МІТЭЛЬШНА́ЎЦЭР (ад ням. mittel сярэдні + Schnauze морда),
сярэдні шнаўцэр, парода шарсткашэрсных сабак. Выведзена ў Германіі ў 19 ст. У інш. краіны завозілася з 1920—30-х г. На Беларусі з 1980-х г.
Канстытуцыя моцная, кампактная. Выш. ў карку (40—50 см) прыблізна роўная даўж. тулава. Грудзі сярэдне шырокія, выпуклыя. Спіна моцная. Шыя высока пастаўленая, з моцнай асновай. Галава масіўная, з характэрным вуглаватым профілем. Мочка носа буйная, чорная. Вушы і хвост высока пасаджаныя, купіраваныя, стаячыя. Шэрсць густая, няшчыльная, больш доўгая на канечнасцях і галаве (утварае характэрныя вусы, бараду і бровы). Масць чорная або шэрая (т. зв. «перац з соллю») з цёмнай маскай на мордзе. Тып паводзін тэмпераментны, рухавы. Трывалыя, пільныя, добра дрэсіруюцца. Службовыя (выкарыстоўваюцца як вартавыя і суправаджальныя); дэкар.-пакаёвыя сабакі.
Да М. блізкія паводле паходжання, экстэр’еру і паводзін рызеншнаўцэр, або гіганцкі шнаўцэр (выш. ў карку 60—70 см; выкарыстоўваюцца ў вартавой і вышуковай службах), і цвергшнаўцэр, або мініяцюрны (карлікавы) шнаўцэр (выш. ў карку 30—35 см; дэкар.-пакаёвыя сабакі; таксама выкарыстоўваюцца на мытнях для адшукання наркотыкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЖЫЛО́ЎСКІ (Андрэй) (1580-я г. — 1640-я г.),
бел. і ўкр. пісьменнік-палеміст, рэліг. дзеяч. Прэсвітэр, з канца 1620-х г. слуцкі пратапоп. У 1631 пастрыгся ў манахі пад імем Анатолій і стаў іераманахам Кіева-Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. У «Водпісе на ліст уніятаў віленскіх» (на старабел. мове, 1616) пад уплывам «Трэнаса» М.Сматрыцкага асудзіў учынкі «сына»-уніята, які здрадзіў інтарэсам правасл. народаў Беларусі і Украіны, даў знішчальную характарыстыку слугам рымска-каталіцкай царквы. У «Антыдотуме» (на польск. мове, 1629), скіраваным супраць «Апалогіі» Сматрыцкага, М. падкрэсліваў значэнне антыуніяцкіх твораў Сматрыцкага, але асуджаў яго за тое, што ён, на думку М., перайшоў ва уніяцтва не па ідэйных меркаваннях, а спакушаны прывабнымі абяцанкамі рымска-каталіцкай царквы. Адзін з першых спрабаваў аддзяліць царк.-багаслоўскую л-ру ад свецкай, указваў на гіст. характар творчасці Хрыстафора Філалета, Клірыка Астрожскага. На «Антыдотум» Сматрыцкі адказаў з’едлівым творам «Экзэтэзіс» (1629). Адзін з прэтэндэнтаў на Кіеўскую правасл. мітраполію пасля смерці мітрапаліта Іова Барэцкага. У 1631 прымаў актыўны ўдзел у адабранні ў уніятаў Сафійскага сабора ў Кіеве на карысць правасл. мітраполіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА ПАЛЕ́ССЯ.
