ВЕЙНЯРО́ВІЧ Іосіф Навумавіч
(н. 28.11.1909, Мінск),
бел. кінааператар і рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1973). Скончыў Дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1934). З 1926 аператар кінахронікі, у 1946—90 рэжысёр-аператар кінастудыі «Беларусьфільм». У Вял. Айч. вайну здымаў франтавую і партыз. хроніку (Дзярж. прэмія СССР 1943), якая ўвайшла ў фільмы «Наша Масква» (1941), «Дзень вайны» (1942), «Народныя мсціўцы» (1943), «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944), выкарыстана ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). Рэж.-аператар фільмаў: «Балада пра маці» (1965), «Генерал Пушча» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Права на бессмяротнасць» (1976), «На трывожных скрыжаваннях» (1980); рэжысёр фільмаў: «Пра маці можна расказваць бясконца», «Магілёў. Дні і ночы мужнасці» (абодва 1975), «Неўміручы подзвіг Мінска» (1978), «Добрага вам здароўя» (1981) і інш.
Літ.:
Бондарева Е.Л. В кадре и за кадром. Мн., 1973.
Р.З.Ясінскі.
т. 4, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРМЕ́ЙСТАР Уладзімір Паўлавіч
(15.7.1904, г. Віцебск — 5.3.1971),
расійскі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1970). Вучыўся ў Тэатр. тэхнікуме імя А.В.Луначарскага (1925—29, Масква). З 1930 у Муз. т-ры імя К.С.Станіслаўскага і У.І.Неміровіча-Данчанкі (у 1941—60 і 1963—71 гал. балетмайстар). Сярод партый: Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Алека («Цыганы» С.Васіленкі), Нікез («Саперніцы» на муз. П.Л.Гертэля). Тэмперамент і вынаходлівасць Бурмейстара-харэографа найб. выявіліся ў пастаноўках сучасных балетаў [«Лола» Васіленкі, «Бераг шчасця» А.Спадавекія (з І.Курылавым), «Жанна д’Арк» М.Пяйко, «Чырвоныя д’ябаляты» на муз. І.Дунаеўскага і В.Кнушавіцкага] і класічных балетаў («Эсмеральда» Ц.Пуні, «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), харэагр. інтэрпрэтацый сімф. музыкі («Снягурачка» на муз. Чайкоўскага, «Апасіяната» на муз. Л.Бетховена і інш.). Ставіў балеты ў Парыжскай оперы («Лебядзінае возера», 1960), у Лондане («Снягурачка», 1961) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1946.
т. 3, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУР’Я́Н Барыс Іванавіч
(н. 7.1.1924, Масква),
бел. тэатральны крытык і празаік. З 1940 акцёр у т-рах Расіі. З 1946 працаваў у БелТА, час. «Неман», газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1946. Аўтар нарысаў пра акцёраў А.Кістава і А.Клімаву, тэатр. калектывы, артыкулаў і эсэ, перакладаў з рус. мовы, п’ес для т-ра, радыё і тэлебачання, сцэнарыяў дакумент. кінанарысаў пра Г.Глебава, П.Малчанава, Р.Янкоўскага, Бел. акадэмічны т-р імя Я.Коласа. Выступае з тэатр. рэцэнзіямі і праблемнымі артыкуламі пра т-р у перыяд. друку.
Тв.:
У синей бухты;
Вальс Грибоедова;
Твоя повесть: [Повести]. Мн., 1966;
На театральных перекрестках. Мн., 1967 (разам з І.Ліснеўскім);
З сёмага рада партэра. Мн., 1978;
Судьба чужая — как своя. Мн., 1982;
Грозовые отголоски: Повести. Мн., 1984;
І толькі надпіс...: Арт. і эсэ. Мн., 1987.
