БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемадзейных жывых элементаў рознай складанасці (гены, клеткі, тканкі, органы, арганізмы, біяцэнозы, экасістэмы, біясфера). Валодаюць уласцівасцямі цэласнасці, адноснай устойлівасці, а таксама здольнасцю адаптацыі да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя, развіцця, самаўзнаўлення і эвалюцыі. Біялагічныя сістэмы — адкрытыя сістэмы, для якіх умовай існавання служыць абмен энергіяй, рэчывам і інфармацыяй паміж часткамі сістэмы і з навакольным асяроддзем. Важнейшая праблема ў вывучэнні біялагічных сістэм — іх прасторавая і часавая арганізацыя, якая прадугледжвае ўключэнне ў сістэму некалькіх элементаў (больш за адзін), што адрозніваюцца пэўным наборам камплементарных паміж сабой прыкмет, на аснове чаго грунтуюцца ўзаемаадносіны паміж элементамі і забяспечваецца ўстойлівасць сістэмы. Тэорыя інфармацыі дазваляе ўвесці колькасныя ацэнкі ўзроўню арганізацыі, што забяспечваецца множнасцю, ступенню разнастайнасці элементаў і сувязяў паміж імі. На гэтай аснове адрозніваюць дэтэрмінаваныя, імаверныя і хаатычныя сістэмы. Біялагічныя сістэмы захоўваюць сваю спецыфічнасць у зменлівых умовах асяроддзя. Іх іерархічнасць і самарэгуляцыя забяспечваюцца шматузроўневым кіраваннем на аснове адваротных сувязяў. Гл. таксама Сістэмны падыход.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1534—37,

вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы, за землі, страчаныя ў час папярэдніх войнаў. У жн. 1534 корпус на чале з І.​Вішнявецкім накіраваны на Смаленск, а корпус А.​Неміровіча — у Северскую зямлю. Першы не здолеў авалодаць горадам, другі заняў толькі Радагошч. Зімой маскоўскае войска папаліла і зруйнавала на Беларусі неўмацаваныя гарадкі, але пад вясну вярнулася дадому. У 1535 паспалітае рушэнне ВКЛ злучылася з польскім войскам і накіравалася ў Северскую зямлю, дзе заняло Гомель, Почап, Радагошч, Старадуб. У чэрв. 1535 маскоўскія войскі зноў напалі на ВКЛ, спалілі Крычаў, Дуброўну, Оршу. Неўзабаве войскі ВКЛ адступілі з Северскай зямлі, пакінуўшы за сабой толькі Гомель. У канцы зімы 1536 невял. сілы ВКЛ спрабавалі захапіць Себеж. Летам 1536 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні ў бел. Падняпроўі, але былі разбіты пад Крычавам. У лют. 1537 дасягнута пагадненне: Гомель застаўся ў ВКЛ, Себеж і Завалочча перададзены Маскоўскай дзяржаве, астатнія межы засталіся нязменныя.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),

каардынацыйны цэнтр бел. паліт. і грамадскіх арг-цый у студз. 1918 — чэрв. 1919. Выбрана на Беларускай канферэнцыі 1918 і замяніла сабой Беларускі народны камітэт. Старшыня А.І.Луцкевіч. З абвяшчэннем незалежнасці Літ. Рэспублікі ВБР стала цалкам на незалежніцкія пазіцыі. 19.2.1918 прыняла пастанову, паводле якой сувязь паміж Расіяй і Беларуссю абвяшчалася парванай. Вітала абвяшчэнне 9.3.1918 БНР. 6 членаў ВБР (В.​Ю.​Ластоўскі, А. і І.​Луцкевічы, Я.​Станкевіч і інш.) былі кааптаваны ў Раду БНР і прынялі ўдзел у складанні 3-й Устаўнай граматы БНР. У снеж. 1918 9 членаў ВБР (Ластоўскі, І.​Луцкевіч і інш.) увайшлі ў склад Літ. Тарыбы. З прыходам у Вільню Чырв. Арміі дзейнасць ВБР практычна спынена. Пасля акупацыі горада польск. войскамі ў крас. 1918 ВБР звярнулася да Ю.​Пілсудскага з дэкларацыяй, у якой выказвала надзею, што ён дапаможа аднавіць незалежную Беларусь у яе этнічных межах і дазволіць дзейнасць Рады БНР. Спыніла існаванне пасля стварэння Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 4, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРБАКІ́ (Нікала) (Bourbaki Nicolas),

псеўданім групы франц. матэматыкаў. У групу, створаную ў 1937, аб’ядналіся выпускнікі Вышэйшай нармальнай школы (А.​Картан, А.​Вейль, Ж.​Дзьеданэ і інш.), аднак колькасць удзельнікаў і поўны склад групы не абвешчаны. Выступаюць у друку, на кангрэсах і з’ездах ад імя адной асобы. Бурбакі паставілі перад сабой мэту стварыць трактат «Элементы матэматыкі», які ахапіў бы гал. раздзелы сучаснай матэматыкі на аснове фармальнага аксіяматычнага метаду.