Засн. ў 1924, адкрыты ў 1926 у г. Пінск Брэсцкай вобл. як Палескі краязн. музей, з 1940 Пінскі абл.гіст.-краязн. музей, з 1944 Пінскі абл. (занальны) краязн.-музей, з 1954 Пінскі краязн. музей, з 1979 Бел.дзярж. музей сацыяліст. пераўтварэння Палесся, з 1990 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 1376 м²; 56,7 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў археал. калекцыя керамічных плітак 12 ст., бронзавыя ўпрыгожанні, рукапісныя граматы 14—17 ст., друкаваныя выданні 17 ст., калекцыі манет 16—20 ст. розных краін свету, прадметы матэрыяльнай культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., матэрыялы пра падзеі рэв. 1905—07, дзейнасць Пінскай арг-цыі РСДРП, падзеі грамадз. вайны, становішча працоўных Зах.Беларусі ў 1921—39, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў гады Вял.Айч. вайны, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. У экспазіцыі творы жывапісу бел. і рус. мастакоў. Мае бібліятэку больш за 6,5 тыс. выданняў, сярод якіх час.«Дзеннік Віленьскі» (асобныя нумары за 1817, 1820, 1823, 1828).
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф Амурскі (1858), ген.-ад’ютант (1857). Ген. ад інфантэрыі (1858). Скончыў Пажскі корпус (1827). Удзельнік рас.-тур. вайны 1828—29 і задушэння паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. У 1846 тульскі ваен. і грамадзянскі губернатар. Зарэкамендаваў сябе як ліберал, адзін з першых сярод вышэйшых саноўнікаў Расіі ўзняў пытанне пра скасаванне прыгоннага права. У 1847—61 іркуцкі і енісейскі губернатар, ген.-губернатар Усх. Сібіры. Быў прыхільнікам актыўнай наступальнай палітыкі на Д. Усходзе, з гэтай мэтай прыцягваў да вывучэння і асваення краю мясц. інтэлігенцыю і паліт. ссыльных, падтрымліваў дзейнасць Г.І.Невяльскога. З дазволу ўрада зрабіў захады па захопе і асваенні спрэчных з Кітаем тэрыторый Прыамур’я, падпісаў Айгунскі (1858) і Пекінскі (1860) дагаворы з Кітаем, паводле якіх за Расіяй замацаваны левабярэжжа Амура і Усурыйскі край. З 1861 у адстаўцы.
Літ.:
Мамай А.С. Споры в русском правительстве по Амурскому вопросу (1848—1854) // Вестн. Московского ун-та. Сер. 8. История 1996. № 3;
Беспрозванных Е.Л. Приамурье в системе русско-китайских отношений, XVII — середина XIX вв. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ХІ,
караткавусыя двухкрылыя (Brachycera) атр. двухкрылых насякомых. 2 падатр.: караткавусыя прамашыўныя (Brachycera-Orthorrhapha) і караткавусыя круглашыўныя (Brachycera-Cyclorrhapha). Каля 70 сям., больш за 80 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі трапляецца большасць сям., у т. л.: авадні, дразафілы, жужалі, журчалкі, злакавыя мухі, крывасоскі, ктыры, мініруючыя мушкі, мухі мясныя, муха пакаёвая, мухі сапраўдныя, сляпні, таўкачы, тахіны, вялікагалоўкі, ільвінкі, кветачніцы, М. гнаявыя, М. каласавыя, М. шведскія, саркафагі, стракатакрылкі і інш. Некат. віды — шкоднікі раслін, паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў розных хвароб, яец гельмінтаў.
