РАДЫЕГЕАЛО́ГІЯ (ад радые... + геалогія),

ядзерная геалогія, навука, якая вывучае радыеактыўныя працэсы (радыеактыўны распад, рэакцыі актывацыі, дзялення і сінтэзу ядзер) у прыродзе і адлюстраванне эвалюцыі атамных ядзер у развіцці Зямлі і касм. цел. Тэрмін «Р.» увёў У.​І.​Вярнадскі ў 1937. Садзейнічае вырашэнню праблем глыбіннай будовы Зямлі, вулканізму і тэктагенезу, эвалюцыі зямных абалонак, развіцця жывога рэчыва, сувязі касм. і геахім. працэсаў. З дапамогай радыеметрычных метадаў разведкі вядуцца пошукі карысных выкапняў. Цесна звязана з радыегеахіміяй, радыегідрагеалогіяй, ядзернай геафізікай, ядзернай геатэрмікай, касмахіміяй. Падзяляецца на ўласна Р., ізатопную геалогію і абсалютную геахраналогію. Даследуе прыродныя радыеізатопы (напр., урану ​238U, ​235U, торыю​232Th, калію ​40K, кальцыю ​48Ca, рубідыю ​87Rb і інш.), касмагенныя (метэарытаў, першаснага касм. выпрамянення і інш.), радыеізатопы, якія распаліся ў геал. мінулым, стабільныя ізатопы — канчатковыя прадукты распаду (напр., гелій ​4He, ксенон ​136Xe, свінец ​204, ​206, ​208Pb, вісмут ​210Bi і інш.), таксама абс. ўзрост горных парод (уран-свінцовы, калій-аргонавы, радыевугляродны і інш. метады), крыніцы і патокі цеплавой энергіі, радыяцыйна-хім. з’явы (радыёліз вады, ізатопны абмен і інш.). На Беларусі праблемамі Р. займаюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН.

У.​А.​Кузняцоў.

т. 13, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕМЕТРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ, радыеметрыя, радыеметрычная разведка,

комплекс метадаў геафізічнай разведкі карысных выкапняў і вывучэння нетраў Зямлі, заснаваных на рэгістрацыі выпраменьванняў прыродных і штучна выкліканых радыеактыўных палёў (гл. Радыеактыўнасць). Існуе больш за 50 метадаў, аб’яднаных у групы плошчавай і профільнай (для карціравання распасцірання радыеактыўных палёў), свідравіннай (радыеметрычнае даследаванне і апрабаванне керну горных парод) радыеметрыі.

Уключаюць гама-здымку, эманацыйную, радыегідрагеал., рэнтгенарадыеметрычную і гама-нейтронную здымкі. Для іх правядзення выкарыстоўваюцца альфа-, бэта-, гама-радыёметры і спектрометры. Радыеметрычныя даследаванні ў свідравінах і апрабаванне керну ажыццяўляюцца многаканальнымі спектрометрамі, імпульснымі генератарамі нейтронаў, спектрометрамі ядзерна-магнітнага рэзанансу і нейтронна-актывацыйнага аналізу. На Беларусі Р.м.р. выкарыстоўваюцца ў Геафізічнай экспедыцыі (Мінск) і Комплекснай партыі геафіз. даследаванняў свідравін (г. Мазыр Гомельскай вобл.) ВА «Белгеалогія», ва Упраўленні геафіз. работ у свідравінах (г. Рэчыца Гомельскай вобл.) ВА «Беларусьнафта». З дапамогай Р.м.р. выяўлены радовішчы калійных солей, фасфарытаў, бурых вуглёў, гаручых сланцаў, даўсанітаў і інш. Устаноўлены генет. і парагенетычныя сувязі карысных выкапняў з пашырэннем радыеактыўных элементаў і іх утрыманнем у пародзе. Радыеметрыя шырока выкарыстоўваецца для выяўлення радыяцыйнага забруджвання, звязанага з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.

