камандная спартыўная гульня з мячом авальнай формы. Гуляюць 2 каманды па 13 (у прафес. матчах) ці 15 (у аматарскіх) чалавек, 2 таймы па 40 мін, на пляцоўцы 100 × 69 м (за лініяй варот заліковае поле). Мэта гульні — прызямліць мяч рукой у заліковым полі праціўніка ці забіць над перакладзінай Н-падобных варот. Перамагае каманда, якая набірае найб. колькасць ачкоў. Мяч можна біць нагой, несці ў руках, кідаць інш. гульцу (але нельга пасаваць уперад). Дапускаецца захоп саперніка за плечы, пояс і ногі, збіццё з ног плячом. Пры парушэнні правіл назначаецца «схватка», пры ўводзе мяча з-за бакавой лініі выстройваецца «калідор».
Р. ўзнікла ў 1820-я г. ў Вялікабрытаніі ў г. Рэгбі (адсюль назва). У 1934 засн.міжнар. аматарская федэрацыя Р. (ФІРА); аб’ядноўвае каля 50 краін. З 1960 разыгрываецца кубак ФІРА (неафіц, чэмпіянат свету). У праграме Алімп. гульняў 1900, 1908. 1920. 1924. Найб. развіта ў Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы і інш.
У Беларусі ў пач. 1930-х г. праводзіліся першынствы Мінска, рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНАЛЬДС, Рэйналдс (Reynolds) Джошуа (16.7.1723, г. Плімптан, Вялікабрытанія — 23.2.1792), англійскі жывапісец, тэарэтык мастацтва. У 1740—43 вучыўся ў Лондане ў Т.Хадсана. Вывучаў творы Рэмбранта, П.П.Рубенса, венецыянскі жывапіс 16 ст. Працаваў у Дэваншыры і Лондане, у 1749—52 вандраваў па Еўропе. Арганізатар і 1-ы прэзідэнт (1768—90) лонданскай АМ. З 1748 гал. мастак караля. Пераасэнсоўваў традыцыі параднага партрэта барока, спалучаў велічнасць агульнай задумы з нязмушанасцю трактоўкі характараў, імкнуўся звязаць уяўленні пра ідэальную асобу з сац.-гіст. характарыстыкамі. Творы вызначаюцца дынамічнасцю кампазіцыі, свабодай мазка, цёплым сакавітым каларытам, псіхал. выразнасцю. Партрэты: аўтапартрэт (1753—54), «Д.Гарык паміж музамі трагедыі і камедыі» (каля 1760—61), пісьменнікаў Л.Стэрна (1760) і С.Джонсана (1772), Джэн, графіні Харынгтан (1777—79), актрысы С.Сіданс (1783—84), адмірала Дж.О.Хітфілда (1787—88). генерала Банастра Тарлтана; карціны «Немаўля Геракл душыць змей» (1786—88), «Нявінны ўзрост» (1788), «Устрыманасць Сцыпіёна» (1788—89) і інш. У тэарэт. работах выказваў нарматыўна-класіцыстычныя погляды на прыроду мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЛЕЙ, Рэйлі (Rayleigh) Джон Уільям (12.11.1842, каляг. Малдан, Вялікабрытанія — 30.6.1919), англійскі фізік, адзін са стваральнікаў тэорыі ваганняў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1873). Прозвішча да атрымання тытула лорда Рэлея (1873) — Стрэт (Strutt). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1865), дзе і працаваў да 1871. У 1879—84 дырэктар Кавендышскай лабараторыі. У 1905—08 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па акустыцы, оптыцы, гідрадынаміцы, электрамагнетызме і інш. Даследаваў дыфракцыю, рассеянне і паглынанне мех. хваль, устанавіў сувязь паміж фазавай і групавой скорасцю хваль. Заклаў асновы малекулярнага рассеяння святла (гл.Рэлея закон), вывеў адзін з законаў выпрамянення (гл.Рэлея—Джынса закон выпрамянення), устанавіў закон намагнічвання цел (гл.Рэлея закон намагнічвання). Стварыў тэорыю раздзяляльнай здольнасці аптычных прылад. Адкрыў (з У.Рамзаем) хім. элемент — аргон. Сканструяваў і вынайшаў шэраг фіз. прылад (дыск Р., манометр Р., рэфрактометр Р. і інш.). Нобелеўская прэмія 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПЛІКА́ЦЫЯ (ад позналац. replicatio паўтарэнне),
