ПРА́ЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура ранняга сярэднявечча (5—7 ст.) на тэр. Еўропы, абмежаванай з У Дняпром, з З Эльбай, з Пд Дунаем, з Пн Прыпяццю. У самаст. культуру вылучана ў 1940-я г. чэшскім археолагам І.​Баркоўскім пад назвай «кераміка пражскага тыпу». Помнікі П.к. належалі раннім славянам. Вядома больш за 600 яе паселішчаў і могільнікаў. Прадстаўлена пераважна неўмацаванымі селішчамі, часам гарадзішчамі. У міжрэччы Дняпра і Віслы асн. тыпам жылля была квадратная ў плане паўзямлянка пл. 6—20 м² зрубнай ці слупавой канструкцыі з печчу-каменкай у адным з кутоў. На зах. Валыні паўзямлянкі мелі глінабітныя печы, у Беларускім Палессі — агмені, складзеныя з камянёў, металургічнага шлаку і кавалкаў балотнай руды (Петрыкаў, Кажан-Гарадок, Камень, Востраў), або печы, складзеныя з дробных камянёў і гліны (Струга 1-я, Ліпляны). Пахавальныя помнікі П.к. — грунтавыя могільнікі, часам курганы з абрадам трупаспалення па-за магіламі. Рэчавы матэрыял складаецца з керамікі, вырабаў з металу, шкла, косці і каменю. Адметная рыса культуры — высокія гаршкі з усечана-канічным тулавам, крыху звужаным горлам і кароткаю шыйкай. На тэр. Усх. Еўропы вылучаюць карчакскі варыянт П.к. Наконт генезісу П.к. адзінай думкі няма. Існуюць меркаванні аб значнай ролі ў яе фарміраванні кіеўскай культуры, пшэворскай культуры верхнеднястроўскага варыянта і чарняхоўскай культуры. У Бел. Палессі пахаванні паводле абраду трупаспалення ў грунтавых ямах даследаваліся каля в. Хорск, Снядзін і Хотамель.

В.​С.​Вяргей.

т. 12, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОСТАГЛАНДЗІ́НЫ,

біялагічна актыўныя рэчывы з шырокім спектрам фізіял. дзеяння; адносяцца да тлустых кіслот. Выяўлены ў тканках і органах большасці жывёл, чалавека і некат. раслін. Вядома каля 20 прыродных П. Першапачаткова лічыліся сакрэтам праста́ты (адсюль назва). Найважн. фізіял. ўздзеянне П. — здольнасць выклікаць скарачэнні гладкіх мышцаў, асабліва мышцаў маткі і яйцаводаў (утрыманне П у тканках маткі пры родах і менструацыі значна павышаецца), мышцаў стрававальнай і дыхальнай сістэм, крывяносных сасудаў. П. зніжаюць здольнасць трамбацытаў да агрэгацыі, выдзяленне стрававальнага соку і яго кіслотнасці, актывізуюць дзейнасць ц. н. с. і інш.

Маюць шкілет з 20 атамаў вугляроду і цыклапентанавае кольца. У залежнасці ад структуры кольца адрозніваюць П. тыпаў E, F (фізіялагічна больш важныя), A, B, C, D, якія валодаюць розным спецыфічным уздзеяннем Напр., П. A зніжае крывяны ціск і не стымулюе гладкія мышцы інш. органаў, П. E зніжае крывяны ціск і адначасова стымулюе гладкія мышцы. Біясінтэз П. адбываецца ў семявых пузырках, у матцы, мозгу, трамбацытах, міякардзе, эндакрынных залозах і інш. тканках і органах. З прычыны надзвычай хуткага распаду (долі секунды — 2 мін) П., у адрозненне ад класічных гармонаў, дзейнічаюць побач з месцам сакрэцыі. Уздзеянне на фізіял. працэсы адбываецца праз рэгуляцыю ўнутрыклетачных пасрэднікаў (цыклічных нуклеатыдаў), якія ўплываюць на сінтэз бялкоў. П. таксама прымаюць удзел у рэгуляцыі клетачнага адказу на нейрагумаральнае ўздзеянне. Прэпараты П. і іх вытворныя выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

