, дарогі, расчыстка зямельных участкаў пры перадачы іх для мэт, не звязаных з лясной гаспадаркай). Валка лесу ажыццяўляецца бензапіламі, валачна-тралёвачнымі машынамі, тралёўка — трактарамі, абрэзка сукоў — бензапіламі і сукарэзнымі машынамі, пагрузка — сківічнымі пагрузчыкамі і гідраманіпулятарамі, вываз лесу ў хлыстах на ніжнія склады і спажыўцам — лесавозамі. З дробнатаварнай драўніны і адходаў робяць тэхнал. трэскі. Л.п. найб. развіта ў ЗША, Расіі, Канадзе, Швецыі, Фінляндыі, Бразіліі, некаторых краінах трапічнай Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі.
На Беларусі лесанарыхтоўкі вяліся са стараж. часоў, калі драўніна выкарыстоўвалася на паліва, для буд-ва жылля, абарончых збудаванняў, прылад працы, зброі, посуду, пазней — для будавання ваенных і гандл. суднаў. У 14—16 ст. з’явіліся першыя прававыя акты па рэгуляванні лесанарыхтовак. У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырэнне лесанарыхтовак было абумоўлена спрыяльным у гандл. адносінах геагр. размяшчэннем Беларусі, з яе зручнымі для сплаву на Пд і З рэкамі, сеткай чыгунак. З 1900 да 1913 штогод вывозілася ням. і англ. фірмамі 4,2 млн.м³ драўніны. У Вял.Айч. вайну было высечана больш за 500 тыс.га каштоўных лясных насаджэнняў, лясістасць знізілася да 19,7% (найменшая за ўсю гісторыю). Аб’ёмы лесанарыхтовак у пасляваенныя гады (1945—50) склалі 68,8 млн.м³, у т. л. галоўнага карыстання 73,5%. У 1990-я г. нарыхтоўку драўніны галоўнага карыстання ажыццяўляюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» (57% ад усяго аб’ёму высечак, 18 вытв. аб’яднанняў і 5 леспрамгасаў), Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (20%) і інш. нарыхтоўшчыкі. Аб’ёмы лесанарыхтовак у 1997 склалі: вываз драўніны (тыс. шчыльных м³) — 5686, у т. л. дзелавой драўніны — 4860. У 1998 для патрэб цэлюлозна-папяровай прам-сці адгружана 130 тыс.м³ хвойных балансаў і для патрэб гідролізнай прам-сці — 120 тыс.м³ трэсак і пілавіння.
Буйнейшыя лесанарыхтоўчыя прадпрыемствы: ААТ «Лунінецлес», ЗАТ «Мазырскі леспрамгас», ААТ «Віцебсклес», ААТ «Полацклес», ААТ «Маладзечналес». Прадукцыя Л.п. экспартуецца ў Расію, Украіну, Казахстан.
Н.Ю.Пабірушка, П.І.Кавалёнак.
Да арт.Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Валка лесу ў Барысаўскім леспрамгасе.Да арт.Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Вывазка хлыстоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНЫ ДАГАВО́Р ПАМІ́Ж ЛІТВО́Й І РСФСР 1920.
