СО́НІ, соневыя (Gliridae),

сямейства млекакормячых атр. грызуноў. Вядомы з алігацэну (каля 35 млн. г. назад). 7—8 родаў: С. арэшнікавыя (Muscardinus), лясныя (Dryomys), С.-палачкі (Glis), садовыя (Eliomys) і інш.; 17 відаў. Пашыраны ў лясах і лесастэпах Еўразіі, лясах і саваннах Афрыкі, у Японіі. Жывуць у гнёздах, дуплах, норах. На зіму ўпадаюць у спячку. На Беларусі трапляюцца С.: арэшнікавая (M. avellanarius), садовая (E. quercinus) — занесены ў Чырв. кнігу; вялікая (G. glis), лясная (D. nitedula).

Даўж. цела да 20 см, хваста да 17 см., маса да 180 г. Футра густое, мяккае. Хвост у лясных відаў густа апушаны, у наземных паўголы. Кормяцца пладамі, насеннем, насякомымі, яйцамі птушак. Нараджаюць да 10 дзіцянят.

Э.​Р.​Самусенка.

Соні: 1 — арэшнікавая; 2 — садовая; 3 — лясная; 4 — вялікая.

т. 15, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)