А.​Ш.​Хайбулін.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЛО́ГІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,

галіна медыцыны, якая вывучае дзеянне іанізавальнага выпрамянення на арганізм чалавека, распрацоўвае метады яго выкарыстання з дыягнастычнай і лячэбнай мэтамі, вырашае пытанні проціпрамянёвай аховы і радыегігіены. Уключае прамянёвую дыягностыку і прамянёвую тэрапію. Прамянёвая дыягностыка выкарыстоўвае выпрамяненні для даследавання будовы і функцый нармальных і паталагічна змененых органаў і сістэм чалавека. У яе ўваходзіць рэнтгенадыягностыка, радыенуклідная дыягностыка, ультрагукавая дыягностыка, магнітнарэзанансная візуалізацыя. Да прамянёвай дыягностыкі адносяцца таксама тэрмаграфія, ЗВЧ-тэрмаметрыя. Р.м. ўзнікла пасля адкрыцця рэнтгенаўскіх прамянёў і радыеактыўнасці. Пашырана ў анатоміі (прамянёвая нармальная і паталаг. анатомія), фізіялогіі (прамянёвая фізіялогія і патафізіялогія), біяхіміі (радыяцыйная біяхімія). На Беларусі пытаннямі Р.м. займаюцца ў НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (вядучая навук. ўстанова), на кафедрах радыялогіі (прамянёвай дыягностыкі) Мінскага мед. ін-та, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Выдаецца час. «Новости лучевой диагностики».

Літ.:

Михайлов А.Н. Рентгеносемиотика и диагностика болезней человека. Мн., 1989;

Яго ж. Лучевая диагностика в гастроэнтерологии. Мн. 1994;

Resnik D., Pettersson H. A skeletal radiology. Oslo, 1992;

Pettersson H. A global textbook of radiology. Oslo, 1995.

А.​М.​Міхайлаў.

т. 13, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МАНІТО́РЫНГ,

сістэма доўгачасовых пастаянных назіранняў, якая дае інфармацыю аб радыеактыўным забруджванні прыроднага асяроддзя для ацэнкі яго сучаснага стану і прагнозу змен у будучым. Асн. аб’екты Р.м. — атм. паветра, паверхневыя і падземныя воды, глебы (у т. л. с.-г. і лясныя ўгоддзі), лясная расліннасць. На Беларусі Р.м. уваходзіць у Нац. сістэму маніторынгу навакольнага асяроддзя; галаўная арганізацыя па Р.м. — Рэсп. цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя Дзярж. к-та па гідраметэаралогіі (засн. ў 1980). Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) на тэр. краіны ажыццяўляюцца назіранні за магутнасцю экспазіцыйнай дозы (гл. Дозы выпрамянення) гама-выпрамянення ў абл. і раённых цэнтрах (58 пунктаў назіранняў), узроўнем радыеактыўных выпадзенняў (30 пунктаў) і аэразолей у паветры (8 пунктаў). Праводзіцца Р.м. паверхневых вод на рэках Дняпро, Сож, Прыпяць, Іпуць і Беседзь (вызначаецца колькасць цэзію-137, стронцыю-90 і сумарная бэта-актыўнасць) і глебы на рэперных пляцоўках і 18 ландшафтна-геахім. палігонах. Паводле вынікаў назіранняў вызначаецца радыяцыйны стан мясцовасці, верт. і гарыз. міграцыя радыенуклідаў, робіцца доўгатэрміновы прагноз (на 30 і больш гадоў). Гл. таксама Радыяцыйная экалогія.

І.​І.​Матвеенка.

т. 13, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЛІ (англ. rally літар. злёт, збор),

комплексныя спаборніцтвы на аўтамабілях (аўтаралі) ці матацыклах (мотаралі) на рэгулярнасць руху па зададзеным маршруце; адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграму Р. ўключаюцца таксама дадатковыя скарасныя спаборніцтвы: гонкі па шашы, дарожках іпадрома, участках горных дарог, па фігурным ваджэнні і інш. Звычайна дыстанцыя Р. 1—2 тыс. км, колькасць дадатковых спаборніцтваў 20—40. У Р. выкарыстоўваюцца пераважна серыйныя аўтамабілі з некат. канструктыўнымі зменамі.