Падпісаны 12.7.1920 у Маскве. 11.9.1919 урад РСФСР звярнуўся да ўрада Літвы з прапановай заключыць мір на аснове прызнання незалежнасці літ. дзяржавы. 31.3.1920 урад Літвы заявіў пра гатоўнасць заключыць мір з Сав. Расіяй пры ўмове прызнання незалежнасці Літвы ў яе этн. межах са сталіцай у Вільні. 7.5.1920 у Маскве пачаліся перагаворы: літ. дэлегацыя настойвала на ўключэнні ў склад Літвы тэр. Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Гродзенскай губ. (з гарадамі Беласток, Бельск, Гродна, Брэст, Кобрын, Пружаны), Навагрудскага пав. Мінскай губ., часткі Ілуксцкага і Гробінскага пав. Курляндскай губ. Выкарыстоўваўся і такі аргумент, як права беларусаў на самавызначэнне. 9.5.1920 член літ. дэлегацыі Д.Сямашка выступіў з заявай аб намеры «пры ўстанаўленні граніц абараняць беларускія землі на моцы беларуска-літоўскіх пагадненняў ад імперыялістычных памкненняў Польшчы... і Савецкай Расіі». Заява выклікала пратэст з боку кіраўніка сав. дэлегацыі на перагаворах А.А.Іофе, які паставіў пад сумненне правамоцтвы Сямашкі выступаць ад імя бел. народа. Падпісаны дагавор прадугледжваў з боку РСФСР безагаворачнае прызнанне самастойнасці і незалежнасці Літвы; урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў; аказанне Літве бязвыплатнай эканам. дапамогі ў памеры 3 млн.руб. золатам; вяртанне Літве культ. каштоўнасцей, што былі вывезены ў час 1-й сусв. вайны і знаходзіліся на тэр. РСФСР; прадугледжваліся далейшыя перагаворы пра заключэнне гандл. і транзітных пагадненняў і інш. Фіксавалася дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой; прадугледжвалася ўключэнне ў склад Літвы г. Вільні і часткі зямель, заселеных пераважна беларусамі, у т. л. Гродна, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда. Факт заключэння такога дагавора выклікаў супрацьдзеянне з боку органаў БНР і кіраўніцтва Польшчы. 11.9.1920 польскі Савет абароны дзяржавы вырашыў дамагацца далучэння Віленшчыны і Гродзеншчыны да Польшчы. Пад уздзеяннем Антанты Польшча прызнала права Літвы на Вільню (замацаваны Сувалкаўскім пагадненнем 7.10.1920), аднак у выніку т.зв. бунту Л.Жалігоўскага (8—9.10.1920) і ўтварэння Сярэдняй Літвы Вільня і Віленскі край былі далучаны да Польшчы. Такім чынам, дагавор не быў выкананы ў поўным аб’ёме. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў кастр. 1939, карыстаючыся палажэннямі гэтага дагавора, Прэзідыум Вярх. Савета СССР прыняў рашэнне аб перадачы Літве Вільні і Віленскага краю.
Кр.: Документы внешней политики СССР. Т. 3. М., 1959; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг.). Мн., 1997.
Літ.:
Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг.) // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНАЯ КАМІ́ДЫЯ,
музычна-сцэнічны твор, пабудаваны на камедыйнай аснове. Тэрмін «М.к.» выкарыстоўваюць і для абазначэння такіх блізкіх жанраў як опера-буфа, камічная опера, камедыя-балет, аперэта (часам як сінонім), зінгшпіль, танадылля, вадэвіль, мюзікл. Ад класічнай аперэты адрозніваецца менш разгорнутай муз. драматургіяй (хоць устаўныя інтэрмедыйныя нумары могуць быць дастаткова працяглымі), выкарыстаннем сучасных песенных і танц.-быт. жанраў.
У 17 ст. «М.к.» — адно з абазначэнняў італьян оперы. Як самаст. жанр муз.т-ра склалася на мяжы 19—20 ст. і зацвердзілася да сярэдзіны 20 ст. Існуе ў многіх народаў і, як правіла, мае нар. песенна-танц. аснову. У Расіі М.к. фарміравалася на аснове традыцый нар.быт. камедыі і фарса, рус. камічнай оперы 18 ст., вадэвіля і зах.-еўрап. класічнай аперэты з выкарыстаннем іх вобразна-выразных сродкаў. У 20 ст. ў гэтым жанры працавалі Б.Аляксандраў («Мая Гюзель», «На беразе Амура»), К.Лістоў («Севастопальскі вальс»), Ю.Мілюцін («Ціхае сямейства», «Ліхтары-ліхтарыкі»), А.Фельцман («Паветраны замак») і інш. М.к. можа мець рысы традыц. відаў муз.т-ра ці тых, што развіваюцца, набліжаюцца да оперы (напр., азерб. твор «Аршын мал алан» У.Гаджыбекава вызначаны аўтарам як камічная опера).