Літ.:

Варфоломеев С.Д., Мевх А.Т. Простагландины — молекулярные биорегуляторы. М., 1985.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫПЕ́ЎКА,

частушка, жанр славесна-музычнага фальклору. Вядома ў творчасці многіх народаў. У беларусаў — аднастрофная, пераважна чатырохрадковая песенька хуткага ці павольнага тэмпу выканання («пад польку» ці «пад вальца»), Верш П. харэічны, рыфмоўка перакрыжаваная ці парная. Вызначаецца лаканізмам, ідэйнай і тэматычнай разнастайнасцю: ад інтымнай лірыкі да гратэску і вострай сатыры. Значнае месца ў П. належыць гумарыст., любоўнай, часткова эратычнай тэматыцы. Найб. ранняя фіксацыя тэрміна «П.» ў «Слове пра паход Ігаравы». Найб. ранні збор бел. П. адносіцца да пач. 19 ст. Захоўвае відавочную сувязь з танцам, рытмічнымі рухамі, блізкімі да танца. Службовая роля П. як песні да танца адбіліся ў шматлікіх яе нар. назвах: скакухі, плясухі, таптушкі і інш. Пры багацці прыпевачнага рэпертуару (да 150 тэкстаў ад аднаго інфарматара) і пранікальнасці П. у розныя абрадавыя і пазаабрадавыя дзействы (хрэсьбіны, вяселлі, вечарынкі і інш.) бел. нар. П. не мае асобнага месца ў традыц. абрадавым календары.

Пад уплывам фальк. П. ўзнікла літ. П. (Дз.​Бедны, У.​Маякоўскі). У літ. П. атрымалі развіццё жанравыя асаблівасці нар. П.: злабадзённасць зместу, прамалінейнасць выказвання, экспрэсіўнасць лексікі. Сродкі маст. выяўлення рэчаіснасці нар. П. (трапнасць, гратэскавасць, гнуткасць) выкарыстоўвалі ў сваіх творах В.​Дунін-Марцінкевіч, Я.​Купала, М.​Багдановіч, П.​Броўка, К.​Крапіва, Р.​Барадулін і інш. П. ўваходзяць у рэпертуар нар. калектываў.

Публ.: Прыпеўкі. Мн., 1989.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Белорусские песни-частушки. Вильня, 1911;

Цішчанка І.К. Беларуская частушка. Мн., 1971.

Л.​М.​Салавей.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛЯ́РСТВА,

галіна сельскай гаспадаркі па развядзенні пчол меданосных з мэтай атрымання мёду, пчалінага воску, пропалісу, пчалінага яду, матачнага малачка, пяргі, таксама для апылення с.-г. культур.

На тэр. Беларусі дзікае П. (паляванне за мёдам і воскам з дуплаў дрэў) вядома задоўга да нашай эры. У 1 ст. н.э. ўзнікла бортніцтва (гадаванне пчаліных сем’яў у штучных дуплах — борцях), пашырылася ў 10—17 ст., а ў 18 ст. змянілася калодным П. (развядзенне пчол у неразборных перасоўных калодах і дуплянках). З 1814 развіваецца рамачнае П., у 1846 у Мінскай губ. было 117 тыс. вулляў (больш як адзін на кожнае падвор’е).

На Беларусі П. мае апыляльна-мядовы кірунак. Разводзяць пераважна карпацкую пароду пчол. У 1999 гадавалася каля 450 тыс. пчаліных сем’яў (90% у пчаляроў-аматараў). Вытв-сць мёду — 7 тыс. т за год. Дзейнічаюць Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі пчолагадавальнікі. Найб. пчолапрадпрыемствы — Мастоўскае і Шчучынскае (Гродзенская вобл.).

