надсямейства даўгавусых насякомых атр. прамакрылых. Вядомы з верхняй пермі. Каля 1130 родаў, больш за 7000 відаў. Пашыраны ўсюды (каля 70% відаў — у трапічным і субтрапічных паясах). На Беларусі найб. вядомыя конікі: бадзяжны (Podisma pedestris), звычайны (Chorthippus brunneus), зялёны (Tettigonia viridissima), шэры (Decticus verrucivorus), пілахвост хваёвы (Baibitistes constrictus), пласцінакрыл звычайны (Phaneroptera falcata). Жывуць на сенажацях, лясных палянах, у садах.
Даўж. 8—132 мм. Вусікі даўжэйшыя за цела, мнагачленікавыя. На брушку ў самак доўгі серпа- ці шаблепадобны яйцаклад. На надкрылах у самцоў органы стракатання. Заднія ногі скакальныя, на галёнках пярэдніх ног органы слыху. Расліннаедныя ці ўсёедныя, радзей драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 1 пакаленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫКЕ́Т (англ. cricket),
спартыўная камандная гульня з мячом і бітамі. Вядомы з сярэдніх вякоў (Англія). Афіц. спаборніцтвы праводзяцца з 18 ст. Сучасны К. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Канадзе, Н. Зеландыі, шэрагу афр. краін; праводзяцца нац. чэмпіянаты, міжнар. сустрэчы. Нагадвае рускую лапту і амерыканскі бейсбол.
У камандах па 11 гульцоў. Гульня вядзецца на травяным полі (80 × 60 м), у сярэдзіне якога ставяцца 2 «брамкі» (выш. 67,5 см, шыр. 20 см) на адлегласці 20 м адна ад адной. Мяч 23 см у дыяметры. масай 170,5 г, біта нагадвае вясло даўж. да 95 см пры шыр. «лопасці» 6,5 см. Мэта гульні — зруйнаваць кідкамі мяча «брамку» каманды саперніка, гульцы якой абараняюць яе, адбіваючы мяч бітамі. Працягласць гульні — некалькі гадзін (па дамоўленасці паміж камандамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎРА (грэч. laura літар. гарадская вуліца, квартал),
назва найбольш буйных і ўплывовых правасл. мужчынскіх манастыроў. Вядомы з 4—6 ст.: Л. наз. манастыры св. Феадосія каля Іерусаліма (Палесціна), св. Афанасія на Афоне (Грэцыя). У Рас. імперыі статус Л. мелі Кіева-Пячэрская лаўра (з 1598), Троіца-Сергіева лаўра (з 1744), Аляксандра-Неўская лаўра (з 1797), Пачаеўская, цяпер у Цярнопальскай вобл. на Украіне (з 1833; у ансамблі барочны Успенскі сабор, 1771—83, арх. Г.Гофман, класіцыстычная званіца, 1861, Троіцкі сабор, 1906, арх. А.Шчусеў). Да 18 ст. Л. падначальваліся непасрэдна патрыярху, з 1721 — сіноду. Карыстаюцца асаблівымі правамі, колькасць манахаў у Л. не абмяжоўваецца. Кіруюць Л. намеснікі ў сане архімандрыта.
Да арт.Лаўра. Успенскі сабор Пачаеўскай лаўры ў Цярнопальскай вобл. (Украіна). 1771—83.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГАЧНЫЯ МАЛЮ́СКІ (Pulmonata),
падклас бруханогіх малюскаў. 2 надатр.: сядзячавокія (Basommatophora) і сцяблініставокія (Stylommatophora), каля 100 сям., больш за 35 тыс. відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн.г. назад), росквіт у кайназоі (каля 25 млн.г. назад). Пашыраны ўсюды; большасць жыве на сушы, частка — у прэснай вадзе, нямногія — у моры. На Беларусі больш за 50 відаў, з іх каля 30 відаў прэснаводныя. Найб. вядомыя слімакі, слізнякі.
У большасці Л.м. ракавіна 0,6—210 мм. Цела мае галаву, вантробны мяшок са скурнай складкай — мантыяй, нагу. Унутр. паверхня мантыйнай поласці функцыянуе як лёгкае. Раслінна- і дэтрытаедныя, ёсць драпежнікі. Гермафрадыты; большасць відаў утварае сперматафоры, некаторыя яйцажывародныя. Развіццё без стадыі лічынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАНО́ГІЯ (Phyllopoda),
атрад шчэлепаногіх ракападобных. 3 падатр.: шчэлепаногія (Anostraca), шчытні (Notostraca) і ракавінныя (Conchostraca). Больш за 600 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўнутр. вадаёмах. Найб. прымітыўныя з сучасных ракападобных. Выкапнёвыя вядомы з марскіх (кембрый—дэвон) і кантынентальных (карбон—антрапаген) адкладаў. На Беларусі рэшткі Л. адзначаны ў пародах дэвону—трыясу. Найб. вядомыя — дафніі, шчытні, басміна даўгадзюбая (Bosmina longirostris) і інш.