На Беларусімуз.-камедыйны характар мелі інтэрмедыі школьнага тэатра, многія сцэны лялечнага т-ра, у прыватнасці батлейкі. У 1-й пал. 20 ст. відавочнай муз.-камедыйнай накіраванасцю вызначаліся лепшыя спектаклі драм. т-раў, у т. л. «Каваль-ваявода» Е.Міровіча з муз. У.Тэраўскага і Л.Маркевіча (1925), «Простыя сэрцы» С.Заяіцкага, С.Розанава і М.Міцкевіча з муз. В.Сакалова-Фядотава (1929), «Цудоўная дудка» В.Вольскага з муз. М.Шчаглова (1939). У 1930—40-я г. паявіліся М.к. на антырэліг. («Кухня святасці» Я.Цікоцкага, 1931), с.-г. тэматыку з вял. колькасцю нар. песень і танцаў («Коксагыз» М.Чуркіна, 1939; «Зарэчны барок» С.Палонскага і М.Іванова, 1940). У 1970—80-я г. створаны М.к., вызначаныя як «народная» («Паўлінка» Ю.Семянякі, паст. 1973; «Несцерка» Р.Суруса, 1975; «Калі заспявае певень» А.Чыркуна, 1988), як «гераічная» («Пяе «Жаваранак» Семянякі, паст. 1969; «Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, 1982; «Судны час» Суруса, 1984), як «М.к.» («Мільянерка» Я.Глебава, 1986). Блізкая да жанру М.к. пастаноўка «Ідыліі» паводле В.Дуніна-Марцінкевіча ў Нац. т-ры імя Я.Купалы (1993), вызначаная як пастараль (кампазітар У.Кур’ян, з выкарыстаннем музыкі С.Манюшкі, М.К.Агінскага, Ф.Шапэна). Пераважная большасць М.к. на Беларусі ставіцца ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь (з 1999 Дзярж.муз.т-р Рэспублікі Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́САРГСКІ (Мадэст Пятровіч) (21.3.1839, с. Карава Куньінскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 28.3.1881),
рускі кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў маці, потым у А.Герке, кампазіцыі — у М.Балакірава. Скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў (1856), служыў афіцэрам Праабражэнскага палка ў Пецярбургу. З 1858 у адстаўцы. Удзельнік «Магутнай кучкі». У ранніх творах 1-й пал. 1860-х г. (музыка да трагедыі Сафокла «Цар Эдып», опера «Саламба» паводле Г.Флабера) выявілася імкненне дынамізаваць масавыя сцэны. Камічная опера «Жаніцьба» паводле М.Гогаля (1868, няскончана; дапісана і аркестравана М.Іпалітавым-Іванавым, 1931) — спроба ўвасобіць драм. прозу ў музыцы. У наватарскіх рамансах — сцэнках з нар. жыцця («Калыханка Яромачкі», «Сіротка», «Гарэза», «Свецік Савішна») выявіў майстэрства псіхалагічна трапных сац.-партрэтных характарыстык. Вяршыня яго творчасці — нар.-гіст.муз. драмы «Барыс Гадуноў» паводле А.Пушкіна і М.Карамзіна (1869, 2-я рэд. 1872, паст. 1874; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1954 і 1974, у канцэртным выкананні ў 1998) і «Хаваншчына» (няскончана, завершана М.Рымскім-Корсакавым, паст. 1886; у Дзярж т-ры оперы і балета Беларусі ў 1970). У лік лепшых узораў сусв. опернай музыкі іх вылучаюць надзвычайная сіла і жыццёвая праўдзівасць, глыбіня ўвасаблення індывід. вобразаў і нар. мас, своеасаблівасць драматургіі (М. пісаў музыку на ўласныя лібрэта), яскравасць нац. каларыту, хвалюючы драматызм, навізна муз.-выразных сродкаў. Нац. самабытнасць муз. мовы асабліва выявілася ў тонкай перадачы інтанац. і рытмічнай своеасаблівасці нар. гаворкі і спеваў. Багацце жыццёвых назіранняў — у вак. зборніку «Дзіцячая» (1868—70), муз. памфлеце «Раёк» (1870), фп. цыкле «Карцінкі з выстаўкі» (1874). Глыбокая незадаволенасць рэчаіснасцю спарадзіла суб’ектыўна-лірычныя настроі, трагіка-філас. матывы вак. цыклаў «Без сонца» (1874) і «Песні і танцы смерці» (1875—77) на словы А.Галянішчава-Кутузава. З інш. твораў: арк. п’есы «Скерца», «Інтэрмецца», сімф. карціна «Іванава ноч на Лысай гары» (1867), няскончаная опера «Сарочынскі кірмаш» паводле Гогаля, хары «Ісус Навін» і «Паражэнне Сенахерыба», рамансы, фп. п’есы і інш. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на музыку 20 ст.
