археалагічная культура, якая сфарміравалася на аснове паморска-падклёшавых старажытнасцей пры ўдзеле латэнскай культуры ранняга жал. веку. Ахоплівала тэр.паўд. і сярэдняй Польшчы ў міжрэччы Віслы і Одэра, пазней пашырылася на У у бас.Зах. Буга і верхняга Днястра. Датуецца 2 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. Назва ад могільніка ў в. Гаць каляг. Пшэварск (Польшча). П.к. прадстаўлена неўмацаванымі паселішчамі і грунтавымі могільнікамі. Выяўлены наземныя і паглыбленыя ў мацярык жытлы зрубнай і слупавой канструкцый з глінянымі або каменнымі агнішчамі, гасп. пабудовы і ямы. Характэрны вял. грунтавыя могільнікі з абрадам трупаспалення. Спаленыя косці нябожчыка змяшчаліся ў урну або ссыпаліся ў ямку. Пахаванні ваяроў суправаджаліся зброяй. Асн. заняткамі насельніцтва былі земляробства і жывёлагадоўля. Знойдзены ляпны і ганчарны посуд, разнастайныя быт. і гасп. рэчы. У сучаснай польскай л-ры пануе думка, што П.к. створана германскім насельніцтвам, найперш плямёнамі лігіяў. Існуе таксама меркаванне аб наяўнасці ў складзе П.к. славянскага кампанента. На Беларусі матэрыялы П.к. выяўлены на паселішчы Блювінічы на р. Лясная ў Брэсцкім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫШНАГО́РСКАЕ ЎЗВЫ́ШШАПышнагоры,
частка Ушацка-Лепельскага ўзвышша, на Пн Беларусі, у паўд.ч. Віцебскай вобл.Выш. 175—200 м, найб: 228 м; над суседнімі нізінамі П.ў. прыўзнята на 50—60 м, над Лепельскім воз. больш чым на 80 м.
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты асадкамі верхнявендска-ніжнекембрыйскага, сярэднедэвонскага і антрапагенавага комплексаў. Для антрапагенавай тоўшчы, магутнасцю каля 100 м, характэрны адклады нараўскага, бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Сучасны ледавікова-акумулятыўны рэльеф створаны паазерскім зледзяненнем.
Паверхня П.ў. дробнаўзгорыстая, участкамі сярэднеўзгорыстая і платопадобная. Марэнныя ўзгоркі (выш. 5—7, радзей 10 м і больш) часта трапляюцца разам з камамі. Характэрны лагчыны сцёку. Узвышша складзена з валунных суглінкаў, месцамі з пясчана-галечнага матэрыялу, на асобных участках укрыта маламагутным покрывам з лёсападобных суглінкаў. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя сярэдне і слабаападзоленыя глебы, трапляюцца дзярнова-палева-падзолістыя на лёсападобных суглінках. Невял. ўчасткамі на марэнных узгорках захаваліся яловыя, на камах — хваёвыя лясы. Слабадрэнажаваныя платопадобныя ўчасткі заняты злакавымі сухадольнымі лугамі. Урадлівыя глебы разараныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Я́ЎКІ (Hirudinea),
клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. 2 падкл., 3 атр., 5 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у прэсных водах, некат. — у морах, на сушы (у вільготнай глебе). П. медыцынская (Hirudo medicinalis) выкарыстоўваецца пры гірудатэрапіі. П. могуць быць прамежкавымі, рэзервуарнымі і канчатковымі гаспадарамі розных паразітаў. На Беларусі больш за 10 відаў.
Даўж. ад 0,2 да 30 см. Цела плоскае, радзей цыліндрычнае, з 33 сегментаў. Афарбоўка чорная, карычневая, зеленаватая і інш. Вачэй 1—5 пар. 2 прысоскі. На пярэднім аддзеле кішэчніка сківіцы або хабаток. Драпежнікі (кормяцца дробнымі беспазваночнымі) і паразіты (кормяцца крывёю рыб, вадаплаўных птушак, млекакормячых). Слінныя залозы паразітычных П. выдзяляюць гірудзін, які перашкаджае згусанню крыві. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты, развіццё без ператварэння. Корм для некат. рыб, хахулі.
Літ.:
Фауна СССР. Пиявки. Т. 1. Л., 1976;
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987.
Ю.Р.Гігіняк.