П. развіта на ўсіх кантынентах свету, асабліва ў Еўропе, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. У 1999 у сусв. П. зарэгістравана каля 50 млн. пчаліных сем’яў, вытв-сць мёду каля 900 тыс. т за год. Найб. буйныя вытворцы і экспарцёры прадуктаў П. — Кітай (6 млн. пчоласем’яў; да 150 тыс. т мёду штогод), ЗША (4 млн. пчоласем’яў; да 90 тыс. т мёду), Расія (каля 3,5 млн. пчоласем’яў; 50 тыс. т мёду).

П.​В.​Вараб’ёў, І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ ПРА́ЎДА,

помнік стараж. права часоў Кіеўскай Русі і феад. раздробленасці. Вядома больш за 100 яе спісаў, якія зберагліся ў летапісных і інш. зб-ках 13—17 ст. Тэксты Р.П. падзяляюцца на 3 рэдакцыі — Кароткую, Падрабязную і Скарочаную. Кароткая праўда (11 ст.) складаецца з Праўды Яраслава і Праўды Яраславічаў. Ў 1-ю ўключаны нормы звычаёвага права 9—10 ст., дзе яшчэ захавалася роўная адказнасць за злачынствы супраць усіх вольных людзей; у 2-й выкладзены нормы права 11 ст., у якіх адлюстроўвалася класавае расслаенне грамадства, правы і прывілеі феадалаў, вызначалася, што мера пакарання залежыць ад сац. становішча пацярпелага. У Падрабязную праўду ўвайшлі перапрацаваныя нормы Кароткай і некат. законы і суд. пастановы 12—13 ст. Яна рэгулявала праваадносіны развітога феад. грамадства, вызначала прывілеі пануючага класа, абмяжоўвала правы залежных катэгорый насельніцтва, адлюстроўвала паступовае заняволенне закупаў і смердаў, замацоўвала бяспраўнае становішча халопаў; змяшчала шмат норм крымінальнага, цывільнага і працэсуальнага права. Скарочаная праўда перапрацавана з аднаго са спісаў Падрабязнай у 15 ст. для патрэб Маскоўскай дзяржавы, шырокага ўжытку не мела. Р.П. зрабіла значны ўплыў на развіццё рас., укр., бел. і літ. права (Судзебнік 1468).

Публ.: Правда Русская. Т. 1—3. М.; Л., 1940—63.

Літ.:

Тихомиров М.Н. Исследование о «Русской Правде»: Происхождение текстов. М.; Л., 1941;

Яго ж. Пособие для изучения Русской Правды. М., 1953.

І.​А.​Юхо.

т. 13, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАТЭ́ВІЧЫ, Самацеевічы,

б. вёска, цэнтр сельсавета і калгаса (да вер. 1991) у Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Касцюковічы—Красная Гара. За 30 км на ПдЗ ад Касцюковіч, 33 км ад чыг. ст. Камунары. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1585 як сяло Крычаўскай вол. і староства Мсціслаўскага ваяв. ВКЛ. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1795 сяло Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., 220 ж., 46 двароў. У 1842 пабудавана Троіцкая царква, у 1864 адкрыта нар. вучылішча. З 1867 праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1888 мяст. С. (яно ж Дзімітраўск) — уласнасць Дз.​С.​Галынскага; цэнтр воласці, 744 ж., 97 двароў, валасное праўленне, царква, касцёл, школа, бальніца, вятрак, заезны двор, вінакурны завод, 6 крам, Гайдукоўскае паштовае аддзяленне. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Касцюковіцкага р-на Калінінскай акр., з 20.2.1938 — Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну ў снеж. 1942 ням. фашысты загубілі 283 жыхары і ў 1943 часткова спалілі вёску. Вёска С. — радзіма нар. паэта Беларусі А.​Куляшова, дзе ў 1984 быў адкрыты літ. музей паэта. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (26.4.1986) жыхары вёскі ў 1991 сселены ў пабудаваны пасёлак у Бялынкавіцкім с/с, які атрымаў назву Новыя Саматэвічы. Новыя С. — цэнтр калгаса. За 7 км на ПдУ ад г. Касцюковічы, 10 км ад чыг. ст. Камунары, 167 км ад Магілёва. 890 ж., 330 двароў (2001). Філіял жыллёва-камунальнага камбіната. Сярэдняя школа, аддз. сувязі.

