ЭКАНАМІ́ЧНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць усіх матэрыяльных, працоўных і прыродных рэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасці тавараў і паслуг. Матэрыяльныя рэсурсы — гэта зямля (уласна зямля, лясы, воды, радовішчы) або сыравіна, капітал або інвестыцыі. Вытв-сць і назапашванне інвестыцыйных рэсурсаў (інвесціраванне) прадугледжвае стварэнне інвестыцыйных тавараў, якія ў адрозненне ад спажывецкіх, што непасрэдна задавальняюць патрэбы насельніцтва, робяць гэта ўскосна, забяспечваюць вытв-сць, у т. л. спажывецкіх тавараў. У якасці капіталаў не разглядаюцца грошы, якія не з’яўляюцца Э.р., бо самі па сабе нічога не ствараюць. Працоўныя рэсурсы — гэта мэтанакіраваная дзейнасць чалавека, выкарыстанне яго фіз. і разумовых здольнасцей. Прадпрымальніцкая дзейнасць — гэта здольнасць прадпрымальнікаў браць на сябе ініцыятыву злучэння Э.р., прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць. Э.р. абмежаваныя, валодаюць здольнасцю прыносіць прыбытак, рэнту, працэнт, зарплату, плацяжы і інш. Своеасаблівымі Э.р. з’яўляюцца час, які таксама абмежаваны і не аднаўляецца, тэхналогія і арганізацыя вытв-сці, інфраструктура.

Г.​А.​Шмарлоўская.

т. 18, кн. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМЕХАНІЗА́ЦЫЯ ГЛЕБААПРАЦО́ЎКІ,

выкарыстанне электрыфікаваных с.-г. прылад для апрацоўкі глебы і ўнясення ўгнаенняў у цяпліцах, парніках, на прысядзібных участках і інш. Найб. пашыраны электраматыкі, электрафрэзы, электрамотаблокі з кабельным электрасілкаваннем і інш.

Электраматыкай ЭМ-12А рыхляць глебу, вынішчаюць пустазелле, перамешваюць угнаенне з глебай у ахаваным грунце, садах, ягадніках, на агародах. Электрафрэзай ФС-0,7 апрацоўваюць глебу, рыхтуюць сумесі для торфаперагнойных гаршкоў, стэрылізуюць глебу ядахімікатамі. Рабочыя органы іх — спец. фрэзы і ротары з нажамі (фрэзамі). У адрозненне ад мотаблокаў Э.г. зніжае шум, не загазоўвае цяпліцы і парнікі.

Літ.:

Данейко В.А., Крутов А.В. Применение электрической энергии в сельском хозяйстве. Мн., 2001.

В.​М.​Кандрацьеў.

Схемы прылад для электрамеханізацыі глебаапрацоўкі: а — электраматыкі (1 — фрэза, 2 — электрарухавік, 3 — штанга, 4 — кабелі, 5 — пераўтваральнік частаты); б — электрафрэзы (1 — электрарухавік, 2 — рэдуктар з абгоннай і засцерагальнай муфтамі, 3 — ротар, 4 — апорны нож, 5 — электрашафа з кабелямі).

т. 18, кн. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ, электронныя музычныя інструменты,

музычныя інструменты, у якіх электрычныя ваганні гукавых частот узбуджаюцца спец. генератарам, узмацняюцца ўзмацняльнікам і выпрамяняюцца гучнагаварыцелем.

Падзяляюцца: на Э.і., традыцыйны механізм якіх заменены эл. (электраарган); у якіх ваганне струн, што механічна здабываецца традыц. спосабамі (на смыкавых, шчыпковых і клавішных хардафонах), успрымаецца эл. адаптэрамі (адаптэрызаванае фартэпіяна, электрахорд, электрагітары); у якіх эл. ці генератарныя ваганні ствараюцца выключна і непасрэдна электроннай апаратурай (тэрменвокс, траўтоніум, эмірытон, іоніка). Эл. гукаўтварэнне дазваляе ўзнаўляць гучанне традыцыйных інструментаў і замяняць іх (гукавыя імітатары, аналагавыя інструменты), узмацняць гучанне інструментаў з малымі дынамічнымі магчымасцямі (клавесін, гітара), змяняць тэмбр (сінтэзавальныя інструменты) і ствараць новыя гукавыя тэмбры. Э.і. найчасцей выкарыстоўваюцца ў прыкладной, ілюстрацыйнай, тэатральнай і кінамузыцы.