Літ.:
тв.: Письма и документы. М.; Л., 1932;
Лит. наследие. Кн. 1—2. М., 1971—72;
Письма. 2 изд. М., 1984.
Літ.:
Орлова А.А. Труды и дни М.П.Мусоргского: Летопись жизни и творчества. М., 1963;
Хубов Г.Н. Мусоргский. М., 1969;
Щербакова Т.А. Споры и искания: Из истории «Бориса Годунова» М.Мусоргского. Мн., 1971;
Шлифштейн С. Мусоргский: Художник. Время. Судьба. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБІВА́НКА, набойка, выбойка,
спосаб аздаблення тканіны ўзорам з дапамогай дошкі-клішэ з рэльефным малюнкам; тканіна, аздобленая такім спосабам; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Вядома з 3-га тыс. да н.э. ў Індыі, пашырана ў многіх народаў свету. На Беларусі існавала са старажытнасці, была развітым відам мастацтва ў 12 ст.Найб. росквіту дасягнула ў 16—17 ст. у сувязі з дзейнасцю рамесніцкіх цэхаў. Цэнтрамі вырабу Н. ў 19 ст. былі Бабруйск, Веліж (цяпер Смаленская вобл.), Віцебск, Магілёў, Невель (цяпер Пскоўская вобл.), Орша, Полацк, была пашырана ў вёсках Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны. У канцы 19 ст. рамяство заняпала ў сувязі з фабр. вытв-сцю набіваных тканін. Да сярэдзіны 20 ст. Н. выраблялі асобныя майстры.
Н. рабілі двума спосабамі: дошку з афарбаваным плоскім рэльефным малюнкам клалі на тканіну і прыціскалі ўдарам драўлянага малатка, у выніку каляровы малюнак адбіваўся на натуральным неафарбаваным фоне (набойка); на афарбаваную дошку з контррэльефным малюнкам клалі тканіну і прыціскалі валікам, у выніку атрымлівалі неафарбаваны малюнак на каляровым фоне (выбойка; спосаб пашыраны да 18 ст.). Звычайна Н. рабілі ў адзін колер, найчасцей сіні (таму набойшчыкаў часта называлі сінейшчыкамі). Рысунак набівалі і на афарбаваную тканіну (крашаніна). Выкарыстоўвалі пераважна алейныя фарбы. У 19 ст. быў пашыраны спосаб «набойкі глінай»: тканіну з нанесеным белай глінай, купарвасам, вішнёвым клеем і інш. рысункам фарбавалі (пераважна ў сіні колер), пасля чаго гліну і інш. адмывалі, у выніку атрымлівалі неафарбаваны рысунак на сінім фоне. Пры вырабе рознакаляровых Н. для кожнага колеру рабілі асобную дошку, якую цалкам выразалі з дрэва. З 19 ст. для перадачы тонкіх ліній і кропак разны ўзор дошак сталі чаргаваць з метал. (тонкімі пласцінамі і цвікамі, набітымі ў дошку), што давала магчымасць ствараць тонкі разнастайны рысунак. У зах. раёнах Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. для Н. выкарыстоўвалі штампікі з нескладаным геам. узорам (разеткі, крыжыкі, елачкі, галінкі і інш.), выразаныя з бульбы або рэпы. Рысунак бел. Н. лаканічны, найчасцей закампанаваны «ў клетачку», «у сетку», «у шлячкі». Найб. пашыраны геам. (зорачкі, кругі, клеткі) і стылізаваны расл. арнамент (кветкі, пупышкі вярбы, лісце, хвалістыя сцяблінкі і інш.). Трапляюцца зааморфныя матывы (выявы жывёл, фантаст. птушак). Бел. Н. характэрна выкарыстанне ў адным рысунку невял. колькасці дэкар. элементаў, што пры рапортным паўторы стварала гармонію форм і рытму. Стылістычна бел. Н. звязана з інш. відамі нар. мастацтва (ткацтва, вышыўка, размалёўка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
