УСПЕ́НСКІ Мікалай Васілевіч [май 1837, с. Ступіна (па інш. звестках — 1834, с. Вялікае Скуратава) Яфрэмаўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 2.11.1889], рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскай медыка-хірург. акадэміі, у Пецярбургскім ун-це. Друкаваўся з 1857. У апавяданнях і нарысах паказваў нястачу і бяспраўе нар. мас, асабліва сялян. Першы ў рус. л-ры рэзка крытычна адзначыў іх духоўную неразвітасць і руціннасць мыслення («На шляху», «Добрае жыццё», «Вядзьмарка» і інш.). Выкрывальныя тэндэнцыі характэрны і для парэформенных нарысаў пра вёску, земскія ўстановы, духавенства, лёсы разначыннай інтэлігенцыі («Юрская фармацыя», «Фёдар Пятровіч», «Ягорка-пастух», «У земскай управе» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСАВЫЯ СІСТЭ́МЫ, у шырокім сэнсе — сукупнасць розных звёнаў фін. адносін, праз якія ў рамках той ці інш.сац.-эканам. сістэмы ажыццяўляецца стварэнне і выкарыстанне фондаў грашовых сродкаў. У вузкім сэнсе — сістэма фінансавых устаноў краіны, што ажыццяўляюць мабілізацыю грашовых сродкаў і іх размеркаванне ў працэсе фінансавання і крэдытавання, а таксама фінансавы кантроль. Унутры кожнай з буйных сфер вылучаюць звёны (групоўка фін. адносін ажыццяўляецца ў залежнасці ад характару дзейнасці суб’екта). Напр., у сферы фінансаў прадпрыемства вылучаюць звёны: фінансы прадпрыемстваў, якія функцыянуюць на камерцыйных пачатках, і фінансы прадпрыемстваў, што ажыццяўляюць некамерцыйную дзейнасць, а таксама фінансы грамадскіх арг-цый; у сферы страхавання — сац. страхаванне асабістае, маёмаснае і страхаванне прадпрымальніцкай рызыкі; у сферы дзярж. фінансаў — дзярж. бюджэт, пазабюджэтныя фонды і дзярж. крэдыт. Кожнае звяно ў Ф.с. можа падзяляцца на падзвёны або інш. элементы сістэмы, напр., фінансы прадпрыемстваў, што функцыянуюць на камерцыйных пачатках, могуць класіфікавацца па галінах накіраванасці і формах уласнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАМАНТА́Ж,
стварэнне твора фотамастацтва з фотаздымкаў і іх фрагментаў, часам дапоўненага графічнымі і інш. элементамі. Мэта Ф. — сінтэз выяў, якія першапачаткова не мелі паміж сабой нічога агульнага і набылі значэнне толькі ў сукупнасці. Існуюць тэхнікі Ф.: пазітыўны мантаж або фотакалаж (дэталі асобных фотаздымкаў склейваюць у новую выяву); светлавы мантаж (пэўныя матывы або дэталі змяняюцца з дапамогай фотахім. ці лабараторна-тэхн. метадаў); сэндвіч-метад (некалькі плёнак накладваюцца адна на адну). У мастацтве 20 ст. Ф. выкарыстоўваўся дадаістамі (Р. Гаўсман, Х.Хох, Р.Гюльзенбек), для маст. афармлення вокладак кніг і плакатаў (Г.Грош, А.Жытомірскі, Л.Мохай-Надзь, А.Ньюман, А.Родчанка, В.Фостэль, Дж.Гартфілд, К.Штэк). На Беларусі Ф. выкарыстоўвалі ў творах 1990-х г. В.Шахлевіч, Г.Маскалёва, У.Цэслер, С.Войчанка, А.Шалюта, у афармленні кніг — М.Баразна, А.Кітаева.
К.Я.Шэўніна.