Літ.:

Термен Л.С. Физика и музыкальное искусство. М., 1966;

Володин А. Электронные музыкальные инструменты М., 1970;

Кузнецов Л.А. Основы теории, конструирования, производства и ремонта электромузыкальных инструментов. М., 1981.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 18, кн. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРМО́ЛІН Васіль Дзмітрыевіч (? — паміж 1481 і 1485),

дойлід, скульптар. Паводле паходжання беларус. Працаваў пераважна ў Маскве. Быў купцом і падрадчыкам, узначальваў арцель маскоўскіх майстроў-будаўнікоў. З 1462 рэканструяваў каменныя сцены Крамля ад Баравіцкай брамы да Свібловай вежы; над Фролаўскай (цяпер Спаская) брамай надбудаваў царкву Афанасія, аздобіў іх каменнымі паліхромнымі рэльефамі з выявамі св. Георгія Перамаганосца (першае вядомае скульпт. ўвасабленне герба Масквы, захаваўся фрагмент) і Дзмітрыя Салунскага (не захаваўся). Аднавіў царкву Вазнясенскага манастыра ў Крамлі (паміж 1467 і 1469), будынкі 12 ст. ў г. Уладзімір. Рэстаўрыраваў Георгіеўскі сабор (12 ст.) у г. Юр’еў-Польскі. На Беларусі, мяркуюць, пабудаваў Троіцкую («Белую») царкву ў в. Чарэя Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. Верагодны сааўтар т. зв. Ярмолінскага летапісу (канец 15 ст.), дзе прыведзены звесткі пра яго буд. дзейнасць, і ілюстратар Радзівілаўскага летапісу.

Літ.:

Раманаў Р. Няхай адкрываецца скрытае // Мастацтва. 2001. № 7.

Р.​Л.​Раманаў.

т. 18, кн. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЦВЯ́ГІ, ятвягі, судовы, судзіны,

група зах.-балцкіх плямён, якія ў 1-м — пач. 2-га тыс. н.э. жылі на тэр. паміж Нёманам на У, р. Нараў і Вял. Мазурскімі азёрамі на 3. Даследчыкі Е.​Антаневіч, Ф.​Д.​Гурэвіч, А.​Камінскі, Г.​Лаўмянскі тэрыторыю Я. абмяжоўвалі раёнамі Сувалкаў і найбліжэйшымі да іх землямі; Ю.​У.​Кухарэнка, В.​В.​Сядоў і інш. ў склад яцвяжскай тэр. ўключаюць Падляшша, Берасцейскую зямлю і частку Верхняга Панямоння. Сядоў лакалізуе яцвяжскае племя дайнова на правабярэжжы Верхняга Нёмана. Упершыню Я. ўпамінаюцца ў рус. летапісах у 10 ст. Сярод пасольства Русі ў Візантыі пад 944 названы «ятвяг Гунарев». Да 983 адносіцца першае паведамленне пра ваенны паход кіеўскага кн. Уладзіміра на яцвяжскія землі. Апошнія звесткі пра Я. у рус. летапісах датуюцца сярэдзінай 13 ст., у польскіх храністаў — 15—16 ст. Асн. археал. помнікі, звязаныя з Я., — каменныя курганы.

Я.​Г.​Звяруга.

т. 18, кн. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ШМА (араб.),

асадкава-метамарфагенная тонка- або скрытакрышт. шчыльная горная парода. Складзена з тонказярністых агрэгатаў кварцу і афарбавана аксідамі і гідраксідамі жалеза і інш. мінер. прымесей у чырв., жоўты, зялёны, карычневы, шэры, белы і інш. колеры. Адрозніваюць дэкар. тыпы Я.: аднародныя, плямістыя, палоскавыя (плоскапаралельныя і хвалістыя), стракатыя («паркалёвыя» і «парчовыя»), брэкчыяпадобныя і пейзажныя (утвараюцца пры перакрышталізацыі і метасаматозе першасных сургучных і інш. аднародных Я.). Выкарыстоўваецца як вырабны камень у ювелірнай справе, як тэхн. камень (апорныя прызмы, ступкі, матрыцы і інш.), у гемалогіі і каменярэзнай справе. Радовішчы ў Расіі, ЗША, Індыі, Венесуэле, на Украіне і інш. У гемалогіі і каменярэзнай справе да Я. адносяць яшмоіды і яшмападобныя пароды, блізкія да іх па фіз. уласцівасцях і дэкаратыўнасці (акварцаваныя туфіты зеленакаменных тоўшчаў, халцэдонавыя і кварц-халцэдонавыя гідратэрмальна-метасаматычныя ўтварэнні базальтавых тоўшчаў, кварц-палевашпатавыя кантактавыя рагавікі, кіслыя эфузіўныя пароды — фельзіты і фельзітавыя парфіры.

т. 18, кн. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШМЕ́ТАЎ Валерый Сцяпанавіч (н. 8.1.1947, в. Канец Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі ткацкай вытворчасці. Д-р тэхн. н. (1993), праф. (1994). Акад. Бел. інж. акадэміі (1995), Міжнар. АН вышэйшай школы (1997). Скончыў Віцебскі тэхнал. ін-т лёгкай прам-сці (1971). З 1977 у Віцебскім тэхнал. ун-це (з 1986 дэкан ф-та, з 1993 рэктар). Навук. працы па тэхналогіі і ўдасканаленні абсталявання ў галіне лёгкай прам-сці. Распрацаваў метады прагназіравання тэхнал. працэсаў вытв-сці тэкст. матэрыялаў, прапанаваў эфектыўныя спосабы і тэхналогіі вырабу тканін, сканструяваў новыя прыстасаванні да ткацкіх станкоў для павелічэння іх прадукцыйнасці.