Першыя спаборніцтвы тыпу Р. адбыліся ў 1894 па маршруце Парыж—Руан—Парыж. Міжнар. спаборніцтвы «Р. Монтэ-Карла» праводзяцца з 1911. З 1940-х г. Р. найб. пашыраны ў Аўстрыі. Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш. краінах. Найбуйнейшыя міжнар. Р.: — «Парыж—Дакар», «1000 азёр» (у Фінляндыі), «Руская зіма» (у Расіі) і інш. Асабістыя чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1953, першынствы свету — з 1972.

На Беларусі спаборніцтвы па Р. практыкуюцца з 1960-х г. (акрамя 1992—99). Федэрацыя аўтамаб. спорту працуе з 1992. У 1997 У Мінскай вобл. праведзены этап міжнар. Р. «Парыж—Краснаярск» і дадатковая (карусельная) гонка на трасе «Баравая». Штогод адбываюцца рэсп. летнія і зімовыя спаборніцтвы. Гл. таксама Аўтамабільны спорт.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСКЛА́ДАЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел аперацый даследавання, дзе будуюцца і аналізуюцца матэм. мадэлі каляндарнага планавання (упарадкавання і ўзгаднення ў часе пэўнай сукупнасці дзеянняў, падзей, аперацый, работ і інш.). Асн. мэта Р.т. — распрацоўка метадаў рашэння аптымізацыйных задач, што ўзніклі пры гэтым (гл. Аптымізацыі задачы і метады).

У задачах Р.т. зыходныя даныя звычайна дэтэрмінаваныя, у адрозненне ад задач масавага абслугоўвання тэорыі. Таму разглядаецца клас задач абслугоўвання канечнага мноства патрабаванняў адной ці некалькімі прыладамі ў дэтэрмінаванай абслуговай сістэме. Вывучаюцца таксама выліч. складанасць задач, магчымасці пабудавання набліжаных алгарытмаў рашэння, устойлівасць рашэнняў, многакрытэрыяльныя задачы. Выкарыстоўваецца ў кіраванні вытв-сцю, распрацоўцы графікаў руху транспарту, праграмна-мэтавым планаванні і кіраванні буйнымі праектамі, пабудаванні раскладаў заняткаў у навуч. установах, дыспетчарызацыі інфармацыйна-выліч працэсаў і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р.т. вядуцца з 1960-х г. у Ін-це матэматыкі і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Танаев В.С., Гордон В.С., Шафранский Я.М. Теория расписаний: Одностадийные системы. М., 1984;

Танаев В.С., Сотсков Ю.Н., Струсевич В.А. Теория расписаний: Многостадийные системы. М., 1989;

іх жа. Математические модели и методы календарного планирования. Мн., 1994.

В.​С.​Танаеў.

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАПРА́ЎЕ ГРАМАДЗЯ́Н,

адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму і дэмакратыі, які азначае афіцыйна прызнаную роўнасць грамадзян перад дзяржавай, законам, судом. Р.г. — гэта роўнасць правоў, свабод і абавязкаў грамадзян адной дзяржавы незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства, адносін да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў і інш. Прынцып Р.г. устаноўлены ў эпоху бурж. рэвалюцый, змяніў саслоўныя адносіны ў феад. грамадстве. Канстытуцыйная дактрына сучасных дзяржаў прызнае магчымасць існавання некаторых адрозненняў у правах і абавязках грамадзян, якія маюць натуральны характар: напр., абавязак праходзіць ваен. службу ў большасці дзяржаў свету ўскладаецца толькі на грамадзян мужчынскага полу; асобыя канстытуц. правы з 2-й пал. 20 ст. сталі замацоўвацца за інвалідамі, дзецьмі, прадстаўнікамі нешматлікіх карэнных народаў і да т.п. У шэрагу дзяржаў прыроджаныя грамадзяне валодаюць больш шырокімі правамі, чым натуралізаваныя. Напр., у Беларусі, ЗША, Эстоніі, на Філіпінах прэзідэнтам дзяржавы можа быць толькі грамадзянін па нараджэнні; у Румыніі і Эстоніі натуралізаваныя грамадзяне, у адрозненне ад грамадзян па нараджэнні, могуць быць у шэрагу выпадкаў пазбаўлены грамадзянства. Р.г. замацавана ў раздз. II Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЗСКІ (Мікалай Уладзіміравіч) (18.3.1854—19 або 21.10.1918),