Да арт.Фотамантаж. В.Шахлевіч. З серыі «Рэха маўчання». 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́НКЦЫЯ (ад лац. functio выкананне) у філасофіі, адносіны двух ці групы аб’ектаў, калі змена аднаго з іх прыводзіць да змены іншых; знешняе выяўленне ўласцівасцей аб’екта ў пэўнай сістэме адносін. Паняцце ўведзена Г.В.Лейбніцам. Тэорыю Ф. распрацаваў Э.Касірэр, які лічыў, што пазнанне накіравана на вывучэнне Ф. аб’ектаў (узаемаадносін і залежнасцей паміж імі), а не на выяўленне субстанцыі ізаляваных аб’ектаў. Асаблівую ролю паняцце Ф. адыгрывае ў сістэмным падыходзе, дзе яно выступае ў цеснай сувязі з паняццем структуры. У сацыялогіі пад Ф. разумеецца роля, якую выконвае пэўны сац.ін-т ці працэс адносна сац. сістэмы ўвогуле (напр., Ф. дзяржавы, сям’і, мастацтва адносна грамадства), а таксама залежнасць, якая назіраецца паміж рознымі кампанентамі адзінага сац. працэсу, калі змены адной часткі сістэмы вытворныя ад змен у інш. яе частцы (напр., змены ў суадносінах гар. і сельскага насельніцтва як Ф. развіцця прам-сці). Гл. таксама Структурна-функцыянальны аналіз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛАДЗІ́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна тэхнікі, звязаная з атрыманнем і выкарыстаннем штучнага ахаладжэння ў межах ад 10 да -150 °C. Больш нізкія т-ры — галіна крыягеннай тэхнікі. Крыніцы холаду — халадзільныя машыны і ахаладжальныя рэчывы, у якіх працэсы раставання (напр., вадзяны лёд), сублімацыі (цвёрдая вуглекіслата — сухі лёд) або растварэння (ахаладжальныя сумесі) працякаюць пры т-рах ніжэй за 0 °C.
Сродкі Х.т.: халадзільныя ўстаноўкі, прамысл. і быт.халадзільнікі, лёдагенератары, тэрмабаракамеры, электронныя тэрмабатарэі, кандыцыянеры, замарожвальныя трубы (калонкі) і інш. Сродкі і метады Х.т. выкарыстоўваюць у хім. (вытв-сць азотнай і хлорнай кіслот, сінт. каўчукоў, штучных валокнаў і інш.), харч. (вытв-сць, транспартаванне, замарожванне харчовых прадуктаў і іх захоўванне), нафтаперапрацоўчай і газавай прам-сці, у медыцыне, біялогіі, спорце, буд-ве (для замарожвання ваданосных грунтоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛІ́Ф (араб. халіфа — намеснік, пераемнік),
духоўны і свецкі кіраўнік мусульм. супольнасці (умы), а таксама правіцель мусульм. тэакратычнай дзяржавы (гл.Халіфат). Першыя Х. — Абу-Бекр, Асман, Амар I і Алі Ібн Абі Таліб — выбіраліся і былі пераемнікамі заснавальніка ісламу Мухамеда. Пасля захопу ўлады ў 661 Муавіяй I (заснавальнік дынастыі Амеядаў) тытул Х. стаў спадчынным. У 750 права на тытул Х. захапілі сваякі Мухамеда — Абасіды, якія хоць і страцілі да 11 ст. фактычна рэальную паліт. ўладу, але працягвалі лічыцца вышэйшымі духоўнымі аўтарытэтамі мусульман-сунітаў. Пасля знішчэння ў 1258 манголамі свецкай дзяржавы Абасідаў тытул Х. насілі іх нашчадкі, якія жылі ў Егіпце, а пасля заваявання ў 1517 Егіпта туркамі тытул перайшоў да тур. султанаў (насілі да скасавання халіфата ў 1924). У розны час тытул Х. прымалі ў розных месцах мусульм. свету і інш. правіцелі: Фатыміды, Амеяды ў Іспаніі і інш., але яны не карысталіся ўсеагульным аўтарытэтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛЕБАПЯКА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая спецыялізуецца на вытв-сці хлеба і хлебабулачных вырабаў. Для Х.п. характэрны высокая транспартабельнасць асн. сыравіны — мукі і нізкая — гатовай прадукцыі (малыя тэрміны захоўвання), у выніку — залежнасць ад штодзённых заказаў гандл. арг-цый. Выкарыстоўваецца мясц. і прывазная сыравіна (мука, спецыі, разынкі).