Тв.:

О некоторых параметрах двухъярусного лентоткачества (разам з С.​А.​Пятровым) // Изв. вузов. Технология текстильной промышленности. 1991. № 3;

Расчет натяжения уточных нитей на бесконечных лентоткацких станках (разам з В.​В.​Сілівончыкам) // Вестн. Московской гос. текстил. академии. 1994.

А.​І.​Болсун.

т. 18, кн. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ Аляксандр Міхайлавіч (17.12.1944, в. Ячонка Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 18.3.2001),

бел. вучоны ў галіне фіз. оптыкі. Д-р фіз.-матэм. н. (1997). Скончыў БДУ (1966), дзе і працаваў (у 1979—81 заг. кафедры). Навук. працы па оптыцы кагерэнтных светлавых пучкоў. Распрацаваў агульны метад рашэння задачы дыфракцыі адвольнага кагерэнтнага пучка на слаістых асяроддзях, вызначыў умовы назірання і велічыні эфектаў папярочнага і падоўжнага зрухаў пучка пры адбіцці. Прадказаў эфект няроўнасці вугла адбіцця пучка вуглу падзення (нелюстраны эфект), вызначыў усе структуры з уласцівасцю самаадлюстравання пры асвятленні іх кагерэнтным пучком. Аўтар навуч. дапаможніка для ВНУ «Оптыка кагерэнтных светлавых пучкоў» (2000). Даследаваў гісторыю развіцця прыродазнаўства ў Вял. княстве Літоўскім.

Тв.:

Квантовая электроника и лазерная спектроскопия. Мн., 1974 (разам з А.​П.​Хапалюком);

Пространственная структура лазерного излучения. Мн., 1982 (разам з А.​П.​Хапалюком, Т.​М.​Карнейчык);

Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч. Мн., 1992 (разам з М.​А.​Ткачовым).

т. 18, кн. 1, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САП’Я́НІК Уладзімір Харытонавіч (н. 12.4.1936, в. Лозкі Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне электраэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (2002). Скончыў БПІ (1962). З 1968 у Бел. цеплаэнергет. ін-це. Навук. працы па даследаванні шматплечавых дыферэнцыяльных і дыферэнцыяльна-фазных ахоў з дапамогай матэм. мадэлей, удасканальванні ўстройстваў рэлейнай аховы і аўтаматыкі электраэнергет. сістэм, іх эксплуатацыі на аснове лічбавых тэхналогій. Распрацаваў шэраг алгарытмаў функцыян. задач АСК тэхнал. працэсамі электрастанцый і падстанцый.

Тв.:

Переходные и установившиеся процессы в токовых цепях устройств релейной защиты с каскадными двухступенчатыми трансформаторами тока (разам з Я.​П.​Сілаковым) // Электричество. 1990. № 9;

Цифровой контроль, диагностика и регистрация ненормальных и аварийных режимов теплового состояния турбогенератора с водородным охлаждением и его систем охлаждения // Изв. вузов и энергет. объединений СНГ. Энергетика. 2000. № 2;

Расчет и анализ переходных и установившихся процессов в трансформаторах тока и токовых цепях устройств релейной защиты. Мн., 2000.

т. 18, кн. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УГЛЯНІ́ЦА Канстанцін Мікалаевіч (н. 9.10.1949, в. Дзятлавічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне клінічнай і эксперым. анкалогіі. Д-р мед. н. (2002). Чл. і ганаровы акад. Рымскай АН (1996). Чл. Нью-Йоркскай АН (1998). Скончыў Гродзенскі мед. ун-т (1976), дзе і працуе з 1980 (з 1993 заг. кафедры). Навук. працы па метабалічных працэсах у арганізме хворых на злаякасныя новаўтварэнні і іх карэкцыі, анкагенет. даследаваннях хворых на рак малочнай залозы і яечнікаў.

Тв.:

Механизмы регуляции метаболического баланса: результаты и перспективы применения аминокислот и их композиций в качесгве универсальных биологически активных природных регуляторов направленного действия и эффективных лекарственных препаратов (у сааўт.) // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. біял. навук. 1998. № 4;

Ukrain: a novel antitumor drug (у сааўт.) // Drugs Exptl. Clin Res. 2000. Vol. XXVI, № 5/6;

Ukrain (механизмы реализации противоопухолевой активности и результаты лечения онкологических заболеваний). Гродно, 2000.

т. 18, кн. 1, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)