За 1939—77 Бурбакі ў Францыі выдадзена больш за 40 твораў, значная частка якіх перакладзена на інш. мовы. Выкладанне матэм. тэорыі мае абстрактны і фармалізаваны характар, даецца толькі іх лагічны каркас. Аснова выкладання — т.зв. структуры, вызначаныя паводле аксіём. Спосаб разважання — ад агульнага да асобнага. Самыя істотныя вынікі атрыманы ў тапалогіі, тапалагічнай алгебры, алг. геаметрыі, тэорыі функцый многіх камплексных пераменных, тэорыі алг. лікаў і функцыянальным аналізе.

Тв.:

Рус. пер. — Очерки по истории математики. М., 1963;

Начала математики. Ч. 1, кн. 1. Теория множеств. М., 1965;

Общая топология: Тополог. группы... М., 1969.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ ТЭО́РЫЯ СІСТЭ́М,

навуковая канцэпцыя даследавання аб’ектаў, якія ўяўляюць сабой сістэмы. Цесна звязана з сістэмным падыходам, з’яўляецца канкрэтызацыяй і логіка-метадалагічным выражэннем яго прынцыпаў і метадаў. Агульную тэорыю сістэм, адну з першых версій якой распрацаваў Л.​Берталанфі, абагульняе прынцыпы цэласнасці, арг-цыі, эквіфінальнасці (дасягнення сістэмай аднолькавага канчатковага стану пры розных зыходных умовах) і ўзаемаадназначнай адпаведнасці — ізамарфізму (гл. Ізамарфізм і гомамарфізм). У межах гэтай канцэпцыі было арганізавана даследаванне адкрытых сістэм, якія пастаянна абменьваюцца рэчывам і энергіяй са знешнім асяроддзем. У 1950—70-я г. існавалі і інш. падыходы да пабудовы агульнай тэорыі сістэм (М.​Месаровіч, Л.​Задэ, Р.​Акоф, Дж.​Клір, У.​Н.​Садоўскі, А.​І.​Уёмаў, Ю.​А.​Урманцаў, Р.​Калман, Э.​Ласла і інш); асн. ўвага звярталася на распрацоўку логіка-канцэптуальнага і матэм. апарата сістэмных даследаванняў.

Літ.:

Садовский В.Н. Основания общей теории систем: Логико-методол. анализ. М., 1974;

Уёмов А.И. Системный подход и общая теория систем. М., 1978;

Bertalanffy Z. v. General system theory: Foundations, development, applications. New York, 1969.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАПО́ЛІЯ (ад аліга... + грэч. pōlēo прадаю),

тып рыначнай структуры, у якой значная ці пераважная частка галіновай вытв-сці і збыту ажыццяўляецца на аснове спалучэння манаполіі і канкурэнцыі. Характэрна для большасці галін сучаснай рыначнай эканомікі.

Сутнасць алігаполіі ў тым, што абмежаваная колькасць буйных кампаній манапалізуе вытв-сць і збыт асн. ці нават большай часткі прадукцыі пэўнай галіны эканомікі ўзгадненнем узроўню цэн, якое ажыццяўляецца двума шляхамі: лідэрствам у цэнах (цэны, устаноўленыя адной з фірмаў, як правіла, найб. буйной, выкарыстоўваюцца і інш. фірмамі) і выбарам узгодненых правілаў паводзін (усе буйныя кампаніі прымаюць адзіныя правілы вылічэння цэн). Адначасова ўсе гэтыя кампаніі вядуць паміж сабой жорсткую нецанавую канкурэнцыю, каб пры ўзгодненых цэнах стварыць для сябе найб. спрыяльныя ўмовы за кошт рэкламы, тэхн. перааснашчэння вытворчасці і паляпшэння якасці прадукцыі, удасканалення формаў і метадаў збыту, прадастаўлення пакупнікам пэўных паслуг, гарантый, ільгот. Каб нейтралізаваць разбуральнае ўздзеянне на эканоміку манаполіі і канкурэнцыі, дзяржава імкнецца забяспечыць аптымальнае спалучэнне гэтых сіл на аснове антыманапольнай палітыкі.

