ГЕ́НДЭЛЬ ((Händel) Георг Фрыдрых) (23.2.1685, г. Гале, Германія — 14.4.1759),

ням. і англ. кампазітар, арганіст, дырыжор. Музыку вывучаў у Гале. У 1702 вучыўся ў ун-це і працаваў арганістам у гальскім саборы. З 1703 скрыпач, клавесініст і кампазітар Гамбургскай оперы. У 1706—10 удасканальваўся ў Італіі, выступаў як віртуоз-арганіст, клавесініст. У 1710—16 прыдворны капельмайстар у Гановеры (Германія). З 1712 жыў пераважна ў Лондане, з 1720 узначальваў Каралеўскую акадэмію музыкі. Пастаноўкі опер «Агрыпіна» (1709, Венецыя) і «Рынальда» (1711, Лондан) замацавалі за ім славу аднаго з буйнейшых оперных кампазітараў Еўропы. З канца 1730-х г. пісаў пераважна араторыі (найб. вядомыя «Ізраіль у Егіпце», 1739; «Месія», 1742; «Іуда Макавей», 1747). Працуючы над апошняй араторыяй «Іеўфай» (1752), страціў зрок, аднак да апошніх дзён рыхтаваў свае творы да друку. Гендэль стварыў новы тып вак.-інстр. твораў, якія спалучаюць у сабе маштабнасць (магутныя хары) і строгую архітэктанічнасць. Яго творам уласцівы манум.-гераічны стыль, аптымістычны, жыццесцвярджальны пачатак, які гарманічна аб’ядноўвае ў адно цэлае героіку, эпіку, лірыку, трагедыйнасць, пастаральнасць. Як драматург ён імкнуўся да стварэння муз. драмы ў рамках оперы і араторыі, шляхам кантрастнага супастаўлення драматургічных пластоў дасягаў напружанага развіцця дзеяння. Мастак эпохі Асветніцтва, Гендэль абагульніў дасягненні муз. барока, прадвызначыў шляхі да муз. класіцызму. Яго творчасць значна паўплывала на І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, М.​Глінку, а араторыі паслужылі ўзорамі для рэфарматарскіх опер К.​В.​Глюка. У розных краінах засн. Гендэлеўскія т-вы. У 1986 у г. Карлсруэ створана Міжнар. Гендэлеўская акадэмія. Сярод твораў: 46 опер, у т. л. «Зменлівасць царскага лёсу, або Альміра, каралева Кастыльская» (1705), «Амадыс» (1715), «Радаміст» (1720), «Юлій Цэзар», «Тамерлан» (абедзве 1724), «Радэлінда» (1725), «Адмет» (1727), «Партэнопа» (1730), «Пор» (1731), «Аэцый» (1732), «Раланд» (1733), «Арыядант», «Альцына» (абедзве 1735), «Ксеркс» (1738), «Дэідамія» (1741); 32 араторыі, у т. л. «Трыумф Часу і Праўды» (1707), «Ацыс і Галатэя» (1732), «Эсфір» (1720), «Гафалія» («Аталія», 1733), «Саул» (1739), «Самсон» (1743), «Тэадора» (1750); каля 100 кантат (1707—09, 1740—59); царкоўная музыка, у т. л. Te Deum (5), антэмы, псалмы; аркестравая музыка: 18 Concerti grossi; для інструментаў з арк., у т. л. 20 арганных, 3 для габоя, для валторны; уверцюры, сюіты для выканання на вольным паветры («Музыка феерверка», 1749, і інш.); трыо-санаты, санаты для клавіра; вак. дуэты і тэрцэты; песні, арыі; музыка да драм. спектакляў і інш.

Літ. тв.: Werke. Bd. 1—100. Leipzig, 1858—94.

Літ.:

Роллан Р. Гендель // Роллан Р. Музыкально-историческое наследие: Пер. с фр. М., 1987. Вып. 2;

Проблемы музыкального стиля И.​С.​Баха, Г.​Ф.​Генделя. М., 1985;

Chrysander F. G.F.Händel. Bd. 1—3. 2. Aufl. Leipzig, 1919;

Lang P.H. G.F.Handel. New York, 1966;

Siegmund-Schultze W. G.F.Händel. 4. Aufl. Leipzig, 1980.

Г.Ф.Гендэль. З мініяцюры Плецьера. 1710-я г.