расійскі ваен. дзеяч, удзельнік 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі. Ген. ад інфантэрыі (1909), ген.-ад’ютант (1914). Скончыў Акадэмію Генштаба (1881). Удзельнік рус.-тур. 1877—78 і рус.-яп. 1904—05 войнаў. У 1902—04 нач. штаба Віленскай ваен. акругі. У 1906—09 камандаваў 21-м корпусам. З 1909 чл. Ваен. савета, з 1912 пам. камандуючага войскамі Кіеўскай ваен. акругі. У пач. 1-й сусв. вайны каманд. 3-й арміяй Паўд.-Зах. фронту, вызначыўся ў час Галіцыйскай бітвы 1914. У вер. 1914—сак. 1915 галоўнакаманд. войскамі Паўночна-Заходняга фронту. Чл. Дзярж. савета (1915). У 1915 каманд. асобнай 6-й арміяй, потым галоўнакаманд. войскамі Паўн. фронту (1915, 1916—17). У пач. Лютаўскай рэвалюцыі 1917 настаяў на адрачэнні Мікалая II ад трона. З крас. 1917 у адстаўцы. У вер. 1918 узяты ў заложнікі Каўказскай (11-й) Чырв. Арміяй, расстраляны або забіты ў выніку самасуду.

Літ.:

Данилов Ю.Н. На пути к крушению. М., 1992;

Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 13, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАВА (Любоў Рыгораўна) (н. 18.4.1943, г. Пяцігорск Стаўрапольскага краю, Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1978). Скончыла Маскоўскі дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага (1964). З 1964 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай. З 1966 на кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1981 у Т-ры-студыі кінаакцёра). Выканаўца лірыка-драм. і драм. роляў. Ёй уласцівы выразная пластыка, экспрэсіўнасць, уменне выявіць духоўную сутнасць персанажа. Сярод тэатр. роляў: Наташа («Сам-насам з усімі» А.​Гельмана), Жанчына («Чалавечы голас» Ж.​Както), Красавіна, Домна Панцялеўна («Жаніцьба Бальзамінава», «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага), Гертруда («Гамлет» У.​Шэкспіра), Філумена («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа) і інш. Знялася ў фільмах: «Альпійская балада» (1966), «Прыгодны да нестраявой» (1968), «Бацька» (1971), «Міравы хлопец» (1971), «Дарога на Рубецаль» (1971), «Учора, сёння і заўжды» (1972), «Вялікі ўтаймавальнік» (1974), «Надзейны чалавек» (1975), «Марынка, Янка і таямніцы каралеўскага замка» (1976), «У профіль і анфас» (1977), «Вялікая — малая вайна» (1981), «Раптоўны выкід» (1984), «Мы едзем у Амерыку» (1990), «Без доказаў» (1992), «Зала чакання» (1995).

В.​А.​Мядзведзева.

т. 13, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ТАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,

буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі, у выніку якой скінута царскае самадзяржаўе. Выклікана рэзкім абвастрэннем сац.-эканам. і паліт. крызісу, няздольнасцю царскага ўрада пераадолець выкліканую вайной гасп. разруху. Яе асн. рухаючая сіла — буржуазія, рабочыя буйных гарадоў, асабліва Петраграда і Масквы, да якіх далучыліся дробныя ўласнікі, служачыя і інтэлігенцыя. Вырашальную ролю ў перамозе рэвалюцыі адыграў пераход на яе бок арміі і флоту.