т. 14, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІСЦЁЛКА, свістулька,

народны духавы муз. інструмент тыпу глабулярнай флейты, вядомы. многім народам свету. Мае рэзанатарную поласць, свістковае прыстасаванне і 2—5 ігравых адтулін. Гучанне даволі моцнае, яркае і ў той жа час мяккае, крыху прыглушанае. Нярэдка іх выраб набываў характар самаст. промыслу (гл. Дымкаўская цацка). На Беларусі вядома з часоў неаліту. На думку некат. даследчыкаў, у першабытныя часы С. выконвалі ролю не толькі дзіцячай забаўкі, але мелі і рытуальнае прызначэнне: свіст павінен быў адганяць «злых духаў». Сімвалічнае значэнне меў і выбар сюжэтаў (конік, козлік, пеўнік, качка); С. ў выглядзе антрапаморфнай фігуркі абазначалі продкаў. Выраб С. звычайна спадарожнічаў ганчарству, нярэдка лепкай іх займаліся жанчыны і дзеці. Пустацелае тулава С. фармавалі на пальцы або цыліндрычнай палачцы (форма), свісток і бакавыя ігравыя адтуліны (звычайна 2) рабілі іголкападобнай драўлянай праколкай (шыпулём). Абпаленыя разам з посудам у хатняй печы ці ганчарным горне, С. былі тэракотавыя, глазураваныя ці чорназадымленыя. У наш час пашырыліся як сувенірныя і маст. вырабы, нярэдка як нар. духавыя муз. інструменты для выканання нескладаных песенных і танцавальных мелодый, імітацыі спеваў птушак (звычайна ў складзе фалькл. калектываў).

Літ.:

Милюченков С.А. Белорусское народное гончарство. Мн., 1984;

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979;

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

І.​Д.​Назіна, Я.​М.​Сахута.

Свісцёлкі «Коннікі». Вёска Ракаў Валожынскага раёна Мінскай вобл. 1930-я г.

т. 14, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛУЭ́Т [франц. silhouette ад імя франц. міністра 18 ст. Э. дэ Сілуэта (E. de Silhouette), на якога была зроблена карыкатура ў выглядзе ценявога профілю],

1) характэрны абрыс прадметаў, бачны як адзіная плоская пляма без дэталей унутры контуру. Выразнасць С. звязана з характарам контуру і залежыць ад формы, месцазнаходжання і асветленасці аб’екта.

2) Від маст. тэхнікі: плоскасная аднатонная выява фігур і прадметаў, якая ўтварае суцэльную, абмежаваную контурам пляму на кантрастным фоне. Мастацтва С. вядома са старажытнасці ў Кітаі, Японіі (асабліва ў тэатры ценяў) і інш. краінах Азіі; у Еўропе пашырана з 18 ст. У тэхніцы С. (пераважна ў графіцы) выконваюць профільныя партрэты, быт. сцэнкі, ілюстрацыі, нацюрморты. Вял. ролю адыгрывае С. у плакаце. Сярод майстроў С. — Ф.​Антынг, Ф.​О.​Рунге (Германія), А.​Бенуа, М.​Дабужынскі, У.​Маякоўскі, К.​Сомаў, Ф.​Талстой (Расія), М.​Селяшчук (Беларусь) і інш. Своеасаблівая разнавіднасць С. — выцінанка.