т. 5, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ ((Komenský) Ян Амос) (28.3.1592, г. Ніўніцы, Чэхія — 15.11.1670),

чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч. Першапач. адукацыю атрымаў у брацкай школе, у 1608—10 вучыўся ў лац. школе, затым у Гербарнскай акадэміі і Гайдэльбергскім ун-це (1611—14). У 1614—20 выкладаў і быў прапаведнікам у Пршэраве, потым у Фульнеку (Маравія). Адзін з лідэраў пратэстанцкай абшчыны «Чэшскія браты». З-за рэліг. ганенняў разам з абшчынай у 1628 пакінуў радзіму і больш за 40 гадоў жыў у розных краінах Еўропы (Швецыя, Венгрыя, Галандыя; больш за 14 гадоў у г. Лешна, Польшча). Займаўся пед., рэліг. і грамадскай дзейнасцю. Філас. погляды К. склаліся пад уплывам ідэй Арыстоцеля, Платона, Ф.​Бэкана, Х.​Л.​Вівеса. Сваю дзейнасць прысвяціў праблемам адукацыі і выхавання, выпраўлення грамадства ў мэтах узаемаразумення і супрацоўніцтва паміж народамі для «дасягнення лепшага жыцця ва ўсім свеце». Напісаў больш за 130 твораў, у т. л. «Адчыненыя дзверы моў і ўсіх навук» (1631), «Матчына школа» (1633), «Вялікая дыдактыка» (1657), «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» (1658). Распрацаваў прынцыпова новую пед. сістэму, заснаваную на дэмакратызме і гуманізме, гарманічным спалучэнні агульначалавечых і нац. пачаткаў, якая і сёння ляжыць у аснове пед. навукі. Упершыню тэарэтычна абгрунтаваў ідэю ўсеагульнай універсальнай адукацыі і выхавання на аснове раўнапраўя, класна-ўрочнай сістэмы навучання, якая надоўга выцесніла індывідуальнае навучанне. Заснавальнік дыдактыкі, якую разумеў як тэорыю навучання, адукацыі і выхавання. Асн. дыдактычнымі прынцыпамі навучання лічыў нагляднасць (называў «залатым правілам дыдактыкі»), свядомасць, пасільнасць, паслядоўнасць навучання і трываласць ведаў. Асн. патрабаванні да навучання — ранні пачатак навучання. адпаведнасць вучэбнага матэрыялу ўзросту дзіцяці. Лепшымі мерамі выхавання лічыў перакананне, павагу да асобы вучня. Распрацаваў паняцці мэт, зместу і метадаў выхавання. Мэту выхавання бачыў не толькі ў набыцці ведаў, але і ў сістэме маральных якасцей, найб. важнымі з якіх лічыў справядлівасць, мужнасць, памяркоўнасць. Вылучыў 3 састаўныя часткі выхавання — навук. адукацыю, маральнае і рэліг. выхаванне. Адукацыя, на яго думку, павінна дапамагаць чалавеку правільна арыентавацца ў свеце ў пошуках сэнсу жыцця. Паводле К., чалавек — дзіця прыроды, таму ўсе пед. сродкі павінны быць прыродазгоднымі. У адпаведнасці з ідэяй прыродазгоднасці выхавання стварыў адзіную сістэму адукацыі, якая складалася з 4 шасцігадовых перыядаў ад дашкольнага выхавання да вышэйшай адукацыі; матчына школа (да 6 гадоў у сям’і); элементарная школа роднай мовы (ад 6 да 12 гадоў); лац. школа або гімназія (з 12 да 18 гадоў); вышэйшая школа — акадэмія (з 18 да 24 гадоў). Ідэі К. ў поўным аб’ёме былі запатрабаваны ў перыяд бурнага развіцця навукі (канец 18—19 ст.), зрабілі вял. ўплыў на станаўленне асветы і пед. думкі ва ўсім свеце, у т. л. на Беларусі.

Літ.:

Лордкипанидзе Д.О. Ян Амос Коменский, 1592—1670. 2 изд. М., 1970;

Кратохвил М.В. Жизнь Яна Амоса Коменского: Пер. с чеш. М., 1991;

Митюров Б.Н. Ян Амос Коменский и Белоруссия // Адукацыя і выхаванне. 1996. № 2.

В.​С.​Балбас.

Я.А.Каменскі.

т. 7, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДНЯ́К»,

аб’яднанне бел. пісьменнікаў у ліст. 1923 — ліст. 1928. Узнік як гурток маладых паэтаў пры час. «Маладняк». Заснавальнікі: М.​Чарот, А.​Вольны, А.​Дудар, А.​Александровіч, А.​Бабарэка, Я.​Пушча. Са стварэннем філіі ў Маскве (май 1924) і ініцыятыўных груп у Віцебску і Магілёве прыняў назву Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў. Меў філіі ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомелі, Клімавічах (Калінінская філія), Магілёве, Оршы, Полацку, Слуцку, Смаленску, Ленінградзе, Празе, Рызе, студыі і гурткі ў многіх гарадах і мястэчках, а таксама нац. секцыі рус., літ., польск. і яўр. пісьменнікаў.