У канцы 1916 — пач. 1917 пачалі набываць усерас. характар паліт. стачкі і дэманстрацыі рабочых. 23.2(8.3).1917 з нагоды Міжнар. свята жанчын-працаўніц (8 сак. па н.ст.) на прадпрыемствах Петраграда адбыліся мітынгі і забастоўкі (128 тыс. удзельнікаў). 24 лют. (9 сак.) у стачках удзельнічалі 214 тыс. чал. з 224 прадпрыемстваў Петраграда. 25 лют. (10 сак.) пачалася ўсеагульная паліт. стачка, якая паралізавала эканам. жыццё горада. 26 лют. (11 сак.) камандуючы Петраградскай ваен. акругай ген. С.​С.​Хабалаў паспрабаваў задушыць рэв. выступленні ў сталіцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з войскамі і паліцыяй. 27 лют. (12 сак.) паліт. стачка перарасла ва ўзбр. паўстанне, адбыўся пераход войск на бок рэвалюцыі. Былі захоплены масты, вакзалы, тэлеграф, гал. паштамт, найважнейшыя ўрадавыя ўстановы, разгромлены паліцэйскія ўчасткі, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, пачаліся арышты царскіх міністраў. Увечары 27 лют. (12 сак.) у Таўрычаскім палацы адбылося першае пасяджэнне Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які выдаў «Загад № 1» аб увядзенні ў арміі дэмакр. прынцыпаў. У ноч на 28 лют. (13 сак.) афіцыйна абвешчана аб стварэнні Часовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917. 2(15) сак. К-т накіраваў да цара ў Стаўку Вярх. галоўнакамандавання А.І.Гучкова і В.В.Шульгіна. У выніку перагавораў (адбываліся ў г. Пскоў) цар Мікалай II адрокся 2(15) сак. ад прастола за сябе і за малалетняга сына Аляксея на карысць брата Міхаіла Аляксандравіча; апошні 3(16) сак. таксама адмовіўся ад прастола. 2(15) сак. пленум Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, ухваліў прынятае напярэдадні выканкомам Савета рашэнне аб прадастаўленні Часоваму к-ту Дзярж. думы права сфарміраваць урад. У той жа дзень утвораны Часовы ўрад на чале з кн. Г.Я.Львовым пераважна з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў. Фактычна дзеючым органам ўлады для ўсёй краіны заставаўся і Петраградскі Савет, бо Часовы ўрад не мог дзейнічаць без яго падтрымкі. Такім чынам утварылася двоеўладдзе. У ноч на 1(14) сак. паўстаў Кранштат. 1(14) сак. ўзбр. паўстанне перамагло ў Маскве, дзе быў утвораны Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў. На працягу сакавіка рэвалюцыя перамагла па ўсёй Расіі. Да 10(23) сак. ў краіне створана 130 Саветаў. Паралельна ствараліся мясц. органы Часовага ўрада — часовыя к-ты грамадскага парадку, установы губ. і пав. камісараў.

Першыя паведамленні аб рэв. падзеях у Петраградзе паступілі ў Беларусь 28.2(13.3).1917. У Мінску, Магілёве, Гомелі прайшлі дэманстрацыі і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі. У ноч на 4(17) сак. ў Мінску з рабочых і салдат была ўтворана міліцыя (узначальваў М.В.Фрунзе), якая абяззброіла паліцэйскіх і жандараў. 4(17) сак. створаны першыя ў Беларусі Саветы рабочых дэпутатаў у Мінску і Гомелі. За 2 месяцы ў Беларусі створаны 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў і 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У межах губерняў ствараліся асобныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Саветы сял. дэпутатаў (Мінская і Магілёўская губ.), у Віцебскай губ. — Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. У Заходняй вобласці (утворана ў чэрв. 1917) створаны абл. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Адначасова ў бел. губернях ствараліся мясц. органы Часовага ўрада. У Мінску ноччу 4(17) сак. на нарадзе гласных гар. думы, прадстаўнікоў земскага і гар. саюзаў, губ. і пав. земстваў, правасл., каталіцкага і іудзейскага духавенства абраны грамадзянскі камендант горада і сфарміраваны часовы грамадскі к-т парадку. 6(19) сак. Часовы ўрад у Петраградзе зацвердзіў старшыню губ. земскай управы Б.​Н.​Самойленку мінскім губ. камісарам, гар. галаву Б.​С.​Хржанстоўскага — мінскім гар. камісарам. У Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. былі зацверджаны губ. камісары, у паветах прызначаны пав. камісары. Большасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў прызнала Часовы ўрад і яго мясц. органы.