рэдуплікацыя, аўтарэплікацыя, працэс самаўзнаўлення макрамалекул нуклеінавых кіслот, які забяспечвае дакладнае капіраванне генет. інфармацыі і перадачу яе з пакалення ў пакаленне. Аснова — ферментатыўны сінтэз ДНК на матрыцы ДНК або РНК на матрыцы РНК; адзінка — рэплікон — участак генома, што знаходзіцца пад кантролем аднаго пункта пачатку (ініцыяцыі) рэплікацыі. У працэсе Р. ДНК акрамя ферментаў (ДНК-полімеразы, ДНК-лігазы, ДНК-метылазы і інш.) удзельнічаюць бялкі, якія расплятаюць двайную спіраль ДНК, стабілізуюць расплеценыя ўчасткі, прадухіляюць заблытванне малекул. У бактэрый сінтэз ДНК адбываецца са скорасцю 1 тыс., у эўкарыётаў — каля 100 нуклеатыдаў за секунду, але адначасова ў многіх пунктах адной малекулы; мае паўкансерватыўны характар: пры сінтэзе 2 даччыных малекул кожная ДНК утрымлівае адзін «стары» і адзін «новы» ланцужок. У арганізме Р. ДНК — вельмі дакладны працэс — частата памылак, якія прыводзяць да спантанных кропкавых мутацый, не перавышае 10−9 на 1 нуклеатыд у пакаленне. Р. РНК абмежавана вузкім колам вірусаў, што ўтрымліваюць РНК. Таксама Р. наз. падваенне храмасом, у аснове якога ляжыць Р. ДНК.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́Й (Аляксандр Раманавіч) (1897, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. — 15.8.1920),
удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі, герой грамадз. вайны. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце (адзначаны георгіеўскім крыжам). У 1917 вярнуўся на радзіму і ўзначальваў Рудабельскі валасны рэўком, штаб па фарміраванні Чырв. гвардыі, змагаўся супраць легіянераў корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага. У час ням. акупацыі 1918 узначальваў партыз. атрады на тэр.Рудабельскай «рэспублікі» і падп. падраённы к-т РКП(б). Удзельнік вызвалення Бабруйска ад ням. акупантаў, разгрому стракапытаўскага паўстання 1919 у Гомелі і эсэраўскага мяцяжу ў Чарнігаўскай губ. Летам 1919 на чале Бабруйскага інтэрнац. батальёна, потым Барысаўскага палка змагаўся з польск. інтэрвентамі, абараняў Мінск. У вер — снеж. 1919 на чале спец. атрада ўдзельнічаў у рэйдзе па тылах латышскай арміі ад Пскова да Асвеі. Са снеж. 1919 камандзір 1-га інтэрнац. батальёна палка чырв. камунараў, удзельнік вызвалення Асвеі, баёў за Рэжыцу, Полацк, Барысаў, Лепель. З лета 1920 у корпусе Г.Дз.Гая, удзельнічаў у вызваленні Вільні, Гродна. Загінуў у баі калямяст. Кольна (Польшча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІР,
возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Страча, за 27 км на ПдЗ ад г. Мядзел. Пл. 22,28 км², даўж. 14,1 км, найб.шыр. 2,3 км, найб.глыб. 8,7 м, даўж. берагавой лініі 31,2 км. Пл. вадазбору 364 км². Аб’ём вады 104,3 млн.м³. Катлавіна лагчыннага тыпу. Зах. схілы выш. 12—15 м (участкамі да 25 м), разараныя ці пад хмызняком, усходнія — выш. 3—5 м, параслі лесам. Пойма на У і Пншыр. да 200 м, пад зрэджаным хмызняком, забалочаная, парэзаная сеткай меліярац. каналаў. Берагі высокія (да 0,7 м), месцамі зліваюцца са схіламі, усходнія — нізкія, забалочаныя. У цэнтры і на Пд пясчаныя мелі (2 і 3,4 м). Дно да глыб. 4 м пясчанае і пясчана-галечнае, глыбей сапрапелістае. Мінералізацыя вады да 260 мг/л, празрыстасць да 1 м. Эўтрофнае. Моцна зарастае ўздоўж усх. берагоў, у вытоку Свірыцы і месцы ўпадзення Смолкі паласа трыснягу і чароту дасягае шыр. 200 м. Упадаюць рэкі Смолка, Вял. Перакоп, некалькі ручаёў. На Пн выцякае р. Свірыца. Гідралаг. назіранні з 1965. Месца адпачынку, каля возера санаторый «Свір».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., пры ўпадзенні р. Свіслач у Бярэзіну (бас.р. Дняпро); прыстань на правым беразе р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Асіповічы, 150 км ад Магілёва, 5 км ад чыг. ст. Ялізава. 820 ж., 277 двароў (2001). Дзіцячы санаторый «Свіслач». Сярэдняя і базавая школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Мікольская царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. На ўсх. ускраіне вёскі гарадзішча Свіслач.