Членамі «М.» ў розны час былі М.​Аляхновіч, З.​Бандарына, І.​Барашка, П.​Броўка, З.​Бядуля, У.​Галубок, В.​Гарбацэвіч, Ю.​Гаўрук, П.​Глебка, К.​Губарэвіч, А.​Гурло, У.​Дубоўка, Я.​Журба, У.​Жылка, М.​Зарэцкі, А.​Звонак, В.​Каваль, Т.​Кляшторны, К.​Крапіва, М.​Лынькоў, В.​Маракоў, Р.​Мурашка, М.​Нікановіч, Л.​Родзевіч, В.​Сташэўскі, П.​Трус, У.​Хадыка, Н.​Чарнушэвіч, К.​Чорны, С.​Шушкевіч, А.​Якімовіч і інш. Кіруючы орган — прэзідыум, з лют. 1925 Цэнтр. бюро, у розныя гады якое ўзначальвалі М.​Чарот, А.​Вольны, Дубоўка, П.​Галавач. Друк. орган — час. «Маладняк», многія філіі мелі свае часопісы або альманахі. З мая 1925 «М.» выдаваў на свае сродкі бібліятэчку (кніжніцу) — невял. зборнікі твораў сваіх членаў (выйшла каля 60).

Творчая праграма «М.» сфармулявана ў дэкларацыі (снеж. 1924): «...ідэі матэрыялізму, марксізма і ленінізма ажыццявіць у беларускай мастацкай творчасці...»; мастацкі вобраз павінен аб’ектыўна адпавядаць рэальнасці. Праграма ўдакладнялася новымі дэкларацыямі (1925, 1926) у кірунку размежавання творчай і культ.-масавай працы, барацьбы за развіццё марксісцкай крытыкі і інш. Праводзіў выхаваўчую работу сярод моладзі, садзейнічаў выяўленню талентаў, наладжваў сувязі з літ. арг-цыямі інш. рэспублік, кнігаабмен з зарубежнымі краінамі. Творчасць маладнякоўцаў прасякнута пафасам сцвярджэння сацыяліст. ладу, вызначалася пошукамі новых маст. форм і сродкаў. Аднак многія з іх абвяшчалі літ. спадчыну перажыткам старога грамадства, захапляліся арыгінальнічаннем, фармаліст. штукарствам (атрымала назву «бурапена»). У сваёй дзейнасці «М.» кіраваўся ўказаннямі КП(б)Б, быў цесна звязаны з камсамолам. У маі 1926 у выніку расколу многія члены (К.​Чорны, К.​Крапіва, Дубоўка, Бабарэка, Глебка, Пушча, М.​Лужанін і інш.), а на мяжы 1927—28 і асн. кіруючае ядро (М.​Чарот, А.​Вольны, А.​Дудар, Сташэўскі і інш.) выйшлі з «М.». Рэарганізаваны ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў.

Літ.:

Гарэцкі М. «Маладняк» за пяць гадоў, 1923—1928. Мн., 1928;

Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;

Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг. Мн., 1960;

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»), Мн., 1962;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Навумовіч У.А. Шляхамі арлянят: Проза «Маладняка». Мн., 1984;

Чыгрын І.П. Проза «Маладняка»: Дарогамі сцвярджэння. Мн., 1985.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 9, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬЕ́Р [Molière; сапр. Паклен (Poquelin) Жан Батыст; 15.1.1622, Парыж — 17.2.1673],

французскі драматург; найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму, стваральнік жанру «высокай камедыі», якая паклала пачатак новаму этапу развіцця франц. і сусв. драматургіі. Скончыў Клермонскі калеж (1639). Адзін з заснавальнікаў «Бліскучага тэатра» (1643, Парыж). У 1645—58 з трупай вандроўных камедыянтаў раз’язджаў па франц. правінцыі. Першыя камедыі «Шалёны» (паст. 1655), «Любоўная сварка» (паст. 1656) заснаваны на традыцыях італьян. камедыі дэль артэ і франц. нар. фарса. П’еса «Цырымонлівыя паненкі» (паст. 1659) скіравана супраць прэцыёзнага, манернага і надуманага мастацтва. У блізкай да фарса камедыі «Школа мужоў» (паст. 1661) і першай «высокай камедыі» «Школа жонак» (паст. 1662) выступіў супраць сямейнага дэспатызму, у абарону натуральнага пачуцця. Свае эстэт. і грамадз. прынцыпы выклаў у п’есах «Крытыка «Школы жонак» і «Версальскі экспромт» (абедзве паст. 1663). Вяршыня яго творчасці — камедыі «Тарцюф» (паст. 1664), «Дон Жуан» (паст. 1665), «Мізантроп» (паст. 1666), «Скупы» (паст. 1668), «Мешчанін у дваранах» (паст. 1670), «Хітрыкі Скапэна» (паст. 1671), «Прытворнахворы» (паст. 1673) і інш., у якіх выкрываецца душэўная фальшывасць і рэліг. ханжаства, крывадушнасць і хцівасць, прыкрытыя ідэямі хрысціянства, патрыятызму, нар. карысці. Развіваючы традыцыі нар. тэатра, М. дасягнуў сапр. рэалізму пры стварэнні вобразаў людзей з народа (слугі Сганарэль, Маскарыль і інш.), галерэі «вечных тыпаў» (Тарцюф, Дон Жуан, Гарпагон і інш.). Аўтар камедый балетаў на музыку Ж.​Б.​Люлі: «Надакучлівыя» (1661), «Шлюб пад прымусам» (1664), «Спадар дэ Пурсаньяк» (1669) і інш. На Беларусі ўпершыню п’есы М. паст. ў Нясвіжскім т-ры Радзівілаў, перакладзеныя і пераробленыя для т-ра У.​Радзівіл («Цырымонлівыя паненкі», 1749; «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», усе 1751; «Лекар паняволі», 1752; «Маскарыль», 1756). На бел. сцэне ставіліся спектаклі: «Мешчанін у дваранах» (Бел. т-р імя Я.​Купалы, 1924, 1967, пер. Ю.​Гаўрука), «Жорж Дандэн» (т-р імя Я.​Купалы, 1926; Гродзенскі абл. драм. т-р, 1979), «Цырымонлівыя паненкі» (т-р імя Я.​Купалы, 1926), «Шлюб пад прымусам» (т-р імя Я.​Купалы, 1926), «Тарцюф» (Бел. ТРАМ, 1934; Дзярж. рускі драм. т-р, 1935; т-р імя Я.​Купалы, 1987), «Скупы» (т-р імя Я.​Купалы, 1937), «Хітрыкі Скапэна» (Бел. рэсп. т-р юнага гледача, 1940; рускі драм. т-р, 1955), «Лекар паняволі» (Бел. т-р імя Я.​Коласа, 1940), «Прытворнахворы» (Гомельскі абл. драм. т-р, 1973), «Школа жонак» (Гродзенскі абл. драм. т-р, 1986), «Нежанаты мнагажэнец» (т-р імя Я.​Купалы, 1993, пер. Р.​Барадуліна, своеасаблівая пераробка камедыі «Спадар дэ Пурсаньяк»).

