АЛЬКЕ́Ж (польск. alkierz),

вуглавая частка будынка або прыбудова, накрытая асобным дахам, якая знадворку выступае за плоскасць сцен. Алькеж атрымаў пашырэнне ў палацава-замкавым дойлідстве і сядзібных дамах Беларусі і Польшчы ў 16—19 ст. Напачатку гэта былі 2 ці 4 вежападобныя прыбудовы ў тарцах дома, накрытыя самастойнымі шатровымі дахамі (ад замкавых вежаў 16—17 ст.). З сярэдзіны 18 ст. відазмяніліся, ператварыліся ў развітыя крылы дома-сядзібы (г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.). Выкарыстоўваліся як спальні ці дапаможныя памяшканні.

Алькеж сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХМА́ГІРЫ,

шматслойнае гарадзішча і могільнік у штаце Карнатака на Пд Індыі. Раскопкі далі магчымасць прасачыць змену археал. культур і іх развіццё ў Паўд. Індыі ад эпохі неаліту (каля 2200—1000 да н.э.) да канца 1—2 ст. н.э. У ніжнім пласце знойдзены неалітычныя паліраваныя сякеры, мікраліты, ляпная кераміка, медныя і бронзавыя рэчы; у больш познім — чорна-чырвоная кераміка і т.зв. мегалітычныя пахаванні. Вывучана больш за 300 пахаванняў, шмат з іх абнесены змацаванымі паміж сабой каменнымі плітамі і звычайна абкружаны каменнай муроўкай.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т імя А.​С.​Пушкіна.

Існаваў у 1945—50 у Брэсце. Імя Пушкіна прысвоена ў 1949. Тэрмін навучання 2 гады. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Меў аддзяленні: гісторыка-філал., прыродазнаўча-геагр., фізіка-матэм., падрыхтоўчае, вячэрняе і завочнае. Працавалі кафедры гісторыі, педагогікі і псіхалогіі, прыродазнаўства і геаграфіі, фізікі і матэматыкі, бел. мовы і л-ры, рус. мовы і л-ры, ваен. падрыхтоўкі, марксізму-ленінізму. За час існавання падрыхтаваў 1,8 тыс. настаўнікаў. На яго базе ў 1950 засн. Брэсцкі пед. ін-т (з 1995 Брэсцкі універсітэт).

т. 3, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЁЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мошна, за 2 км на ПдЗ ад г.п. Лёзна. Пл. 0,72 км², даўж. 2,65 км, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 13 м, даўж. берагавой лініі 5,84 км. Пл. вадазбору 9,4 км².

Схілы катлавіны выш. да 3 м, паўн. да 10 м, пераважна разараныя, усх. параслі хмызняком. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, на З і У сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Выцякае ручай у р. Мошна. Зарастае да глыб. 2,2 м.

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫЧО́Ў (Кір) (сапр. Мажэйка Ігар Усеваладавіч, н. 18.10.1934, Масква),

рускі пісьменнік-фантаст. Аўтар зб. апавяданняў «Цуды ў Гусляры» (1972), «Людзі як людзі» (1975), навук.-фантастычных аповесцяў «Востраў іржавага лейтэнанта» (1968), «Апошняя вайна» (1970), «Палова жыцця» і «Умельства кідаць мяч» (1973), «Вандраванне Алісы» і «Дзень нараджэння Алісы» (1974), «Патрэбна свабодная планета» (1977), «Выкраданне чараўніка» (1979), «Чужая памяць» (1981) і інш., навук.-папулярных кніг і апавяданняў, кінасцэнарыяў. Большасць з іх адрасаваны юным чытачам. За сцэнарыі фільма «Праз церні да зорак» і мультфільма «Тайна трэцяй планеты» Дзярж. прэмія СССР 1982.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БХО́ПАЛ,

горад у цэнтр. ч. Індыі. Адм. ц. штата Мадх’я-Прадэш. 1062,8 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Аэрапорт. Гандаль збожжам і бавоўнай. Хім. (вытв-сць сродкаў аховы раслін), маш.-буд., цукр., гарбарна-абутковая, баваўняная, мукамольная, алейная прам-сць. Саматужная вытв-сць запалак, тканін, швейна-трыкат. і ювелірных вырабаў. Ун-т. Археал. музей. Маўзалей Тадж-ал Масаджыд (незакончаны). У снеж. 1984 горад пацярпеў ад буйной індустр. катастрофы — выкіду атрутнага газу ізацыянату з хім. прадпрыемства амер. кампаніі «Юніян карбайд» (загінула 2,5 тыс. чал., пацярпела больш за 100 тыс. чал.).

т. 3, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́КАЎ (Леанід Фёдаравіч) (12.12.1928, г.п. Чаркаскае Данецкай вобл., Украіна — 11.4.1979),

украінскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Украіны (1974). Скончыў Харкаўскі тэатр. ін-т (1951). Да 1960 працаваў у Харкаўскім т-ры імя Т.​Шаўчэнкі. У кіно з 1952: «Лёс Марыны», «Максім Перапяліца», «Дарагі мой чалавек», «Добраахвотнікі» і інш. Яго мастацтва адметнае лірызмам, мяккім гумарам. Сярод рэжысёрскіх работ: «У бой ідуць адны «старыя» (і роля Цітарэнкі, 1974), «Аты-баты, ішлі салдаты...» (і роля Святкіна, 1977; за абедзве Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1977). Пра Быкава зняты фільм «...Якога любілі ўсе» (1982).

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941 — кастр. 1943 у Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. Група ў г.п. Бялынічы налічвала больш за 20 чал. (кіраўнікі І.​С.​Корзун, Л.​У.​Бабіч), група ў в. Вял. Трылесін — 10 чал. (кіраўнікі І.​А.​Марозаў, У.​В.​Лапухін). Падпольшчыкі прымалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, зрывалі вываз моладзі ў Германію, мелі сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, разведданыя, прымалі ўдзел у сумесных дыверсіях. У в. Вял. Трылесін у гонар падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крывінка, за 10 км на ПнУ ад г. Сянно. Пл. 2,6 км², даўж. 5,1 км, найб. шыр. 1,05 км, найб. глыб. 15,8 м, даўж. берагавой лініі 18,9 км. Пл. вадазбору 25,8 км².

Схілы катлавіны выш. 2—8 м, парослыя хмызняком, у верхняй ч. разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, на ПдУ высокія, пад хмызняком. Дно з упадзінамі і мелямі, уздоўж берагоў пясчанае, глыбей сапрапелістае. 4 астравы агульнай пл. 3,8 га. Выцякае р. Бярозка (прыток Крывінкі).

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРВАРЫ́ЗМ (ад грэч. barbarismos іншамоўны),

запазычанае слова ці выраз, якія ў бел. мове не асвоены або асвоены часткова (пераважна графічна). Вылучаюцца агульныя і індывідуальныя. Агульныя варварызмы выкарыстоўваюцца пастаянна і могуць паўтарацца ў розных тэкстах: cito — тэрмінова (у медыцыне), tête à tête — з вока на вока. Індывідуальныя сустракаюцца пераважна ў мове маст. л-ры для стварэння мясц. каларыту; яны звычайна не паўтараюцца і не выходзяць за межы аднаго твора: «Звон кафедральны кліча на Ave» (М.​Танк), «Згодны... Суцінку!.. Лайёт!..» — загуло ў натоўпе» (П.​Броўка).

Л.​І.​Бурак.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)