П’яўкі: 1 — рыбіна; 2 — двухвокая; 3 — смаўжовая; 4 — ілжэконская (а — від знізу; б — від зверху); 5 — медыцынская (а — від зверху, б — від знізу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙЦАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 19 ст. ў в. Райца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1817 з цэглы на сродкі ўладальніка сядзібы Ф.Раецкага, прызначаўся для родавай пахавальні. Пасля 1863 касцёл ператвораны ў правасл. Спаса-Праабражэнскую царкву. Прамавугольны ў плане будынак. На гал. фасадзе ўзвышаецца магутная 4-гранная вежа з зубчастым крэмальерным парапетам і аркатурным фрызам. Над вежай гіпсавая скульптура Маці Божай, на франтальнай грані быў гадзіннік-куранты. Гал. ўваход у выглядзе стральчатай аркі і такой жа формы акно хораў над ім аб’яднаны агульным высокім стральчатым парталам. Вышэй размешчаны акно-ружа і арачны праём яруса-звона, аформлены гатычнай аркай. Сцены выкладзены з бутавага каменю і абпаленай цэглы. Бакавыя фасады расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі, выкладзенымі з бутавых валуноў. Вылучаюцца пабеленыя элементы арх. дэкору: стральчатыя нішы, аркатурныя паясы, парталы ўваходаў. Пад храмам крыпта, у якой знаходзіліся пахаванні фундатара і членаў яго сям’і. Каля касцёла стаяла стараж. медная гармата. Непадалёк ад яго мураваная 2-павярховая плябанія з брамай у выглядзе стральчатай аркі (адлюстравана на акварэлі Н.Орды 1864—67).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТА́,
рака ў Шклоўскім, Магілёўскім, Чавускім і Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Проня (бас.р. Дняпро). Даўж. 100 км, пл. вадазбору 1290 км². Пачынаецца каляв. Аляксандраўка Шклоўскага р-на, вусце за 2 км на ПдУ ад в. Харанеў Слаўгарадскага р-на. Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Асн. прытокі: Рудзея, Будлянка, Хоцінка (справа), Плясна, Вілейка (злева). Даліна добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, трапецападобная, шыр. 0,6—1 км. Схілы спадзістыя, умерана стромкія, часам стромкія, выш. 10—15 м, парэзаныя. Пойма двухбаковая, слабазабалочаная, у ніжнім цячэнні ўзгорыстая, парэзаная ручаямі і меліярац. каналамі, шыр. 300—400 м. Рэчышча свабодна меандруе, умерана звілістае, трапляюцца невял. астравы і парогі. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя, выш. 0,8—1,5 м.
Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 68% гадавога сцёку. Найвыш. ўзровень разводдзя ў пач.крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 2,3—3,2 м. Замярзае ў пач.снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход 5 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6,8 м³/с. Р. — водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ вадасх. Зарэсце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТРЭ́ЛІ ((Rastrelli) Барталамео Карла) (1675, г. Фларэнцыя, Італія —29.11.1744),
італьянскі скульптар, прадстаўнік барока. Каля 1700 пасяліўся ў Парыжы, працаваў у манум. скульптуры, якая вызначалася павышанай дэкаратыўнасцю (надмагілле маркіза дэ Пампон у царкве Сен-Мэры, 1703—06, не захавалася). У 1716 па запрашэнні Пятра I прыехаў у Пецярбург для выканання скульпт. і арх. работ, стварэння садоў, фантанаў, тэатр. механізмаў, дэкарацый і навучання гэтаму рус. майстроў. Фактычна працаваў у галіне скульптуры. Барочную параднасць і пышнасць, імкненне перадаць фактуру матэрыялу спалучаў з праўдзівасцю і пераканаўчасцю характарыстыкі мадэлі: партрэты А.Д.Меншыкава (1716—17), Пятра I (1723), невядомага (магчыма, аўтапартрэт, 1732), Ганны Іаанаўны з арапчонкам (1733—41). Аўтар коннай статуі Пятра I у Пецярбургу (1743—44, устаноўлена ў 1800 перад Інжынерным замкам). Удзельнічаў у афармленні Вял. каскада ў Пецяргофе (маскароны і інш., 1721—23), у стварэнні мадэлі Трыумфальнага стаўпа ў гонар Пятра I і Паўн. вайны (пачаты ў 1721).
Літ.:
Архипов Н.И., Раскин А.Г. Бартоломео Карло Растрелли, 1675—1744. Л.;
М., 1964;
Петинова Е.Ф. Бартоломео Карло Растрелли. Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКЮ́.