Тв.:

Рус. пер. — Полн. собр. соч. Т. 1—3. М., 1985—87.

Літ.:

Бояджиев Г.Н. Мольер: Ист. пути формирования жанра высокой комедии. М., 1967;

Бордонов Ж. Мольер: Пер. с фр. М., 1983;

Булгаков М.А. Жизнь господина де Мольера. [4 изд]. М., 1991;

Барысава Т.Ц. Мальер на беларускай сцэне. Мн., 1972.

Г.​В.​Сініла, Г.​М.​Малей.

Мальер.

т. 10, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКІ ВО́БРАЗ,

спосаб і форма адлюстравання і стварэння свету ў мастацтве; катэгорыя маст. дзейнасці. Існуе ў канкрэтна-пачуццёвай форме, г. зн. у працэсе станаўлення М.в. адбываецца абагульненне канкрэтнага, адзінкавая з’ява паўстае адначасова як асаблівая і як усеагульная. Гэта абагульненне адметнае цэласнасцю, у якой рацыянальны пачатак цесна зліваецца з эмацыянальным. М.в. мае шматгранную прыроду. Т.зв. мікравобраз — малая часцінка маст. тканіны твора (у паэзіі — метафары, метаніміі, у музыцы — такты ў мелодыі, у выяўл. мастацтве — фрагмент і г.д.). У больш буйным плане М.в. — вобраз героя, дзеючай асобы маст. твора (вобразы Яўгена Анегіна А.​Пушкіна, Сымона-музыкі Я.​Коласа, Караля Стаха У.​Караткевіча, вобразы зняволеных у канцлагеры ў цыкле карцін М.​Савіцкага «Лічбы на сэрцы»), Максімальны маштаб вобраза — цэласнае ўтварэнне мастацкасці ўвогуле (спектакль, скульптура, раман, будынак ці сістэма будынкаў). Як дыялектычна супярэчлівае, рухомае адзінства зместу і формы М.в. суадносіцца з асн. эстэт. катэгорыямі (прыгожае, трагічнае, агіднае, камічнае, узнёслае). У залежнасці ад характару гэтага адзінства — гарманічнай тоеснасці ці антаганістычнай проціпастаўленасці — атрымлівае адпаведную эстэт. ацэнку, што прадвызначае ролю М.в. ў працэсе маст. выхавання. Стылявыя разнавіднасці, выкарыстанне розных метадаў мастацкіх, рэалізацыя ідэалаў эстэтычных (грамадскага, выпрацаванага эпохай і часам, і асабістага, індывідуальнага ідэалаў мастака) у маст. творчасці спараджаюць шматлікія сістэмы маст. вобразнасці. Рэалізацыя ў мастацтве сац. і эстэт. ідэалаў садзейнічае стварэнню мадыфікаваных сістэм маст. вобразнасці ў межах нават аднаго кірунку: маст.-вобразная сістэма ў творчасці першых прадстаўнікоў бел. рамантызму (В.​Дунін-Марцінкевіч, В.​Каратынскі, Я.​Чачот) значна адрозніваецца ад сістэмы маст. вобразаў у творах больш позніх прадстаўнікоў рамантызму (раннія вершы і паэмы Я.​Купалы і Я.​Коласа, большасць твораў М.​Багдановіча). Першапачаткова М.в. узнікае ў свядомасці мастака. Пры яго стварэнні важнае значэнне набывае светасузіральная пазіцыя творцы, якая разам з маст. вымыслам, інтуіцыяй, густам эстэтычным выступае ў якасці кампанента маст. творчасці. М.в. знаходзіць пэўнае рэчыўнае афармленне ў розных відах мастацтва, дзе яго інтэрпрэтацыя абумоўлівае выкарыстанне спецыфічнай мовы пэўнага віду мастацтва (слова ў маст. л-ры, фарбы ў жывапісе, лініі ў графіцы, гук у музыцы і г.д.), раскрываецца ў мастацкай ідэі, якая дыктуе вырашэнне тэмы і сюжэта, кампазіцыю твора. Сваё пэўнае завяршэнне М.в. набывае ў працэсе яго ўспрымання, перажывання і ацэнкі рэцыпіентам мастацтва.

