*Вярэ́цея, усх.-палес. ’нізкае балоцістае, амаль непраходнае месца’, веретье́ ’расчышчаная паляна ў лесе’, цэнтр.-палес. вэрэ́тія ’ўзвышанае сухое месца сярод балота’, зах.-палес. вэрэ́тыя ’невялікі астравок сушы сярод балота’, вэрэ́тыйка ’падмыты край берагу’ (Талстой, Геагр.), беш. верацея ’узгорак сярод балота з асіннікам’ (Касп.), паўн.-рус. вере́те́я, вере́ти́я, вере́тья́ ’сухое месца на балоце, ля рачной абалоны, зарослае лесам, кустамі’; ’паляна ў лесе’; ’стромы бераг’; ’узгорак у лесе’ і інш., разан. веретье ’высокае месца’; ’бальшак’, дан. ’лясная плошча паміж двума азёрамі’, славен. vrétje, rétje ’крыніца’; ’месца, дзе знаходзіцца некалькі крыніц’. Прасл. vertьje ’тое, што заключаецца; хавацца, зачыняцца’ (Голуб-Копечны, 424). Талстой (Геагр., 134) прапануе наступны семантычны пераход: ’крыніца (месца пад зямлёй, дзе «зачынена» вада’; параўн. рус. ключ ’крыніца’)’ → ’нізкае месца на балоце’ → ’высокае, сухое месца сярод балота’. Гл. таксама верацея. Параўн. Фасмер, 1, 297, 299.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ду́ма 1 ’дума, думка’, ду́маць, таксама дума́ ’думка’ (Нас., Касп., Шат.). Лексемы *duma, *dumati вядомы амаль ва ўсіх слав. мовах (акрамя чэш. і славац., дзе dumati, dumať запазычаны з польск.). Семантыка іх розная (’думаць’, ’памятаць’, ’гаварыць’, ’меркаваць’ і г. д.); падрабязны агляд форм, значэння гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 154–156. Найбольш абгрунтаванай этымалагічнай версіяй (агляд версій у Трубачова, там жа) з’яўляецца дапушчэнне сувязі *duma, *dumati з *dъmǫ, *dǫti ’дуць’ (адсюль і шматлікасць семантыкі адпаведных слоў у слав. мовах). Параўн. яшчэ Мартынаў, Лекс. взаим., 82–84. Ад *dumati ўтвораны бел. ду́мка, укр. ду́мка.

Ду́ма 2 ’ганарыстасць, пыха’ (Нас.). Запазычанне з польск. duma ’тс’, якое звычайна лічыцца герм. па паходжанню. Гл. Слаўскі, 1, 179; Брукнер, 103. Параўн. і ду́мны ’горды, ганарысты’ (гл.). Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 5, 154–156.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыгу́н ’няўрымслівы, неспакойны чалавек’ (маладз., Янк. Мат., 98). Параўн. рус. дыял. смал. жыгу́н ’гарэза, свавольнік’, перм. ’насякомае, якое джаліць’, тул. дыял. ’бізун’ > назвы розных раслін, укр. джигун ’вісус, залётнік’, ’гатунак ежы на квасе’. Ад дзеяслова жыг‑а‑ць ’бліскаць’ з суфіксам ‑ун (як вяртун, кульгун). Іншае тлумачэнне (Лаўчутэ, Baltistica, VI (2), 199) з літ. žygūnas ’веставы, хадок’ выклікае сумненні. Звычайна літ. аддзеяслоўныя назоўнікі на ‑unas, вядомыя літ. мове, а не дыялектам, маюць негатыўную афарбоўку, у дыялектах суфікс ‑unas амаль не выкарыстоўваецца, што дае падставу лічыць многія літ. словы на ‑ūnas слав. запазычаннямі (Атрэмбскі, Gramatyka, II, 208; Мартынаў, Дерив., 38). Апрача таго, сема хуткасці лягчэй тлумачыць развіццё значэння ’няўрымслівасці’, чым значэнне ’хадака, веставога’ (хаця і апошняе не выключаецца), а слова жыгун не стаіць асобна ў бел. мове, а мае шэраг паралелей: жыг, жыга, жэг.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раст, мн. л. расты́, ’парастак’ (астрав., Жд. 1). Нульсуфіксальнае ўтварэнне ад расты́, параўн. расток, храсток (гл.). Сюды ж (калі гэта не запазычанне з украінскай) раст — “маленькія-маленькія, з галоўку шпількі, сінія, іншым часам белыя кветкі, вылазяць амаль адразу, як сыдзе снег” (Караткевіч, Маладосць, 1987, 1, 159). Параўн. укр. раст ’ключыкі, Primula veris L.; кураслеп, Anemona nemorosa L.’, макед. рас ’куст’, балг. раст ’дубчык’, ра́сте ’галінкі для тутавага шаўкапрада’. Параўн. таксама аналагічныя, але аддзеяслоўныя рус. дыял. раст ’лепшы час для росту зеляніны і пад.; для сенакосу, збору малака (на масла) і пад.’, ’маладая трава (на пашы)’, што, паводле БЕР, 6, 186, запазычаны са стараславянскай; а таксама славен. rȃst ’рост, расліннасць’, серб.-харв. ра̑ст ’расліна’, макед. раст ’рост’, ст.-слав. растъ ’рост, вырастанне’, якія з’яўляюцца рэгулярнымі адпаведнікамі прасл. *orstъ < orsti, гл. рост, расці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕГ,

