ваенна-марскі дзеяч фаш. Германіі, адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў 2-й сусв. вайны. Грос-адмірал (1943). У ВМФ з 1910. У 1936—43 камандуючы падводнымі сіламі, у 1943—45 галоўнакамандуючы ВМФ: выступаў за вядзенне неабмежаванай падводнай вайны. У маі 1945 паводле завяшчання А.Гітлера рэйхсканцлер і вярх. галоўнакамандуючы. Урад Дз. арганізаваў капітуляцыю Германіі перад дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі. 23.5.1945 арыштаваны за злачынствы супраць міру і парушэнне прававых норм вядзення вайны, асуджаны на 10 гадоў зняволення.
Тв.:
Рус.пер. — Немецкие подводные лодки во второй мировой войне. М., 1964;
Двадцать дней на посту главы государства // Новая и новейшая история. 1991. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКАЯ ГАРА́ (да 1958 Святая гара),
найвышэйшы пункт Мінскага ўзвышша і Беларусі. Знаходзіцца каля в. Скірмантава, за 20 км на Пн ад г. Дзяржынск, за 30 км на ПдЗ ад г. Мінск. Выш. 345 м над узр. м. Над рэкамі, вытокі якіх пачынаюцца каля падэшвы гары (Пціч, Іслач, Сула, Уса), узвышаецца на 40—50 м. Складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта лёсападобнымі пародамі (суглінкамі і супескамі), сфарміраванымі ў час паазерскага зледзянення. Мае выгляд буйнога спадзіставыпуклага падняцця. Схілы на ПдЗ стромкасцю да 5°, на Пн і У — да 2°, разараныя, толькі 15% тэрыторыі на ПнЗ пад маладым лесам. На разараных участках плоскасны змыў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎЖЫНА,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Крашанка, за 6 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 0,65 км², даўж. 2 км, найб.шыр. 500 м, найб.глыб. 18 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км. Пл. вадазбору 14,3 км². Схілы катлавіны выш. 20—26 м (на ПдЗ 7—15 м), пад хваёвым лесам. Берагі пад хмызняком, месцамі забалочаныя. Дно да глыб. 4—7 м высцілаюць пясчаныя адклады, глыбей — сапрапель і глеі. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 25 м. На Пд у возера ўпадае ручай з воз. Баркоўшчына, на Пн выцякае ручай у воз. Вечалле. Уваходзіць у курортную зону Ушачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ НЕРАСПАЎСЮ́ДЖВАННІ Я́ДЗЕРНАЙ ЗБРО́І,
міжнароднае пагадненне, адкрытае для падпісання 1.7.1968. Распрацаваны па ініцыятыве ядз. дзяржаў — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, падпісаны імі, усяго ўдзельнікаў — больш за 130 дзяржаў. Дагавор абавязвае ядз. дзяржавы не перадаваць няядзерным дзяржавам ядз. зброю ў любым выглядзе і не дапамагаць ім набываць яе. Няядзерныя дзяржавы ў сваю чаргу абавязаліся ўстрымацца ад набыцця такой зброі. Дагавор прадугледжвае кантроль з боку Міжнароднага агенцтва па атамнай энергііза тым, каб прадухіліць проціпраўны пераход ад мірнага выкарыстання ядз. энергіі да вытворчасці ядз. зброі. Рэспубліка Беларусь далучылася да дагавора ў якасці няядзернай дзяржавы на падставе Пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 4.2.1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЭ́ННЕ,
у цывільным праве пагадненне, паводле якога адзін бок перадае бязвыплатна другому боку маёмасць ва ўласнасць. Дагавор Д. лічыцца заключаным у момант перадачы маёмасці. Д. грамадзянамі маёмасці арганізацыям можа быць абумоўлена выкарыстаннем гэтай маёмасці для пэўнай грамадскай карыснай мэты. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь дагавор Д. на суму больш за 50 мінімальных зарплат і дагавор Д. валютных каштоўнасцей на суму больш за 10 мінімальных зарплат павінны быць натарыяльна засведчаны. Дагавор Д. грамадзянамі маёмасці арг-цыям заключаецца ў простай пісьмовай форме. Дагавор Д. жылога дома павінен быць натарыяльна засведчаны і зарэгістраваны ў выканаўчым к-це адпаведнага мясц. Савета дэпутатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМЕНАМІЦЭ́ТЫ (Hymenomycetidae),
група парадкаў (афілафаральныя і агарыкальныя) базідыяльных грыбоў. Вядома больш за 12 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, пераважна ў лясных біяцэнозах. На Беларусі больш за 2 тыс. відаў. Большасць сапратрофы, многія паразіты. Ёсць ядомыя, лек., ядавітыя. Мікарызаўтваральнікі або мінералізатары адмерлых раслінных рэшткаў.