У Беларусі, як і ўсюды ў б. Рас. імперыі, розныя пласты грамадства, якія ўдзельнічалі ў Л.р., мелі свае, часам супрацьлеглыя, паліт. і эканам. мэты, цэнтры паліт. прыцягнення. Сілы, што выступалі за захаванне буйной прыватнай ўласнасці, за працяг удзелу Расіі ў 1-й сусв. вайне да перамогі і наступнае яе развіццё як адзінай непадзельнай дэмакр. дзяржавы з развітой рыначнай эканомікай (буйныя прадпрымальнікі, памешчыкі, частка інтэлігенцыі) гуртаваліся вакол Часовага ўрада. Частка сярэдніх і дробных прадпрымальнікаў, інтэлігенцыі апіралася на нац. партыі і арг-цыі. Рабочыя, салдаты, сяляне былі зацікаўлены ва ўстанаўленні дэмакр. рэспублікі, выхадзе з вайны, перадачы зямлі сялянам, увядзенні 8-гадзіннага рабочага дня, яны арыентаваліся на Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў і паліт. партыі левага кірунку. Бел. нац. сілы з мэтай згуртавання сваіх радоў правялі з’езды: бел. нац. дзеячаў, салдат, афіцэраў, рабочых ваен. прадпрыемстваў Зах. фронту, сял. дэпутатаў Мінскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. Усе з’езды выказалі давер Часоваму ўраду, выбралі выканаўчыя органы для ажыццяўлення прынятых рашэнняў. Асаблівасцю Беларусі было тое, што тут, акрамя Беларускай сацыялістычнай грамады, не існавала інш. агульнабел. партый. Дзейнічалі толькі губ. арг-цыі агульнарас. партый: кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, нар. сацыялістаў, анархістаў і інш. Толькі бальшавіцкія арг-цыі стварылі адзіны кіруючы орган — Паўночна-Заходні камітэт РСДРП). Канчатковае вырашэнне пытання аб шляхах развіцця краіны ў абставінах рэвалюцыі залежала ад таго, на які бок стане большасць народа.

Перамога Л.р. ператварыла Расію ў самую свабодную краіну з усіх ваюючых дзяржаў і дала нар. масам магчымасць шырока карыстацца паліт. правамі. Аднак да ўлады ў Саветах і ў Часовым ўрадзе прыйшлі паліт. сілы, якія прадстаўлялі розныя пласты насельніцтва з супрацьлеглымі паліт. і эканам. інтарэсамі. Гэта абумовіла вострую паліт. барацьбу (Красавіцкі крызіс 1917, Чэрвеньскі крызіс 1917, Ліпеньскі крызіс 1917) і прамаруджванне з вырашэннем надзённых задач, што адначасова былі патрабаваннямі асн. масы насельніцтва: спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, пераадоленне найб. небяспечных праяў ваен. разрухі. Адбываўся паступовы пераход сімпатый найб. арганізаваных і рашуча настроеных ўдзельнікаў Л.р. (рабочых, салдат, матросаў), асабліва пасля падаўлення Карнілава мяцяжу 1917, на бок леварадыкальных паліт. партый (бальшавікоў і левых эсэраў), якія на хвалі незадаволенасці працоўных палітыкай акцябрыстаў, кадэтаў, меншавікоў і правых эсэраў падрыхтавалі і правялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917.

Кр.: Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954; Отречение Николая П: Воспоминания очевидцев, док.: Репр. 2 изд. 1927 г. М., 1990; Революционное движение в Белоруссии, июнь 1907 — февраль 1917: Док. и материалы. Мн., 1987.

Літ.:

Бурджалов Э.Н. Вторая русская революция. Москва. Фронт. Периферия. М., 1971;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;

Деникин А.И. Очерки русской смуты. М., 1991;

Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;

Исторический опыт трех российских революций. [Кн. 2], М., 1986;

Ленін У.І. Тв. Т. 1-45. Мн., 1948—74;

Набоков В. Временное правительство: (Воспоминания). М., 1991;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;

Пушкарева И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция 1917 г. в России. М., 1982;

Саладкоў Т.Е. Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;

Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1. М., 1991;

Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;

Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963.

І.​М.​Ігнаценка.

Да арт. Лютаўская рэвалюцыя 1917. Салдаты Заходняга фронту вітаюць звяржэнне царызму. 1917.
Да арт. Лютаўская рэвалюцыя 1917. Маніфестацыя рабочых і салдат у г. Маладзечна. Сакавік 1917.
Лютаўская рэвалюцыя 1917. Дэлегаты 1-га з’езда дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. Красавік 1917.

т. 9, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)