3) Контурная выява фігуры (пераважна ў натуральны памер), прызначаная для стварэння ілюзіі прысутнасці жывога чалавека. Выразаныя з дошкі і размаляваныя С. ўзніклі ў 1-й пал. 17 ст. ў Галандыі, пазней пашырыліся ў інш. краінах Зах. Еўропы. Выкарыстоўваліся як экран для камінаў, для імітацыі варты, падтрымкі расчыненых дзвярэй і інш. З 19 ст. выкарыстоўваецца як рэкламны сродак (фігуры ля ўваходаў у рэстараны, у вітрынах магазінаў і інш.), у наш час вырабляецца пераважна як наклееная на кардон фотавыява.

С.​У.​Пешын.

т. 14, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАНДЭРБЕ́Г [Scanderbeg, Skenderbeu; сапр. Кастрыёці (Kastrioti) Георг, каля 1405—17.1.1468],

кіраўнік вызв. барацьбы алб. народа супраць асманскіх заваёўнікаў, нац. герой Албаніі. Паходзіў з княжацкага роду Кастрыёці. У дзіцячым узросце ўзяты заложнікам да тур. султана Мурада II. Служыў у тур. арміі, удзельнічаў у многіх войнах, выявіў ваен. здольнасці. За ваен. заслугі атрымаў тытул бея і ў гонар Аляксандра Македонскага названы Іскандэрам (адсюль С. — скажонае Іскандэр-бей). Спакваля рыхтаваўся да барацьбы супраць тур. султана, кантактаваў з яго ўнутр. і знешнімі праціўнікамі, вёў перагаворы з Я.​Хуньядзі. Пасля пераможнай для венг. арміі бітвы з тур. войскамі каля Ніша (3.11.1443) С. з атрадам у 300 вершнікаў пакінуў тур. лагер і прыбыў у Дыбру. Абапіраючыся на свабодных сялян, пачаў паход, накіраваны на выгнанне турак з алб. зямель. Неўзабаве ён заняў Крую, 28 ліст. абвешчаны галавой княства Кастрыёці. Выгнаў тур. гарнізоны з шэрагу крэпасцей і ўсталяваў незалежную ад туркаў уладу на частцы тэр. краіны. У 1444 засн. лігу алб. князёў і стаў яе кіраўніком, стварыў і ўзначаліў рэгулярную армію. На працягу 24 гадоў адбіваў спробы тур. захопнікаў аднавіць сваю ўладу на алб. землях (разгром тур. арміі ў 1444, 1457, абарона Круі ў 1450, 1466—67). У Албаніі ўстаноўлены ордэн С., яго імем названа гал. плошча ў Тыране, дзе яму ўстаноўлены помнік. На Беларусі імя С. вядома з помніка перакладной л-ры пач. 17 ст. — «Аповесць пра Скандэрбега».

Скандэрбег.

т. 14, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБЫ́ (Mycota),

група гетэратрофных бесхларафільных арганізмаў, разнастайных паводле будовы, памераў і спосабу жыцця; адно з царстваў жывой прыроды. Спалучаюць прыкметы раслін (нерухомасць, верхавінкавы тып росту, наяўнасць клетачных сценак і інш.) і жывёл (гетэратрофны тып абмену, наяўнасць хіціну, утварэнне мачавіны і глікагену і інш.). Маюць асобы цыкл развіцця (змена ядзерных фаз, дыкарыятычны стан, разнаякаснасць ядзер у межах адной клеткі — гетэракарыёз і інш.). Раней грыбы адносілі да ніжэйшых раслін. Вядома больш за 100 тыс. відаў грыбоў, пашыраных па ўсім зямным шары. Падзяляюцца на 3 аддзелы: ааміцэты, слізевікі і сапраўдныя грыбы. Сярод апошніх вылучаюць аскаміцэты, базідыяльныя грыбы, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, хітрыдыяміцэты.