Літ.:

Выготский Л.С. Психология искусства. 2 изд. М., 1968;

Горанов К. Художественный образ и его историческая жизнь: Пер. с болг. М., 1970;

Гачев Г.Д. Жизнь художественного сознания: Очерки по истории образа. М., 1972;

Храпченко М.Б. Горизонты художественного образа // Контекст, 1980. М., 1981;

Малахов В.А. Искусство и человеческое мироотношение. Киев, 1988;

Малинина Н.Л. Диалектика художественного образа. Владивосток, 1989;

Салеев В.А. Искусство и его оценка. Мн., 1977;

Яго ж. Нацыянальная самасвядомасць і мастацкая культура. Мн., 1990;

Яковлев Е.Г. Художник: личность и творчество. М., 1991;

Махлина С.Т. Язык искусства в контексте культуры. СПб., 1995;

Лихачев Д.С. Очерки по философии художественного творчества. СПб., 1996.

В.​А.​Салееў.

т. 10, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁМАНСКАЕ ШКЛО мастацкае,

вырабы са шкла (посуд, вазы, скульптура, творы манум.-дэкар. мастацтва) шклозавода «Нёман». Традыцыі Н.ш. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. майстрамі гутаў хутара Устрынь-Боркі (1875), урочышча Малодзіна (цяпер г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.). Посуд і прадметы раскошы (маст. шкло) выраблялі метадамі прасавання, выдзімання ў нерухомыя і рухомыя формы (ціхае выдзіманне), свабоднага фармавання з бясколернага, каляровага празрыстага і глушанага шкла. Пры дэкарыраванні вырабаў выкарыстоўваліся алмазная і шырокая грань, гравіроўка, люстр, размалёўка эмалямі і золатам, светлае і глыбокае траўленне, налепы, скульптурная пластыка, каляровыя ніці. У 1880—1914 прасаваныя і ціхавыдзіманыя вырабы пакрывалі нізкарэльефным дэкорам з матывамі неаготыкі і неаракако. Віцці аканта, ракайлевыя грабеньчыкі і краты, выявы анёлаў, дробныя раслінныя элементы мудрагеліста кампанаваліся на паверхні пасудзін і рэчаў. Прасаваныя і свабодна фармаваныя вырабы часта дадаткова дэкарыравалі гутнымі пластычнымі аздобамі (фігуркамі людзей, жывёл, птушак, каляровымі ніткамі). Выдзіманыя масавыя вырабы ў 1890—1920-я г. ствараліся ў стылі мадэрн, пазней — пад уплывам чэш. шкла і школы «Баўгауз» — функцыяналізму, канструктывізму і кубізму. Сярод размалёвак пераважалі пейзажныя і кветкавыя кампазіцыі, якія стылістычна набліжаюцца да размалёвак на бел. дыванах пач. 20 ст. У 1940 — сярэдзіне 1950-х г. пераважаў выраб посуду з каляровага накладнога (2—3-слойнага) жоўтага, зялёнага, сіняга, фіялетавага і чырвонага шкла па бясколерным і малочным, аздоблены шліфаваным геам. і зрэдку расл. арнаментам. З 1956 на з-дзе працуюць прафес. мастакі, работы якіх сталі значным укладам у распрацоўку маст. шкла. Н.ш. гэтага часу характарызуецца класіцыстычнай прастатой высакародных форм гладкасценнага недэкарыраванага посуду са слабаафарбаванага шкла пастэльных, пераважна дымчатых колераў. Для серыйных і дэкар. вырабаў характэрна скульптурна-вобразнае вырашэнне. У 1969 майстар А.​Федаркоў распрацаваў новы метад дэкарыравання вырабаў сульфідна-цынкавым шклом пад назвай «нёманская ніць». У 1970-я г. распрацаваны новыя віды ўзбагачэння малюнкаў фактуры спосабам ціхага выдзімання, што дало магчымасць выкарыстоўваць разнастайныя выяўл. і асацыятыўныя сродкі пры стварэнні маст. вобразаў. У 1980-я г. створана брыгада па вырабе масавых рэчаў у тэхніцы пракатнага маліравання. Сучаснае Н.ш. характарызуецца разнастайнасцю маст. стылістыкі і тэхнік формаўтварэння (гута, прэс, рухомае і ціхае выдзіманне, рыфленне, пракатнае маліраванне), шырокім выкарыстаннем розных тэхнік дэкарыравання — халоднага (алмазная грань, шліфоўка, пескаструменная тэхніка, фотадрук, размалёўка) і гутнага (прылепы, пячаткі, аплікацыі, дробная пластыка, каляровая крошка, ніці сульфідныя, крыялітавыя, каляровыя, бясколерныя). Сярод вядучых мастакоў Н.ш. — А.​Анішчык, К.​Вакс, В.​Дзівінская, У.​Жохаў, Г.​Ісаевіч, Т.​Малышава, У.​Мурахвер, Л.​Мягкова, С.​Раўдвеэ, В.​Сазыкіна, Г.​Сідарэвіч, Федаркоў і інш.