Даўж. да 30 мм. Большасць з хіцінавай ракавінай, на галаве шчыток. Органы руху — да 7 (зрэдку да 70) пар лістападобных ног (адсюль назва) і другая пара галінастых вусікаў. Вочы фасетачныя. Раздзельнаполыя, размнажэнне часта шляхам партэнагенезу. Развіццё прамое або з метамарфозай. Кормяцца пераважна мікраарганізмамі, дэтрытам. Фільтратары, індыкатары забруджвання вады. Некат, Л. (дафніі, басміны і інш.) — корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́РЭНС, Лоўрэнс (Lawrence) Дэвід Герберт (11.9.1885, г. Іствуд, Вялікабрытанія — 2.3.1930), англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Нотынгемскім ун-це. Друкаваўся з 1908. У раманах «Белы паўлін» (1911), «Сыны і палюбоўнікі» (1913; экранізацыя 1960), «Вясёлка» (1915) выступіў з пратэстам супраць «механічнай цывілізацыі» 20 ст., у абарону саюзу чалавека з прыродай. У раманах «Закаханыя жанчыны» (1920), «Флейта Аарона» (1922), «Птушыны змей» (1926) зварот да натуралізму, псіхал. аналізу ў духу фрэйдызму. Найб.вядомы раман — «Палюбоўнік лэдзі Чатэрлі» (1928; экранізацыя 1955). Творы Л. з рысамі мадэрнізму насычаны сімволікай, патэтыкай, адметныя складанасцю і вытанчанасцю стылю. Аўтар зб-каў паэзіі («Вершы пра каханне», 1913), апавяданняў («Прускі афіцэр», 1914), літ.-крытычных эсэ, дарожных нататкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЯЗІ́НКА»,
«Лязгінка», бел.нар. танец. Муз. памер 2/4, тэмп умераны. Вядомы з канца 19 — пач. 20 ст. (зафіксаваны ў 1970-я г. ў в. Глінка і Гарадзец Столінскага р-на). Выконваецца парамі: юнак стаіць злева ад дзяўчыны, трымаючы правай рукой (ззаду над правым плячом) яе правую руку, левыя рукі партнёраў, сагнутыя ў локцях, злучаны. Пары злёгку паварочваюцца то ў левы, то ў правы бок, выносячы на абцас адпаведна левую і правую нагу і прытупваючы на месцы, потым робяць поўны абарот у левы бок, прытупваюць, адбіваючы рытм. Асобныя танцоры ўключаюць элементы імправізаванага танца, выконваючы адзін перад адным дробныя выстукванні, пры гэтым правую руку, сагнутую ў локці, трымаюць на ўзроўні грудзей, а левую адводзяць убок, што нагадвае «Лезгінку» (адсюль, відаць, і назва «Л.»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЗУР ((Masur) Курт) (н. 18.7.1927, г. Брыг, Швейцарыя),
нямецкі дырыжор. Чл.АМ Германіі. Вучыўся ў Лейпцыгскай вышэйшай муз. школе (1946—48). З 1948 дырыжор оперных т-раў у Гале, Эрфурце, Лейпцыгу. У 1955—72 генерал-музік-дырэктар Дрэздэнскага філарманічнага аркестра, Мекленбургскага т-ра ў Шверыне, т-ра «Комішэопер», з 1970 гал. дырыжор аркестра «Гевандхаўза», з 1991 Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Хары Янаш» З.Кодая, «Рамэо і Юлія» Г.Зутэрмейстара, «З мёртвага дома» Л.Яначака, «Арабела» Р.Штрауса, «Атэла» Дж.Вердзі, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага і інш.Вядомы як інтэрпрэтатар сімфоній Л.Бетховена, А.Брукнера, Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, П.Чайкоўскага. Нац. прэміі ГДР 1970, 1982. Прэмія імя Шумана 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЯВЕЛІ́ЗМ,
філасофія прыхільнікаў тэарэт. спадчыны Н.Макіявелі. Тэрмін вядомы з 16 ст. (Т.Кампанела і інш.), азначаў палітыку, якая пагарджае законамі маралі. Ахоплівае асобныя палажэнні вучэння Макіявелі, іх інтэрпрэтацыі, увасабленні і распрацоўкі ў творах вучоных з улікам запатрабаванняў дзярж. палітыкі, а таксама ідэйныя абгрунтаванні пэўнай сістэмы прыёмаў і метадаў рэалізацыі гэтай палітыкі. Ідэйны змест М. раскрываецца ў яго асн. палажэннях: аб недасканаласці чалавечай прыроды, што мае вырашальны ўплыў на паліт. жыццё грамадства; вяршэнстве дзяржавы і яе інтарэсаў адносна грамадзян і іх правоў; аб гал. ролі фактару сілы ў палітыцы і звядзенні яе да барацьбы за ўладу; аб падзеле палітыкі і маралі, што выражаецца ў формуле «дасягненне мэты апраўдвае любыя сродкі».
Літ.:
Степанов И.А. Макиавеллизм и политическая мысль США. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДАРЫ́Н (Citrus reticulata),
кветкавая расліна сям. рутавых, пладовая культура. Культывуюць у краінах Паўд. Еўропы, Паўд. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі. На Беларусі вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Вечназялёнае дрэва выш. да 3 м. Лісце буйное, скурыстае. Кветкі двухполыя, белыя, пахучыя, адзіночныя або ў суквеццях. Плод — гесперыдый (ягадападобны), маса 60—80 г, аранжавы, ядомы. Плады ўжываюцца пераважна свежымі (маюць да 10,5% цукру, каля 1% к-т, да 55 мг% вітаміну С і інш.), а таксама для перапрацоўкі (сок. джэм, варэнне, кампот). Скурка (цэдра) выкарыстоўваецца ў кандытарскай, парфумернай і харч. прам-сці. У селекцыі М. выкарыстоўваюць як мацярынскую форму, што перадае патомству марозаўстойлівасць і ранняспеласць. Вядомы гібрыды: танжэла (М. х грэйпфрут), тангор (М. х апельсін), цытрандарын (М. х трыфаліята).