гру́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. груз і грузнуў, ‑ла; незак.

Апускацца ў што‑н. топкае, грузкае; вязнуць. Ногі ў гліне грузнуць і коўзаюцца па зямлі. Галавач. Некаторыя [бежанцы] завярнулі проста на поле і грузлі ў вясеннім балоце. Маўр. // перан. Знаходзіцца ва ўладзе чаго‑н. — Ты страціў не ўсё, — адказаў Тэафіл. — Але каб ты надалей грузнуў у клопат ах аб мізэрным жываце, ты страціў бы ўсё, Міха! Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гуртава́цца, ‑туецца; незак.

1. Збірацца ў гурт (у 1 знач.). Да вакзалу падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй, гатовыя к пасадцы. Ермаловіч. // Групавацца, канцэнтравацца. Часці рыхтаваліся да атакі і гуртаваліся ў бярозавым гаі. Шамякін.

2. перан. Аб’ядноўвацца, збліжацца на аснове адзінства поглядаў, сумесных дзеянняў. Вакол Алёнкі гуртавалася больш моладзь новага кірунку, моладзь .., любіўшая кнігу. Колас.

3. Зал. да гуртаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Капаючы, дасягнуць чаго‑н., дабрацца да чаго‑н. Дакапацца да вады. Дакапацца да гліны. □ Бывала, збочыць крыху танк з дарогі — і праваліцца ў дрыгву так глыбока, што да яго немагчыма і дакапацца. Мележ.

2. перан. Разм. Дайсці да чаго‑н., дашукацца. Дакапацца да праўды. Дакапацца да прычыны. □ [Галай] павінен быў дазнацца, што за агеньчыкі бачыліся яму ўночы, дакапацца да сутнасці з’явы. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ашука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

1. Наўмысна ўвесці каго‑н. у зман. [Юля] дзяўчат ашукала, што пойдзе да знаёмых. Васілевіч. // Не выканаць абяцання, парушыць дадзенае слова; абысціся несумленна з кім‑н. Стрэў дзяўчыну паніч. Абяцаў ажаніцца на ёй. Ашукаў. Лужанін.

2. перан. Падманваючы, дамагчыся чаго‑н. Не ашукала смерць салдата, Дык насмяяўся люты кат. Глебка.

3. Спакусіць, зачараваць. [Леснічыха:] Каб дзяўчыну ашукаць, магу і такога зелля даць. Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балабо́лка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам; Р мн. ‑лак; м.; ДМ ‑лцы, Т ‑ай (‑аю); Р мн. ‑лак; ж.

Разм.

1. ж. Бразготка, якую чапляюць жывёле на шыю, каб не гублялася ў лесе.

2. м. і ж.; перан. Пра таго, хто хутка, многа і абы-што гаворыць. — Вывесці гэтую балаболку! — урэшце не сказаў, а прасіпеў .. [суддзя], узмакрэлы і знясілены ад такога нябачанага канфузу. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

барахло́, ‑а, н., зб.

1. Разм. Разнастайныя старыя рэчы, дамашні скарб. [Макар:] — Нас толькі што абмундзіравалі. Мы ішлі строем да казармы, дык я от папрасіўся аднесці дадому барахло сваё. Сабаленка. // Непрыгодныя рэчы, старызна, хлам. // Пра што‑н. дробязнае, нязначнае. [Клім:] — Аглоблі робім, драбінкі для калёс, барахло рознае, як кажуць... Галавач.

2. перан. Пра што‑н. дрэннае, паганае. Сляпыя акенцы, пабітае шкло — Не хаты, а так — барахло. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

галубі́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да голуба, належыць яму. Галубіныя пароды. Галубінае яйцо. // Уласцівы голубу, такі, як у голуба. Галубіны нораў. □ [Машка] рупліва тупала па пяску, тоўхаючыся ўперад галубінай хадой. Брыль. // Заснаваны на выкарыстанні паштовых галубоў. Галубіная пошта.

2. перан. Пяшчотны, ціхі, незласлівы. Галубіная душа. □ — Звонкай песняй, харошаю казкаю Ў душы маёй вернай жывеш, Бо сваёй галубінаю ласкаю Акрыляеш, мне сілы даеш. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

галубя́тня, ‑і; Р мн. ‑бяцень; ж.

Памяшканне для галубоў, якое робіцца на даху, у падстрэшшы і пад. Дом стаіць у цэнтры сяла на каменным падмурку, наверсе — прыгожая галубятня, пафарбаваная ў блакітны колер. Гамолка. // перан. Разм. Высокае месца (звычайна пра жыллё, размешчанае на самым высокім паверсе). Адно.. кепска: занадта высока і лесвічныя пралёты крутыя — пакуль Заранік падымецца на галубятню, як ён называе свой пакой, задыхваецца: сэрца... Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гірля́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Кветкі і зеляніна, сплеценыя ў выглядзе шырокай істужкі. Хлопчыкі на двары плялі з дзеразы.. гірлянды. Курто. // Арнамент, узор у выглядзе пераплеценых кветак і зеляніны. [Архітэктар Усава] распрацоўвала рабочыя чарцяжы сквера пры тэатры оперы і балета, рабіла эмблему і гірлянды на фасад дома, які вырас на разу праспекта.. і Камсамольскай вуліцы. «Беларусь». // перан.; звычайна чаго. Доўгі рад, ланцуг чаго‑н. Гірлянды электрычных лямпачак.

[Іт. ghirlanda.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аплаці́ць, аплачу, аплаціш, аплаціць; зак., што.

Аддаць грошы за што‑н., у замен чаго‑н.; пакрыць якія‑н. выдаткі. Аплаціць працу. // Пагасіць што‑н., заплаціўшы адпаведную суму грошай. Аплаціць рахунак. // Даць плён, аддзячыць. [Кукуруза] добра аплаціла хлебаробам за іх працу. «Звязда». // перан. Страціць што‑н. (жыццё, шчасце і пад.) у імя чаго‑н. [Зарэччы:] Зарына! Ты лёс мой адзіны!.. Гатоў за цябе я памерці, Каханне жыццём аплачу! Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)