адшчапі́цца, ‑шчэпіцца; зак.

1. Адкалоцца, аддзяліцца. Трэска лёгка адшчапілася.

2. перан. Адысці, адступіцца ад каго‑, чаго‑н. [Пракоп].. чужы для ўсіх, лішні. Адшчапіўся ад грамады, ад сям’і, як пень тырчыць на іх дарозе. Колас. Перад.. [Кавалёвай] сядзеў Іван Лазоўскі і пераконваў, што з дачкою Лідай жыць не можа, раздзяліліся, а адшчапіцца няма куды. Дуброўскі.

3. Адкрыцца (пра кручок, зашчапку).

4. Адшпіліцца (пра што‑н. прышпіленае, зашпіленае). Адшчапіўся значок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апеты́т, ‑у, М ‑тыце, м.

Жаданне есці. Добры апетыт. Не мець апетыту. □ На нейкі момант.. [Паліна] суцішылася, пазіраючы, з якім апетытам есць сястра. Сіўцоў. // звычайна мн. (апеты́ты, ‑аў); перан. Жаданне наогул, імкненне да чаго‑н. Але ўласніцкія апетыты ўсё больш разгараюцца. Лазун хацеў бы валодаць усёй вёскай, трымаць яе ў сваіх руках, аблытаць павуцінай даўгоў. Хромчанка.

•••

Воўчы апетыт — вельмі вялікі, нястрымны апетыт.

Наганяць апетыт гл. наганяць.

[Ад лац. appetitus — жаданне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́купіць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., каго-што.

1. Заплаціўшы грошы, атрымаць што‑н. аддадзенае ў заклад, купленае ў растэрміноўку. Выкупіць рэчы з ламбарда. // Вызваліць каго‑н. за выкуп. Выкупіць палонных. □ Пасядзець Віктару ў турме бацька не даў, выкупіў. Лобан.

2. перан. Загладзіць чым‑н. свой учынак. [Саўка:] — Мне сорамна пазіраць вам у вочы, але я выкуплю сваю віну перад вамі, выкуплю, чым толькі змагу. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ліцца, ‑льецца; зак.

1. Выцечы з чаго‑н. Малако вылілася з бутэлькі. // Разм. Разліцца, выйсці з берагоў (пра рэкі). Спынілася работа на полі, выліліся рэчкі з берагоў, паплылі пракосы, копы. Колас.

2. Праявіцца, выказацца (пра пачуцці, думкі і пад.). Радасць вылілася ў песні.

3. перан.; у што. Прыняць якую‑н. канчатковую форму, выгляд; ператварыцца. Адкрыццё помніка вылілася ў значную надзею ў жыцці моладзі раёна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ліць, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; заг. вылі; зак., што.

1. Прымусіць вадкасць выцечы; выплюхнуць. Выліць ваду з вядра. Выліць малако ў каструлю.

2. перан. Даць выйсце якім‑н. пачуццям, выказаць што‑н. Выліць боль. Выліць гнеў. Выліць думкі. □ Васіль Ціханавіч гаварыў многа і доўга, здавалася, хацеў выліць усё, што, як цяжкі груз, ляжала на душы. Сіўцоў.

3. Зрабіць што‑н. шляхам ліцця. Выліць дэталь для машыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́лузацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Выпасці са шкарлупіння, з цвёрдай абалонкі. // Вызваліцца з чаго‑н., з-пад чаго‑н. Грудок гэты толькі што вылузаўся з-пад снегу і яшчэ ўвесь чорны. Лужанін.

2. перан. Разм. Вырвацца, выкруціцца. Вылузацца з дужых рук. □ Мурашкі так абляпілі гадзюку, што яна... ніяк не магла ад іх вылузацца. Гурскі. // Выйсці з цяжкага, непрыемнага становішча, выкруціцца. Вылузацца з бяды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́сушыць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак.

1. што. Зрабіць сухім; прасушыць. Высушыць бялізну. □ Веснавое сонца высушыла глеісты пясок, і ўздоўж дарогі сцяной стаіць густы пыл. Хведаровіч. Была другая палова кастрычніка, і ранішнія замаразкі высушылі гарадскія вуліцы. Шахавец.

2. што. Асушыць. Узяў усемагутны час усё-такі сваё: загаіў рану ў сэрцы, высушыў слёзы. Васілевіч.

3. перан.; каго. Зрабіць худым; ссушыць. Гады не высушылі і не сагнулі .. дзябёлую постаць [Шаблюка]. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Абнюхаць адзін аднаго (пра жывёл). Калі [Андрэй] запрог.. [кабылу] у плуг разам з Гнядым, то яны спачатку абнюхаліся, потым пагрызліся, але хутка памірыліся. Чарнышэвіч. // перан. Разм. груб. Пазнаёміцца, завесці сувязі. [Хоміч:] — Я гэтаму хлюсту, Зыгмусю, буду зубы загаворваць, а ты ідзі бяры.. [Чэсю] танцаваць. Раз, другі, пакуль троху абнюхаецеся, а тады — з вачэй. Брыль.

2. Разм. Абнюхаць вакол сябе, прынюхацца. Воўк выйшаў на дарогу, абнюхаўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абры́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. З сілай апусціць, зваліць, абрушыць што‑н. на каго‑, што‑н. Хочацца абрынуць на здраднікаў такую дубіну, каб адным махам скрышыць змяіныя гнёзды. Карпюк.

2. перан. З вялікай сілай накіраваць, нацэліць на каго‑, што‑н. Дот абрынуў на галаву калоны кулямётныя чэргі. Хадкевіч. І выйшла так, што Юрка абрынуў на Севу не толькі сваё абурэнне, а і сваю крыўду. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абскака́ць, ‑скачу, ‑скачаш, ‑скача; зак., каго-што.

1. Праскакаць вакол каго‑, чаго‑н.

2. Разм. Аб’ездзіць, абысці ўсё, пабыць у многіх месцах. [Шафёру] трэба было «абскакаць» вунь колькі калгасаў, вярнуцца ў раён і да ночы «згайсаць» яшчэ ў два сельсавета.. Пташнікаў.

3. перан. Перамагчы, апярэдзіць у чым‑н. Абскакаць канкурэнтаў. □ [Аднавус:] — Абскакаў ты мяне, Пятрок. У мяне гектар даў семдзесят пяць цэнтнераў зерня, а ў цябе — восемдзесят. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)