Нансей, архіпелаг вулканічных і каралавых астравоў у Ціхім акіяне. Тэр. Японіі. Аддзяляе Усх.-Кітайскае м. ад адкрытай ч. Ціхага акіяна. Утварае 6 груп з 98 астравоў, выцягнутых дугападобна з ПнУ на ПдЗ на 1200 км паміж а-вамі Кюсю і Тайвань. Пл.каля 4,8 тыс.км². Найб. а-вы: Акінава і Амамі. Нас. больш за 1 млн.ж. (1997). Паўд.-ўсх.ч. астравоў складзена пераважна з вапнякоў мезакайназою, на ПнЗ пашыраны вулканічныя пароды, у восевай зоне на паверхню часта выходзіць крышт. фундамент. Пераважаюць плато і нізкагор’і (выш. 300—350 м) і нізкія берагавыя тэрасы. Найб.выш. да 1935 м (на в-ве Яку). З дзеючыя і некалькі патухлых вулканаў. Уздоўж берагоў паўд. групы — каралавыя рыфы. Радовішчы фасфарытаў і каменнага вугалю. Клімат на Пн — субтрапічны, на Пд — трапічны, мусонны. Ападкаў 2000—3500 мм за год, частыя тайфуны. Сярэдняя т-растудз. 14—18 °C, ліп. 27—28 °C. Трапічныя лясы і хмызнякі. Вырошчванне рысу, батату, цукр. трыснягу. Рыбалоўства. Гал.г. Наха (на в-ве Акінава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСЕ́ЦКІ (Канут Іванавіч) (1801, в. Сцебекяй каля, г. Паневяжыс, Літва — 21.8.1860),
жывапісец, педагог; прадстаўнік класіцызму. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1818—21), у АМ у Парыжы (1821—22) і Рыме (1823—25), там жа стыпендыят Віленскага ун-та (1826—31). З 1831 у Вільні, з 1834 выкладчык жывапісу і малюнка ў шляхецкім пансіёне, у 1839—48 — шляхецкім ін-це. У 1840-я г. на Беларусі. Пісаў партрэты, пейзажы, працаваў у акварэлі. Сярод твораў: «Італьянец усміхаецца» (1823), «Клятва карбанарыяў» (1826), «Уцёкі ў Егіпет» (1828), аўтапартрэт, партрэт сына (1843), «Жняя», «Партрэт бацькі» (абодва 1845), «Літоўка з вербамі» (1847), «Паляванне на зуброў» (1844—51), «Панарама горада Вільні» (1850), «Селянін з мётламі» (1851), «Літоўская рыбачка» (1856), «Млын Патоцкага ў Паплавах» (1855), «Пейзаж са скачкамі», «Вербная нядзеля» і інш. Аўтар шэрагу пейзажаў ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны, Белавежскай пушчы, у якіх этнагр. дакладнасць выдатна спалучаецца з выразнай манерай пісьма.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЧА́ЙНІКІ, валасакрылыя (Trichoptera),
атрад насякомых. 2 падатр., 13—16 сям. (па інш. класіфікацыях да 30), больш за 5,5 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. Дарослыя жывуць на сушы каля вады, лічынкі і кукалкі — пераважна ў вадзе. Водныя лічынкі Р. — індыкатары добрай якасці вады і высокай прадукцыйнасці вадаёма. На Беларусі найб. трапляюцца Р.: вялікі (Phryganea grandis), сеткаваты (Oligostomis reticulata) і інш. віды з родаў лімнафілюс (Limnophilus), маланна (Molanna), стэнафілакс (Stenophilax) і інш.; водныя лічынкі Р. наз.шыцікамі.
Даўж. да 3 см. Цела бурае ці шэрае. 2 пары перапончатых крылаў укрыты валаскамі. Дарослыя не кормяцца. Лічынкі (ротавы апарат грызучы) кормяцца рэшткамі раслін, ёсць драпежнікі; маюць 3 пары ног. У большасці відаў Р. растуць і развіваюцца ў трубках-чахольчыках («хатках») з пясчынак, ракавінак, ч. раслін, склееных павуціннем, што выдзяляецца спец. залозамі. Дыхаюць паверхняй цела і трахейнымі шчэлепамі. Рухаюцца разам з «хаткай». Кукалкі таксама рухомыя. Лічынкі і кукалкі Р. — корм для рыб.
Ручайнікі: 1 — сеткаваты; 2 — вялікі (лічынка ў «хатцы»); 3 — вялікі (дарослая асобіна); 4 (а, б, в, г) — «хаткі» лічынак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫД ((Reed) Джон) (22.10.1887, г. Портленд, штат Арэгон, ЗША — 17.10.1920),
амерыканскі пісьменнік-публіцыст. Скончыў Гарвардскі ун-т (1910). З 1911 супрацоўнік сацыяліст.час. «Masses» («Масы»). У 1914 камандзіраваны ў Мексіку, дзе быў сведкам падзей Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17; свае ўражанні адлюстраваў у кн. «Паўстаўшая Мексіка» (1914), у якой спачувальна паставіўся да мекс. рэвалюцыянераў і асуджаў умяшанне ЗША у справы Мексікі. У 1-ю сусв. вайну карэспандэнт на франтах Еўропы (кн. «Вайна ва Усходняй Еўропе», 1916). Са жн. 1917 да лют. 1918 у рэв. Петраградзе, дзе стаў сведкам Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, падзеі якой прыхільна адлюстраваў у маст.-дакумент. кнізе «10 дзён, якія скаланулі свет» (1919). Пасля вяртання ў ЗША далучыўся да левага крыла Сацыяліст. партыі, у 1919 быў адным з заснавальнікаў Камуніст. рабочай партыі ЗША. З кастр. 1919 зноў у Расіі. Чл. Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала. Памёр у Маскве. Пахаваны на Краснай плошчы каля Крамлёўскай сцяны.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. Кн. 1—2. М., 1987.
Літ.:
Краснов И.М. Джон Рид: правда о Красной России. М., 1987.