ЦУКРО́ВЫ ТРЫСНЁГ (Saccharum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). 5—10 відаў. Пашыраны ў трапічным, некаторыя ў субтрапічных паясах. Радзіма — Паўд.-Усх. Азія. У культуры Ц.т. высакародны (S. officinarum), вядомы за 3 тыс. гадоў да н.э. ў Індыі, з 6 ст. н.э. ў краінах Б. Усходу, Міжземнамор’я і Кітаі, з 16 ст. ў Паўд. Амерыцы і на Кубе.

Шматгадовыя (па-за тропікамі аднагадовыя) расліны. Сцёблы выш. да 6 м, таўшчынёй да 5 см. Суквецце — моцна разгалінаваная мяцёлка даўж. 70—90 см, пушыстая ад доўгіх шаўкавістых валаскоў, якія акружаюць кожны каласок. Сцёблы Ц.т. высакароднага маюць 10—18% цукрозы, спажываюцца ў ежу. З іх атрымліваюць больш за 60% цукру, што выпрацоўваецца ў свеце. З мелесу гатуюць ром. Адходы выкарыстоўваюць у буд-ве і на паліва.

В.​М.​Прохараў.

Плантацыя цукровага трыснягу высакароднага.

т. 17, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦУЛУКІ́ДЗЕ Тамара Рыгораўна (19.12.1903, Тбілісі — 9.2.1991),

грузінская актрыса, бел. пісьменніца, перакладчык. Жонка К.Пальчэўскага. Засл. арт. Грузіі (1934). Скончыла Тбіліскі тэатр. ін-т (1924). Працавала ў Т-ры імя Ш.​Руставелі (Тбілісі, 1926—36 і 1956—59), Сыктыўкарскім і Курскім лялечных т-рах (1946—50). Сярод роляў: Афелія («Гамлет» У.​Шэкспіра), Амалія («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Ксенія («Разлом» Б.​Лаўранёва). У 1936 і 1950 рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1956. З 1959 жыла ў Мінску. Друкавалася з 1933. Пісала на груз., бел. і рус. мовах. У бел. друку з 1959. Аўтар дзіцячых п’ес (зб. «Тваё слова гонару», 1973), нарысаў (зб. «Блакітны факел», 1965), кн. «Да дзяцей прыйшоў важаты» (1967), апавяданняў пра т-р (зб. «Калі ўздымаецца заслона», 1963) і кн. «Усяго адно жыццё» (1983). Перакладала на груз. мову творы бел. і інш. пісьменнікаў.

т. 17, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНЗУ́РНАЯ РЭФО́РМА 1865 у Расіі.

Часовыя правілы аб цэнзуры і друку, выдадзеныя 18.4.1865, усклалі цэнзуру на Гал. ўпраўленне па справах друку пры Мін-ве ўнутр. спраў (загадвала таксама кніжным гандлем, б-камі, друкарнямі). Ад папярэдняй. цэнзуры (да надрукавання) вызваляліся арыгінальныя творы (аб’ёмам больш за 10 друкаваных аркушаў), пераклады (больш за 20 аркушаў), перыяд. выданні ў сталіцах (з дазволу міністра ўнутр. спраў), выданні акадэмій і ун-таў. За парушэнне палажэнняў аб цэнзуры ўводзілася суд. адказнасць і канфіскацыя выданняў. Міністр унутр. спраў мог даваць «папярэджанні» часопісам і газетам за «шкодны кірунак» іх публікацый. Пасля 3-га папярэджання Сенат мог прыпыніць выданне на 6 месяцаў або забараніць яго. З 1868 міністр унутр. спраў мог забараніць рознічны продаж перыяд. выданняў, з 1872 справы аб канфіскацыі выданняў вырашаліся ў адм. парадку.