Даўж. 1—55 мм. Цела ўкрыта валаскамі і шчацінкамі. Галава рухомая, ротавыя органы накшталт хабатка. Вочы фасетачныя. Вусікі 3-членікавыя. Адна (пярэдняя) пара перапончатых крылаў, заднія ператвораны ў кароткія булавападобныя прыдаткі (жужальцы). Канечнасці з прысоскамі. Кормяцца: лічынкі — расліннымі і жывёльнымі тканкамі і рэшткамі, ёсць драпежнікі, некат. — паразіты; дарослыя — нектарам кветак, крывёю жывёл, гноем. Размнажаюцца яйцамі, у некат. жыванараджэнне лічынак. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія і безгаловыя, развіваюцца ў глебе, гнаі, тканках і рэштках раслін і жывёл. Кукалкі без кокана або ў псеўдакокане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫСАЎСКО́Й (Міхаіл Паўлавіч) (1856, с. Альшанка, Саратаўская губ., Расія — ?),
рускі журналіст, публіцыст і крытык. З канца 1870-х г. жыў на Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, у рэдагаванні газ. «Минский листок». Лектар, папулярызатар творчасці класікаў рус. л-ры. У 1902—05 рэдактар-выдавец газ. «Северо-Западный край», дзе 15.5.1905 змешчаны першы друкаваны твор Я.Купалы — верш «Мужык». У чэрв. 1905 за публікацыю ў газеце рэв. матэрыялаў арыштаваны і высланы ў г. Пінега Архангельскай губ., у ліст. па амністыі вярнуўся ў Мінск, уступіў у Мінскую арг-цыю РСДРП. Аўтар апавяданняў і нарысаў («У няволі», 1905), крытычных артыкулаў. Крытыкаваў прыхільнікаў фармалізму і дэкадэнцтва ў рус. і зах.-еўрап. л-ры. Падкрэсліваў неабходнасць адрозніваць сімвалізм як дэкадэнцкую плынь у л-ры ад сімвалізму як маст. сродку рэалізму. У 1913—14 у Маскве, супрацоўнічаў у друку.
Літ.:
Рожин Н.В. Газета «Северо-Западный край»: Очерк обществ.-полит., филос. и эстет. позиции, 1902—1905 гг.Мн., 1970;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972. С. 224—243.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭЙ ((May) Уолтэр) (н. 1912, г. Брайтан, Вялікабрытанія),
англійскі паэт і перакладчык. Працаваў мастаком, настаўнікам, рэдактарам-стылістам газ. «Маскоўскія навіны» (на англ. мове). Друкуецца з 1950-х г. Перакладае з рус. і бел. моў. Першыя пераклады з бел. мовы апублікаваў у 1968. Укладальнік і перакладчык анталогіі сучаснай беларускай паэзіі «Цудоўны край Беларусі» (М., 1976). У яго перакладзе на англ. мову выйшлі творы Я.Купалы «Вершы» (М., 1982) і «Песня сонцу» (Мн., 1982), Я.Коласа «На прасторах жыцця» (М., 1982) і «Голас зямлі» (Мн., 1982), М.Танка «Конь і леў» (Мн., 1975), «Быліна пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні» (Мн., 1982) і «Палаючы факел» (Мн., 1986) і інш. Аўтар арт. «Самацветы паэзіі» (1972), дзе разглядае некаторыя асаблівасці творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Р.Барадулін, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, В.Лукша, С.Панізнік, Я.Семяжон, У.Шахавец і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Позняе жніво. Мн., 1982;
У кн.: Табе, Беларусь. Мн., 1968;
У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету. Мн., 1977.
Літ.:
Семяжон Я. Беларуская паэзія ў англійскіх перакладах // Далягляды, 78. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЯРЭ́ЖНАЯ,
бераг ракі, канала, штучнага ці натуральнага вадасховішча, мора, умацаваны сцяной з каменю, бетону, цэменту, дрэва і інш., а таксама вуліца, якая ідзе ўздоўж такога берага. Аб’ект гідратэхнікі і архітэктуры. Развіліся ў выніку ўдасканалення канструкцый (драўляных, звычайна слупавых, і каменных), што ўмацоўвалі берагі абарончых равоў феад. замкаў і гарадоў. Пашыраны з сярэдзіны 18 ст. ў буйных еўрап. гарадах. Уздоўж Н. пракладвалі вуліцы, бульвары, на іх рабілі прычалы, спускі і з’езды да вады, аглядныя пляцоўкі, альтанкі, пазней пляжы. Н. адыгрываюць важную ролю ў аб’яднанні значных па плошчы гар. тэрыторый у адзіны арх. ансамбль (Н. рэк Сены ў Парыжы, Тэмзы ў Лондане, Нявы, Фантанкі, Мойкі, Крукава канала ў Санкт-Пецярбургу, Масквы-ракі і Яўзы ў Маскве і інш.). На Беларусі ствараліся з канца 18 ст. ў буйных палацава-паркавых комплексах (Н. ўздоўж каналаў у Альбінскім палацава-паркавым ансамблі, 1780-я г.). Н., што будуюцца з сярэдзіны 20 ст., становяцца месцамі адпачынку (Н. р. Свіслач і Сляпянскай воднай сістэмы ў Мінску і інш.).