На мяжы 11—12 ст. на месцы вёскі існавала паселішча замкавага тыпу, умацаванае земляным валам і ровам. У 16 ст. тут быў Свіслацкі замак. Каля 1600 уласнасць мінскага кашталяна. З 1793 у складзе Рас. імперыі У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ.; 420 ж., 46 двароў, 2 школы, валасное праўленне, 2 царквы, касцёл, паштовае аддзяленне, 40 крам. З 1924 цэнтр Свіслацкага раёна, з 1931 цэнтр сельсавета ў Асіповіцкім р-не. У Вял. Айч вайну 12—14.10.1941 ням. фашысты загубілі ў С. 791 чал., у чэрв. 1944 спалілі вёску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕН-ЖЭРМЕ́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919,
адзін з дагавораў, падпісаны дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Італіяй, Японіяй і інш.) у 1-й сусв. вайне 1914—18 з Аўстрыяй 10 вер. ў г. Сен-Жэрмен-ан-Ле (каля Парыжа). Дагавор зафіксаваў распад Аўстра-Венгерскай імперыі пасля паражэння ў вайне і стварэнне на яе тэр. шэрагу самастойных дзяржаў: Аўстрыйскай рэспублікі, Венгрыі, Чэхаславакіі і Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Паводле дагавора Аўстрыі забаронена мець ваен. авіяцыю і ваен. флот, аб’яднанне з Германіяй; армія абмяжоўвалася колькасцю ў 30 тыс.чал. Аўстрыя абавязалася выплачваць рэпарацыі. Частка зямель імперыі перададзена Італіі (Паўд. Ціроль). Паўн. Букавіна — Румыніі, Закарпацце — Чэхаславакіі. С.-Ж.м.д. адлюстраваў змены ў Еўропе, што адбыліся ў выніку распаду Аўстра-Венгрыі. Разам з тым яго ўмовы, навязаныя дзяржавамі Антанты, стваралі падставы для міжнар. і міжнац. канфліктаў. Аншлюс Аўстрыі ў 1938 і інш. акты фаш. агрэсіі напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны 1939—45 азначалі гвалтоўную ліквідацыю ўмоў С.-Ж.м.д. і звязаных з ім інш. дагавораў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,
тып лінгвістычнага слоўніка, што змяшчае рады сінонімаў з тлумачэннямі і ілюстрацыйным матэрыялам, які пацвярджае правільнасць ужывання сінонімаў з іх тонкімі сэнсавымі і стылістычнымі адценнямі.
Задача С.с. — вылучэнне і апісанне часткі лексікі, звязанай паміж сабой сінанімічнымі адносінамі. Кожны сінанімічны рад у С.с. складае асобны артыкул. Размяшчаюцца артыкулы па алфавіце загалоўных (апорных) слоў, якімі пачынаюцца сінанімічныя рады Першыя С.с. ва ўсх.-слав. народаў з’явіліся ў канцы 18 — пач. 19 ст.Найб. раннія з іх — «Спроба расійскага саслоўніка» Дз.І.Фанвізіна (1783; 32 сінанімічныя рады) і «Спроба слоўніка рускіх сінонімаў» П.Ф.Калайдовіча (1818; 77 сінанімічных радоў).
У бел. філалогіі ўпершыню створаны «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.К.Клышкам (1976, 2-е выд. 1993). Ахоплівае каля 1900 сінанімічных радоў (больш за 11 тыс. слоў сучаснай бел. мовы). Асаблівасць яго: не вызначае сэнсавых адценняў, уласцівых словам сінанімічных радоў, а абмяжоўваецца прывядзеннем да кожнага з іх прыкладаў з маст. л-ры, фальклору, перыяд. друку. У канцы слоўніка прыводзіцца індэкс (алфавітны паказальнік слоў, што ўваходзяць у сінанімічныя рады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́П (Sinop),
горад на Пн Турцыі. Адм. ц.аднайм. іля. Каля 20 тыс.ж. (2001). Вузел аўтадарог, порт на Чорным моры. Прам-сць лесапільная і харчовая. Рамёствы, у т. л. саматужны выраб ільняных тканін. Цэнтр рыбалоўства.
Засн. не пазней 7 ст. да н.э. як калонія г. Мілет. У старажытнасці наз. Сінопа. Важны гандл. і рамесны цэнтр у Паўд. Прычарнамор’і. У 6 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. чаканіў сваю манету. Да 4 ст. да н.э. знаходзіўся ў залежнасці ад Ахеменідаў дзяржавы, аднак меў унутр. самастойнасць. З 183 да н.э. ўваходзіў у Пантыйскае царства (напачатку як рэзідэнцыя цара, потым — сталіца). У 70 да н.э. заваяваны рым. палкаводцам Лукулам. З канца 4 ст.н.э. належаў Візантыі Пасля ўтварэння Трапезундскай імперыі (1204) С. у яе складзе, у 1214—1307 у Канійскім султанаце. У канцы 14 ст. горад захапіў тур. султан Баязід I, у пач. 15 ст. — Цімур У сярэдзіне 15 ст. далучаны да Асманскай імперыі. У 1853 у бухце С. адбылася бітва паміж рас. і тур. флатамі (гл. Сінопская бітва 1853). У С. нарадзіўся прадстаўнік філас. школы кінікаў Дыяген.