Літ.:

Беларускае мастацкае шкло: [Альбом]. Мн., 1978;

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст. Мн., 1984.

М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Нёманскае шкло. Г.​Сідарэвіч. Дэкаратыўныя пласты «Цішыня». 1985.
Да арт. Нёманскае шкло. Л.​Мягкова. Кампазіцыя «Антык». 1996.
Да арт. Нёманскае шкло. У.​Мурахвер. Дэкаратыўная скульптура «Ефрасіння». 1999.

т. 11, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў літаратуразнаўстве,

навуковы кірунак, што склаўся ў Зах. Еўропе і Расіі на аснове філасофіі пазітывізму ў апошняй чвэрці 19 ст. і існаваў да 1920-х г. Асн. прадметам вывучэння быў унутр. бок маст. творчасці — матывы душы аўтара, што спрыяюць нараджэнню твора, і працэсы, што адбываюцца ў свядомасці чытача. П.ш. мела пашырэнне ў зах.-еўрап. эстэтыцы (В.​Вунт, В.​Вец, І.​Фолькельт, Э.​Эльстэр у Германіі, С.​Жырардэн у Францыі), дзе моцным быў яе псіхафізіялагічны кірунак, што перабольшваў ролю біял. фактараў у эстэт. дзейнасці чалавека і паўплываў на фарміраванне тэорыі псіхааналізу З.Фрэйда. Грунтоўна, на ўзроўні навук.-пазітыўнага пазнання тут вывучалася псіхалогія творчасці, значнае месца ў творчым працэсе адводзілася інтуіцыі, падсвядомасці. У рус. літ.-знаўстве П.ш. прадстаўлялі А.​А.​Патабня і яго вучні — Дз.​М.​Аўсяніка-Кулікоўскі, Т.​Райнаў, М.​С.​Грыгор’еў і інш. П.ш. працягвала ідэі культурна-гістарычнай школы — пра сувязі л-ры з матэрыяльным і духоўным развіццём грамадства або асяроддзя (разумеючы яго як дыферэнцыраванае цэлае, што па-рознаму ўздзейнічае на мастака — асобу псіхалагічна непаўторную) і на першы план у маст. творчасці ставіла індывідуальны аўтарскі пачатак. Паводле канцэпцыі П.ш., творчы працэс — акт самавыяўлення мастака, вызвалення яго ад маральна-псіхал. грузу, цяжару думак і пачуццяў; сакрэты творчасці — у таямніцах аўтарскага «я», складанасці яго інтэлектуальна-душэўнага комплексу. Грамадская абумоўленасць маст. творчасці для іх была другарадным фактарам, бо лічылі, што жыццё ўплывае на мастака ў залежнасці ад канкрэтных носьбітаў гэтага ўплыву. Паняцце «ўнутранай формы слова» (сінонім паняцця «вобраз»), якое ўвёў у навук. ўжытак Патабня, стала стрыжнем яго паэтыкі, дзе праблемы лінгвістыкі і літ.-знаўства разглядаліся непадзельна. Аўсяніка-Кулікоўскі вылучаў 2 тыпы творчасці — назіральны (рознабаковае, больш дакладнае, праўдападобнае адлюстраванне) і эксперыментальны (аднабаковае, больш умоўнае). Ён расчляняў л-ру на вобразную (эпас і драма) і лірычную (лірыку) і тлумачыў апошнюю як асобны від творчасці, што аперыруе не вобразамі, а непасрэднымі эмоцыямі, што ствараюцца рытмам гукавога і пачуццёвага характару. П.ш. праяўлялася, хоць і скупа, у бел. літ.-знаўстве ў 2-й пал. 1920-х г. як процідзеянне вульгарна-сацыялаг. канцэпцыям. А.​Бабарэка, абгрунтоўваючы эстэт. сутнасць л-ры і навук. асновы крытыкі, падкрэсліваў значэнне суб’ектыўна-псіхал. фактару, ролю аўтарскага ўяўлення ў літ. творчасці («З далін на ўзвышшы», «Аб разуменні мастацкай творчасці і некаторых пытаннях у вывучэнні мастацкай літаратуры» і інш.). З індывід. псіхалогіяй пісьменніка лічыўся і М.​Піятуховіч («Нарысы гісторыі беларускай літаратуры», 1928). І.​Замоцін ідэі П.ш. прымаў як элемент сінтэзу яго літ.-знаўчай тэорыі. На іх абапіраўся М.​Каспяровіч, раскрываючы ўнутр. складанасць творчасці пісьменнікаў («Матывы барацьбы ў творчасці М.​Багдановіча» і інш.).