т. 3, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДО́ВІЧ Лілія Міхайлаўна
(н. 25.12.1936, г. Гродна),
бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.Купалы. У яе творчасці спалучаюцца быт. і рамантычнае мастацтва, вастрыня і яскравасць малюнка ролі з лірызмам і паэтычнасцю. Найб. поўна яе акцёрская індывідуальнасць раскрылася ў ролі Ганны Чарнушкі («Людзі на балоце» паводле І.Мележа; Дзярж. прэмія Беларусі 1966 за выкананне аднайм. ролі ў тэлеспектаклі). Сярод роляў: Рая, Соня, Галя («Пагарэльцы», «Лявоніха на арбіце», «Трыбунал» А.Макаёнка), Вера («Радавыя» А.Дударава), Юлія Тугіна («Апошняя ахвяра» А.Астроўскага), Валька, Марыя Сяргееўна («У мяцеліцу», «Залатая карэта» Л.Лявонава), Шафрак («У ноч зацьмення месяца» М.Карыма), Дзіяна («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра), Аманда («Блакітная ружа» Т.Уільямса). Здымаецца ў кіно («Вазьму твой боль», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і інш.), тэлеспектаклях («Крах», «Ткачы», «Федра»).
т. 5, с. 563
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў Леў Уладзіміравіч
(13.1.1899, г. Тамбоў, Расія — 29.3.1970),
расійскі кінарэжысёр, тэарэтык кіно, педагог; адзін з пачынальнікаў рас. кінамастацтва. Нар. арт. Расіі (1969). Д-р мастацтвазнаўства (1946). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. З 1939 праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі. У кіно пачынаў як мастак (1916). Рэжысёрскі дэбют — фільм «Праект інжынера Прайта» (1918). Стварыў тэорыю мантажу («эфект К.»). Фармальныя і жанравыя пошукі ў фільмах «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў» (1924), «Прамень смерці» (1925), «Гарызонт», «Вялікі суцяшальнік» (абодва 1933) і інш. Стужкам К. ўласцівы напружанасць сюжэтаў, востра акрэслены малюнак роляў, высокая выяўл. культура. Аўтар кніг «Мастацтва кіно» (1929), «Асновы кінарэжысуры» (1941) і інш.
Тв.:
Собр. соч.: В 3 т. Т. 1—2. М., 1987—88.
Літ.:
Громов Е.С. Л.В.Кулешов. М., 1984.
т. 9, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАЧКІН Уладзімір Акімавіч
(н. 7.5.1922, г. Астрахань, Расія),
расійскі акцёр, рэжысёр аперэты, педагог. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Уральскі ун-т (1951), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1962). З 1946 акцёр, з 1963 гал. рэж. Свярдлоўскага т-ра муз. камедыі, у 1986—88 — Маскоўскага т-ра аперэты, у 1990—97 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Пермскага опернага т-ра. У 1964—74 выкладаў ва Уральскай кансерваторыі, з 1988 праф. Маскоўскага ун-та культуры. Сярод пастановак: у Свярдлоўскім т-ры — опера «Арабела» Р.Штрауса, аперэты «Севастопальскі вальс» К.Лістова, «Белая ноч» Ц.Хрэннікава, «Дзяўчына з блакітнымі вачамі» В.Мурадэлі, «Гары, гары, мая зорка» С.Пажлакова, «Цудоўная Алена» Ж.Афенбаха, «Хэло, Долі!» Дж.Германа, «Учора скончылася вайна» В.Ільіна (залаты медаль імя А.Папова, 1986); у Пермскім т-ры — опера «Скупы рыцар» С.Рахманінава (1998).