Вегетатыўнае цела большасці грыбоў уяўляе сабой міцэлій (грыбніцу), які складаецца з адна- ці шматклетачных разгалінаваных тонкіх ніцей — гіфаў, што ў працэсе развіцця ўтвараюць строму або пладовыя целы рознай марфалогіі. Арганізмы ніжэйшых грыбоў (слізевікі, хітрыдыяміцэты) прадстаўлены голымі плазмодыямі. У жыццёвым цыкле грыбоў магчымы розныя стадыі развіцця (плеямарфізм). Аднаклетачны стан назіраецца ў перыяд размнажэння грыбоў (напр., у спор). Грыбы размнажаюцца вегетатыўным, бясполым і палавым спосабамі. У аснову вызначэння сістэматычнага стану грыбоў пакладзены асаблівасці будовы грыбнога цела, палавога і бясполага споранашэння і формы пладовых цел. Вегетатыўнае размнажэнне ажыццяўляецца кавалкамі міцэлію (шапкавыя грыбы), пачкаваннем (дрожджы), асобнымі клеткамі — аідыямі (галасумчатыя), гемамі і хламідаспорамі (галаўнёвыя грыбы), бясполае — з дапамогай спор, што ўтвараюцца на асобных клетках міцэлію. Споры могуць фарміравацца эндагенна, унутры шарападобна пукатых канцоў гіфаў (спарангіяспоры, зааспоры; у ніжэйшых грыбоў) або экзагенна (канідыяспоры; у вышэйшых і некат. ніжэйшых грыбоў). Для палавога размнажэння ўласціва зліццё аднолькавых або розных паводле памераў гамет (у ніжэйшых грыбоў), яйцаклеткі і сперматазоіда (у ааміцэтаў), вегетатыўных клетак з аднолькавымі або рознымі палавымі знакамі (у зігаміцэтаў), антэрыдыю і архікарпа з утварэннем сумкі (у аскаміцэтаў) або шляхам саматагаміі з утварэннем базідый (у базідыяміцэтаў). Утварэнню сумак і базідый звычайна папярэднічае развіццё на міцэліі пладовых цел — спец. спараносных органаў. У аскаміцэтаў гэта клейстатэцый, перытэцый, апатэцый і інш., у базідыяльных грыбоў распасцёртыя, палачка-, куста-, шара-, зоркападобныя і інш. пладовыя целы.

У прыродна-кліматычных зонах Беларусі трапляюцца прадстаўнікі ўсіх сістэматычных груп грыбоў, якія спецыялізаваны да розных экалагічных умоў існавання. Напр., агарыкальныя, афілафаральныя, гастэраміцэты і інш. сапрабіёнты развіваюцца ў лясах на гнілой драўніне, лясным подсціле, плесневыя грыбы — на прадуктах харчавання, кармах жывёл. Мучніста-расяныя грыбы, іржаўныя, перанаспоравыя, хітрыдыевыя, гельмінтаспорый, фузарый, фітафтора, макраспорый, склератынія і інш. групы фітапатагенных грыбоў паразітуюць на збожжавых, агароднінных, пладова-ягадных культурах. Вядома больш за 200 відаў ядомых грыбоў і каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Грыбы мінералізуюць раслінныя рэшткі ў глебе, патагенныя грыбы выклікаюць хваробы раслін, жывёл і чалавека. Грыбы — актыўныя накапляльнікі радыенуклідаў. Многія віды плесневых грыбоў выкарыстоўваюць у мікрабіял. прам-сці для атрымання вітамінаў, антыбіётыкаў, ферментаў, стэроідных гармонаў, дрожджы — у хлебапячэнні, піваварэнні, вінаробстве. Шэраг відаў грыбоў культывуюць (шампіньёны, вешанкі, труфелі). Вывучае грыбы мікалогія.

Літ.:

Беккер З.Э. Физиология грибов и их практическое использование. М., 1963;

Эволюция и систематика грибов: Теорет. и прикладные аспекты. Л., 1984;

Сержанина Г.И., Змитрович И.И. Микромицеты: Иллюстрир. пособие для биологов. Мн., 1978.

В.​В.​Карпук.

Да арт. Грыбы: 1 — сыраежка страўная; 2 — баравік; 3 — падасінавік; 4 — страчок звычайны; 5 — мухамор шэры; 6 — фамітопсіс акаймаваны.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)