т. 17, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ЙКА Валерый Паўлавіч (н. 2.12.1950, г. Таганрог Растоўскай вобл., Расія),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працуе ў манум.-дэкар. і афармленчым мастацтве, у маст. праектаванні. Сярод твораў: маст. афармленне інтэр’ераў і экстэр’ераў БДУ, экстэр’еру абл. радзільнага дома (абодва 1978), праект інтэр’ера і вітражы станцыі метро «Інстытут культуры» (1984), праект інтэр’ера і люстры ў аэрапорце «Мінск-2» (1988—89), размалёўка ў рэстаране «Беларусь» (1995), размалёўка і вітражы ў рэстаране «Гасціны двор» (1996), аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі для Палаца Рэспублікі (2000) — усе ў Мінску. Адзін з аўтараў вітражоў з размалёўкай і аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі для храма Св. Духа ў г. Беласток (Польшча, 2001, з С.​Рабашчуком і Б.​Скрамблевічам). Творы вылучаюцца высокай маст. культурай, шматпланавасцю зместу, гарманічным уключэннем у арх. асяроддзе.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 17, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫГУ́НАЧНЫ ВУ́ЗЕЛ,

пункт на перасячэнні некалькіх чыг. ліній, у якім размешчаны адна ці некалькі чыгуначных станцый; іншы раз — сукупнасць чыг. станцый, падыходаў да іх і злучальных пуцей на адной чыг. лініі. Асн. збудаванні Ч.в.: сартавальныя, грузавыя і пасаж. чыг. станцыі, злучальныя пуці паміж імі, станцыйныя збудаванні для пасажыраў, дэпо і інш. Бываюць Ч.в. транзітныя, транзітныя з вял. аб’ёмам перагрузачных работ і канцавыя, а таксама прамысл. (абслугоўваюць прамысл. прадпрыемствы ці раёны) і партовыя. Ў буйных Ч.в. перасякаецца да 20 ліній. На Беларусі больш за 30 Ч.в., з іх найбуйнейшыя Мінск, Баранавічы, Орша, Брэст, Жлобін, Асіповічы, Віцебск, Маладзечна, Магілёў, Крычаў, Гомель, Калінкавічы, Ліда, Лунінец, Полацк, Гродна, Ваўкавыск, Бабруйск. Гл. схему Беларускай чыгункі пры арт. Беларуская чыгунка.

Схема чыгуначнага вузла: а — з адной станцыяй; б — з крыжападобным размяшчэннем станцый; I—XIV — злучальныя веткі.

т. 17, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́СТКА ПА́РТЫІ ў бальшавікоў,

праверка членаў Рас. (з 1925 Усесаюзнай) камуніст. партыі (бальшавікоў) у 1920—30-я г. з мэтай выдалення з парт. радоў палітычна пасіўных і апазіцыйна настроеных людзей пад выглядам пакарання за парушэнне парт. статута і норм камуніст. маралі. Праводзіліся ўсеагульныя (генеральныя) і частковыя чысткі. 1-я ген. Ч.п. адбылася ў 1921 пасля ўвядзення новай эканамічнай палітыкі (нэп): выключаны 24,1% складу партыі. 2-я ген. Ч.п. праведзена ў 1929—30 у сувязі са згортваннем нэпа і масавай калектывізацыяй: выключана 7,8% складу партыі. У час 3-й ген. чысткі (1933) выключаны 18,3% камуністаў і кандыдатаў у члены партыі. XVIII з’езд ВКП(б) у сак. 1939 пастанавіў адмовіцца ад Ч.п. як надзвычайных мерапрыемстваў і «чысціць» парт. рады ў звычайным парадку. Аб парт. «чыстках» у БССР гл. ў арт. Камуністычная партыя Беларусі.

т. 17, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́РПЛЕС (Sharpless) Карл Бары (н. 28.4.1941, г. Філадэльфія, ЗША),