т. 9, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРБАННЕПЕ́САЎ Керым
(26.10.1929, аул 1-ы Геок-Тэпе Геок-Тэпінскага р-на, Туркменістан — 1.9.1988),
туркменскі паэт. Нар. пісьменнік Туркменістана (1967). Скончыў Туркменскі ун-т (Ашхабад, 1961). Друкаваўся з 1946. Першы зб. вершаў — «Крыніца маёй сілы» (1951). У кнігах паэзіі «Спаборніцтва» (1972), «Жыццё» (1975), «Вясенні вецер» (1977), «Зямля» (1978), «На паўдарозе» (1979) роздум пра сэнс жыцця, месца мастака ў ім, пра грамадзянскі ідэал. Аўтар зб. літ.-крытычных арт. «Літаратура і жыццё» (1981), эсэ «Летнія запісы» (1986) і інш. Шматлікія яго творы сталі нар. песнямі. Пераклаў на туркм. мову вершы Н.Гілевіча, П.Панчанкі, М.Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін, В.Жуковіч, Х.Жычка, М.Маляўка, Ю.Свірка, М.Танк, Л.Філімонава. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1970.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Мая Туркменія. Мн., 1992;
Рус. пер. — Избр. стихи. М., 1979.
А.М.Карлюкевіч.
т. 9, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДЗЯНО́К Зінаіда Валянцінаўна
(21.3.1915, г. Віцебск — 1.9.1985),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Бел. т-ры юнага гледача (1937—41), Брэсцкім абл. драм. т-ры (1944—76). Выконвала ролі травесці, драм. і вострахарактарныя. Яе работы вызначаліся дэталёвай распрацоўкай сцэн. характараў, падкрэсленай тэатральнасцю формы. Сярод лепшых роляў: у Бел. т-ры юнага гледача — Маруся Гарбацэвіч («Блакітнае і ружовае» А.Бруштэйн), Першы сын караля («Цудоўная дудка» В.Вольскага); у Брэсцкім драм. т-ры — Марыя Васілеўна («Усяго адно жыццё» А.Маўзона), Круціцкая («Не было ні граша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), мадам Абломак («Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава), Старухна («Праз сто гадоў у бярозавым гаі» В.Карастылёва), Баба Яга («Два клёны» Я.Шварца), місіс Пэдзі («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка).
Р.І.Баравік.
т. 9, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́УЗІК (Kuusik) Ційт
(Дзітрых; 11.9.1911, г. Пярну Эстонія — 15.8.1990),
эстонскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. СССР (1954). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1938). Да 1940 саліст Венскай оперы. У 1944—88 (з перапынкам) саліст т-ра оперы і балета «Эстонія» (Талін). З 1940 выкладаў у Талінскай кансерваторыі (з 1947 праф). Валодаў голасам вял. дыяпазону з багатай тэмбравай афарбоўкай. Выконваў партыі высокага баса і лірычнага барытона: Раю і Вамба («Пясняр свабоды» і «Агні помсты» Э.Капа), Яўген Анегін (аднайм. опера П.Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь Ігар (аднайм. опера А.Барадзіна), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж. Расіні), Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж. Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў у Вене (1938). Сярод вучняў Г.Отс. Дзярж. прэміі Эстоніі 1949, 1959, 1967. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.
т. 9, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ Валерый Аляксандравіч
(н. 23.2.1947, г. Мікалаеў, Украіна),
бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1974). Скончыў Бел. кансерваторыю (1970). З 1967 саліст Ансамбля песні і танца БВА, у 1970—73 і 1976—79 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1973—76 у Бел. філармоніі, у 1979—82 у Ансамблі песні і танца Паўн. групы войск (Польшча), з 1983 саліст Белтэлерадыёкампаніі. Сярод оперных партый: Максім («Зорка Венера» Ю.Семянякі), Ад аўтара («Джардана Бруна» С.Картэса), Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Малатэста («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Жэрмон («Травіята» Дж. Вердзі). У канцэртным рэпертуары камерная лірыка, песні бел. кампазітараў. Лаўрэат IV Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1968), IV Міжнар. конкурсу імя Чайкоўскага (1970), Усесаюзнага конкурсу сав. песні (Мінск, 1972), IV Міжнар. конкурсу артыстаў эстрады (1974). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.
Г.М.Загародні.
т. 9, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)