Літ.:

Потебня А. Мысль и язык. 5 изд. Харьков, 1926;

Осьмаков Н.В. Психологическое направление в русском литературоведении: Д.​Н.​Овсянико-Куликовский. М., 1981;

Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Конан У. Адам Бабарэка. Мн., 1976.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 13, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (франц. rationalisme ад лац. rationalis разумны),

філасофскі кірунак, які прызнае розум асновай пазнання і паводзін людзей. Адрозніваюць анталагічны, гнасеалагічны і тэалагічны Р. Паводле анталагічнага Р. быццё разумнае, у яго аснове знаходзіцца разумовы пачатак — «ідэі» ў вучэнні Платона, разумная манада ў дактрыне Г.​Лейбніца, разумнае «Я» ў І.​Фіхтэ, панлагізм Г.​Гегеля, які ўяўляў увесь свет як самаразвіццё абсалютнай ідэі. Гнасеалагічны Р. — адзін з пануючых кірункаў у філасофіі 16—17 ст. Прадстаўлены Р.​Дэкартам, Лейбніцам, Б.​Спінозай, якія лічылі, што безумоўна дакладныя веды могуць быць атрыманы пры дапамозе дэдуктыўных метадаў, найб. моцна развітых у матэматыцы. З іх пункту погляду, вопыт і заснаваны на ім эмпірызм абмежаваны і толькі розум здольны стаць крыніцай ісцін, якія валодаюць уласцівасцямі ўсеагульнасці і неабходнасці, Р. стаў пануючым метадам мыслення эпохі Асветніцтва. У 16—17 ст. распаўсюдзіўся ў працах бел. мысліцеляў Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, Сімяона Полацкага. Ідэі Р. атрымалі развіццё ў вучэнні І.​Канта, які лічыў, што, хаця сапраўдныя веды рэальнага свету «рэчаў у сабе» недасягальныя, можна атрымаць дакладныя веды пра з’явы, феномены ў свеце, якім мы яго пазнаём. Гэта становіцца магчымым дзякуючы таму, што фенаменальны свет асэнсоўваецца ў рамках апрыёрнай структуры, якая ствараецца розумам, напр., апрыёрнымі формамі ўспрыняцця прасторы. У філасофіі Гегеля ў якасці зыходнага першапачатку і сутнасці свету прызнаецца абсалютная ідэя — абсалютны розум, які паслядоўна ператвараецца ва ўласнае быццё напачатку ў форме прыроды, а затым і грамадства і прыходзіць да пазнання самога сябе. У гэтай дактрыне развіццё свету ўяўляецца як чыста лагічны рацыянальны працэс («усё сапраўднае разумнае, усё разумнае сапраўднае»), а яго гнасеалагічны Р. набывае рысы анталагічнага Р. і ператвараецца ў панлагізм. Гегелеўскі Р. паўплываў на К.​Маркса, і фактычна філасофія марксізму рацыяналістычная. На аснове крытыкі гегельянства ў 19 ст. магутнае развіццё атрымліваюць процілеглыя Р. ідэі ірацыяналізму. Поўнасцю Р. не быў адхілены. Уласцівыя яму ідэі, акрамя марксізму, развіваліся ў 20 ст. ў філасофіі неапазітывізму, у вучэннях структуралізму, у сацыялагічных дактрынах М.​Вебера, Ю.​Хабермаса, Т.​Парсанса і інш. Разам з анталагічным і гнасеалагічным у 17 ст. ўзнік і атрымаў развіццё ў 20 ст. тэалагічны Р. (Э.​Жыльсон, Ж.​Марытэн, К.​Ранер і інш.), паводле якога можна прыняць толькі тыя догматы веры, што ўзгадняюцца з логікай і довадамі розуму. Р. наз. таксама ўсеагульную веру ў здольнасць розуму пазнаць і растлумачыць навакольны свет і чалавека ў ім, вырашыць усе праблемы іх узаемадзеяння. Гл. таксама Крытычны рацыяналізм.