хуткае перамяшчэнне, адзін з відаў фізічных практыкаванняў; састаўная частка амаль усіх відаў спорту. У лёгкай атлетыцы бег складае каля ​2/3 усіх яе відаў. Спаборніцтвы па бегу праводзіліся ў Стараж. Егіпце, Асірыі, Стараж. Грэцыі; бег быў асновай стараж. Алімпійскіх і інш. гульняў. Адрозніваюць бег аздараўленчы і спарт., гладкі (па роўнай паверхні — дарожка стадыёна, шаша) і з перашкодамі (бар’ерны, стыпльчэйз, крос). Паводле відаў бег падзяляюць на спрынт (бег на кароткія дыстанцыі — 60, 100, 200, 400 м), мітэльштрэкерскі (на сярэднюю адлегласць — 800, 1000, 1500, 2000 м), стаерскі (на доўгія і звышдоўгія дыстанцыі — 3000, 5000, 10 000, 20 000, 30 000 м), марафонскі бег (42 км 195 м), бар’ерны (100, 110, 200, 400 м, на кожнай дыстанцыі па 10 бар’ераў), стыпльчэйз (3000 м, 5 бар’ераў, пасля апошняга — яма з вадой). Усе спаборніцтвы па бегу, за выключэннем марафона, кросу і звышдоўгіх дыстанцый, праводзяць на стадыёнах.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК,

асабліва ахоўны ўчастак біясферы, амаль не зменены ці слаба зменены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Выкарыстоўваецца як фонавы запаведна-эталонны аб’ект для вывучэння агульнабіясферных, рэгіянальных і лакальных прыродных працэсаў (уключаючы назіранні за іх антрапагеннымі зменамі). Уваходзіць у сістэму глабальнага маніторынгу. Ствараюцца паводле навук. міжнар. праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера» для даследавання эвалюцыі экасістэм. У свеце каля 300 біясферных запаведнікаў (1995), якія размешчаны ў найб. характэрных экасістэмах розных біягеаграфічных правінцый.

Прынцыповая схема біясфернага запаведніка складаецца з абсалютна ахоўнай тэр. — ядра, вакол якога вылучаюцца буферная зона, потым зона звычайнага, але строга рацыянальнага гасп. выкарыстання тэрыторыі. Тэарэтычна біясферныя запаведнікі павінны існаваць як прыродныя самарэгулёўныя сістэмы, таму звычайна займаюць вял. плошчы (дзесяткі тысяч квадратных кіламетраў) і экалагічна адасоблены ад суседніх экасістэм. Для геагр. зоны, да якой належыць Беларусь, дапушчальныя плошчы біясферных запаведнікаў 50—100 тыс. га, ідэальная — да 250 тыс. га. З 1978 існуе Бярэзінскі біясферны запаведнік.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЗІНСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

другое раннеантрапагенавае зледзяненне на тэр. Беларусі. Наступіла пасля белавежскага міжледавікоўя. Адбылося каля 480—390 тыс. г. назад. Ледавік насунуўся са Скандынавіі і ўкрыў амаль усю тэр. Беларусі (магчыма, за выключэннем крайняга ПдУ). У час адной са стадый Бярэзінскага зледзянення часткова сфарміраваліся Гродзенскае, Навагрудскае, Мінскае і інш. краявыя ўзвышшы Беларускай грады. Марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і перыгляцыяльныя адклады дасягаюць магутнасці больш за 200 м. Марэны складзены пераважна з суглінкаў, супескаў, пяскоў і жвіру з валунамі, маюць шэры, шэра-зялёны і блакітна-шэры колер, уключаюць адорвені мелу і інш. даледавіковых адкладаў. Найб. пашыраны на ПдЗ, З і ў цэнтр. ч. тэр. Беларусі, на Пд захаваліся ў ледавіковых лагчынах, на паверхню выходзяць у далінах Нёмана, Дняпра і Сажа. Бярэзінскае зледзяненне адпавядае англійскаму і эльстэрскаму ў Зах. Еўропе, міндэльскаму-2 у Альпах, санскім зледзяненням Польшчы і окскаму на тэр. Расіі.

