празаічны жанр у літаратуры Беларусі 17—18 ст.; своеасаблівыя тэатралізаваныя паказы-прамовы ў школьным тэатры. З арацыямі выступалі шкаляры ў час розных святаў (Каляды, Вялікдзень), на т.зв. школьных сейміках, дзе парадзіраваліся шляхецкія павятовыя сеймікі, і ў сувязі з заканчэннем навуч. года, каб прадэманстраваць поспехі ў красамоўстве. Прамоўцы гаварылі на польск. і бел. мовах. Тэатралізаваныя арацыі наладжваліся ў Жыровіцкай базыльянскай школе (Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.) і школьным т-ры пры ёй (1751—56 і 1761), Забельскім дамініканскім калегіуме (в. Валынцы, Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.; 1780-я г.). Лепшыя арацыі распаўсюджваліся ў рукапісных зборніках, садзейнічалі развіццю аратарскай прозы на Беларусі.
Літ.:
Мальдзіс А.І. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫ́Н-НАШЧО́КІН (Афанасій Лаўрэнцьевіч) (каля 1605, Пскоў — 1680),
расійскі дзярж. і ваенны дзеяч, дыпламат. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у штурме Віцебска (1654), кіраваў штурмам Дрысы (1655). Ваявода Друі (1654), Кокнеса (1656—61). Заснаваў на Зах. Дзвіне суднаверф. У 1658 у Валіесары заключыў на 3 гады перамір’е са Швецыяй, паводле якога за Расіяй заставаліся заваяваныя ў Лівоніі землі. Прыхільнік саюзу з Рэччу Паспалітай для барацьбы супраць Швецыі. Падпісаў Андросаўскае перамір’е 1667. У 1671 пастрыгся ў манахі. У 1679 вёў перагаворы з Рэччу Паспалітай, каб прадоўжыць Андросаўскае перамір’е. Ініцыятар стварэння паштовай сувязі паміж Масквою, Рыгай і Вільняй.
Літ.:
«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломатич. службы XVI—XVII веков. М., 1989. С. 108—146.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НА, таполя дрыжачая (Populus tremula),
лістападнае дрэва з роду таполя сям. вярбовых. Пашырана ў Еўропе і Азіі, трапляецца ў Паўн. Афрыцы. Утварае асінавыя лясы. На Беларусі расце па ўсёй тэрыторыі.
Двухдомнае ветраапыляльнае дрэва выш. да 35 м. Ствол дыяметрам да 60—100 см. Крона невялікая, рыхлая. Лісце чаргаванае, простае, круглаватае або круглавата-рамбічнае. Кветкі дробныя, сабраны ў адвіслыя цыліндрычныя каташкі. Плод — зеленавата-бурая каробачка. Насенне з пушыстым чубком, прыстасаванае, каб разносіцца ветрам. Хуткарослая і вельмі прадукцыйная на драўніну піянерная расліна. Жыве да 100 і больш гадоў. Драўніна лёгкая, мяккая. Выкарыстоўваюць у запалкавай і цэлюлозна-папяровай прам-сці, буд-ве і тарнай вытв-сці, кару, лісце і пупышкі — у медыцыне. Асн. корм для ласёў, зуброў і аленяў. Утварае мікарызу з падасінавікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДЗІ, Ады (Ady) Эндрэ (22.11.1877, с. Эрміндсент, Венгрыя — 27.1.1919), венгерскі паэт, публіцыст. Вучыўся ў Дэбрэцэнскім ун-це. Першы зб. «Вершы» (1899). У зб-ках «Новыя вершы» (1906), «Кроў і золата» (1907), «Хацеў бы, каб мяне любілі» (1909), «На чале мерцвякоў» (1918), прасякнутых рэв.-рамант. сімволікай, вытокі якой у фалькл. і біблейскіх вобразах, — непрыняцце тагачаснай рэчаіснасці, душэўная драма і пакуты чалавека 20 ст., трагізм венгерскай гісторыі, пратэст супраць сусв. вайны і адначасова вера ў ачышчальную сілу дэмакр. рэвалюцыі. У вершах традыцыі класічнай венг. паэзіі цесна перапляталіся з мадэрнісцкімі павевамі. Пасмяротны зб. «Апошнія караблі» (1923). На бел. мову асобныя яго вершы перакладалі М.Аўрамчык, М.Калачынскі, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Хведаровіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙРШЫ́РСКАЯ ПАРО́ДАбуйной рагатай жывёлы.
Малочнага кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі ў графстве Эр (Ayr, Ayrshire) скрыжаваннем мясцовай жывёлы з шартгорнскай, джэрсейскай, гернзейскай і галандскай пародамі. Гадуюць у Расіі, ЗША, Канадзе, Фінляндыі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі. Выкарыстоўваюць для скрыжавання з мясц. жывёлай, каб павысіць тлушчамалочнасць.
Жывёла нізкарослая, мае моцны і лёгкі касцяк, добра развітае вымя. Масць чырвона-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 28—30 кг, ва ўзросце 12 месяцаў 240—260 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 700—800 кг. Надой кароў за лактацыю 4200—5200 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,9—4,4%, рэкордны надой — больш за 10 тыс.кг. Сутачныя прыросты бычкоў на адкорме 750—800 г, забойны выхад дарослых жывёл 52—54%.