Літ.:

Кант И. Критика чистого разума // Соч. М., 1964. Т. 3;

Фейерабенд П. Избр. труды по методологии науки: Пер. с англ. и нем М., 1986;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993;

Декарт Р. Соч. Т. 1—2. М., 1989—94.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вясна́ ’пара года паміж зімою і летам’; ’светлая, радасная пара жыцця — маладосць’ (БРС, КТС, Бяльк., Касп.), палес. высна́ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), вэсна́ (Бес.), пін. вестна (Шн., 2) з устаўным ‑т‑, вісна́ (Бяльк., Касп.), вісна ў вочы лезя — «гавораць тады, калі пабыць доўга на двары пры снезе і сонцы, а пасля прыйсці ў хату і нічога адразу не бачыць» (КЭС, лаг.), вясна вочы крадзе — пра вясенняе сонца, якое слепіць вочы (віл., Нар. сл.). Укр. весна́, рус. весна́ ’вясна’, арханг., кастр. ’вясенняе разводдзе’, паўн. ’першы вясенні дождж’, с.-урал. ’вяснушкі, рабацінне на твары’, перм. ’ліхаманка, трасца’, свярдл. ’трава, якою лечаць ліхаманку’, польск. wiosna ’вясна’; ’вясеннія палявыя работы’; ’галодная пара перад новым ураджаем’, чэш. усх.-мар. vesno ’вясна’, odvesno ’вясною’, vesna (паэт.) запазычана з рус. мовы, тое ж славац. vesna, Vesna ’багіня вясны ў старажытных славян’, славен. vẹ̑sna ’вясна’; ’міфічная жаночая істота, якая стракоча, бухае, трашчыць’; ’пра чалавека, які моцна кашляе’, серб.-харв. вѐсна ’вясна’, ст.-слав. весна. Прасл. vesna ’пачатак лета’ — старажытная і.-е. рознаскланяльная аснова на ‑r‑//‑n‑: наз. скл. *u̯esr‑, род. скл. u̯es‑n‑es; у слав. мовах за аснову прыняты ўскосны склон. у балт. мовах — прамы: літ. vãsara < veserà (Экерт, LKLR, 143–154), лат. vasara ’лета’; параўн. таксама грэч. ἔαρ, лац. vēr, ст.-ісл. vár, ст.-фрыз. wars, арм. garun, ст.-інд. vasantás ’вясна’, vasar‑ ’рана’, авест. vaηri‑ ’вясною’. Узыходзіць да і.-е. кораня *au̯es ’асвятляць’. Некаторыя этымолагі звязваюць з лексемай вясёлы (гл.). Параўн. таксама Міклашыч, 386; Гараеў, 1896, 75; Праабражэнскі, 1, 79; Педарсан, KZ, 32, 246; Траўтман, 356; Буасак, 209; Майргофер, 20, 172; Мюленбах-Эндзелін, 3, 484; Голуб-Копечны, 413; Махэк₂, 685; Брукнер, 623; Фасмер, 1, 303; Шанскі, 1, В, 73; КЭСРЯ, 77.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́пел ’рэшткі згарання, спальвання чаго-небудзь’ (ТСБМ), ст.-бел. попелъ (1269 г.), у іншых славянскіх мовах варыянты з пачатковай альтэрнацыяй по‑/пе‑: укр. по́піл, рус. пе́пел, рус. дыял. по́пел, ст.-рус. пепелъ/попелъ, польск. popiół, каш. popʼół, в.-луж. popjeł, н.-луж. popʼeł, палаб. püpél, чэш. popel, славац. popol, славен. pepêl, славен. дыял. popȇl, харв. pèpeo, серб. пѐпео, серб. дыял. попео, балг. пѐпел, ст.-слав. пепелъ/попелъ ’тс’. Найбольш пашыраная этымалогія (Міклашыч, 235; Брукнер, 431; Фасмер, 3, 234; Махэк₂, 429; БЕР, 5, 157–159) выводзіць слова з варыянтаў кораня *‑pel‑/*‑pol‑, прадстаўленых у палена, паліць, полымя з агульным семантычным кампанентам ’гарэць, паліць’, параўн. ст.-прус. pelanne ’попел, парахно’, літ. pelenaĩ (мн. л.), лат. pęlni ’тс’. Зусім верагодна, што прасл. *po‑pelъ літаральна ’спаленае рэчыва’ — аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння. Банькоўскі (2, 699) разглядае *pepelъ як старэйшую рэліктавую форму, а *popelъ‑ — у якасці паўн.-слав. інавацыі, выводзячы рэдуплікаванае прасл. *pe(l)‑pel‑ъ ’пыл’ ад *pol‑nǫ‑ti ’палымнець’. Паводле Карскага (2–3, 87), пачатак слова з падваеннем кораня зменены пад уплывам прыстаўкі *po‑. Іншая версія ўзводзіць слова да і.-е. *pel‑ ’парахно, пыл’, ’мука́’, ’нешта сцёртае ў муку’ (Голуб-Копечны, 286; Сной, 436), што прадстаўлена ў лац. pellō ’біць, капаціць’, pollen ’пыл, мука’, грэч. πάλη, таксама з рэдуплікаваным пачатковым элементам παι‑πάλη ’дробна змолатая мука’, ст.-інд. pálala ’працёртае зерне, каша’. Адсюль прасл. *po‑pelъ азначае ’нешта дробнае, стоўчанае, сцёртае ў муку’. Назіраецца таксама сумяшчэнне ў слав. мовах семантыкі ’падгарэлы, спечаны’ і ’выраб з мукі’, параўн. бел. падпалак ’блін, ляпёшка’, падпалонік ’тс’, польск. podpłomyk ’тс’, а таксама паляніца/ пеляніца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)