Пляска́ты ’без звычайнай пукатасці, прыплюснуты’, ’які мае невялікую вышыню або таўшчыню пры прамой і роўнай паверхні’ (ТСБМ; слонім., КЭС; пух., Сл. ПЗБ; Шат.; беласт., Стан.), плеска́ты ’пляскаты’ (ТС), плыска́ты ’прыплюснуты, плоскі’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), плеска́тая ’нізкая, пакатая (страха)’ (стаўб., карэліц., ЛА, 4). Хаця не выключана ўтварэнне ад пляска́ць (гл.), аднак больш імаверна, што лексема запазычана з польск. plaskaty ’плоскі’ (з XVI ст.). Параўн., аднак, пляска́ны ’пляскаты (пра авёс)’, пля́сканькі ’пляскаценькі’ (швянч., трак., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ка́псула

(лац. capsula = каробачка)

1) аддзяляльная частка касмічнага лятальнага апарата, якая дасягае паверхні нябеснага цела;

2) абалонка для вадкіх або парашкападобных лякарстваў, якая прыгатаўляецца з крухмалу, жэлаціну і лёгка раствараецца ў арганізме.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

зе́мніца Халоднае месца, дзе падоўгу вясной ляжыць снег, летам холадна, блізка да паверхні падыходзяць падземныя грунтавыя воды (Слаўг.). Тое ж зімні́ца (Слаўг.).

в. Земніца (1884 Дэмб. т. II) Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

БУ́РА, шторм,

вельмі моцны працяглы вецер, які выклікае вял. хвалі на моры і разбурэнні на сушы. Узнікае пры інтэнсіўных цыклонах (асабліва трапічных), смерчах, навальніцах. Сіла ветру каля зямной паверхні 9—12 балаў па Бофарта шкале, скорасць 20—50 м/с, асобныя парывы да 100 м/с (гл. таксама Ураган, Шквал). На адкрытых месцах у Беларусі здараецца прыкладна раз у год, найчасцей вясной або восенню пры моцным зах. і паўд.-зах. ветры (да 30—35 м/с).

т. 3, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЧНАСЦЬ,

непасрэднае, пачуццёвае ўспрыманне чалавекам з’яў прыроды і грамадства. У філасофіі называецца ўяўнасцю. Па сутнасці мае аб’ектыўную аснову, але звычайна не адпавядае ёй, бо адлюстроўвае тое, што ляжыць на паверхні, што бачна вонкава і часта залежыць ад рэальных умоў назірання, будовы органа ўспрымання (напрыклад, уяўны злом прадмета, часткова апушчанага ў ваду; бачны рух Сонца вакол Зямлі і інш.). Задача пазнання — звядзенне бачнасці да аб’ектыўнай сутнасці і вытлумачэнне яе ў знешніх формах, з’явах (гл. Сутнасць і з’ява).

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ГАЙМ ((Behaim) Марцін) (6.10.1459, г. Нюрнберг, Германія — 29.7.1507),

нямецкі географ і падарожнік. Шмат гадоў правёў у Партугаліі, дарадчык караля Хуана II па пытаннях навігацыі. У 1484—86 прымаў удзел у партугальскай экспедыцыі Д.​Кау ўздоўж зах. ўзбярэжжа Афрыкі. У 1492 стварыў глобус «Зямны яблык» (дыяметрам 0,54 м), які адлюстраваў геагр. ўяўленні аб паверхні Зямлі напярэдадні адкрыцця Новага Свету. Арыгіналам паслужыла карта свету, якая грунтавалася пераважна на даных Пталамея. Глобус Бегайма — найвялікшая гісторыка-геагр. каштоўнасць (захоўваецца ў Нюрнбергскім музеі).

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНАМЕ́ТРЫЯ (ад актына... + ...метрыя),

раздзел метэаралогіі, які вывучае перанос і ператварэнне сонечнага, зямнога і атмасфернага выпрамянення ў атмасферы Зямлі. Гал. задачы актынаметрыі — вымярэнне прамой, рассеянай, сумарнай і адбітай радыяцыі і радыяцыйнага балансу зямной паверхні, вывучэнне заканамернасцяў паглынання і рассейвання радыяцыі ў атмасферы і геагр. размеркавання яе. Актынаметрычныя назіранні пачаліся ў 17 ст., на Беларусі з 1936. У 1994 праводзіліся на 10 станцыях: у Мінскім гідраметэацэнтры, на аграметэастанцыі Васілевічы, Палескай балотнай станцыі і інш.

М.​А.​Гольберг.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАТРО́ФЫ [ад аліга... + ...троф(ы)],

расліны і мікраарганізмы, здольныя развівацца ў асяроддзі з нізкай канцэнтрацыяй пажыўных рэчываў. Да алігатрофных раслін Беларусі, якія растуць на глебах, бедных элементамі мінер. харчавання, належаць сфагнавыя імхі, верас звычайны, сівец стаячы, цмен пясчаны, агаткі двухдомныя, падвей похвенны, багун балотны, журавіны і інш. расліны вярховых балотаў, сухадолаў і пяскоў. Алігатрофныя мікраарганізмы жывяцца простымі арган. злучэннямі — арган. к-тамі, спіртамі. Многія з іх маюць прыстасаванні для павелічэння паверхні клеткі (спіральная будова клетак у спірылы, прастэкі ў прастэкабактэрый).

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАДЗІ́РАВАННЕ,

утварэнне плёнкі вокісу электрахімічным спосабам (электролізам) на паверхні метал, вырабаў. Пры анадзіраванні вырабы, апушчаныя ў электраліт, злучаюць з анодам крыніцы току. Вокісныя плёнкі (таўшчынёй 1—200 мкм) маюць павышаную цвёрдасць, гарача- і зносаўстойлівасць, электраізаляцыйныя ўласцівасці, моцна злучаюцца з металам, з’яўляюцца добрай асновай для лакафарбавых пакрыццяў. Анадзіруюць пераважна алюміній і яго сплавы. Анадзіраванне выкарыстоўваюць у машынабудаванні (для аховы вырабаў ад карозіі), прыладабудаванні (для аховы прылад ад мех. і хім. уздзеянняў і дэкар. ўпрыгажэння), самалётабудаванні і радыёэлектроніцы.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНГА́ЛЬСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў Індыйскага ак., паміж п-вам Індастан на З і п-вам Індакітай і а-вамі Андаманскімі і Нікабарскімі на У. Пл. 2191 тыс. км². Найб. глыб. 5258 м. Т-ра вады на паверхні ў лют. 25—27 °C, у жніўні 28 °C (у маі 29 °C). Салёнасць да 34‰. Прылівы паўсутачныя (да 10,7 м). Частыя трапічныя ўраганы. У Бенгальскі заліў упадаюць рэкі Ганг і Брахмапутра. Рыбалоўства. Асн. парты — Калькута, Мадрас (Індыя), Чытагонг (Бангладэш).

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)