С.А.Сергачоў.
Набярэжная ракі Свіслач у Мінску.Набярэжная Крукава канала ў Санкт-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАДНЕ́ННЕ,
інтэнсіўнае затапленне вял. тэрыторыі ў выніку пад’ёму ўзроўню вады ў рацэ, возеры або моры; адно са стыхійных бедстваў. Адзначаецца ў час разводдзяў, паводак, пры заторах, зажорах, прарывах дамбаў і плацін, у выніку нагонаў вады з мора ў вусці рэк, ад цунамі на марскіх узбярэжжах і астравах. Найб. катастрафічныя Н. здараюцца ў прывусцевой частцы рэк Ганг і Брахмапутра (Бангладэш), на рэках Місісіпі і Агайо (ЗША), Амур, Нява (Расія). Для тэр.Беларусі характэрны 3 віды Н. Веснавое Н. адзначаецца на ўсіх рэках у перыяд веснавога разводдзя. Іх узнікненню садзейнічаюць вял. намнажэнні снегу, халодныя зімы без адліг, позняе і дружнае раставанне снегу пры адначасовым значным выпадзенні ападкаў. Вял. веснавыя Н. назіраліся ў вярхоўях Дняпра і Зах. Дзвіны (1931), на рэках Нёман (1957), Прыпяць (1979). Летне-асеннія Н. бываюць пры інтэнсіўных ападках. Найб. адзначаны ў бас. рэк Зах. Буг і Прыпяць (1974). Зімовыя Н. абумоўліваюцца моцным раставаннем снегу ў перыяд адліг. Бываюць пераважна ў бас. Нёмана і Зах. Буга. Найб. эфектыўны сродак барацьбы з Н. — рэгуляванне рачнога сцёку і абвалаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЖДЗІН (Мікалай Іванавіч) (17.10.1804, г.п. Белаомут Лухавіцкага р-на Маскоўскай вобл. — 23.1.1856),
рускі крытык, журналіст, гісторык і этнограф. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1824). У 1831—35 праф. Маскоўскага ун-та. З 1831 выдаваў час. «Телескоп» з дадаткам газ. «Молва», у якіх супрацоўнічаў В.Р.Бялінскі. За публікацыю «Філасафічнага пісьма» П.Чаадаева ў 1836 «Телескоп» закрыты, а Н. сасланы. У 1843—56 рэдактар «Журнала Министерства внутренних дел», адначасова з 1848 старшыня Аддзялення этнаграфіі Рус. геаграфічнага т-ва. Адзін з пачынальнікаў рас.літ. эстэтыкі, у якой развіваў ідэі Ф.Шэлінга. Адыграў значную ролю ў фарміраванні эстэт. прынцыпаў рэалізму. Аўтар літ.-крытычных арт. «Літаратурныя боязі за будучы год» (1828), «Гора ад розуму». Камедыя... А.Грыбаедава» (1831), цыклаў «Летапісы айчыннай літаратуры» (1832), «Рускі тэатр. Лісты ў Пецярбург» (1833), гіст., этнагр. прац, у т. л. «Пра гістарычную ісціну і дакладнасці» (1837), «Пра гаворкі рускай мовы» (1841) і інш. Распрацоўваў пытанні этнаграфіі славян. Беларусі прысвечаны арт. «Паўночна-Заходні край імперыі ў мінулым і сучасным выглядзе» (1843).