амерыканскі хімік-арганік. Чл. Нац. АН ЗША (1985), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1984), Ганаровы чл. Каралеўскага т-ва хіміі (1998). Скончыў Станфардскі ун-т (1968). У 1970—77 і 1980—90 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1975 праф.), у 1977—80 у Станфардскім ун-це. З 1990 праф. Даследчага ін-та Скрыпса (г. Ла-Холья, ЗША). Навук. працы па распрацоўцы новых каталізатараў для арган. сінтэзу, па сінтэзе біялагічна актыўных малекул. Развіў метады асіметрычнага каталізу хіральных малекул шляхам акіслення, якія выкарыстоўваюцца для сінтэзу новых лек. сродкаў. Адкрыў новыя каталітычныя і стэхіяметрычныя рэакцыі акіслення арган. злучэнняў: асіметрычныя эпаксідацыю (1980), дыгідраксіліраванне (1988) і амінагідраксіліраванне (1996). Медаль Б.​Франкліна (2001). Нобелеўская прэмія 2001 (з У.С.Ноўлсам і Р.Наёры, гл. Дадатак).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 17, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРШАНЕ́ВІЧ Вадзім Габрыелевіч (6.2.1893, Казань, Татарстан — 18.5.1942),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т. Прымыкаў да футурызму, у 1919—24 адзін з прадстаўнікоў імажынізму. Першая кніга паэзіі — «Вясновыя праталінкі» (1911). Тэарэт. погляды выклаў у працах «Футурызм без маскі» (1913), «Зялёная вуліца» (1916), «2×2=5. Лісты імажыніста» (1920) і інш. У паэт. кнігах «Рамантычная пудра», «Экстравагантныя флаконы» (абедзве 1913), «Вечны жыд» (1916), «Крэматорый» (1919), «Залаты кіпень» (1921, з А.​Марыенгофам і С.​Ясеніным), «Адна суцэльная недарэчнасць» (1922) і інш. урбаністычныя матывы, тэмы кахання і мастацтва. У гады грамадз. вайны разам з У.​Маякоўскім пісаў тэксты для «Вокнаў РОСТА». Аўтар інсцэніровак, лібрэта, мемуараў і інш. Пераклаў «Кветкі зла» Ш.​Бадлера, асобныя п’есы У.​Шэкспіра, П.​Карнеля, Б.​Брэхта, вершы Т.​Гацье, А.​Рэмбо і інш.

т. 17, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎКАЛЮ́К Віктар Раманавіч (н. 18.8.1926, г. Анжэра-Суджанск Кемераўскай вобл., Расія),

бел. артыст аперэты (лірычны тэнар). Засл. арг. Беларусі (1968). Скончыў студыю пры Ленінградскім т-ры імя Ленінскага камсамола (1947). Працаваў у розных т-рах краіны. З 1962 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, у 1970—90 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Камед. акцёр яскравага таленту, творчая палітра якога вызначалася разнастайнасцю вострахарактарных вобразаў. Сярод партый у бел. рэпертуары: Трынтрава, Віктор, Пустарэвіч, Даніла, Цар («Рабінавыя каралі», «Пяе «Жаваранак», «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання», «Сцяпан — вялікі пан» Ю.​Семянякі), Мацей («Несцерка» Р.​Суруса). З інш. роляў: Боні і князь Валяпюк, Зупан («Сільва», «Марыца» І.​Кальмана), барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Амедэй і Фальк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Яшка-артылерыст («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава) і інш.

А.​Я.​Ракава.

т. 17, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУНЕ́ЙКА Яўген Феліксавіч (н. 5.5.1954, г. Гродна),

бел. мастацтвазнавец, мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). З 1980 працаваў у Гродзенскім абл. навук.-метадычным цэнтры нар. творчасці, выкладаў у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве, з 1986 заг. аддзела Бел. фонду культуры. З 1989 выкладае ў Бел. АМ (з 1999 дацэнт). Даследуе тэорыю і гісторыю, сучаснае бел. мастацтва, у т. л. народнае (набіўныя тканіны). Выканаў габелены: «М.​Багдановіч» (1981, Дом-музей М.​Багдановіча ў Гродне), «Нараджэнне паэтаў» (1983, Дом літаратараў у Мінску), «Вясна Панямоння» (1986, гар. б-ка імя Карскага ў Гродне) і інш. Адрэстаўрыраваў 200 арнаментальных матываў бел. нар. набіванак канца 19 — пач. 20 ст.

Тв.:

Арганізацыя вытворчасці беларускіх набіванак з XVI—XVII ст. // Помнікі мастацкай культуры Беларусі: Новыя адарыцці. Мн., 1989.

т. 17, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)