творы пра з’явы прыроды, аб’екты навакольнага свету, навук. праблемы, пра вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў, адрасаваныя шырокім масам; своеасаблівае спалучэнне навук. дакладнасці і мастацкасці. Жанры Н.-пл.: публіцыстычны артыкул, праблемны нарыс, дакумент. аповесць, успаміны, біяграфія, апавяданне, падарожны дзённік, навук.-маст. твор.
Першы твор Н.-пл. — «Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя Кара (1 ст. да н.э.). Да твораў гэтага жанру належаць «Ліст пра карыснасць шкла» М.В.Ламаносава, «Жыццё жывёл» А.Э.Брэма (т. 1—6, 1863—69), «Жыццё расліны» К.А.Ціміразева (1878), «Фізіялагічныя нарысы» І.М.Сечанава (1884), «Загадкі свету» Э.Гекеля (1899) і інш. У 20 ст. шэраг навук.папулярных твораў стварылі К.Паустоўскі, С.Вавілаў, В.Біянкі, Б.Жыткоў, Я.І.Перэльман, А.Азімаў, Л. дэ Бройль, М.Гарднер, А.Кларк, Ж.І.Кусто, Т.Хеердал і інш.
На Беларусі рысы асветнага і папулярызатарскага падыходу да важных філас.-светапоглядных і грамадска-паліт. праблем выяўляліся ў прадмовах Ф.Скарыны, «Катэхізісе» С.Буднага (1562), творах М.Сматрыцкага, гіст. хранографах 17—18 ст. У 19 ст. элементы Н.-пл. мелі краязн. працы К.Тышкевіча «Вілія і яе берагі», Ю.Крашэўскага «Пінск і яго ваколіцы», У.Сыракомлі «Вандроўю па маіх былых ваколіцах», П.Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» і інш. Развіццё Н.-пл. на пач. 20 ст. звязана з газ. «Наша ніва», дзе друкаваліся матэрыялы пра родны край, яго гісторыю, славутых дзеячаў. У час, «Лучынка» (1914) Цётка (А.Пашкевіч) змясціла нарысы «Пералётныя птушкі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «З дарогі». У 1914—15 М.Багдановіч выдаў шэраг брашур, у якіх паказаў роднасць слав. народаў. Сярод твораў Н.-пл. пасля 1917 — аповесць Я.Маўра «Чалавек ідзе!..» (1926—27), Ю.Віцьбіча «Плыве з-пад Святое гары Нёман...» (ч. 1, 1956), кнігі В.Вольскага «Афрыканскае падарожжа» (1963) і «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968), У.Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», П.І.Клімука «Зоры — побач», В.Рабцэвіча «Аб чым расказваюць манеты» (2-е выд.; усе 1977) і інш. Н.-пл. апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена творамі У.Арлова «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая», А.Цітова «Гарадская геральдыка Беларусі» (абодва 1989), М.Гайдука «Паратунак» (1993), У.Емяльянчыка «Паланез для касінераў», К.Тарасава «Памяць пра легенды» (2-е выд.; абодва 1994), С.Цярохіна «Многія прыйдуць пад імем маім» (1995), В.Чаропкі «Уладары Вялікага княства» (1996) і інш.