На Беларусі першы механізаваны з-д пабудаваны ў 1927 у Мінску. На 2001 у Х.п. больш за 160 прадпрыемстваў; найб. буйныя — у Мінску (6 хлебазаводаў і «Аўтамат») і абл. цэнтрах. Невял. заводы і пякарні размешчаны паўсюдна ў населеных пунктах — месцах спажывання іх прадукцыі. Хлеб выпякаюць і на інш. прадпрыемствах харч. прам-сці (напр., Аршанскі мясакансервавы камбінат, Падсвільскі з-дхарч. прадуктаў, Баранавіцкая птушкафабрыка і інш.). Вырабляецца больш за 200 найменняў хлеба (жытні, пшанічны, жытне-пшанічны, палепшаны, заварны, фармавы, подавы), батоны, сушкі, сухары, абаранкі, караваі і інш.Вытв-сць хлеба і хлебабулачных вырабаў 769 тыс.т (2001).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ДАСАВІЧЫ,
група археал. помнікаў (неалітычнае паселішча, курганныя могільнікі, селішча ранняга сярэдневякоўя) каля в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.Паселішча часоў неаліту (3-е — пач. 2-га тыс. да н.э.) даследавана ў 1959—63. Знойдзены крамянёвыя наканечнікі стрэл, сякеры, разцы, скрабкі, рэшткі грабеньчата-ямачнай керамікі і інш. На тэр. паселішча размешчаны 2 курганы сярэднедняпроўскай культуры. Курганныя могільнікі 8—12 ст. даследаваны ў 1951—69. Пахавальны абрад трупаспаленне і трупапалажэнне. Пры іх даследаванні знойдзены бронзавы наканечнік кап’я, акулярападобныя падвескі, наканечнік стралы, скроневыя кольцы, падвеска-амулет (конік), крыжападобныя і змеегаловападобныя падвескі, шкляныя і золаташкляныя пацеркі, шкляныя і медныя пярсцёнкі, фрагменты керамікі і інш.Селішча даследавана ў 1969. Выяўлены рэшткі З прамавугольных у плане паўзямлянак, у 2 жытлах — печы-каменкі, ляпная кераміка 2-й пал. 1-га тыс.н.э. Ва ўсх. частцы селішча размяшчалася Ходасавіцкае свяцілішча.
А.Г.Калечыц, А.А.Макушнікаў.
Да арт.Ходасавічы. Гліняная пасудзіна сярэднедняпроўскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́РДАВЫЯ (Chordata),
вышэйшы тып шматклетачных жывёл. 3 падтыпы: галавахордавыя, або цэфалахордавыя (Cephalochordata), абалоннікі, ці лічынкавахордавыя, і пазваночныя, або чарапныя. Каля 40 тыс. сучасных відаў, з іх каля 38 тыс. пазваночных. Пашыраны ўсюды. На Беларусі прадстаўлены пазваночнымі.
Для Х. характэрны восевы шкілет у выглядзе хорды. У адных арганізмаў хорда бывае толькі на ранніх стадыях развіцця, у другіх — усё жыццё Амаль ва ўсіх Х. на працягу жыцця над хордай захоўваецца спінная нерв. парожняя трубка, з якой дыферэнцыруюцца спінны і галаўны мозг. У пярэднім аддзеле кішэчніка — жаберныя шчыліны, якія застаюцца на ўсё жыццё ці бываюць на пэўнай стадыі развіцця. Сэрца на брушным баку над стрававальнай трубкай. Усе Х. маюць другасны рот і поласць цела (цэлом), метамерную будову гал. сістэм органаў і двухбаковую (білатэральную) сіметрыю цела.
Літ.:
Малахов В.В. Новый взгляд на происхождение хордовых // Природа. 1982. № 5;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІМО́ХАЎ Сяргей Аляксандравіч (н. 8.9.1960, в. Кротаў Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1984). З 1985 працаваў у Гомельскім і Віцебскім (г. Наваполацк) маст. камбінатах, з 1989 гал. мастак г. Полацк Віцебскай вобл., у 1992—99 заснавальнік, дырэктар галерэі «РЫСА» у Полацку. У творах імкнецца ўвасобіць першаасновы быцця беларусаў, іх язычніцкія традыцыі, фантасмагорыі і касмаганізм праз сімвалічнасць зместу і формы, суразмернасць фактурнасці, выяўленчасці і абстрагаванай умоўнасці, жывапіснасць і тонкія колеравыя спалучэнні: «Несці крыж», «Канцэрт даўняй музыкі» (абодва 1989), «Дрэва-стод» (1991), «Птушыны сон» (1992), «Стод-1» (1994), «Рытуальнае шэсце-3» (1997), «Рытуальнае шэсце-7» (1999), «Цень Вялеса», «Ярыла» (абодва 2000), «Два месяцы», «Птушыны гоман» (абодва 2001). Аўтар дыпціхаў «Зіхценне Купальскай ночы», «Золак Купальскай ночы» (абодва 2002), графічных серый «Постаці», «Нацюрморт», «Краявід», лістоў «Назіраючы зацьменне Сонца-1», «Назіраючы зацьменне Сонца-2» (абодва 1999), манум. размалёвак.