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1965). Вучыўся ў Каўнаскім (1924—26) і Венскім (1926—30) ун-тах. Аўтар зб-каў паэзіі «Песні пра ніцыя вербы», «Літва крыжоў» (абодва 1927), «Хлеб надзённы» (1934), «Вершы і паэмы» (1938), аповесцяў «Млын Балтарагіса» (1945), «Прыгоды Юргіса Пакятурыса» (1963), раманаў «Драўляныя дзівосы» (1938), «Пайшлі, каб прынесці на сваіх плячах сонца» (1940), кнігі казак «Неба падае» (1955) і інш. Паэзія Борута вылучаецца экспрэсіўнасцю, проза — фалькл. стылізацыяй. На бел. мову паэт. творы Борута перакладалі Г.Кляўко і А.Разанаў (у кн. «Літоўская савецкая паэзія», т. I, 1977), прозу — Разанаў (у зб. «Бурштынавыя пацеркі», 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРЗА́ННЕ РАСЛІ́Н,
гібель раслін або адміранне іх частак у выніку ўтварэння лёду ў тканках пад дзеяннем нізкіх тэмператур. Вада ў раслінных клетках і міжклетніках пачынае замярзаць пры т-ры ніжэй за -1 °C, што паступова прыводзіць да гібелі клеткі. Ступень пашкоджання пасеваў залежыць ад віду, сорту і фізіял. стану раслін. Сярод азімых найб. устойлівае да нізкіх т-р жыта. На Беларусі вымярзанне раслін назіраецца ў маласнежныя зімы пры т-ры паветра ніжэй за -22 °C. У асабліва халодныя зімы вымярзаюць азімыя збожжавыя культуры, пладовыя дрэвы і кусты. Бульба, памідоры, фасоля, агуркі, гарбузы вымярзаюць пры т-ры -2 °C. Лёгка вымярзае большасць інтрадукаваных раслін. Каб папярэдзіць вымярзанне пасеваў, выводзяць марозаўстойлівыя сарты, выкарыстоўваюць правільную агратэхніку, рэгулююць водны і паветраны рэжым глебы на меліяраваных аб’ектах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЕТНА́МСКАЯ МО́ВА,
адна з аўстраазіяцкіх моў. Афіц. мова В’етнама, пашырана таксама ў Камбоджы, Лаосе, Тайландзе, Новай Каледоніі. Падзяляецца на 3 асн. дыялекты — паўн., цэнтр. і паўд., якія адрозніваюцца лексікай і фанетыкай. Літ. мова сфарміравалася на аснове паўн. і цэнтр. дыялектаў. Фанетыка в’етнамскай мовы не дапускае, каб у адной марфеме стаялі поруч 2 зычныя, 2 галосныя могуць спалучацца. Усе марфемы (асн. і службовыя) аднаскладовыя. Устойлівы парадак слоў абумоўліваецца тым, што ў в’етнамскай мове фактычна няма марфалогіі. У лексіцы шмат запазычанняў з кіт. мовы. Да 1910 у В’етнаме былі пашыраны 2 віды пісьменства — кіт. іерагліфіка і пісьменства «цьыном», якое ўзнікла на яе аснове (стараж. помнік датуецца 1343). З 1910 уведзена пісьмо «куок-нгы», створанае ў 17 ст.партуг. місіянерамі на аснове лац. алфавіта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКЦЫНАПРАФІЛА́КТЫКА,
метад прафілактыкіінфекц. і паразітарных хвароб з дапамогай вакцын, якія выпрацоўваюць супрацьінфекц. імунітэт; мера папярэджання распаўсюджвання інфекц. хвароб.
Планавая абавязковая вакцынапрафілактыка прадугледжана супраць дыфтэрыі, слупняку, поліяміэліту, адру, коклюшу, туберкулёзу (у некат. краінах супраць краснухі і віруснага паратыту). Робяць яе ў вызначаныя тэрміны. Па эпідэміял. паказчыках праводзяць пры пагрозе ўзнікнення і пашырэння інфекц. захворвання на пэўнай тэрыторыі. Пры многіх хваробах (чума, халера, тулярэмія, бруцэлёз, лептаспірозы, сібірская язва, грып, гепатыт B, шаленства і інш.) робяцца вакцынапрафілактыкі планавыя і па эпідэміял. паказчыках. Імунітэт цягнецца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Каб яго падоўжыць, вакцыны ўводзяцца паўторна. Супрацьпаказанні: прыроджаныя і набытыя імунадэфіцыты, вострыя інфекц. і неінфекц. захворванні, абвастрэнні хранічных хвароб, злаякасныя пухліны, алергічныя і гематалагічныя хваробы, пашкоджанні печані, нырак, сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ВІЧ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 16.9.1946, в. Горск Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1969). Працаваў у прэсе, з 1977 уласны карэспандэнт «Литературной газеты» па Беларусі. Друкуецца з 1964 (дэбютаваў вершамі). Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар псіхал. заглыбленых нарысаў («Дыханне», 1977; «Час ісці», 1979; «Чырвоны Востраў», 1988; цыкл «Беларусы паміж небам і зямлёй», 1994—95, і інш.), эсэ, дакум. аповесцей («Далёка наперадзе», 1981; «Цяжка любіць», 1985; «На маёй далоні лінія ракі», 1987), рамана «Каб ды калі б» (1994) пра сучасную вёску і яе людзей, праблемы с.-г. вытворчасці, экалогіі, Чарнобыля і інш., сцэнарыяў дакумент. фільмаў.