Пладовыя целы адна- і шматклетачныя разнастайныя па форме, памерах (ад 0,2 да 72 см), кансістэнцыі і афарбоўцы. Характэрная прыкмета гіменаміцэтаў — утварэнне на паверхні пладовага цела гіменія — шчыльнага слоя з базідый і стэрыльных элементаў, якія выконваюць ахоўную функцыю. Гіменафор (вырасты пладовага цела, што нясуць гіменій) пласціністы, трубчасты, складкаваты і інш. Афарбоўка спораў разнаколерная, ад яе залежыць колер гіменафора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́СЕР (франц. glisseur ад glisser слізгаць),
лёгкае быстраходнае судна. Мае днішча адмысловай формы (з папярочнымі ўступамі — рэданамі — для змяншэння плошчы сутыкнення з вадой). У час руху пры абцяканні такога днішча ўзнікае гідрадынамічная сіла, якая падымае насавую частку і выклікае агульнае ўсплыванне судна (яно быццам бы слізгае па паверхні вады — глісіруе).
Глісер прыводзіцца ў рух грабнымі (часам паветранымі) вінтамі ад рухавікоў унутр. згарання (скорасць больш за 200 км/гадз). Бываюць з рэактыўнымі рухавікамі (скорасць больш за 300 км/гадз). Пашыраны ў спорце (гоначныя глісеры, напр.скутэр), ваенна-марскім (тарпедныя і ракетныя катэры) і пасажырскім флоце (паштова-пасажырскія катэры, аварыйна-выратавальныя судны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬТМАН ((Heltman) Віктар) (23.12.1796, в. Вярховічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.7.1874),
польскі рэвалюцыянер, публіцыст. Скончыў Свіслацкую гімназію. У 1819 заснаваў у Варшаве рэв. студэнцкую арг-цыю «Саюз вольных палякаў», рэдактар яе органа «Dekada Polska» («Польская дэкада»). Адзін са стваральнікаў у 1819 тайнай арг-цыі ў Свіслацкай гімназіі. Удзельнік паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве, падрыхтоўкі Кракаўскага паўстання 1846, рэв. падзей у Галіцыі 1848, кіраўнік абароны Дрэздэна ў час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі. Адзін з аўтараў маніфеста польскага дэмакратычнага таварыства. Лічыў неабходным аб’яднаць барацьбу за незалежнасць Польшчы з барацьбой за ліквідацыю феад.-прыгонніцкіх адносін рэв. шляхам. Памёр у эміграцыі ў Бруселі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГІЕ́НА РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ,
галіна гігіены, якая вывучае дзеянне радыеактыўных рэчываў і іанізуючых выпрамяненняў на арганізм чалавека з мэтай распрацоўкі гігіенічных мерапрыемстваў радыяцыйнай бяспекі. Ажыццяўляе кантроль за радыяцыйнай чысцінёй прыроднага асяроддзя і харч. прадуктаў, распрацоўвае гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі радыеактыўных рэчываў і ўзроўняў апрамянення ў розных умовах жыццядзейнасці чалавека, вывучае ўмовы працы і стан здароўя асоб, якія працуюць з радыеактыўнымі рэчывамі і крыніцамі іанізуючых выпрамяненняў, распрацоўвае мерапрыемствы па прадухіленні забруджвання знешняга асяроддзя радыеактыўнымі рэчывамі. Сан. правілы ў галіне гігіены радыяцыйнай рэгулююцца спец. нарматыўнымі дакументамі. Кантроль за радыяцыйнай бяспекай ажыццяўляюць радыелагічныя лабараторыі і групы пры абл., гар. і раённых цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРА́ФА (Giraffa camelopardalis),
млекакормячае сям. жырафавых атр. парнакапытных. Пашырана ў Афрыцы на Пд ад Сахары, у адкрытых стэпах (саваннах) з рэдкімі дрэвамі і кустамі. Жыве невял. групамі па 7—15 (зрэдку болей) асобін.
Буйная жывёла, тулава кароткае, на высокіх нагах (пярэднія даўжэйшыя за заднія); шыя вельмі доўгая, але шыйных пазванкоў 7, як у большасці млекакормячых. Выш. цела да 6 м, маса да 1800 кг (самцы большыя за самак). Мае 1 або 2 пары рожак, укрытых скурай з валаскамі. Афарбоўка светла-жоўтая з цёмнымі плямамі. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца лісцем і галінкамі дрэў, найчасцей акацый. Захавалася пераважна ў нац. парках.