І.​А.​Мацулевіч.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКАЯ ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Міжземнаморскі геасінклінальны пояс,

тэктанічна актыўная вобласць зямной кары, выцягнутая ад Атласкіх гор на З да Ціхага ак. на У. Ахоплівае горныя раёны Паўд. Еўропы, Міжземнае м., Паўн.-Зах. Афрыку, М.​Азію, Каўказ, Іранскае нагор’е, Памір, Алай, Гіндукуш, Гімалаі, горы Індакітая і Інданезіі, якія ўтварыліся ў кайназойскай эры ў выніку альпійскай складкаватасці. На У Альпійская геасінклінальная вобласць злучаецца з Ціхаакіянскай геасінклінальнай вобласцю. У мезазойскую эру ўяўляла сабой вял. марскі басейн (м. Тэтыс), акружаны плітамі стараж. платформаў — Афрыканскай і Індыйскай на Пд, Рускай, Сібірскай і Кітайскай на Пн. Геасінкліналь м. Тэтыс запаўнялася магутнымі асадкавымі тоўшчамі. У кайназоі адбылося сутыкненне паўн. і паўд. пліт і на месцы былога мора пачалася альпійская складкавасць. Утварыліся горныя сістэмы з найб. на Зямлі абсалютнымі адзнакамі (больш за 7—8 км). Асобныя структуры Альпійскай геасінклінальнай вобласці не завяршылі свайго развіцця, аб чым сведчаць інтэнсіўныя землетрасенні і вулканізм. З тэктанічнымі рухамі ў Альпійскай геасінклінальнай вобласці звязаны некаторыя землетрасенні, што адзначаюцца на тэр. Беларусі.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,

раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.

Г.​А.​Маслыка.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ТЛАЎ (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; н. 3.6.1936, в. Туркі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у друку, на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1980 у час. «Родная прырода». Друкуецца з 1956. Першая кн. апавяданняў «Росы на паплаве» (1974). У аповесцях «Белы месяц сакавік» (1977), «Сляды», «Начное неба ў ліпені» (абедзве 1981), «У вераснёвы вечар» (1987) даследуе духоўны свет чалавека, пытанні маралі і этыкі, праблемы адказнасці асобы перад сабой і грамадствам. Пра вясковых настаўнікаў аповесць «Брод» (1981), апавяданні «Поезд ішоў праз ноч», «Юрачка». Тэму пераемнасці пакаленняў, трагедыю Айч. вайны асэнсоўвае ў аповесці «Час даспелага жыта» (1981), апавяданнях «Вяртанне», «Жоўтае лісце», «Дана» і інш. Сутнасць змен у жыцці, горкія ўрокі мінулага спрабуе спасцігнуць у рамане «Парог» (1993), апавяданнях «Трое на прахадной», «Белыя людзі» і інш. Аўтар нарысаў, фельетонаў, твораў для дзяцей («Стрэл на белым лузе», 1985). Уздымае экалагічныя праблемы.

Тв.:

Белы месяц сакавік. Мн., 1977;

Сляды. Мн., 1981;

Вяртанне. Мн., 1987;

Парог. Мн., 1993.

І.​У.​Саламевіч.

т. 6, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУ́КЦЫЯ (ад лац. inductio навядзенне, стымуляванне) у логіцы, спосаб разважання (розумазаключэння) і метад даследавання, пры якіх агульныя вывады робяцца на аснове ведаў аб адзінкавых фактах. Пытанні тэорыі І. сустракаюцца ў працах Арыстоцеля, імі займаліся прадстаўнікі эмпірычнага прыродазнаўства 17—18 ст. Значны ўклад у распрацоўку тэорыі І. зрабілі Ф.​Бэкан, Г.​Галілей, І.​Ньютан, Дж.​С.​Міль, Дж.​Гершэль. Шырока выкарыстоўваецца пры пабудове пэўных тэорый у біялогіі, фізіцы, матэматыцы (гл. Матэматычная індукцыя) і інш. Індуктыўнае заключэнне заўсёды імавернае, але калі яно ісціннае, то нясе ў сабе новыя веды. Таму індуктыўнае заключэнне патрабуе дадатковых сродкаў пазнання, прымяненне якіх і вырашае пытанне аб ісціннасці канчатковых вывадаў. Адрозніваюць І. поўную і няпоўную. Поўная І. ўяўляе сабой вывад агульнага палажэння пра клас увогуле на аснове разгляду ўсіх яго элементаў; яна дае дакладны вывад. Пры няпоўнай І. агульны вывад робіцца на аснове разгляду часткі прадметаў пэўнага класа. Гэты вывад не поўны, а таму не зусім дакладны, патрабуе далейшага даследавання інш. метадамі (гл. Аналіз, Сінтэз, Дослед, Дэдукцыя).

В.​М.​Пешкаў.

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)