А.​К.​Карабанаў.

т. 3, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСНІ́ (Gordiacea),

клас першаснаполасцевых чарвей. 2 атр., 21 род, каля 300 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных водах ад тропікаў да тундры. Паразіты насякомых і ракападобных. На Беларусі ў канавах, сажалках і азёрах найб. пашыраны валасень звычайны (Gordius aquaticus).

Даўж. ад некалькіх сантыметраў да 1,5 м. Цела шорсткае, воласападобнае (адсюль нар. назвы жывы волас, конскі волас), жоўтае, цёмна-карычневае, амаль чорнае, укрытае кутыкулай. Кішэчнік часткова рэдукаваны (у целе жывёлы-гаспадара жывяцца асматычнай Выдзяляльная, дыхальная і крывяносная сістэмы адсутнічаюць. Раздзельнаполыя. Лічынкі валаснёў — паразіты, у развіцці зменьваюць 2 прамежкавых гаспадароў (лічынкі матылёў, аўсянікаў, камароў і буйныя членістаногія — драпежныя жукі). У канчатковым гаспадару вырастаюць у дарослых чарвей, праз покрыва цела выходзяць у навакольнае асяроддзе (гаспадар звычайна гіне). У скуру чалавека і пазваночных жывёл не ўкараняюцца.

Валасень звычайны: 1 — дарослы; 2 — галаўны канец; 3 — задні канец самца; 4 — лічынка ў яйцавай абалонцы і без яе.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЫ́ПАЛЕНАЯ ЗЯМЛЯ́»,

палітыка наўмыснага знішчэння населеных пунктаў, прамысловых, энергетычных, транспартных і інш. прадпрыемстваў, збудаванняў, дарог, запасаў матэрыяльных сродкаў, пасеваў, помнікаў культуры і інш. Вядома са стараж. часоў, асабліва выкарыстоўвалася ў перыяды спусташальных набегаў ваяўнічных качэўнікаў-заваёўнікаў. На Беларусі ў значных маштабах праводзілася ў Вял. Айч. вайну 1941—45. Найб. адкрыта тактыка «выпаленай зямлі» ажыццяўлялася ў час правядзення больш як 140 карных аперацый. За гады вайны акупанты загубілі больш за 2 млн. 200 тыс. чал., спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак (630 з іх спалілі разам з жыхарамі), некаторыя раёны цалкам ператварылі ў пустыні (у Суражскім р-не з 346 вёсак засталося 5, у Асвейскім спалены амаль усе нас. пункты). Палітыку «выпаленай зямлі» выкарыстоўвалі агрэсары ў войнах супраць В’етнама, Лівана і інш.

Літ.:

Загорулько М.М., Юденков А.Ф. Крах плана «Ольденбург». М., 1980;

Бочкарев А. Критика чистого чувства. Ставрополь, 1996.

У.С.Кошалеў.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІХ ЛІ́КАЎ ЗАКО́Н,

агульны прынцып, паводле якога сукупнае дзеянне вял. ліку выпадковых фактараў пры некаторых вельмі агульных умовах прыводзіць да выніку, які амаль не залежыць ад выпадку.

На пач. 18 ст. Я.Бернулі ўпершыню дакладна даказаў тэарэму пра імкненне частаты выпадковай падзеі да яе імавернасці пры вял. колькасці выпрабаванняў. Гэтая тэарэма дае тэарэт. аснову для набліжанага вылічэння невядомай імавернасці падзеі па яе частаце. С.Пуасон у 1837 пашырыў тэарэму Бернулі на больш агульныя ўмовы і ўвёў тэрмін «Вялікіх лікаў закон». Значнае абагульненне тэарэмы Бернулі зрабіў П.Л.Чабышоў (1866), вынікам чаго з’яўляецца правіла сярэдняга арыфметычнага, якое выкарыстоўваецца ў практыцы вымярэнняў: калі x1, x2, x3, ..., xn — значэнні велічыні, што вымяраецца, то яе сапраўднае значэнне супадае з сярэднім значэннем a = <x> ≈ 1 n ∑ k = 1 n xk

Вялікіх лікаў законам карыстаюцца ў тэхніцы, фізіцы, статыстыцы, эканоміцы і інш. галінах навукі і тэхнікі.

А.​А.​Гусак.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)